3 царстваў 8 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

Тады склікаў Саламон старэйшынаў Ізраільскіх і ўсіх начальнікаў каленаў, галоўных ад пакаленьняў сыноў Ізраілевых да цара Саламона ў Ерусалім, каб перанесьці каўчэг запавета Гасподняга з горада Давідавага, гэта значыць Сіёна.
 
Тады сабраў Саламон усіх старэйшын Ізраэля, — усіх князёў пакаленняў, усіх кіраўнікоў родаў сыноў Ізраэля да цара Саламона ў Ерузалім, каб перанесці каўчэг запавету Госпада з горада Давідавага, гэта значыць з Сіёна.

І сабраліся да цара Саламона на сьвята ўсе Ізраільцяне, у месяцы Атаніме, які ёсьць сёмы месяц.
 
І сабраўся да цара Саламона ўвесь Ізраэль у месяцы Этанім на свята — гэта сёмы месяц.

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя; і паднялі сьвяшчэнны каўчэг,
 
І папрыходзілі ўсе старэйшыні Ізраэля, і святары ўзялі каўчэг,

і панесьлі каўчэг Гасподні і скінію сходу і ўсе сьвяшчэнныя рэчы, якія былі ў скініі; і несьлі іх сьвятары і лявіты.
 
і перанеслі каўчэг Госпада, і палатку сустрэчы і ўсе святыя рэчы, якія былі ў палатцы; і неслі іх святары і левіты.

А цар Саламон і зь ім усё супольства Ізраільскае, што сабралася да яго, ішлі перад каўчэгам, прыносячы ахвяры з дробнага і буйнога быдла, якое немагчыма палічыць і вызначыць паводле мноства яго.
 
А цар Саламон і ўся супольнасць Ізраэля, якая сабралася пры ім, з ім ускладала перад каўчэгам у ахвяру авечак і валоў, так многа, што ані ацаніць, ані падлічыць.

І ўнесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца ягонае, у давір храма, у Сьвятое Сьвятых, пад крылы херувімаў.
 
І ўнеслі святары каўчэг запавету Госпада на сваё месца ў Дабір святыні, у святое з святых, пад крылы херубінаў.

Бо херувімы распасьціралі свае крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы зьверху каўчэг і жэрдкі яго.
 
Бо херубіны раскідвалі крылы над месцам каўчэга і закрывалі каўчэг і яго жэрдкі зверху.

І высунуліся жэрдкі так, што галоўкі жэрдак відны былі зь сьвяцілішча перад давірам, але ня выходзілі вонкі; яны там і да сёньня.
 
І хаця жэрдкі вытыркваліся, і канцы іх паказваліся звонку ў свяцілішчы перад Дабірам, больш не было іх бачна звонку; і яны там знаходзяцца аж да гэтага дня.

У каўчэгу нічога ня было, апрача двух каменных скрыжаляў, якія паклаў туды Майсей на Харыве, калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай.
 
А ў каўчэгу не было нічога, апрача дзвюх каменных табліц, якія туды паклаў Майсей у Гарэбе, калі Госпад заключыў запавет з сынамі Ізраэля ў час іх выхаду з зямлі Егіпецкай.

Калі сьвятары выйшлі зь сьвяцілішча, воблака напоўніла дом Гасподні;
 
Здарылася ж, калі святары выйшлі са свяцілішча, што воблака запоўніла дом Госпадаў,

і не маглі сьвятары стаяць на набажэнстве з прычыны воблака; бо слава Гасподняя напоўніла храм Гасподні.
 
і не маглі святары стаяць і спаўняць службу з-за таго воблака; бо хвала Госпадава запоўніла дом Госпадаў.

Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што Ён упадабаў быць у імгле;
 
Тады Саламон сказаў: «Госпад сказаў, што будзе жыць у воблаку.

я пабудаваў храм у жытлішчы Табе, месца, каб быць Табе вечна.
 
Будуючы, я пабудаваў дом на пражыванне Табе, пасад Твой наймацнейшы на векі».

І павярнуўся цар абліччам сваім, і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў; увесь сход Ізраільцянаў стаяў.
 
