3 царстваў 20 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Вэнадад, цар Сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і зь ім былі трыццаць два цары, і коні і калясьніцы, і пайшоў, аблажыў Самарыю і ваяваў супроць яе.
 
А Бэнадад, цар сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і трыццаць два цары былі з ім, таксама коні і калясніцы, і, устаўшы, ён змагаўся супраць Самарыі, і абкладваў яе.

І паслаў паслоў да Ахава, цара Ізраільскага, у горад
 
І паслаў ён пасланцоў да Ахаба, цара Ізраэля, у горад

і сказаў яму: так кажа Вэнадад: срэбра тваё і золата тваё — мае, і жонкі твае і лепшыя сыны твае — мае.
 
сказаць: «Гэта кажа Бэнадад: “Срэбра тваё, і золата тваё — маё, і жонкі твае, і сыны твае найлепшыя — мае”».

І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: хай будзе паводле слова твайго, гаспадару мой цар: я і ўсё маё — тваё.
 
І цар Ізраэльскі адказаў: «Паводле слова твайго, гаспадару мой, цар, я твой, і ўсё маё— тваё».

І зноў прыйшлі паслы і сказалі: так кажа Вэнадад: я паслаў да цябе сказаць: срэбра тваё і золата тваё, і жонак тваіх і сыноў тваіх аддай мне;
 
І вярнуліся пасланцы, і сказалі: «Гэта кажа Бэнадад: “З-за таго, што паслаў я да цябе сказаць: срэбра тваё, і золата тваё, і жонак тваіх, і сыноў тваіх ты дасі мне,

таму я заўтра, да гэтага часу, прышлю да цябе рабоў маіх, каб яны агледзелі твой дом і дамы тых, што служаць пры табе, і ўсё дарагое вачам тваім ўзялі ў свае рукі і панесьлі.
 
напэўна, заўтра гэтай жа парою я прышлю паслугачоў маіх да цябе, і абшукаюць яны твой дом, і дамы паслугачоў тваіх, і ўсё, што каштоўнае ў вачах тваіх, возьмуць яны ў рукі свае і забяруць”».

І склікаў цар Ізраільскі ўсіх старэйшынаў зямлі і сказаў: прыкмячайце і глядзеце, ён намышляе ліхое; калі ён прысылаў да мяне па жонак маіх, і сыноў маіх, і срэбра маё і золата маё, я яму не адмовіў.
 
І склікаў цар Ізраэльскі ўсіх старэйшын зямлі і сказаў: «Заўважце і паглядзіце, як ён наладжвае нам засаду, бо ён паслаў да мяне па жонак маіх, па сыноў, па срэбра і па золата, — і я не адмовіў яму».

І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: ня слухай і не згаджайся.
 
І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: «Не слухай і не згаджайся з ім».

І сказаў ён паслам Вэнадада: скажэце гаспадару майму цару ўсё, па што ты прысылаў першы раз да раба твайго, я гатовы зрабіць, а гэтага не магу зрабіць. І пайшлі паслы і занесьлі яму адказ.
 
Такім чынам, адказаў ён пасланцам Бэнадада: «Скажыце гаспадару майму цару: “Усё, па што ты пасылаў спачатку да мяне, паслугача твайго, я зраблю, але гэтае рэчы не магу зрабіць”». І вярнуліся пасланцы, і прынеслі яму адказ.

І прыслаў да яго Вэнадад сказаць: хай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі пылу Самарыйскага хопіць па прыгаршчах усім людзям, якія ідуць за мною.
 
Паслаў іх зноў Бэнадад сказаць: «Хай гэта зробяць мне багі і яшчэ дададуць, калі хопіць пылу самарыйскага па жмені для ўсіх людзей, якія ідуць за мною!»

І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: скажэце: хай ня хваліцца той, хто апяразваецца, як той, хто расьпяразваецца.
 
Цар Ізраэльскі прамовіў у адказ: «Скажыце яму: хай не хваліцца падперазаны мечам, як той, хто яго здымае».

Пачуўшы гэта слова, Вэнадад, які піў разам з царамі ў намётах, сказаў рабам сваім: аблажэце горад. І яны аблажылі горад.
 
Калі пачуў гэты адказ цар, які піў сам і цары з ім у палатках, і сказаў ён паслугачам сваім: «Акружыце горад!» І яны акружылі яго.

