3 царстваў 22 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Пражылі тры гады, і ня было вайны паміж Сірыяй і Ізраілем.
Такім чынам, прайшлі тры гады без вайны між Сірыяй і Ізраэлем.
На трэці год Ёсафат, цар Юдэйскі, пайшоў да цара Ізраільскага.
А на трэці год Язафат, цар Юды, прыйшоў да цара Ізраэльскага,
І сказаў цар Ізраільскі слугам сваім: ці ведаеце вы, што Рамот Галаадскі наш? а мы так доўга маўчым, і не бяром яго з рук цара Сірыйскага.
і цар Ізраэля сказаў паслугачам сваім: «Ці вы не ведаеце, што Рамот у Галаадзе наш, і мы маўчым, замест таго каб забраць яго з рук цара сірыйскага?»
І сказаў ён Ёсафату: ці пойдзеш ты са мною на вайну супроць Рамота Галаадскага? І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: як ты, так і я; як твой народ, так і мой народ; як твае коні, так і мае коні.
І звярнуўся ён да Язафата: «Ці ты пойдзеш са мною ваяваць за Рамот у Галаадзе?» І сказаў Язафат цару Ізраэля: «Як ты, так і я; народ мой і твой народ — гэта адно цэлае, і коннікі мае, і коннікі твае».
І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.
І сказаў тады Язафат цару Ізраэля: «Запытайся сёння, прашу цябе, што на гэта скажа Госпад».
І сабраў цар Ізраільскі прарокаў каля чатырохсот чалавек і сказаў ім: ці ісьці мне вайною на Рамот Галаадскі, ці не? Яны сказалі: ідзі, Гасподзь аддасьць яго ў рукі цара.
Дык склікаў цар Ізраэля прарокаў каля чатырохсот чалавек, і спытаўся ў іх: «Ці маю я ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Яны адказалі: «Ідзі, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».
І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга, каб нам папытацца празь яго ў Госпада?
І спытаўся Язафат: «Ці няма тут іншага прарока Госпадава, каб спытацца ў яго?»
І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна папытацца ў Госпада, але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое; гэта Міхей, сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы, цар, так.
І сказаў цар Ізраэля Язафату: «Ёсць яшчэ адзін чалавек, праз якога можам запытацца ў Госпада; але я яго ненавіджу, бо ён не прарочыць мне добрае, але ліхое: Міхей, сын Емлі». Язафат сказаў яму: «Не гавары так, цар».
І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.
І паклікаў цар Ізраэля аднаго еўнуха, і загадаў яму: «Паспяшайся і прывядзі Міхея, сына Емлі».
Цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сядзеньні сваім, апранутыя ў царскае ўбраньне, на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
А цар Ізраэля і Язафат, цар Юды, сядзелі кожны на сваім пасадзе, апранутыя ў царскае адзенне, на плошчы каля ўваходу ў браму Самарыі; і перад імі прарочылі ўсе прарокі.
І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Ханааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: гэтымі збудзеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.
Таксама Сэдэцыя, сын Ханааны, зрабіў сабе жалезныя рогі і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Будзеш імі біць Сірыю, пакуль не знішчыш яе”».
І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі, будзе посьпех, Гасподзь перадасьць яго ў руку цара.
І ўсе прарокі падобна прарочылі, кажучы: «Ідзі на Рамот у Галаадзе і перамагай, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».
Пасланы, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, словы прарокаў адзінагалосна прадказваюць цару добрае; хай бы і тваё слова было сугалоснае са словам кожнага зь іх; скажы і ты добрае.
А пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, сказаў яму, кажучы: «Вось, усе прарокі ў адзін голас прадказваюць цару добрае; дык і ты кажы, як яны, і гавары добрае».
І сказаў Міхей: жывы Гасподзь! я скажу тое, што скажа мне Гасподзь.
Міхей сказаў яму: «Жыве Госпад, бо што скажа мне Госпад, тое і я скажу!»