І павярнуў цар аблічча сваё, і дабраславіў увесь сход Ізраэля; бо ўвесь сход Ізраэля стаяў.

І сказаў: дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, Які сказаў вуснамі сваімі Давіду, бацьку майму, і сёньня выканаў рукою сваёю! Ён казаў:
 
І маліўся ён: «Дабраславёны Госпад, Бог Ізраэля, Які сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, тое і здзейсніў рукамі Сваімі, кажучы:

«з таго дня, як Я вывеў народ Мой Ізраіля зь Егіпта, Я ня выбраў горада ў ніводным з каленаў Ізраілевых, каб пабудаваны быў дом, у якім было б імя Маё; і выбраў Давіда, каб быць яму над народам Маім Ізраілем».
 
“Ад таго дня, у які Я вывеў народ Мой, Ізраэль, з Егіпта, з усіх пакаленняў Ізраэля не выбраў Я горада для пабудовы святыні, каб імя Маё прабывала там; але Я выбраў Давіда, каб быў ён над народам Маім, Ізраэлем”.

У Давіда, бацькі майго, было на сэрцы пабудаваць храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
 
І Давід, бацька мой, захацеў збудаваць дом імю Госпада, Бога Ізраэля,

але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: «у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта ў цябе ляжыць на сэрцы;
 
але сказаў Госпад Давіду, бацьку майму: “Тое, што ты задумаў у сэрцы сваім, каб збудаваць дом імю Майму, добра ты зрабіў, абдумваючы гэта;

аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які выйшаў са сьцёгнаў тваіх, ён пабудуе храм імю Майму».
 
аднак ты не пабудуеш дом, але сын твой, які выйдзе са сцёгнаў тваіх, ён пабудуе дом імю Майму”.

І спраўдзіў Гасподзь слова Сваё, якое прамовіў. Я ўступіў на месца бацькі майго Давіда, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў храм імя Госпада, Бога Ізраілевага;
 
Здзейсніў Госпад слова Сваё, якое сказаў; і заняў я месца бацькі майго, Давіда, і сеў на пасадзе Ізраэля, як прадказаў Госпад, і пабудаваў я дом імю Госпада, Бога Ізраэля.

і падрыхтаваў там месца каўчэгу, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з бацькамі нашымі, калі Ён вывеў іх зь зямлі Егіпецкай.
 
І там прыгатаваў я месца для аркі, у якой ёсць запавет Госпада, які Ён заключыў з бацькамі нашымі, калі вывеў іх з зямлі Егіпецкай».

І стаў Саламон перад ахвярнікам Гасподнім наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,
 
І стаў Саламон перад ахвярнікам Госпада ў прысутнасці ўсяго сабранага Ізраэля, і працягнуў рукі свае ў неба, і маліўся:

і сказаў: Госпадзе, Божа Ізраілеў! няма падобнага Табе Бога на нябёсах угары і на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць прад Табою ўсім сэрцам сваім.
 
«О Госпадзе, Божа Ізраэля! Няма падобнага да Цябе Бога ані ў небе ўверсе, ані на зямлі ўнізе; Ты захоўваеш запавет і міласэрнасць для паслугачоў Сваіх, якія служаць Табе ўсім сэрцам сваім;

Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што казаў яму; што прамовіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў гэты дзень учыніў рукою Тваёю.
 
Ты споўніў для слугі Твайго, Давіда, бацькі майго, тое, што паабяцаў яму: Ты вуснамі Сваімі сказаў і здзейсніў рукамі Сваімі, як і сённяшні дзень пацвярджае.

І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што казаў Ты яму, прамовіўшы: «ня мінецца ў цябе прад абліччам Маім той, хто сядзіць на троне Ізраілевым, калі толькі сыны твае будуць трымацца шляху свайго, ходзячы прад Мною так, як ты хадзіў прад Мною».
 
Дык цяпер, Госпадзе, Божа Ізраэля, споўні паслугачу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што абяцаў яму, кажучы: “Не будзе забраны ў цябе нашчадак з-прад аблічча Майго. Ён будзе сядзець на пасадзе Ізраэля, калі сыны твае будуць трымацца дарогі Маёй, каб хадзіць перада Мною, як ты хадзіў перад абліччам Маім”.

