3 царстваў 14 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
Тым часам захварэў Авія, сын Ераваамаў.
У той час захварэў сын Ерабаама, Абія,
І сказаў Ераваам жонцы сваёй: устань і пераапраніся, каб не пазналі, што ты жонка Ераваамава, і пайдзі ў Сілом. Там ёсьць прарок Ахія; ён прадказаў мне, што я буду царом гэтага народу,
і сказаў Ерабаам сваёй жонцы: «Устань і змяні свой выгляд, каб не пазналі, што ты жонка Ерабаама, і ідзі ў Сіло, там ёсць Ахія, прарок, які сказаў мне, што я буду царом над гэтым народам.
і вазьмі з сабою дзесяць хлябоў і праснакоў і збанок мёду і йдзі да яго; ён скажа табе, што будзе з хлопчыкам.
Дык вазьмі ў руку сваю дзесяць хлябоў, і аладкі, і збан мёду, і ідзі да яго; ён скажа табе, што станецца з хлопцам».
Ераваамава жонка так і зрабіла: устала, пайшла ў Сілом і прыйшла ў дом Ахіі. Ахія ўжо ня мог бачыць, бо вочы яго зрабіліся нерухомыя ад старасьці.
І зрабіла жонка Ерабаама, як ён сказаў, і, устаўшы, яна пайшла ў Сіло, і прыбыла ў дом Ахіі, а Ахія не мог бачыць, бо аслеплі вочы яго дзеля старасці.
І сказаў Гасподзь Ахію: вось, ідзе жонка Ераваамава папытацца ў цябе пра сына свайго, бо ён хворы; так і так кажы ёй; яна прыйдзе пераапранутая.
І сказаў Госпад Ахіі: «Вось, прыйдзе жонка Ерабаама, каб параіцца з табою адносна сына свайго, які хварэе; так і так скажаш ёй. Калі ўвойдзе, яна прыкінецца чужынкаю».
Ахія, пачуўшы шолах ад ног яе, калі яна ўвайшла ў дзьверы, сказаў: ўвайдзі, жонка Ераваамава; навошта табе было пераапранацца? Я грозны пасланец да цябе.
Дык калі Ахія пачуў шоргат ног яе, калі яна ўваходзіла ў дзверы, сказаў: «Уваходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты прыкідваешся іншым чалавекам? Я ж суровы пасланнік для цябе.
Ідзі, скажы Еравааму: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я ўзвысіў цябе з асяродзьдзя простага люду і паставіў правадыром народу Майго Ізраіля,
Ідзі і скажы Ерабааму: “Вось што сказаў Госпад Бог Ізраэля: “За тое, што Я ўзвысіў цябе пасярод народа і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраэлем,
і адабраў царства ў дома Давідавага і даў яго табе; а ты не такі, як раб Мой Давід, які захоўваў наказы Мае і які пайшоў сьледам за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі заўгоднае перад вачыма Маімі;
і адарваў царства ад дому Давіда, і даў яго табе, і ты не быў верны, як паслугач Мой, Давід, які пільнаваў прыказанні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, чынячы толькі добрае ў вачах Маіх,
ты рабіў горш за ўсіх, якія былі да цябе, і пайшоў і зрабіў сабе іншых багоў і балваноў, каб раздражніць Мяне, а Мяне адкінуў;
але рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і нарабіў сабе багоў чужых і літых, каб разгневаць Мяне, а ад Мяне адвярнуўся — вось,
за гэта Я навяду бедства на дом Ераваамаў і вынішчу ў Ераваама да таго, хто мочыцца да сьцяны, замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі, і вымяту дом Ераваамаў, як вымятаюць сьмецьце, дачыста;
дзеля таго Я навяду на дом Ерабаама ўсякае ліха, і заб’ю з роду Ерабаама ўсіх мужчынскага роду, падлетка і дарослага ў Ізраэлі; і вымету рэшткі дому Ерабаама, як звычайна вымятаецца бруд, аж да чысціні.
хто памрэ ў Ераваама ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя: так Гасподзь сказаў.
Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, тых з’ядуць сабакі; а хто памрэ на полі, тых пажаруць птушкі паднебныя; бо так сказаў Госпад.
Устань і йдзі ў дом твой; і як толькі нага твая ступіць за горад, памрэ дзіця;
А ты ўстань і вяртайся да дому свайго, і пры самым тваім прыходзе ў горад памрэ хлопец,
і аплачуць яго ўсе Ізраільцяне і пахаваюць яго, бо яно адно ў Ераваама ўвойдзе ў магільніцу, бо ў ім, з дома Ераваамавага, знайшлося нешта добрае прад Госпадам Богам Ізраілевым.
і будзе плакаць над ім увесь Ізраэль, і пахавае яго; бо толькі ён з роду Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо з роду Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта мілае Госпаду, Богу Ізраэля.