І прыйшоў ён да цара. Цар сказаў яму: Міхей! ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці не? І сказаў яму той: ідзі, будзе посьпех, Гасподзь аддасьць яго ў руку цара.
Дык пайшоў ён да цара, і цар сказаў яму: «Міхей, ці маем мы ісці ваяваць у Рамот у Галаадзе, ці не?» Ён яму адказаў: «Ідзі і ваюй шчасліва, і Госпад аддасць яго ў рукі цара».
І сказаў яму цар: яшчэ і яшчэ заклінаю цябе, каб ты не казаў мне нічога, апрача праўды ў імя Госпада.
І сказаў яму цар: «Яшчэ і яшчэ раз заклінаю цябе прысягнуць, што мне ты кажаш праўду ў імя Госпада».
І сказаў ён: я бачу ўсіх Ізраільцянаў, расьсеяных па гарах, як авечак, у якіх няма пастуха. І сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, няхай вяртаюцца зь мірам кожны ў дом свой.
Тады ён сказаў: «Бачыў я ўвесь Ізраэль расцярушаным па гарах, як авечкі, якія не маюць пастуха. І сказаў Госпад: “Не маюць яны валадара; няхай вяртаецца кожны ў дом свой у супакоі”».
І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
Такім чынам, сказаў тады цар Ізраэля Язафату: «Ці я табе не казаў, што ён заўсёды прарочыць мне не на дабро, а на ліха?»
І сказаў Міхей: выслухай слова Гасподняе: я бачыў Госпада на троне Яго, і ўсё войска нябеснае стаяла пры Ім, праваруч і леваруч ад Яго;
А той працягваў далей: «Таму слухай слова Госпада. Бачыў я Госпада, Які сядзіць на Сваім пасадзе, і ўсё нябеснае войска, што стаяла каля Яго справа і злева.
і сказаў Гасподзь: хто схіліў бы Ахава, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш;
І сказаў Госпад: “Хто падмане Ахаба, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім?” І адзін казаў так, а другі інакш.
і выступіў адзін дух, стаў перад абліччам Госпада і сказаў: я схілю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
І выступіў дух, і стаў перад Госпадам, і сказаў: “Я падману яго”. Сказаў яму Госпад: “Чым?”
Ён сказаў: я выйду і зраблюся духам ілжывым у вуснах усіх прарокаў ягоных. Гасподзь сказаў: ты схіліш яго і выканаеш гэта; ідзі і зрабі так.
А ён кажа: “Я выйду і стану духам хлуслівым у вуснах усіх яго прарокаў”. І Госпад сказаў: “Ты падманеш яго і пераможаш; ідзі і так рабі!”
І вось цяпер дапусьціў Гасподзь духа ілжывага ў вусны ўсіх прарокаў тваіх; але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
Такім чынам, вось, Госпад даў цяпер духа хлусні ў вусны ўсіх тваіх прарокаў, якія тут знаходзяцца, і Госпад сказаў супраць цябе благое».
І пайшоў Сэдэкія, сын Хэнааны і, ударыўшы Міхея па шчацэ, сказаў: як, няўжо ад мяне адышоў Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?
А Сэдэцыя, сын Ханааны, падышоў і ўдарыў Міхея ў сківіцу, і казаў: «Якім чынам адышоў дух Госпадаў ад мяне, каб прамаўляць да цябе?»
І сказаў Міхей: вось, ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з аднаго пакоя ў другі, каб схавацца.
І Міхей адказаў: «Тым сам убачыш у той дзень, калі будзеш уваходзіць то ў адзін пакой, то ў іншы, каб схавацца».
І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона, начальніка горада, і да Ёаса, сына царовага,
І загадаў цар Ізраэля: «Вазьмі Міхея, і хай ён застанецца ў Амона, кіраўніка горада, і ў сына царскага Ёаса,
і скажэце: так кажа цар: пасадзеце яго ў цямніцу і кармеце яго надгаладзь хлебам і надгаладзь вадою, пакуль я не вярнуся ў міры.