І сёньня, Госпадзе, Божа Ізраілеў, хай будзе слушнае слова Тваё, якое Ты прамовіў рабу Твайму Давіду, бацьку майму!
 
І зараз, Госпадзе, Божа Ізраэля, хай спраўдзяцца словы Твае, якія гаварыў Ты слузе Твайму, Давіду, бацьку майму.

Сапраўды, ці ж Богу жыць на зямлі? Неба і неба нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней гэты храм, які я пабудаваў;
 
Ці ж можна падумаць, што Бог сапраўды будзе прабываць на зямлі? Бо калі неба і нябёсы нябёсаў не могуць ахапіць Цябе, што ж тады гэты дом, які Я пабудаваў!

але ўважы малітве раба Твайго і прашэньню ягонаму, Госпадзе, Божа мой; пачуй позву і малітву, якою раб Твой умольвае Цябе сёньня.
 
Але Ты зваж на маленне паслугача Твайго і на просьбы яго, Госпадзе, Божа мой; пачуй лямант і малітву, якою прызывае Цябе сёння паслугач Твой,

Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўночы, на гэтае месца, пра якое Ты сказаў: «Маё імя будзе там»; пачуй малітву, якою будзе маліцца раб Твой на месцы гэтым.
 
каб звернуты былі вочы Твае да дома гэтага ноччу і днём, да месца, пра якое Ты казаў: “Там будзе імя Маё”, каб Ты выслухаў малітву, якою ўпрошвае Цябе паслугач Твой у гэтым месцы,

Пачуй маленьне раба Твайго і народу Твайго Ізраіля, калі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй на месцы перабываньня Твайго, на нябёсах, пачуй і зьлітуйся.
 
каб Ты выслухаў просьбу паслугача Твайго і народа Твайго, Ізраэля, аб чым будуць прасіць Цябе на гэтым месцы; і ты пачуеш з месца прабывання Твайго, у нябёсах, і, калі выслухаеш, будзеш спагадны.

Калі хто згрэшыць супроць блізкага свайго, і спатрабуе зь яго прысягі, каб ён запрысягнуўся, і дзеля прысягі прыйдуць да ахвярніка Твайго, у храм гэты;
 
Калі хто зграшыць супраць блізкага свайго, а пасля той пакліча яго да прысягі перад Тваім ахвярнікам у гэтай святыні,

тады Ты пачуй зь неба, і ўчыні суд над рабамі Тваімі, зьвінаваці вінаватага, паклаўшы ўчынак яго на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага, даўшы яму паводле праўды ягонай.
 
тады Ты выслухай з неба і правядзі суд, і рассудзі паслугачоў Тваіх, ліхога асуджаючы, каб на галаву яго спала адказнасць за яго ўчынкі, а справядлівага апраўдваючы і адплочваючы яму за яго справядлівасць.

Калі народ Твой Ізраіль будзе пабіты няпрыяцелем за тое, што зграшыў прад Табою, і калі яны зьвернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і ўмольваць Цябе ў гэтым храме:
 
Калі народ Твой, Ізраэль, будзе пабіты ворагамі сваімі за тое, што ён зграшыў адносна Цябе, і яны, навярнуўшыся і прызываючы імя Тваё, прыйдуць і будуць прасіць Цябе ў гэтым доме,

тады Ты пачуй зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў бацькам іхнім.
 
то Ты выслухай іх з неба і даруй грэх народа Твайго, Ізраэля, і вярні іх ізноў у зямлю, якую Ты даў бацькам іх.

Калі замкнецца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны згрэшаць прад Табою, і калі памоляцца на месцы гэтым і вызнаюць імя Тваё і адвернуцца ад грэху свайго, бо Ты ўпакорыў іх,
 
Калі неба замкнецца і не будзе дажджу з-за грахоў іх і калі яны будуць маліцца ў гэтым месцы і прызываць імя Тваё, і адвернуцца ад грахоў сваіх дзеля кары,

тады пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, указаўшы ім добры шлях, па якім ісьці, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
 
тады Ты выслухай іх з неба і адпусці грахі паслугачоў Тваіх і народа Твайго, Ізраэля, і пакажы ім дарогу добрую, якой маюць ісці, і дай дождж на Тваю зямлю, якую Ты даў народу Свайму ва ўласнасць.

