1 У той час захварэў Абія, сын Ерабаама.
2 І сказаў Ерабаам жонцы сваёй: «Устань і зьмяні выгляд свой, каб не пазналі, што ты — жонка Ерабаама, і ідзі ў Шыло. Вось, там Ахія прарок, які сказаў мне, што я буду валадаром над народам гэтым.
3 І вазьмі ў руку тваю дзесяць хлябоў, печыва і збан мёду, і ідзі да яго. Ён паведаміць табе, што станецца з хлопцам».
4 І зрабіла так жонка Ерабаама. І ўстала яна, і пайшла ў Шыло, і прыйшла ў дом Ахіі. А Ахія ня мог бачыць, бо сьцямнелі вочы ягоныя дзеля старасьці.
5 І сказаў ГОСПАД Ахіі: «Вось, прыходзіць жонка Ерабаама, каб шукаць слова адносна сына свайго, які хварэе. Гэта і гэта прамовіш да яе. Калі яна прыйдзе, яна будзе пераапранутая».
6 І сталася, што Ахія пачуў шоргат ног ейных, калі яна ўваходзіла, і сказаў: «Уваходзь, жонка Ерабаама. Чаму ты пераапранулася? Я — суворы пасланьнік для цябе.
7 Ідзі і скажы Ерабааму: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. За тое, што Я ўзвысіў цябе спасярод народу, і зрабіў цябе правадыром над народам Маім, Ізраілем,
8 і адарваў валадарства ад дому Давіда, і даў яго табе, але ты ня быў такі, як слуга Мой Давід, які захоўваў прыказаньні Мае і хадзіў за Мною ўсім сэрцам сваім, робячы толькі слушнае ў вачах Маіх,
9 і рабіў ты горш за ўсіх, якія былі перад табой, і пайшоў, і зрабіў сабе багоў чужых і [ідалаў] літых, каб гнявіць Мяне, а Мяне адкінуў за плечы свае,
10 дзеля гэтага, вось, Я навяду на дом Ерабаама ліха, і выб’ю з [роду] Ерабаама ўсіх, хто мочыцца на сьцяну, ад нявольніка да вольнага ў Ізраілі, і вымяту рэшткі дому Ерабаама, як вымятаецца сьмецьце, аж да канца.
11 Хто ў Ерабаама памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя, бо гэта прамовіў ГОСПАД”.
12 А ты ўстань і вяртайся ў дом твой, і калі ногі твае ўвойдуць у горад, памрэ дзіцятка,
13 і будзе плакаць над ім увесь Ізраіль, і пахаваюць яго, бо толькі ён з [роду] Ерабаама ўвойдзе ў магілу, бо ў доме Ерабаама толькі ў ім знайшлося нешта добрае перад ГОСПАДАМ, Богам Ізраіля.
14 І паставіць ГОСПАД Сабе валадара над Ізраілем, які выгубіць дом Ерабаама ў той дзень. І ўжо цяпер [паставіў].
15 І ўдарыць ГОСПАД Ізраіля, што ён захістаецца як трысьнёг на вадзе, і выганіць Ізраіля з гэтай добрай зямлі, якую Ён даў бацькам іхнім, і расьцярушыць іх за ракою за тое, што яны зрабілі Астартаў сваіх, каб гнявіць ГОСПАДА.
16 І пакіне ГОСПАД Ізраіля дзеля грахоў Ерабаама, які сам грашыў і ўвёў у грэх Ізраіля».
17 І ўстала жонка Ерабаама, і пайшла, і прыйшла ў Тырцу. І калі яна пераступала парог дому, памёр хлопец.
18 І пахавалі яго, і галасіў над ім увесь Ізраіль паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў праз слугу Свайго Ахію прарока.
19 А іншыя дзеяньні Ерабаама, як ён ваяваў і як валадарыў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
20 А дзён, калі валадарыў Ерабаам, [было] дваццаць два гады. І супачыў ён з бацькамі сваімі, і заваладарыў Надаў, сын ягоны, пасьля яго.
21 А Рэхабаам, сын Салямона, быў валадаром у Юдзе. Сорак адзін год было Рэхабааму, калі ён пачаў валадарыць, і сямнаццаць гадоў ён валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які выбраў ГОСПАД з усіх каленаў Ізраіля, каб там было імя Ягонае. Імя маці ягонай — Наама Аманянка.
22 І рабіў Юда ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і гнявілі яны Яго больш, чым бацькі іхнія, у грахах сваіх, якімі грашылі.
23 І будавалі яны сабе ўзгоркі, слупы і Астартаў на кожным узгорку высокім і пад кожным дрэвам зялёным.
24 І была таксама распуста ў зямлі, і чынілі яны ўсякую брыдоту народаў, якіх выгнаў ГОСПАД перад абліччам сыноў Ізраіля.
25 І сталася ў пятым годзе валадара Рэхабаама, пайшоў супраць Ерусаліму Шышак, валадар Эгіпту.
26 Ён зрабаваў скарбы Дому ГОСПАДА і скарбы дому валадара, і ўсё забраў, і забраў усе шчыты залатыя, якія зрабіў Салямон.
27 Замест іх валадар Рэхабаам зрабіў шчыты мядзяныя і перадаў іх у рукі начальнікаў варты, якая пільнавала ўваход у дом валадара.
28 І сталася, што кожны раз, калі валадар уваходзіў у Дом ГОСПАДА, уносіла іх варта, а [потым] адносіла іх у збраёўню варты.
29 Іншыя дзеяньні Рэхабаама і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Юды.
30 А вайна паміж Рэхабаамам і Ерабаамам была ўсе дні.
31 І супачыў Рэхабаам з бацькамі сваімі, і быў пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давіда. А імя маці ягонай — Наама Аманянка. А пасьля яго валадаром стаў Абіям, сын ягоны.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Першая кніга Валадароў, 14 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023