3 царстваў 19 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
І пераказаў Ахаў Езавэлі ўсё, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мечам.
І сказаў Агаў Езэвелі ўсе, што зрабіў Ільля, і тое, што ён забіў усіх прарокаў мячом.
І паслала Езавэль пасланца да Ільлі сказаць: няхай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з тваёю душою таго, што зроблена з душою кожнага зь іх.
І паслала Езэвель пасланца да Ільлі сказаць: «Хай тое а тое зробяць імне багове, і яшчэ дададуць, калі я заўтра да гэтага часу не зраблю з душою тваёю таго, што з душою кажнага зь іх».
Убачыўшы гэта, ён устаў і пайшоў, каб выратаваць жыцьцё сваё, і прыйшоў у Вірсавію, якая ў Юдэі, і пакінуў хлопчыка свайго там;
Абачыўшы, ён устаў і пайшоў, каб уратаваць жыцьцё свае, і прышоў да Веер-Шэвы, каторая ў Юдэі, і пакінуў дзяцюка свайго тамака.
а сам адышоў у пустыню на дзень дарогі і прыйшоўшы сеў пад карчом ядлоўцу, і прасіў сьмерці сабе і сказаў: даволі ўжо, Госпадзе; вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за бацькоў маіх.
А сам адышоў на пустыню на дзень дарогі, і прышоў, і сеў пад яленцавым кустом, і прасіў сьмерці душы сваёй, і сказаў: «Досыць ужо. СПАДАРУ, вазьмі душу маю, бо я ня лепшы за айцоў сваіх».
І лёг і заснуў пад карчом ядлоўцу. І вось, анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: устань, еж і пі.
І лёг, і заснуў пад яленцавым кустом. І вось, ангіл даткнуўся да яго, і сказаў яму: «Устань, еж».
І зірнуў Ільля, і вось, каля ўзгалоўя ягонага печаны праснак і збанок вады. Ён паеў і напіўся і зноў заснуў.
І глянуў Ільля, і вось, ля ўзгалоўя ягонага на вугальлю печаны сачэнь і жбан вады. Ён пад’еў, напіўся, і абярнуўся, і лёг.
І вярнуўся анёл Гасподні другі раз, дакрануўся да яго і сказаў: устань, еж і пі, бо далёкая дарога перад табою.
І зьвярнуўся ангіл СПАДАРОЎ другім наваратам, даткнуўся да яго й сказаў: «Устань, еж, бо дарога над сілу табе».
І ўстаў ён, паеў і напіўся, і, падсілкаваўшыся тою ежаю, ішоў сорак дзён і сорак начэй да гары Божай Харыва.
І ўстаў ён, пад’еў і напіўся, і, дзякуючы пасілку ад тае ежы, ішоў сорак дзён і сорак ночаў аж да гары Божае Горыва.
І ўвайшоў ён там у пячору і начаваў у ёй. І вось, было да яго слова Гасподняе, і сказаў яму Гасподзь: што ты тут, Ільля?
І ўвыйшоў ён там у пячору, і начаваў там. І вось, было да яго слова СПАДАРОВА, і сказаў яму: «Чаго ты тут, Ільля?»
Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі Твае ахвярнікі і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
Ён сказаў: «Урупіўся, урупіўся я праз СПАДАРА, Бога войскаў, бо пакінулі змову Тваю сынове Ізраелявы, Твае аброчнікі разбурылі й прарокаў Тваіх забілі мячом; і застаўся я адзінюсенькі, і шукаюць душы мае, каб узяць яе».
І сказаў: выйдзі і стань на гары перад абліччам Гасподнім; і вось, Гасподзь пройдзе, і вялікі і моцны вецер, які разьдзірае горы і крышыць скалы прад Госпадам, але ня ў ветры Гасподзь; пасьля ветру землятрус, але ня ў землятрусе Гасподзь;
І сказаў: «Выйдзі й стань на гары перад відам СПАДАРОВЫМ. І вось, СПАДАР пройдзе, і буйны й вялікі вецер, разьдзіраючы горы а крышачы скалы перад СПАДАРОМ, ня ў ветру СПАДАР. Просьле ветру землятрасеньне, не ў землятрасеньню СПАДАР.
