3 царстваў 5 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І паслаў Хірам, цар Тырскі, слуг сваіх да Саламона, калі пачуў, што яго памазалі ў цара на месца бацькі ягонага; бо Хірам быў сябрам Давіда праз усё жыцьцё.
 
Таксама Гірам, цар Тыра, паслаў да Саламона паслугачоў сваіх; бо пачуў, што яго намасцілі на цара на месца бацькі яго, паколькі Гірам увесь час быў сябрам Давіда.

І паслаў такасама і Саламон да Хірама сказаць:
 
А Саламон паслаў да Гірама, кажучы:

ты ведаеш, што Давід бацька мой, ня мог пабудаваць дом імя Госпада Бога свайго з прычыны войнаў з вакольнымі народамі, пакуль Гасподзь не ўпакорыў іх пад ступакі ног ягоных;
 
«Ты ведаеш волю Давіда, бацькі майго, і што не змог пабудаваць дом імю Госпада, Бога свайго, дзеля войнаў, што пагражалі яму, аж пакуль Госпад не паклаў іх пад ногі яго.

а цяпер Гасподзь Бог мой дараваў мне спакой адсюль: няма супраціўніка і няма болей перашкодаў;
 
Цяпер жа Госпад, Бог мой, даў мне супакой з усіх бакоў; няма супраціўніка і няма нападзення ліхога.

і вось, я маю намер пабудаваць дом імя Госпада Бога майго, як сказаў Гасподзь бацьку майму Давіду, кажучы: сын твой, якога Я пасаджу замест цябе на троне тваім, ён пабудуе дом імю Майму;
 
Дзеля таго вырашыў я пабудаваць святыню імю Госпада, Бога майго, як загадаў Госпад Давіду, бацьку майму, кажучы: “Сын твой, якому Я дам пасад твой пасля цябе, ён пабудуе дом імю Майму”.

дык вось, загадай насячы мне кедраў зь Лівана; і вось, рабы мае будуць разам з тваімі рабамі, і я буду даваць табе плату за рабоў тваіх, якую ты вызначыш; бо ты ведаеш, што ў нас няма людзей, якія ўмелі б сячы дрэвы так, як Сіданяне.
 
Дык ты загадай насекчы для мяне кедраў з Лібана, а мае паслугачы хай будуць разам з тваімі паслугачамі; я ж буду плаціць табе за паслугачоў тваіх, колькі ты загадаеш: бо ведаеш, напэўна, што ў маім народзе няма чалавека, які б умеў ссякаць дрэвы, як сідонцы».

Калі пачуў Хірам словы Саламона, вельмі ўзрадаваўся і сказаў: дабраславёны сёньня Гасподзь, Які даў Давіду сына мудрага на кіраваньне гэтым шматлікім народам!
 
Так, калі пачуў Гірам словы Саламона, дужа ўзрадваўся і сказаў: «Дабраславёны сёння Госпад, Які Давіду даў сына наймудрэйшага над гэтым шматлікім народам».

І паслаў Хірам да Саламона сказаць: я выслухаў тое, па што ты пасылаў да мяне, і выканаю ўсё жаданьне тваё пра дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя:
 
І паслаў Гірам да Саламона, кажучы: «Я пачуў тое, што ты мне загадаў сказаць, і я споўню кожнае жаданне тваё адносна дрэў кедравых і яловых.

рабы мае зьвязуць іх зь Лівана да мора, і я плытамі дастаўлю іх морам да месца, якое ты назначыш мне, і там складу іх, і ты возьмеш; але і ты выканай маё жаданьне, каб дастаўляць хлеб майму дому.
 
Паслугачы мае даставяць іх з Лібана да мора, і я злучу іх у плыты, і дастаўлю морам у месца, якое ты мне вызначыш, і там размяшчу я іх, і ты забярэш іх; і ты дасі мне ўсё неабходнае, каб меў хлеб дом мой».

І даваў Хірам Саламону дрэвы кедровыя і дрэвы кіпарысавыя, цалкам паводле яго жаданьня.
 
Так Гірам дастаўляў Саламону кедравыя дрэвы і кіпарысы паводле кожнага жадання яго.

А Саламон даваў Хіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на прадуктаваньне дома ягонага і дваццаць кораў аліўкавага чаўленага алею: столькі даваў Саламон Хіраму кожны год.
 
А Саламон даваў Гіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на харчаванне дому яго і дваццаць кораў найчысцейшага алею; гэта дастаўляў Саламон Гіраму штогод.

Гасподзь даў мудрасьць Саламону, як абяцаў яму. І быў мір паміж Хірамам і Саламонам, і яны заключылі паміж сабою ўгоду.
 
Таксама даў Госпад мудрасць Саламону, як абяцаў яму; і быў мір між Гірамам і Саламонам, і яны абодва заключылі запавет.

І абклаў цар Саламон павіннасьцю ўвесь Ізраіль; а павіннасьць складалася з трыццаці тысяч чалавек.
 
І выбраў цар Саламон работнікаў з усяго Ізраэля лікам трыццаць тысяч чалавек.

І пасылаў іх на Ліван, па дзесяць тысяч на месяц, папераменна: месяц яны былі на Ліване, а два месяцы ў доме сваім. А Аданірам начальнічаў над імі.
 
І ён пасылаў іх у Лібан штомесяц па дзесяць тысяч на змену, так што па два месяцы яны былі ў сябе дома; і Аданірам быў загадчыкам над імі.

Яшчэ ў Саламона было семдзесят тысяч пераносчыкаў цяжару і восемдзесят тысяч камнясекаў у горах,
 
І ў Саламона было яшчэ семдзесят тысяч тых, што насілі цяжары, і восемдзесят тысяч каменябойцаў у гарах,

акрамя трох тысяч трохсот начальнікаў, пастаўленых Саламонам над працаю дзеля назіраньня за народам, які выконваў працу.
 
апрача трох тысяч трохсот наглядчыкаў, прызначаных Саламонам наглядаць за народам, які выконваў работу.

І загадаў цар прывозіць камяні вялікія, камяні дарагія, на падмураваньне дома, камяні абробленыя.
 
І цар загадаў, каб яны дастаўлялі камяні вялікія, камяні дарагія для падмуркаў святыні, камяні квадратныя;

І абсякалі іх работнікі Саламонавыя і работнікі Хірамавыя і Гіўліцяне, і рыхтавалі дрэвы і камяні на будоўлю дома.
 
такім чынам, абчэсвалі іх работнікі Саламонавы, работнікі Гірамавы і жыхары Гібла, дрэвы і камяні, і падрыхтоўвалі іх на пабудовы святыні.