3 царстваў 20 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Вэнадад, цар Сірыйскі, сабраў усё сваё войска, і зь ім былі трыццаць два цары, і коні і калясьніцы, і пайшоў, аблажыў Самарыю і ваяваў супроць яе.
І Вен-Гадад, кароль Арамскі, зьбер усе войска свае, і зь ім былі трыццаць два каралі, і коні і цялежкі, і ўзышоў, аблёг Самару, і ваяваў зь ёю.
І паслаў паслоў да Ахава, цара Ізраільскага, у горад
І паслаў паслоў да Агава, караля Ізраельскага, да места,
і сказаў яму: так кажа Вэнадад: срэбра тваё і золата тваё — мае, і жонкі твае і лепшыя сыны твае — мае.
І сказаў яму: «Гэтак кажа Вен-Гадад: "Срэбра твае а золата твае — мае яно, і жонкі твае і найлепшыя сынове твае — мае яны"».
І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: хай будзе паводле слова твайго, гаспадару мой цар: я і ўсё маё — тваё.
І адказаў кароль Ізраельскі, і сказаў: «Хай будзе подле слова твайго, спадару мой каролю: я а ўсе мае — твае».
І зноў прыйшлі паслы і сказалі: так кажа Вэнадад: я паслаў да цябе сказаць: срэбра тваё і золата тваё, і жонак тваіх і сыноў тваіх аддай мне;
І зьвярнуліся паслы, і сказалі: «Гэтак кажа Вен-Гадад, кажучы: "Я паслаў да цябе, кажучы: ’Срэбра свае а золата свае а жонкі свае а сыноў сваіх імне аддай’;
таму я заўтра, да гэтага часу, прышлю да цябе рабоў маіх, каб яны агледзелі твой дом і дамы тых, што служаць пры табе, і ўсё дарагое вачам тваім ўзялі ў свае рукі і панесьлі.
Дзеля таго я заўтра, на гэты час, прышлю да цябе слугаў сваіх, каб яны перагледзелі дом твой а дамы служачых пры табе, і ўсе дрыжонае ў ваччу тваім яны ўхопяць рукамі сваімі, і возьмуць"».
І склікаў цар Ізраільскі ўсіх старэйшынаў зямлі і сказаў: прыкмячайце і глядзеце, ён намышляе ліхое; калі ён прысылаў да мяне па жонак маіх, і сыноў маіх, і срэбра маё і золата маё, я яму не адмовіў.
І згукаў кароль Ізраельскі ўсіх старцоў зямлі, і сказаў ім: «Ведайце ж і глядзіце, ён шукае ліха; як ён паслаў да мяне па жонкі мае а па сыноў маіх а па срэбра мае а па золата мае, я яму не адмовіў».
І сказалі яму ўсе старэйшыны і ўвесь народ: ня слухай і не згаджайся.
І сказалі яму ўсі старцы а ўвесь люд: «Ня слухай а не гадзіся».
І сказаў ён паслам Вэнадада: скажэце гаспадару майму цару ўсё, па што ты прысылаў першы раз да раба твайго, я гатовы зрабіць, а гэтага не магу зрабіць. І пайшлі паслы і занесьлі яму адказ.
І сказаў ён паслом Вен-Гададовым: «Скажыце спадару майму каралю: "Усе, праз што ты прыслаў першы раз да слугі свайго, я зраблю; але гэтага зрабіць не магу"». І пайшлі паслы, і прынесьлі яму слова ізноў.
І прыслаў да яго Вэнадад сказаць: хай тое і тое зробяць мне багі і яшчэ больш зробяць, калі пылу Самарыйскага хопіць па прыгаршчах усім людзям, якія ідуць за мною.
І паслаў да яго Вен-Гадад, і сказаў: «Гэтак хай зробяць імне багове, і яшчэ дададуць, калі пылу Самарскага стане па жмені ўсім людзём, каторыя ля ног маіх».
І адказваў цар Ізраільскі і сказаў: скажэце: хай ня хваліцца той, хто апяразваецца, як той, хто расьпяразваецца.
І адказаў кароль Ізраельскі, і сказаў: «Скажыце: "Хай ня хваліцца паперазуючыся, як расьперазуючыся"».
Пачуўшы гэта слова, Вэнадад, які піў разам з царамі ў намётах, сказаў рабам сваім: аблажэце горад. І яны аблажылі горад.