Ці будзе на зямлі голад, ці будзе пошасьць, ці будзе палючы вецер, іржа, саранча, чэрві, ці няпрыяцель будзе ўціскаць яго на зямлі ягонай, ці будзе якое бедства, якая хвароба;
 
Калі на зямлі з’явяцца голад, або пошасць, або ржа, або жаўтуха, або саранча ці бяскрылая саранча, або калі вораг ударыць па ім, асаджаючы брамы яго, або калі прыйдзе якая кара ці хвароба,

пры ўсякай малітве, пры ўсякім маленьні, якое будзе ад якога-небудзь чалавека ва ўсім народзе Тваім Ізраілі, калі яны адчуюць бедства ў сэрцы сваім і працягнуць рукі свае да храма гэтага,
 
то ўсякую малітву і просьбу кожнага чалавека з народа Твайго, Ізраэля, калі хто, устрывожаны карай у сэрцы сваім, працягне рукі свае да гэтай святыні,

Ты пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты ёсьць, і памілуй; зрабі і дай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ўбачыш сэрца ягонае, бо Ты адзін ведаеш сэрца ўсіх сыноў чалавечых;
 
Ты выслухай з неба, з месца прабывання Свайго, і зноў злітуйся, і дай кожнаму паводле ўсіх шляхоў яго, бо Ты бачыш сэрца яго, бо Ты толькі адзін ведаеш сэрцы ўсіх сыноў чалавечых,

каб яны баяліся Цябе праз усе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
 
каб яны баяліся Цябе ўва ўсе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.

Калі і іншапляменец, які не ад Твайго народу Ізраіля, прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго,
 
Таксама калі іншаземец, які не з Твайго народа Ізраэля, прыйдзе з далёкага краю дзеля імя Твайго,

бо яны пачуюць пра Тваё імя вялікае і пра Тваю руку моцную і пра Тваю мышцу прасьцёртую, і прыйдзе ён і памоліцца каля храма гэтага,
 
бо паўсюль будзе чутна пра імя Тваё вялікае, і руку Тваю моцную, і плячо Тваё ўзнятае, — такім чынам, калі прыйдзе ён і будзе прасіць у гэтым месцы,

пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, і зрабі ўсё, пра што будзе заклікаць да Цябе іншапляменец, каб усе народы зямлі ведалі імя Тваё, каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, каб ведалі, што імем Тваім называецца храм гэты, які я пабудаваў.
 
Ты выслухай з неба, з месца прабывання Свайго, і зрабі ўсё, пра што прасіць Цябе будзе чужынец, каб ведалі ўсе народы зямлі імя Тваё ды баяліся Цябе, як народ Твой, Ізраэль, і каб ведалі, што імем Тваім называецца гэтая святыня, якую я пабудаваў.

Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць ворага свайго шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Госпаду, павярнуўшыся да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
 
Калі выйдзе народ Твой на вайну супраць ворагаў сваіх дарогаю, якою Ты іх пашлеш, і калі яны памоляцца да Цябе, звярнуўшыся да горада, які Ты выбраў, і да святыні, якую я пабудаваў імю Твайму,

тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім.
 
Ты выслухай з неба маленні іх і просьбы іх, і ўчыні ім справядлівасць.