І вось, адзін прарок падышоў да Ахава, цара Ізраільскага, і сказаў: так кажа Гасподзь: ці бачыш усё гэта вялікае полчышча? вось, Я сёньня перадам яго ў руку тваю, каб ты ведаў, што Я Гасподзь.
 
І вось нейкі прарок падышоў да Ахаба, цара Ізраэля, і сказаў: «Гэта кажа Госпад: “Ці бачыш ты ўвесь гэты вялікі натоўп? Вось, Я сёння аддам яго ў рукі твае, каб ведаў ты, што Я — Госпад”».

І сказаў Ахаў: праз каго? Ён сказаў: так кажа Гасподзь: праз слуг абласных начальнікаў. І сказаў Ахаў: хто пачне бітву? Ён сказаў: ты.
 
І спытаўся Ахаб: «Праз каго?» І той адказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “Праз паслугачоў кіраўнікоў правінцый”». І ён спытаў: «Хто мае пачаць бой?» І той адказаў: «Ты».

Ахаў палічыў слуг абласных начальнікаў, і знайшлося іх дзьвесьце трыццаць два; пасьля іх палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраілевых, сем тысяч.
 
Дык палічыў ён паслугачоў кіраўнікоў правінцый, і налічыў іх дзвесце трыццаць два; і пасля іх палічыў народ, усіх сыноў Ізраэля, і налічыў сем тысяч.

І яны выступілі аполудні. А Вэнадад напіўся дап’яна ў намётах разам з царамі, з трыццацьцю двума царамі, якія дапамагалі яму.
 
І выйшлі яны апоўдні, калі Бэнадад, п’яны, піў у палатках разам з трыццаццю двума царамі, якія прыйшлі яму на дапамогу.

І выступілі сьпярша слугі абласных начальнікаў. І паслаў Вэнадад, і данесьлі яму, што людзі выйшлі з Самарыі.
 
Выйшлі ж найперш паслугачы кіраўнікоў правінцый. Такім чынам, паслаў Бэнадад пасланцоў, і яны паведамілі яму: «Выйшлі людзі з Самарыі».

Ён сказаў: калі па мір пайшлі яны, дык схапеце іх жывых, і калі на вайну выйшлі, таксама схапеце іх жывых.
 
І ён сказаў: «Калі прыйшлі яны з супакоем, схапіце іх жывымі; і калі ваяваць — схапіце іх жывымі».

Выйшлі з горада слугі абласных начальнікаў і войска за імі.
 
І выйшлі з горада паслугачы кіраўнікоў правінцый, а рэшта войска ішла за імі,

І біў кожны праціўніка свайго; і пабеглі Сірыйцы, а Ізраільцяне пагналіся за імі. А Вэнадад, цар Сірыйскі, выратаваўся на кані зь вершнікамі.
 
і перамаглі яны тых, што ішлі супраць іх; і сірыйцы пачалі ўцякаць, а ізраэльцы гналі іх. І Бэнадад, цар Сірыі, таксама ўцёк на кані з коннікамі.

І выйшаў цар Ізраільскі, і ўзяў коней і калясьніцы, і ўчыніў вялікі разгром Сірыйцаў.
 
І выйшаў цар Ізраэльскі, і ўдарыў коней і калясніцы, і ўдарыў ён Сірыю вялікай карай.

І падышоў прарок да цара Ізраільскага і сказаў яму: ідзі, умацуйся, і ведай і глядзі, што табе рабіць, бо праз два гады цар Сірыйскі зноў пойдзе супроць цябе.
 
І падышоў прарок да цара Ізраэля і сказаў яму: «Ідзі і будзь адважны, і ведай, і глядзі, што робіш; бо ў будучым годзе цар Сірыі пойдзе супраць цябе».

Слугі цара Сірыйскага сказалі яму: Бог іхні ёсьць Бог гор, таму яны адолелі нас; калі ж мы будзем біцца на раўніне, дык напэўна адолеем іх;
 
А паслугачы цара сірыйскага сказалі яму: «Бог гор — іх Бог, таму яны перамаглі нас; а мы нападзём на іх на раўніне, і пераможам іх.