Пачуўшы гэтае слова, Вен-Гадад, каторы піў разам із каралямі ў буданох, сказаў слугам сваім: «Ладзьцеся!» І яны зладзіліся супроці места.
І вось, адзін прарок падышоў да Ахава, цара Ізраільскага, і сказаў: так кажа Гасподзь: ці бачыш усё гэта вялікае полчышча? вось, Я сёньня перадам яго ў руку тваю, каб ты ведаў, што Я Гасподзь.
І вось, адзін прарока дабліжыўся да Агава, караля Ізраельскага, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Ці бачыш гэтае вялікае зборышча? Вось, Я сядні дам яго ў руку тваю, і будзеш ведаць, што Я — СПАДАР"».
І сказаў Ахаў: праз каго? Ён сказаў: так кажа Гасподзь: праз слуг абласных начальнікаў. І сказаў Ахаў: хто пачне бітву? Ён сказаў: ты.
І сказаў Агаў: «Кім?» Ён сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "Маладзёнамі валаскіх кіраўнікоў"». І сказаў: «Хто павядзець бітву?» Ён сказаў: «Ты».
Ахаў палічыў слуг абласных начальнікаў, і знайшлося іх дзьвесьце трыццаць два; пасьля іх палічыў увесь народ, усіх сыноў Ізраілевых, сем тысяч.
Ён палічыў маладзёнаў валаскіх кіраўнікоў, і знайшлося дзьвесьце трыццаць двух; просьле палічыў увесь люд, усіх сыноў Ізраелявых, сем тысячаў.
І яны выступілі аполудні. А Вэнадад напіўся дап’яна ў намётах разам з царамі, з трыццацьцю двума царамі, якія дапамагалі яму.
І яны выступілі ў палудзень. Вен-Гадад жа ўпіўся ў буданох разам із каралямі, трыццаць двума каралямі, што памагалі яму.
І выступілі сьпярша слугі абласных начальнікаў. І паслаў Вэнадад, і данесьлі яму, што людзі выйшлі з Самарыі.
І выступілі ўперад маладзёны валаскіх кіраўнікоў. І паслаў Вен-Гадад, і наказалі яму, кажучы, што людзі вышлі із Самары.
Ён сказаў: калі па мір пайшлі яны, дык схапеце іх жывых, і калі на вайну выйшлі, таксама схапеце іх жывых.
Ён казаў: «Калі дзеля міру вышлі яны, то схапіце іх жывых; і калі на вайну вышлі, вазьміце іх жывых».
Выйшлі з горада слугі абласных начальнікаў і войска за імі.
І вышлі зь места маладзёны валаскіх кіраўнікоў, і войска, што за імі.
І біў кожны праціўніка свайго; і пабеглі Сірыйцы, а Ізраільцяне пагналіся за імі. А Вэнадад, цар Сірыйскі, выратаваўся на кані зь вершнікамі.
І паразіў кажны мужа свайго; і ўцяклі Арамляне, і пагналіся за імі Ізраяляне. І ўцёк Вен-Гадад, кароль Арамскі, конна з коньнікамі.
І выйшаў цар Ізраільскі, і ўзяў коней і калясьніцы, і ўчыніў вялікі разгром Сірыйцаў.
І вышаў кароль Ізраельскі, і паразіў коні й цялежкі, і зрабіў ув Араме вялікую паразу.
І падышоў прарок да цара Ізраільскага і сказаў яму: ідзі, умацуйся, і ведай і глядзі, што табе рабіць, бо праз два гады цар Сірыйскі зноў пойдзе супроць цябе.
І падышоў тый прарока да караля Ізраельскага, і сказаў яму: «Пайдзі, мацуйся, і ведай, і глядзі, што табе рабіць; бо за год кароль Арамскі ўзыйдзе супроці цябе».
Слугі цара Сірыйскага сказалі яму: Бог іхні ёсьць Бог гор, таму яны адолелі нас; калі ж мы будзем біцца на раўніне, дык напэўна адолеем іх;
А слугі караля Арамскага сказалі яму: «Багове іх ё Багове гораў, затым яны дужшыя за нас. Але ваюйма зь імі на раўніне, і напэўна будзем дужшыя за іх.
