3 царстваў 14 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Тым часам захварэў Авія, сын Ераваамаў.
 
Таго часу захварэў Авія, сын Еровоамоў.

І сказаў Ераваам жонцы сваёй: устань і пераапраніся, каб не пазналі, што ты жонка Ераваамава, і пайдзі ў Сілом. Там ёсьць прарок Ахія; ён прадказаў мне, што я буду царом гэтага народу,
 
І сказаў Еровоам жонцы сваёй: «Устань, калі ласка, і прыдайся іншай, і не пазнаюць, што ты жонка Еровоамова, і пайдзі да Шыла. Вось, там Агія прарока; ён гукаў празь мяне, што я стану каралём над гэтым людам.

і вазьмі з сабою дзесяць хлябоў і праснакоў і збанок мёду і йдзі да яго; ён скажа табе, што будзе з хлопчыкам.
 
І вазьмі із сабою дзесяць букаткаў хлеба а сачнёў а бутлю мёду, і прыйдзеш да яго: ён паведаме табе, што будзе малцу».

Ераваамава жонка так і зрабіла: устала, пайшла ў Сілом і прыйшла ў дом Ахіі. Ахія ўжо ня мог бачыць, бо вочы яго зрабіліся нерухомыя ад старасьці.
 
І зрабіла так Еровоаміха: і ўстала, і пайшла да Шыла, і прышла да дому Агіі. Агія ўжо ня мог бачыць, бо вочы ягоныя сталі непарушныя ад старасьці.

І сказаў Гасподзь Ахію: вось, ідзе жонка Ераваамава папытацца ў цябе пра сына свайго, бо ён хворы; так і так кажы ёй; яна прыйдзе пераапранутая.
 
І сказаў СПАДАР Агіі: «Вось, прышла Еровоаміха папытацца ў цябе праз сына свайго, бо ён хворы; так а так кажы ёй». І сталася, як яна прышла, што яна прыдалася чужой.

Ахія, пачуўшы шолах ад ног яе, калі яна ўвайшла ў дзьверы, сказаў: ўвайдзі, жонка Ераваамава; навошта табе было пераапранацца? Я грозны пасланец да цябе.
 
І сталася, як пачуў Агія шорганьне ног ейных, як яна ўвыйшла ў дзьверы, што ён сказаў: «Увыйдзі, Еровоаміха; нашто было табе прыдавацца чужой? я стродкі пасланец да цябе.

Ідзі, скажы Еравааму: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я ўзвысіў цябе з асяродзьдзя простага люду і паставіў правадыром народу Майго Ізраіля,
 
Пайдзі, скажы Еровоаму: "Гэтак кажа СПАДАР, Бог Ізраеляў: ’Я ўзвышыў цябе з пасярод люду, і пастанавіў за правадыра над людам Сваім Ізраелям,

і адабраў царства ў дома Давідавага і даў яго табе; а ты не такі, як раб Мой Давід, які захоўваў наказы Мае і які пайшоў сьледам за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі заўгоднае перад вачыма Маімі;
 
І адтыргнуў гападарства ад дому Давідавага, і даў яго табе; а ты ня быў, як слуга Мой Давід, каторы дзяржаў расказньні Мае, і каторы йшоў за імною сэрцам сваім, робячы толькі пасьцівае перад ачыма Маімі.

ты рабіў горш за ўсіх, якія былі да цябе, і пайшоў і зрабіў сабе іншых багоў і балваноў, каб раздражніць Мяне, а Мяне адкінуў;
 
Ты быў горш за ўсіх, што былі перад табою, і пайшоў, і зрабіў сабе іншыя багі а балваны, каб угнявіць Мяне; Мяне ж кінуў адзаду сябе.

за гэта Я навяду бедства на дом Ераваамаў і вынішчу ў Ераваама да таго, хто мочыцца да сьцяны, замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраілі, і вымяту дом Ераваамаў, як вымятаюць сьмецьце, дачыста;
 
Затым Я навяду беды на дом Еровоамоў, і адатну ў Еровоама нават таго, хто мочыцца да сьцяны, замкнёнага й засталага ў Ізраелю, і вымяту па доме Еровоамовым, як вымятаюць шумецьце, чысьцюсенька.

хто памрэ ў Ераваама ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ на полі, таго зьдзяўбуць птушкі нябесныя: так Гасподзь сказаў.
 
Хто памрэць у Еровоама ў месьце, таго зьядуць сабакі; а хто памрэць на полю, таго зьядуць птушкі нябёсныя, бо СПАДАР сказаў’".

Устань і йдзі ў дом твой; і як толькі нага твая ступіць за горад, памрэ дзіця;
 
А ты ўстань а йдзі да дому свайго; як нага твая ступе ў места, то памрэць дзяцё;

і аплачуць яго ўсе Ізраільцяне і пахаваюць яго, бо яно адно ў Ераваама ўвойдзе ў магільніцу, бо ў ім, з дома Ераваамавага, знайшлося нешта добрае прад Госпадам Богам Ізраілевым.
 
І будуць па ім плакаць усі Ізраяляне, і пахаваюць яго; бо ён адзін у Еровоама будзе пахаваны, бо знайшлося ў ім штось добрае перад СПАДАРОМ, Богам Ізраелявым, з усёга дому Еровоамовага.

І паставіць Сабе Гасподзь над Ізраілем цара, які зьнішчыць дом Ераваамаў у той дзень; і што? нават цяпер.
 
