3 царстваў 5 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І паслаў Хірам, цар Тырскі, слуг сваіх да Саламона, калі пачуў, што яго памазалі ў цара на месца бацькі ягонага; бо Хірам быў сябрам Давіда праз усё жыцьцё.
 
І паслаў Гірам, кароль Тырскі, служцоў сваіх да Салямона, як пачуў, што яго памазалі за караля на месца айца ягонага; бо Гірам быў абранец Давідаў усе жыцьцё.

І паслаў такасама і Саламон да Хірама сказаць:
 
І паслаў таксама й Салямон да Гірама сказаць:

ты ведаеш, што Давід бацька мой, ня мог пабудаваць дом імя Госпада Бога свайго з прычыны войнаў з вакольнымі народамі, пакуль Гасподзь не ўпакорыў іх пад ступакі ног ягоных;
 
«Ты знаеш айца майго Давіда, што ён ня мог пастанавіць дому імені СПАДАРА, Бога свайго, з прычыны войнаў, што акружалі яго, пакуль СПАДАР не паддаў іх яму пад ступы ног ягоных.

а цяпер Гасподзь Бог мой дараваў мне спакой адсюль: няма супраціўніка і няма болей перашкодаў;
 
І цяпер СПАДАР, Бог мой, даў імне супакой навокал, няма праціўніка ані благога стацьця.

і вось, я маю намер пабудаваць дом імя Госпада Бога майго, як сказаў Гасподзь бацьку майму Давіду, кажучы: сын твой, якога Я пасаджу замест цябе на троне тваім, ён пабудуе дом імю Майму;
 
І вось, я манюся пастанавіць дом імені СПАДАРА, Бога свайго, як казаў СПАДАР Давіду, айцу майму, кажучы: "Сын твой, каторага Я дам замест цябе на пасадзе тваім, ён пастанове тый дом імені майму".

дык вось, загадай насячы мне кедраў зь Лівана; і вось, рабы мае будуць разам з тваімі рабамі, і я буду даваць табе плату за рабоў тваіх, якую ты вызначыш; бо ты ведаеш, што ў нас няма людзей, якія ўмелі б сячы дрэвы так, як Сіданяне.
 
А цяпер загадай, і хай насякуць імне кедраў зь Лібану; і вось, слугі мае будуць разам із тваімі слугамі, і я буду даваць табе плату за слугаў тваіх, подле тога, што ты скажаш; бо ты ведаеш, што ў нас няма людзёў, каторыя ўмелі б сячы дзервы так, як Сыдоняне».

Калі пачуў Хірам словы Саламона, вельмі ўзрадаваўся і сказаў: дабраславёны сёньня Гасподзь, Які даў Давіду сына мудрага на кіраваньне гэтым шматлікім народам!
 
Як пачуў Гірам словы Салямонавы, вельма ўзрадаваўся, і сказаў: «Дабраславёны цяпер СПАДАР, Каторы даў Давіду сына мудрага над людам вялікім гэтым».

І паслаў Хірам да Саламона сказаць: я выслухаў тое, па што ты пасылаў да мяне, і выканаю ўсё жаданьне тваё пра дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя:
 
І паслаў Гірам Салямону сказаць: «Я выслухаў тое, чаго ты паслаў да мяне, і споўню ўсе зычаньне твае празь дзервы кедравыя а дзервы кіпрысавыя.

рабы мае зьвязуць іх зь Лівана да мора, і я плытамі дастаўлю іх морам да месца, якое ты назначыш мне, і там складу іх, і ты возьмеш; але і ты выканай маё жаданьне, каб дастаўляць хлеб майму дому.
 
Слугі мае зьвязуць іх ізь Лібану аж да мора, і я прыжану іх плытамі морам на месца, каторае ты прызначыш імне, і злажу іх там, і ты возьмеш. Але й ты споўні мае зычаньне, каб дастаўляць еміну маёй дамове».

І даваў Хірам Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя, цалкам паводле яго жаданьня.
 
І даваў Гірам Салямону дзервы кедравыя а дзервы кіпрысавыя, сусім чыста подле ўсёга зычаньня ягонага.

А Саламон даваў Хіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на прадуктаваньне дома ягонага і дваццаць кораў аліўкавага чаўленага алею: столькі даваў Саламон Хіраму кожны год.
 
А Салямон даваў Гіраму дваццаць тысячаў карцоў пшонкі на емя дамовы ягонае і дваццаць карцоў вытаўчанае алівы. Толькі даваў Салямон Гіраму кажнага году.

Гасподзь даў мудрасьць Саламону, як абяцаў яму. І быў мір паміж Хірамам і Саламонам, і яны заключылі паміж сабою ўгоду.
 
СПАДАР даў мудрасьць Салямону, як абяцаў яму. І быў мір меж Гірама й Салямона, і яны абодва зрабілі мяжсобку змову.

І абклаў цар Саламон павіннасьцю ўвесь Ізраіль; а павіннасьць складалася з трыццаці тысяч чалавек.
 
І ўстанавіў кароль Салямон людзкую дань із усёга Ізраеля; і дань была трыццаць тысячаў чалавекаў.

І пасылаў іх на Ліван, па дзесяць тысяч на месяц, папераменна: месяц яны былі на Ліване, а два месяцы ў доме сваім. А Аданірам начальнічаў над імі.
 
І пасылаў іх да Лібану дзесяць тысячаў у месяц, адмяняючы: месяц яны былі ў Лібане, я два месяцы ўдома; і Адонірам над даняй.

Яшчэ ў Саламона было семдзесят тысяч пераносчыкаў цяжару і восемдзесят тысяч камнясекаў у горах,
 
І было ў Салямона семдзясят тысячаў носячых цяжары і асьмідзясят тысячаў камаломаў у горах,

акрамя трох тысяч трохсот начальнікаў, пастаўленых Саламонам над працаю дзеля назіраньня за народам, які выконваў працу.
 
Апрача трох тысячаў трыста нагляднікаў, пастаўленых Салямонам над работаю, каторыя радзілі люд, што рабіў работу.

І загадаў цар прывозіць камяні вялікія, камяні дарагія, на падмураваньне дома, камяні абробленыя.
 
І загадаў кароль, і выламілі камяні вялікія, камяні дарагія, на хундамэнт дому, камяні часаныя.

І абсякалі іх работнікі Саламонавыя і работнікі Хірамавыя і Гіўліцяне, і рыхтавалі дрэвы і камяні на будоўлю дома.
 
І часалі іх будаўнікі Салямонавы і будаўнікі Гірамовы і Ґіўляне, і яны прыгатавалі дзерва а каменьне станавіць дом.