І паставіць Сабе Гасподзь над Ізраілем цара, які зьнішчыць дом Ераваамаў у той дзень; і што? нават цяпер.
А паставіць Госпад Сабе цара над Ізраэлем, які загубіць дом Ерабаама.
І паб’е Гасподзь Ізраіля, і будзе ён, як трысьнёг, хістаны ў вадзе, і выкіне Ізраільцянаў з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іхнім, і расьсее іх за раку за тое, што яны зрабілі ў сябе балваноў, раздражняючы Госпада;
І ўдарыць Госпад Ізраэль так, што будзе ён дрыжаць, як трыснёг на вадзе, і выганіць Ізраэль з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іх, і пераселіць іх за раку за тое, што яны нарабілі сабе ідалаў, каб гнявіць Госпада.
і аддасьць Гасподзь Ізраіля за грахі Ераваамавыя, якія ён сам зрабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля.
І пакіне Госпад Ізраэль дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраэль”».
І ўстала жонка Ераваамава і пайшла і прыйшла ў Тырцу; і як толькі пераступіла парог дома, дзіця памерла.
І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыбыла ў Тэрсу; і калі яна пераступала парог дома, памёр хлопец.
І пахавалі яго, і аплакалі яго ўсе Ізраільцяне па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію прарока.
І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраэль паводле слова Госпада, якое Ён сказаў праз паслугача Свайго, прарока Ахію.
Астатнія дзеі Ераваамавыя, як ён ваяваў і як валадарыў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
А другія справы Ерабаама, як ён ваяваў і як цараваў, — усё гэта апісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля.
Часу валадараньня Ераваама было дваццаць два гады; і спачыў ён з бацькамі сваімі, і зацараваў Нават, сын ягоны, замест яго.
А час царавання Ерабаама — дваццаць два гады; і супачыў ён з бацькамі сваімі. І па ім цараваў сын яго Надаб.
Раваам, сын Саламонаў, валадарыў у Юдэі. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў Гасподзь з усіх каленаў Ізраілевых, каб было там імя Ягонае. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка.
А Рабаам, сын Саламона, быў царом у Юдзе. Сорак адзін год меў Рабаам, калі ён пачаў цараваць, і семнаццаць гадоў ён цараваў у Ерузаліме, у горадзе, які выбраў Госпад з усіх пакаленняў Ізраэля, каб там прабывала імя Яго. Імя ж маці яго Наама, аманіцянка.
І рабіў Юда неспадобнае прад вачыма Госпада, і раздражняла Яго найбольш тое, што зрабілі бацькі іхнія сваімі грахамі, якімі яны грашылі.
І Юдэя дапускалася ліхоты перад Госпадам, і гнявілі яны Госпада болей чым бацькі іх сваімі грахамі, якіх дапускаліся;
І зладзілі яны ў сябе вышыні і статуі і капішчы на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам.
бо пабудавалі яны і сабе ўзгоркі, і слупы, і ідалаў на кожным высокім узгорку і пад кожным зялёным дрэвам.
І блудадзеі былі таксама ў гэтай зямлі і рабілі ўсе мярзоты тых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.
Але і распуста пачалася ў той зямлі; і дапускаліся яны ўсякіх агіднасцей, як народы, якіх знішчыў Госпад перад абліччам Ізраэля.
На пятым годзе валадараньня Раваамавага, Сусакім, цар Егіпецкі, выйшаў супроць Ерусаліма
А ў пяты год царавання Рабаама пайшоў супраць Ерузаліма Сэсак, цар Егіпта,
і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага, — усё ўзяў; узяў і ўсе залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон.
і ён зрабаваў каштоўнасці святыні Госпада і царскія багацці і ўсё забраў, таксама ўсе шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.
І зрабіў цар Раваам замест іх медныя шчыты і аддаў іх у рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход у дом цара.
Замест іх цар Рабаам зрабіў медныя шчыты і перадаў іх у рукі кіраўнікоў варты, якая стаяла на варце ля дзвярэй палаца царскага.
Калі цар выходзіў у дом Гасподні, целаахоўцы несьлі іх, і потым зноў зносілі іх у палату целаахоўцаў.
І кожны раз, калі цар уваходзіў у святыню Госпада, уносіла іх варта, а потым зноў адносіла іх у збраёўню варты.
Астатняе пра Раваама і пра ўсё, што ён рабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
А іншыя дзеянні Рабаама і ўсё, што ён рабіў, — усё гэта запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі.
Паміж Раваамам і Ераваамам была вайна ва ўсе дні жыцьця іхняга.
І вайна між Рабаамам і Ерабаамам працягвалася ўвесь час.
І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
І супачыў Рабаам з бацькамі сваімі і быў пахаваны з імі ў горадзе Давідавым; маці яго на імя Наама, аманіцянка. А па ім царом стаў сын яго, Абія.