пасьля землятрусу агонь, але не ў агні Гасподзь; пасьля агню веяньне ціхага ветру, і там Гасподзь.
Па землятрасеньню цяпло, не ў цяпле СПАДАР. Просьле цяпла голас ціхі, ценькі».
Пачуўшы гэта, Ільля засланіў твар свой аўчынай сваёю і выйшаў і стаў каля ўваходу ў пячору. І быў яму голас і сказаў яму: што ты тут, Ільля?
І было, як пачуў Ільля, укрыў від свой ахілімам сваім, і вышаў, і стаяў ля ўходу ў пячору. І вось, да яго голас, і сказаў яму: «Чаго ты тут, Ільля?»
Ён сказаў: зарупіўся я пра Госпада Бога Саваофа, бо сыны Ізраілевыя пакінулі запавет Твой, разбурылі ахвярнікі Твае і прарокаў Тваіх забілі мечам; застаўся я адзін, але і маёй душы шукаюць, каб адабраць яе.
Ён сказаў: «Урупіўся я праз СПАДАРА, Бога войскаў, бо пакінулі змову Тваю сынове Ізраелявы, аброчнікі Твае разбурылі й прарокаў Тваіх забілі мячом, і застаўся я адзінюсенькі, і шукалі душы мае, каб узяць яе».
І сказаў яму Гасподзь: ідзі назад сваёю дарогаю праз пустыню ў Дамаск, і калі прыйдзеш, дык памаж Азаіла ў цара над Сірыяй,
І сказаў яму СПАДАР: «Пайдзі й зьвярніся ў дарогу сваю пераз пустыню да Дамашку; і прыйдзеш, і памажаш Газаеля за караля над Сыраю;
а Іуя, сына Намэсіінага, памаж за цара над Ізраілем; а Елісея, сына Сафатавага, з Авэль-Мэхолы, памаж за прарока замест сябе;
А Егу Німшанка памаж за караля над Ізраелям; Елісэя ж Шафацёнка з Авел-Меголы памаж за прароку замест сябе.
хто ўцячэ ад меча Азаілавага, таго заб’е Іуй, а хто ўратуецца ад меча Іуевага, таго заб’е Елісей;
Хто ўцячэць ад мяча Газаелявага, таму зробе сьмерць Егу; а хто ўратуецца ад мяча Егувага, таму зробе сьмерць Елісэй.
зрэшты Я пакінуў паміж Ізраільцянамі сем тысяч; калені іх усіх ня схіляліся перад Ваалам і вусны ўсіх гэтых не цалавалі яго.
Пакінуў Я, адылі, памеж Ізраялян сем тысячаў: усіх гэтых калені ня сьхіналіся перад Ваалам, і ўсіх гэтых вусны не цалавалі яго».
І пайшоў ён адтуль і знайшоў Елісея, сына Сафатавага, калі ён араў; дванаццаць пар валоў было ў яго, і сам ён быў каля дванаццатай. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго аўчыну сваю.
І пайшоў ён стуль, і знайшоў Елісэя Шафацёнка, а ён араў; двананцаць пар было ў яго, і сам ён быў ля двананцатае. Ільля, праходзячы міма яго, кінуў на яго ахілім свой,
І пакінуў Елісей валоў, і пабег за Ільлём, і сказаў: дазволь мне пацалаваць бацьку майго і маці маю, і я пайду за табою. Ён сказаў яму: ідзі і прыйдзі назад, бо што зрабіў я табе?
І пакінуў буйны статак, і пабег за Ільлёю, і сказаў: «Пацалую, калі ласка, айца свайго й маці сваю, і я пайду за табою». Ён сказаў яму: «Пайдзі й зьвярніся; бо што я зрабіў табе?»
Ён, адышоўшы ад яго, узяў пару валоў і закалоў іх, і запаліўшы плуг валоў, засмажыў мяса і раздаў людзям, і яны елі. А сам устаў і пайшоў за Ільлём і пачаў служыць яму.
Ён, завярнуўся ад яго, узяў іго буйнога статку, і зарэзаў іх, і снасьцяй буйнога статку зварыў мяса, і даў людзём, і яны елі. І ўстаў, і пайшоў за Ільлёю, і пачаў служыць яму.