і скажы ім: так загадаў цар: “Пасадзіце гэтага чалавека ў вязніцу і карміце яго хлебам бяды і вадой гора аж да майго вяртання ў супакоі”».
І сказаў Міхей: калі вернешся ў міры, дык не Гасподзь гаварыў празь мяне. І сказаў: слухай, увесь народ!
А Міхей сказаў: «Калі ты вернешся ў супакоі, то не гаварыў Госпад праз мяне». І дадаў: «Слухайце гэта, усе народы!»
І пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.
І пайшоў цар Ізраэля і Язафат, цар Юдэі, у Рамот у Галаадзе.
І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень тваё царскае ўбраньне. І пераапрануўся цар Ізраільскі і ўступіў у бітву.
І казаў цар Ізраэля Язафату: «Я пераапрануся і пайду ў бой; а ты апраніся ў твае шаты». І цар Ізраэля змяніў адзенне і пайшоў у бой.
Сірыйскі цар загадаў начальнікам калясьніц, якіх у яго было трыццаць два, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.
А цар Сірыі загадаў трыццаці двум кіраўнікам калясніц, кажучы: «Не ваюйце ані з меншым, ані з большым, — ні з кім, акрамя аднаго толькі цара Ізраэля».
Начальнікі калясьніц, убачыўшы Ёсафата, падумалі: мусіць, гэта цар Ізраільскі, і павярнулі на яго, каб біцца зь ім. І закрычаў Ёсафат.
Дык калі кіраўнікі калясніц убачылі Язафата, то вырашылі, што ён — цар Ізраэля, і, напаўшы на яго, змагаліся супраць яго. І Язафат закрычаў;
Начальнікі калясьніц, бачачы, што гэта ня Ізраільскі цар, павярнулі ад яго.
і кіраўнікі калясніц зразумелі, што гэта не цар Ізраэля, і адступілі ад яго.
А адзін чалавек выпадкова напяў лук і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён свайму калясьнічаму: павярні назад і вывезі мяне з войска, бо я паранены.
А адзін ваяр нацягнуў лук, не цэлячыся ні ў каго, і выпадкова раніў цара Ізраэля між засцежкамі і панцырам. І сказаў цар свайму каляснічаму: «Завярні і вывезі мяне з войска, бо я цяжка паранены».
Але бітва ў той дзень узмацнілася, і цар стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў, і ўвечары памёр, і кроў з раны лілася на калясьніцу.
Такім чынам, у той дзень разгарэўся бой, і цар стаяў у калясніцы сваёй супраць сірыйцаў, і памёр вечарам: а кроў ад удару сцякала ў сярэдзіну калясніцы.
І абвешчана было па ўсім табары пры захадзе сонца: кожны ідзі ў свой горад, кожны ў сваю зямлю!
І на захадзе сонца ва ўсім войску закрычалі: «Хай кожны вяртаецца ў горад свой і ў зямлю сваю!»
І памёр цар і прывезены быў у Самарыю, і пахавалі цара ў Самарыі.
І памёр цар, і быў прывезены ён у Самарыю; і пахавалі цара ў Самарыі.
І абмылі калясьніцу ў сажалцы Самарыйскай, і сабакі лізалі кроў ягоную, і абмывалі блудніцы, па слове Госпада, якое Ён сказаў.
І вымылі калясніцу яго ў вадаёме ў Самарыі; і сабакі лізалі яго кроў, і блудніцы мыліся [у вадаёме] паводле слова Госпада, якое Ён гаварыў.
Астатнія дзеі Ахава, усё, што ён рабіў, і дом са слановай касьці, які ён пабудаваў, і ўсе гарады, якія ён будаваў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
А іншыя дзеянні Ахаба, і ўсё, што ён рабіў, і дом са слановай косці, які пабудаваў, і ўсе гарады, якія пабудаваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
І спачыў Ахаў з бацькамі сваімі, і зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.