І ўзьніме Сабе СПАДАР над Ізраелям караля, каторы выгубе дом Еровоамоў таго дня; і што? нават цяпер.

І паб’е Гасподзь Ізраіля, і будзе ён, як трысьнёг, хістаны ў вадзе, і выкіне Ізраільцянаў з гэтай добрай зямлі, якую даў бацькам іхнім, і расьсее іх за раку за тое, што яны зрабілі ў сябе балваноў, раздражняючы Госпада;
 
І вытне СПАДАР Ізраеля, як трысьнік, хістаны ў вадзе, і выкаране Ізраеля з гэтае добрае зямлі, каторую даў бацьком іхным, і разьвее іх за Раку, за тое, што яны зрабілі ў сябе гаі, гневаючы СПАДАРА.

і аддасьць Гасподзь Ізраіля за грахі Ераваамавыя, якія ён сам зрабіў і якімі ўвёў у грэх Ізраіля.
 
І аддасьць Ізраеля за грахі Еровоамовы, каторыя ён сам зрабіў і каторымі ўвёў у грэх Ізраеля».

І ўстала жонка Ераваамава і пайшла і прыйшла ў Тырцу; і як толькі пераступіла парог дома, дзіця памерла.
 
І ўстала Еровоаміха, і пайшла, і прышла да Фірцу; і адно толькі ўступіла на парог дому, дзяцё памерла.

І пахавалі яго, і аплакалі яго ўсе Ізраільцяне па слове Госпада, якое Ён прамовіў праз раба Свайго Ахію прарока.
 
І пахавалі яго, і плакалі па ім усі Ізраяляне, подле слова СПАДАРОВАРА, каторае Ён праказаў слугою Сваім, Агіям прарокам.

Астатнія дзеі Ераваамавыя, як ён ваяваў і як валадарыў, апісаны ў летапісе цароў Ізраільскіх.
 
Засталыя справы Еровоамовы, як ён ваяваў і як караляваў, вось, яны апісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.

Часу валадараньня Ераваама было дваццаць два гады; і спачыў ён з бацькамі сваімі, і зацараваў Нават, сын ягоны, замест яго.
 
Дзён гаспадарстваваньня Еровоамовага было дваццаць два гады; і супачыў ён із айцамі сваімі, і загаспадарстваваў Надаў, сын ягоны, замест яго.

Раваам, сын Саламонаў, валадарыў у Юдэі. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў Гасподзь з усіх каленаў Ізраілевых, каб было там імя Ягонае. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка.
 
Рэговоам Саляманёнак гаспадарстваваў у Юдэі. Сорак адзін год быў Рэговоаму, як ён загаспадарстваваў, і сямнанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме, у месьце, каторае абраў СПАДАР з усіх плямёнаў Ізраелявых, каб палажыць там імя Свае. Імя маці ягонае Наама, Амонянка.

І рабіў Юда неспадобнае прад вачыма Госпада, і раздражняла Яго найбольш тое, што зрабілі бацькі іхнія сваімі грахамі, якімі яны грашылі.
 
І рабіў Юда ліха перад ачыма СПАДАРА, і квялілі Яго болей, чымся ўсе тое, што рабілі айцове іхныя грахамі сваімі, якімі яны грашылі.

І зладзілі яны ў сябе вышыні і статуі і капішчы на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам.
 
І збудавалі таксама яны сабе ўзвышшы а стаўпы а гаі на кажным высокім узгорку і пад кажным зялёным дзервам.

І блудадзеі былі таксама ў гэтай зямлі і рабілі ўсе мярзоты тых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых.
 
І бязулства было таксама ў гэтай зямлі, і рабілі ўсі агіды подле агідаў тых народаў, каторых СПАДАР выгнаў ад віду сыноў Ізраелявых.

На пятым годзе валадараньня Раваамавага, Сусакім, цар Егіпецкі, выйшаў супроць Ерусаліма
 
І было пятага году дзяржавы Рэговоамовае: Шышак, кароль Ягіпецкі, узышоў на Ерузалім,

і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага, — усё ўзяў; узяў і ўсе залатыя шчыты, якія зрабіў Саламон.
 
І ўзяў скарбы дому СПАДАРОВАГА а скарбы дому каралеўскага, і ўсе ўзяў; узяў і ўсі залатыя шчыты, што зрабіў Салямон.

І зрабіў цар Раваам замест іх медныя шчыты і аддаў іх у рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход у дом цара.
 
І зрабіў кароль Рэговоам замест іх мядзяныя шчыты, і паручыў іх начэльнікам над ганцамі, каторыя сьцераглі ўход у дом каралёў.

Калі цар выходзіў у дом Гасподні, целаахоўцы несьлі іх, і потым зноў зносілі іх у палату целаахоўцаў.
 
І было, як толькі кароль выходзіў да дому СПАДАРОВАГА ганцы несьлі іх, і потым адносілі іх назад да залі ганцоў,

Астатняе пра Раваама і пра ўсё, што ён рабіў, апісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.
 
І засталыя справы Рэговоамовы а ўсе, што ён рабіў, ці не апісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?

Паміж Раваамам і Ераваамам была вайна ва ўсе дні жыцьця іхняга.
 
І вайна была меж Рэговоама й Еровоама ўсі дні.

І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. Імя маці ягонай Наама Аманіцянка. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
 
І супачыў Рэговоам із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давідавым. Імя маці ягонае Наама, Амонянка. І загаспадарстваваў Авіям, сын ягоны, замест яго.