Калі яны згрэшаць прад Табою, — бо няма чалавека, які не грашыў бы, — і Ты ўгневаешся на іх, і аддасі іх ворагам, і тыя, што паланілі іх і павядуць іх у няпрыяцельскую зямлю, далёкую альбо блізкую,
 
Калі ў чым яны зробяць грэх адносна Цябе, — бо няма чалавека, які б не грашыў, — і Ты прагневаешся і аддасі іх у рукі ворагаў іх, і яны, як паланёныя, будуць выведзеныя ў зямлю ворагаў далёка або блізка,

і калі яны на зямлі, у якой будуць жыць у палоне, увойдуць у сябе і зьвернуцца і будуць маліцца Табе на зямлі тых, што паланілі іх, кажучы: «мы зграшылі, учынілі беззаконьне, мы вінаватыя»,
 
і калі яны схамянуцца ў сэрцы сваім у месцы палону іх і, навярнуўшыся, будуць прасіць Цябе, у няволі сваёй кажучы: “Зграшылі мы, ліха чынілі, беззаконне рабілі”;

і калі павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі ворагаў, якія паланілі іх, і будуць маліцца Табе, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, да горада, які Ты абраў, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
 
і навернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй у зямлі ворагаў сваіх, куды яны былі прыведзены, паланёныя, і будуць Цябе маліць, звярнуўшыся ў бок зямлі сваёй, якую даў Ты бацькам іх, і да горада, які Ты выбраў, і да святыні, якую пабудаваў я імю Твайму,

тады пачуй зь неба, зь месца, дзе Ты, малітву і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба ім;
 
то Ты выслухай з неба, цвярдыні пасада Свайго, маленні іх і просьбы іх, і ўчыні суд для іх,

і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою, і ўсе благія ўчынкі ягоныя, якія ён зрабіў прад Табою, і абудзі спагаду да іх у тых, што паланілі іх, каб яны былі мілажальныя да іх:
 
і пашкадуй народ Свой, які зграшыў перад Табой, і прабач усе правіннасці іх, якімі спракудзіліся адносна Цябе, і акажы ім міласэрнасць перад абліччам тых, якія ўзялі іх у палон, каб яны злітаваліся над імі,

бо яны — Твой народ і Твой надзел, які Ты вывеў зь Егіпта, з жалезнай печы.
 
бо гэта — народ Твой і спадчына Твая, Ты вывеў іх з зямлі Егіпецкай, з сярэдзіны жалезнай печы, —

Хай будуць вочы Твае адкрытыя на малітву раба Твайго і на малітву народу Твайго Ізраіля, каб чуць іх заўсёды, калі яны будуць заклікаць Цябе,
 
каб вочы Твае былі адкрытыя на малітву паслугача Твайго і народа Твайго, Ізраэля, і Ты выслухай іх ува ўсім, пра што яны моляць Цябе.

бо Ты аддзяліў іх сабе ў надзел з усіх народаў зямлі, як Ты сказаў праз Майсея, раба Твайго, калі вывеў бацькоў нашых зь Егіпта, Уладыка Госпадзе!
 
Бо Ты выдзеліў іх з усіх народаў у спадчыну Сабе, як сказаў Ты праз паслугача Свайго Майсея, калі Ты, Госпадзе Божа, вывеў бацькоў нашых з Егіпта».

Калі Саламон прамовіў усё гэта маленьне і прашэньне да Госпада, тады ўстаў з каленяў ад ахвярніка Гасподняга, а рукі ягоныя былі паднятыя да неба.
 
Калі Саламон скончыў усю малітву і гэтую просьбу да Госпада, ён устаў перад ахвярнікам Госпада, бо ён стаяў на зямлі, укленчыўшы на абодва калены, і рукі ўзнімаў у неба.

І стоячы дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, гучным голасам кажучы:
 
Дык устаў ён і дабраславіў, узвысіўшы голас, усю супольнасць Ізраэля, кажучы:

дабраславёны Гасподзь, Які даў спакой народу Свайму Ізраілю, як казаў! не засталося нявыкананага ніводнага слова з усіх добрых слоў Яго, якія Ён прамовіў праз раба Свайго Майсея;
 
«Дабраславёны Госпад, Які даў супакой народу Свайму, Ізраэлю, усё, як прадказваў. І не загінула аніводнае слова з усяго добрага, што Ён сказаў праз Майсея, паслугача Свайго.