Такім чынам, супачыў Ахаб з бацькамі сваімі; і па ім цараваў сын яго Ахазія.
Ёсафат, сын Асы, зацараваў над Юдэяй ў чатырнаццаты год Ахава, цара Ізраільскага.
А Язафат, сын Асы, стаў царом Юды на чацвёрты год Ахаба, цара Ізраэля;
Трыццаць пяць гадоў было Ёсафату, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў цараваў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіля.
Язафат меў трыццаць пяць гадоў, калі стаў царом, і дваццаць пяць гадоў цараваў ён у Ерузаліме. Маці яго называлася Азуба, і была дачкою Сэлаха.
Ён хадзіў ва ўсім шляхам бацькі свайго Асы, ня сыходзіў зь яго, робячы справядлівае перад вачыма Гасподнімі. Толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях.
І хадзіў ён ва ўсім дарогай бацькі свайго Асы і не сыходзіў з яе; і рабіў тое, што было справядлівым у вачах Госпада. Толькі ўзгоркі не знішчыў, бо народ яшчэ складаў ахвяры і кадзіў на ўзгорках.
Ёсафат заключыў мір з царом Ізраільскім.
І Язафат жыў мірна з царом Ізраэля.
Астатнія дзеі Ёсафата і подзьвігі ягоныя, якія ён зьдзейсьніў, і як ён ваяваў, апісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.
А іншыя дзеянні Язафата і справы яго, якія ён мужна рабіў, і як ваяваў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэйскіх?
І рэшту блуднікаў, якія засталіся ў дні бацькі ягонага Асы, ён вынішчыў зь зямлі.
Але і рэшткі распуснікаў, якія заставаліся ў дні бацькі яго Асы, ён знішчыў з зямлі.
У Ідумэі тады ня было цара; быў намесьнік царскі.
А ў Эдоме не было тады цара, але намеснік царскі.
Ёсафат зрабіў караблі на моры, каб хадзіць у Афір па золата; але яны не дайшлі, бо разьбіліся ў Эцыён-Гавэры.
А цар Язафат пабудаваў караблі ў Тарсісе, каб плысці ў Афір па золата; і яны не паплылі, бо паразбіваліся ў Эцыён-Гебэры.
Тады сказаў Ахозія, сын Ахаваў, Ёсафату: хай мае слугі пойдуць з тваімі слугамі на караблях. Але Ёсафат не згадзіўся.
Тады Ахазія, сын Ахаба, сказаў Язафату: «Хай мае паслугачы пойдуць на караблі з тваімі паслугачамі». І Язафат не захацеў.
І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда, бацькі свайго. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.
І Язафат супачыў з бацькамі сваімі, і быў разам з імі пахаваны ў горадзе Давіда, бацькі свайго; і па ім царом стаў сын яго Ярам.
Ахозія, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі, у сямнаццаты год Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў над Ізраілем два гады
А Ахазія, сын Ахаба, стаў царом у Самарыі на сямнаццаты год Язафата, цара Юды, і быў царом у Ізраэлі два гады.
і рабіў ліхое перад вачыма Госпада, і хадзіў шляхам бацькі свайго і шляхам маці сваёй і шляхам Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх:
І дапускаўся ён усяго таго, што ліхім было ў вачах Госпада, і хадзіў дарогаю бацькі свайго і дарогаю маці сваёй, і дарогаю Ерабаама, сына Набата, які ўводзіў у грэх Ізраэль;
ён служыў Ваалу і пакланяўся яму і ўгневаў Госпада Бога Ізраілевага ўсім тым, што рабіў бацька ягоны.
таксама служыў ён Баалу, і пакланяўся яму, і гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, паводле ўсяго, што рабіў бацька яго.