дык вось што зрабі: выдалі цароў, кожнага зь месца ягонага, і замест іх пастаў начальнікаў вобласьцяў;
 
Такім чынам, зрабі так: паскідай усіх цароў з іх месцаў, і пастаў на іх месца намеснікаў;

і набяры сабе войска столькі, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі было коней, і калясьніц, колькі было калясьніц; і будзем біцца зь імі на раўніне, і тады напэўна адолеем іх. І паслухаўся ён голасу іхняга і зрабіў так.
 
і набяры столькі войска, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі раней было, і столькі калясніц, колькі ты меў раней, і будзем ваяваць супраць іх на раўніне, і ўбачыце, што мы іх пераможам». І ён паслухаў іх парады, і зрабіў гэтак.

Праз год Вэнадад сабраў Сірыйцаў і выступіў да Афэка, каб біцца зь Ізраілем.
 
Такім чынам, праз год Бэнадад сабраў сірыйцаў і пайшоў у Афэк ваяваць з Ізраэлем.

Сабраныя былі і сыны Ізраілевыя і, узяўшы страўнасьць, пайшлі насустрач ім. І разьмясьціліся сыны Ізраіля табарам перад імі, як бы два невялікія статкі коз, а Сірыйцы напоўнілі зямлю.
 
А сыны Ізраэля пералічылі сваіх, і, узяўшы харчы, выйшлі насупраць іх, і расклаліся лагерам насупраць іх, як два невялічкія статкі коз; а сірыйцы напоўнілі зямлю.

І падышоў чалавек Божы і сказаў цару Ізраільскаму: так кажа Гасподзь: за тое, што Сірыйцы кажуць: Гасподзь ёсьць Бог гор, а ня Бог далін, Я ўсё гэта вялікае полчышча перадам у руку тваю, каб вы ведалі, што Я — Гасподзь.
 
І падышоў чалавек Божы да цара Ізраэля, і сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што сірыйцы сказалі: “Госпад — Бог гор, а не Бог раўнін”, — усё гэта вялікае мноства Я аддам у рукі твае, каб ведалі вы, што Я — Госпад”».

І стаялі табарам адзін супроць аднаго сем дзён. На сёмы дзень пачалася бітва, і сыны Ізраіля пабілі сто тысяч пешых Сірыйцаў за адзін дзень.
 
Сем дзён рыхтавалі баявыя страі адны супраць другіх, а ў сёмы дзень распачаўся бой; і сыны Ізраэля забілі сто тысяч сірыйскай пяхоты ў адзін дзень.

Астатнія ўцяклі ў горад Афэк; там упала сьцяна на астатніх дваццаць сем тысяч чалавек. А Вэнадад уцёк у горад і бегаў з аднаго ўнутранага пакоя ў другі.
 
А той, хто заставаўся ў Афэку, уцёк у горад, і на дваццаць сем тысяч чалавек, якія там засталіся, паваліўся мур. А Бэнадад, уцякаючы, увайшоў у горад, у пакой, што знаходзіўся ўнутры іншага пакоя.

І сказалі яму слугі ягоныя: мы чулі, што цары дома Ізраілевага — цары мілажальныя; дазволь нам надзець вярэты на сьцёгны свае і вяроўкі на галовы свае і пайсьці да цара Ізраільскага; магчыма, ён пашкадуе жыцьцё тваё.
 
І сказалі яму паслугачы яго: «Вось, мы чулі, што цары дому ізраэльскага міласцівыя, дык надзеньма рыззё на клубы свае і вяроўкі на шыі свае і выйдзем да цара Ізраэля: можа, ён збавіць душу тваю».

І аперазалі яны вярэтамі сьцёгны свае і ўсклалі вяроўкі на галовы свае, і прыйшлі да цара Ізраільскага і сказалі: пашкадуй жыцьцё маё. Той сказаў: хіба ён жывы? ён брат мой.
 
Адзелі яны клубы свае ў рыззё, і налажылі вяроўкі на шыі свае, і прыйшлі да цара Ізраэльскага, і сказалі: «Паслугач твой Бэнадад кажа: “Малю цябе, хай жыве душа мая”». І той сказаў: «Калі ён яшчэ жывы, ён — брат мой».

Людзі гэтыя прынялі гэта за добры знак і пасьпешна падхапілі слова з вуснаў ягоных і сказалі: брат твой Вэнадад. І сказаў ён: ідзеце, прывядзеце яго. І выйшаў да яго Вэнадад, і ён пасадзіў яго з сабою на калясьніцу.
 