дык вось што зрабі: выдалі цароў, кожнага зь месца ягонага, і замест іх пастаў начальнікаў вобласьцяў;
Дык во што зрабі: аддаль каралёў кажнага зь месца ягонага і пастанаві вайводцаў на іх месца;
і набяры сабе войска столькі, колькі загінула ў цябе, і коней, колькі было коней, і калясьніц, колькі было калясьніц; і будзем біцца зь імі на раўніне, і тады напэўна адолеем іх. І паслухаўся ён голасу іхняга і зрабіў так.
І налічы ты войска сабе толькі, колькі пала ў цябе, і коні, колькі было коні, і цялежак, колькі было цялежак; і будзеш ваяваць ізь імі на раўніне, і напэўна будзем дужшыя за іх». І паслухаў ён голасу іх, і зрабіў гэтак.
Праз год Вэнадад сабраў Сірыйцаў і выступіў да Афэка, каб біцца зь Ізраілем.
І сталася за год, што Вен-Гадад палічыў Арам і ўзышоў да Афеку, ваяваць із Ізраелям.
Сабраныя былі і сыны Ізраілевыя і, узяўшы страўнасьць, пайшлі насустрач ім. І разьмясьціліся сыны Ізраіля табарам перад імі, як бы два невялікія статкі коз, а Сірыйцы напоўнілі зямлю.
Палічаны былі сынове Ізраелявы і, запасшыся емінаю, пайшлі наўпярэймы ім. І разьлягліся сынове Ізраелявы табарам супроці іх, бы дзьве невялікія стады козаў, а Арамляне напоўнілі зямлю.
І падышоў чалавек Божы і сказаў цару Ізраільскаму: так кажа Гасподзь: за тое, што Сірыйцы кажуць: Гасподзь ёсьць Бог гор, а ня Бог далін, Я ўсё гэта вялікае полчышча перадам у руку тваю, каб вы ведалі, што Я — Гасподзь.
І дабліжыўся чалавек Божы, і казаў каралю Ізраельскаму, і сказаў: «Гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што Арамляне кажуць: ’СПАДАР ё Бог гораў, а ня Бог далінаў’, Я ўсе гэта вялікае зборышча дам у руку тваю, і будзеце ведаць, што Я — СПАДАР"».
І стаялі табарам адзін супроць аднаго сем дзён. На сёмы дзень пачалася бітва, і сыны Ізраіля пабілі сто тысяч пешых Сірыйцаў за адзін дзень.
І аблягалі адны адных сем дзён. І было на сёмы дзень: пачалася бітва; і паразілі сынове Ізраелявы сто тысячаў пяхотных Арамлян за адзін дзень.
Астатнія ўцяклі ў горад Афэк; там упала сьцяна на астатніх дваццаць сем тысяч чалавек. А Вэнадад уцёк у горад і бегаў з аднаго ўнутранага пакоя ў другі.
І ўцяклі засталыя ў места Афек. І павалілася сьцяна на засталых дваццаць сем тысячаў чалавекаў. А Вен-Гадад уцёк, і прышоў да места, і бегаў з пакою да пакою.
І сказалі яму слугі ягоныя: мы чулі, што цары дома Ізраілевага — цары мілажальныя; дазволь нам надзець вярэты на сьцёгны свае і вяроўкі на галовы свае і пайсьці да цара Ізраільскага; магчыма, ён пашкадуе жыцьцё тваё.
І сказалі яму слугі ягоныя: «Вось, мы чулі, што каралі дому Ізраелявага — каралі міласэрныя. Дазволь жа нам узлажыць зрэб’е на сьцёгны свае і паварозы на галавы свае, і выйдзем да караля Ізраельскага; можа ён захавае душу тваю».
І аперазалі яны вярэтамі сьцёгны свае і ўсклалі вяроўкі на галовы свае, і прыйшлі да цара Ізраільскага і сказалі: пашкадуй жыцьцё маё. Той сказаў: хіба ён жывы? ён брат мой.
І паперазалі яны зрэб’ям сьцёгны свае, і ўзлажылі паварозы на галавы свае, і прышлі да караля Ізраельскага, і сказалі: «Слуга твой Вен-Гадад кажа: "Хай жа жывець душа мая"». Тый сказаў: «Ён яшчэ жывы? ён брат мой».
Людзі гэтыя прынялі гэта за добры знак і пасьпешна падхапілі слова з вуснаў ягоных і сказалі: брат твой Вэнадад. І сказаў ён: ідзеце, прывядзеце яго. І выйшаў да яго Вэнадад, і ён пасадзіў яго з сабою на калясьніцу.