хай будзе з намі Гасподзь Бог наш, як быў Ён з бацькамі нашымі, хай не пакіне нас,
 
Хай будзе Госпад, Бог наш, з намі, як быў з бацькамі нашымі, Які не пакідае нас і не адкідвае,

схіляючы да Сябе сэрца наша, каб мы хадзілі па ўсіх шляхах Ягоных і захоўвалі запаведзі Ягоныя і пастановы Ягоныя і законы Ягоныя, якія Ён наказаў бацькам нашым;
 
але хай Ён нахіне сэрцы нашыя да Сябе, каб мы хадзілі ўсімі Яго дарогамі і выконвалі прыказанні Яго, і пастановы, і загады, якія Ён даў бацькам нашым.

і хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся прад Госпадам, блізкія да Госпада Бога нашага ўдзень і ўначы, каб Ён рабіў, што трэба рабу Свайму, і што трэба народу Свайму Ізраілю, дзень у дзень,
 
І хай будуць словы гэтыя, якімі я маліўся перад Госпадам, блізкія Госпаду, Богу нашаму, днём і ноччу, каб Ён чыніў суд над паслугачом Сваім і народам Сваім, Ізраэлем, штодзень,

каб усе народы ўведалі, што Гасподзь ёсьць Бог, і няма апрача Яго;
 
каб ведалі ўсе народы зямлі, што Сам Госпад ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго.

хай будзе сэрца ваша цалкам аддадзена Госпаду Богу нашаму, каб хадзіць паводле пастановаў Ягоных і захоўваць запаведзі Ягоныя, як сёньня.
 
Таксама хай будзе сэрца вашае шчырым з Госпадам, Богам нашым, каб хадзілі вы паводле пастановаў Яго і захавалі прыказанні Яго, як гэта ёсць сёння».

І цар і ўсе Ізраільцяне зь ім прынесьлі ахвяру Госпаду.
 
Пасля гэтага цар і ўвесь Ізраэль разам з ім ускладалі ахвяры перад Госпадам.

І прынёс Саламон мірную ахвяру, якую прынёс ён Госпаду, дваццаць дзьве тысячы буйнога быдла і сто дваццаць тысяч дробнага быдла. Так асьвяціў храм Госпаду цар і ўсе сыны Ізраілевыя.
 
І Саламон закалоў ахвяры прымірэння, якія ўсклаў Госпаду: дваццаць дзве тысячы валоў і сто дваццаць тысяч авечак. І прысвяцілі святыню Госпаду цар і ўсе сыны Ізраэля.

І ў той самы дзень асьвяціў цар сярэднюю частку двара, які перад храмам Гасподнім, учыніўшы там цэласпаленьне і хлебнае прынашэньне і ўзьнёсшы тлушч мірных ахвяр, бо медны ахвярнік, які прад Госпадам, быў малы пад памяшканьні цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу мірных ахвяр.
 
У той дзень цар асвяціў сярэднюю частку панадворка, што быў перад домам Госпада; бо ўсклаў там ахвяру цэласпалення, і ахвяру з мукі, і тлушч ахвяраў прымірэння, бо ахвярнік медны, які быў перад Госпадам, быў даволі малы і не мог памясціць ахвяру цэласпалення, і ахвяру з мукі, і тлушч ахвяраў прымірэння.

І зрабіў Саламон у гэты час сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім, — вялікі сход, які сышоўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай прад Госпадам Богам нашым; — сем дзён і яшчэ сем дзён, чатырнаццаць дзён.
 
Саламон святкаваў у той час урачыстае свята, і ўвесь Ізраэль з ім, вялікае мноства людзей ад уваходу ў Эмат аж да ручая Егіпецкага, перад Госпадам, Богам нашым, на працягу сямі дзён.

На восьмы дзень Саламон адпусьціў народ. І дабраславілі цара і пайшлі ў намёты свае, радуючыся і вяселячыся ў сэрцы за ўсё добрае, што зрабіў Гасподзь рабу Свайму Давіду і народу Свайму Ізраілю.
 
І ў восьмы дзень ён адпусціў народ, яны, дабраславіўшы цара, вырушылі ў свае палаткі, з вясёлым сэрцам з-за ўсяго добрага, што зрабіў Госпад Давіду, паслугачу Свайму, і Ізраэлю, народу Свайму.