Людзі тыя прынялі гэта за добры знак і, спяшаючыся, злавілі яго на слове і сказалі: «Бэнадад — брат твой». І ён загадаў ім: «Ідзіце і прывядзіце яго». Такім чынам, прыйшоў да яго Бэнадад, і ён пасадзіў яго да сябе ў калясніцу.

І сказаў яму Вэнадад: гарады, якія ўзяў мой бацька ў твайго бацькі, я вярну, і плошчы ты можаш мець сабе ў Дамаску, як бацька мой меў у Самарыі. Ахаў сказаў: пасьля дагавору я адпушчу цябе. І, заключыўшы зь ім дагавор, адпусьціў яго.
 
І сказаў яму Бэнадад: «Гарады, якія мой бацька забраў у бацькі твайго, я вярну; і ты зрабі сабе ў Дамаску вуліцы, як бацька мой зрабіў у Самарыі». Ахаб сказаў: «А я пасля дамовы адпушчу цябе». І заключыў ён з ім дамову, і адпусціў яго.

Тады адзін чалавек з сыноў прарочых сказаў другому, па слове Госпада: бі мяне. Але гэты чалавек не згадзіўся біць яго.
 
Тады адзін чалавек з сыноў прарокаў сказаў сябру свайму па слове Госпада: «Удар мяне!» Але ён не хацеў ударыць.

І сказаў яму: за тое, што ты ня слухаеш голасу Гасподняга, заб’е цябе леў, калі пойдзеш ад мяне. Ён пайшоў ад яго, і леў, сустрэўшы яго, забіў яго.
 
Ён сказаў яму: «За тое, што ты не захацеў паслухаць голас Госпада, вось, як толькі ты адыдзеш ад мяне, то нападзе на цябе леў!» І калі той трохі адышоў, напаў на яго леў і забіў яго.

І знайшоў ён другога чалавека і сказаў: бі мяне. Гэты чалавек біў яго да таго, што параніў пабоямі.
 
А ён, напаткаўшы іншага чалавека, сказаў яму: «Удар мяне!» Ён ударыў яго і скалечыў.

І пайшоў прарок і стаў перад царом на дарозе, прыкрыўшы покрывам вочы свае.
 
Такім чынам, пайшоў той прарок і спаткаў цара на дарозе, і змяніў выгляд, завязаўшы хустку на вочы свае.

Калі цар праязджаў міма, ён закрычаў цару і сказаў: раб твой хадзіў на бітву, і вось, адзін чалавек, які адышоў убок, падвёў да мяне чалавека і сказаў: вартуй гэтага чалавека; калі яго ня будзе, дык твая душа будзе за яго душу, альбо ты павінен будзеш адважыць талант срэбра.
 
І калі цар праходзіў міма, ён паклікаў цара і сказаў: «Паслугач твой пайшоў змагацца ўрукапашную; і калі адзін чалавек уцёк, хтосьці прывёў яго да мяне, і сказаў: “Пільнуй гэтага чалавека! Калі ён прападзе, твая душа будзе за яго душу, або адважыш талент срэбра”.

Калі раб твой заняўся тымі і іншымі справамі, яго ня стала. І сказаў яму цар Ізраільскі: такі табе і прысуд, ты сам рашыў.
 
А пакуль я, заклапочаны, круціўся тут і там, ён раптам знік». І сказаў яму цар Ізраэля: «Гэта табе прысуд, ты сам яго назваў».

Ён адразу зьняў покрыва з вачэй сваіх, і пазнаў яго цар, што ён з прарокаў.
 
А ён раптам зняў хустку з вачэй сваіх, і цар Ізраэля пазнаў, што гэта прарок.

І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты выпусьціў з рук тваіх чалавека, заклятага Мною, душа твая будзе замест ягонай душы, народ твой замест ягонага народу.
 
Прарок сказаў яму: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што выпусціў ты са сваёй рукі чалавека, якога Я асудзіў на пагібель, душа твая будзе за яго душу, і народ твой — за народ яго”».

І выправіўся цар Ізраільскі дамоў устрывожаны і засмучаны і прыбыў у Самарыю.
 
І пайшоў цар Ізраэля ў дом свой сумны і разгневаны, і прыбыў у Самарыю.