Людзі гэтыя варажылі гэта на добрае, і пабарзьдзілі, і падхапілі гэта ад яго, і сказалі: «Брат твой Вен-Гадад». І сказаў ён: «Пайдзіце да яго й вазьміце яго». І вышаў да яго Вен-Гадад, і ён узьвёў яго на цялежкі.
І сказаў яму Вэнадад: гарады, якія ўзяў мой бацька ў твайго бацькі, я вярну, і плошчы ты можаш мець сабе ў Дамаску, як бацька мой меў у Самарыі. Ахаў сказаў: пасьля дагавору я адпушчу цябе. І, заключыўшы зь ім дагавор, адпусьціў яго.
І сказаў яму Вен-Гадад: «Месты, што ўзяў мой ацец у твайго айца, я зьвярну, і вуліцы зробіш сабе ў Дамашку, як ацец мой зрабіў у Самары». «А я, — сказаў Агаў, — просьле змовы адпушчу цябе». Дык ён зрабіў змову зь ім і адпусьціў яго.
Тады адзін чалавек з сыноў прарочых сказаў другому, па слове Госпада: бі мяне. Але гэты чалавек не згадзіўся біць яго.
І адзін чалавек із сыноў прароцкіх сказаў прыяцелю свайму словам СПАДАРОВЫМ: «Бі, калі ласка, мяне». Але тый чалавек адмовіўся біць яго.
І сказаў яму: за тое, што ты ня слухаеш голасу Гасподняга, заб’е цябе леў, калі пойдзеш ад мяне. Ён пайшоў ад яго, і леў, сустрэўшы яго, забіў яго.
І сказаў яму: «За тое, што ты ня слухаеш голасу СПАДАРОВАГА, вось, як пойдзеш ад мяне, заб’ець цябе леў». Ён пайшоў ад яго, і знайшоў яго леў, і забіў яго.
І знайшоў ён другога чалавека і сказаў: бі мяне. Гэты чалавек біў яго да таго, што параніў пабоямі.
І знашоў ён другога чалавека, і сказаў: «Бі, калі ласка, мяне». І біў яго гэны чалавек, б’ючы а ранячы.
І пайшоў прарок і стаў перад царом на дарозе, прыкрыўшы покрывам вочы свае.
І пайшоў прарока, і стаяў надчэкуючы караля на дарозе, прыдаўшыся іншым, замазаўшы вочы свае попелам.
Калі цар праязджаў міма, ён закрычаў цару і сказаў: раб твой хадзіў на бітву, і вось, адзін чалавек, які адышоў убок, падвёў да мяне чалавека і сказаў: вартуй гэтага чалавека; калі яго ня будзе, дык твая душа будзе за яго душу, альбо ты павінен будзеш адважыць талант срэбра.
І было, як кароль праяжджаў міма, ён закрычэў каралю й сказаў: «Слуга твой хадзіў у сярэдзіну бітвы, і вось, адзін чалавек адышоўся ў бок, і прывеў да мяне чалавека, сказаўшы: "Сьцеражы гэтага чалавека; калі ён шчэзьне й ня зьвернецца, то твая душа будзе за душу ягоную, альбо ты адважыш талань срэбра".
Калі раб твой заняўся тымі і іншымі справамі, яго ня стала. І сказаў яму цар Ізраільскі: такі табе і прысуд, ты сам рашыў.
І сталася, як слуга твой заняўся тым-сім, што вось, ён шчэз». І кароль Ізраельскі сказаў яму: «Такі твой суд, ты сам пастанавіў».
Ён адразу зьняў покрыва з вачэй сваіх, і пазнаў яго цар, што ён з прарокаў.
І ён пабарзьдзіў, і згарнуў попел із аччу сваіх, і пазнаў яго кароль Ізраельскі, што із прарокаў ён.
І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты выпусьціў з рук тваіх чалавека, заклятага Мною, душа твая будзе замест ягонай душы, народ твой замест ягонага народу.
І ён сказаў яму: «Гэтак кажа СПАДАР: "За тое, што ты выпусьціў з рукі чалавека, аканаванага Імною, дык будзе душа твая за душу ягоную і люд твой за ягоны люд"».
І выправіўся цар Ізраільскі дамоў устрывожаны і засмучаны і прыбыў у Самарыю.
І пайшоў кароль Ізраельскі двору смутны а гнеўны, і прыбыў да Самары.