3 царстваў 18 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Як прайшло шмат дзён было слова Гасподняе Ільлю ў трэці год: ідзі і пакажыся Ахаву, і Я дам дождж на зямлю.
 
І сталася праз шмат дзён, у трэці год, было слова ГОСПАДА да Ільлі, кажучы: «Ідзі і зьявіся Ахаву, і Я дам дождж на аблічча зямлі».

І пайшоў Ільля паказацца Ахаву. А голад вялікі быў у Самарыі.
 
І пайшоў Ільля, каб зьявіцца Ахаву. А ў Самарыі [быў] моцны голад.

І паклікаў Ахаў Аўдзія, які начальнічаў над палацам. А Аўдзій быў чалавек вельмі богабаязны,
 
І паклікаў Ахаў Абадыю, які [быў] над домам [ягоным], а Абадыя вельмі баяўся ГОСПАДА.

і калі Езавэль зьнішчала прарокаў Гасподніх, Аўдзій узяў сто прарокаў і хаваў іх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою.
 
І калі Езабэль забівала прарокаў ГОСПАДА, Абадыя ўзяў сто прарокаў і схаваў іх па пяцьдзясят у адной і другой пячоры, і карміў іх хлебам і вадой.

І сказаў Ахаў Аўдзію: ідзі па зямлі да ўсіх крыніц водных і да ўсіх патокаў на зямлі, ці ня знойдзем дзе-небудзь травы, каб нам пракарміць коней і ня страціць быдла.
 
І сказаў Ахаў Абадыі: «Прайдзі па зямлі па ўсіх крыніцах вады і па ўсіх ручаях, можа, знойдзеш дзе траву, каб зьберагчы [жывымі] коней і мулаў, і не замарыць [голадам] жывёлы».

І падзялілі яны паміж сабою зямлю, каб абысьці яе: Ахаў асобна пайшоў адною дарогай, і Аўдзій асобна пайшоў другою дарогай.
 
І падзялілі паміж сабой зямлю, каб абыйсьці яе. Ахаў пайшоў адной дарогай, а Абадыя — другой дарогай асобна.

Калі Аўдзій ішоў дарогаю, вось, насустрач яму ідзе Ільля. Ён пазнаў яго і ўпаў на аблічча сваё і сказаў: ці ты гэта, спадару мой Ільля?
 
І сталася, калі Абадыя быў у дарозе, вось, Ільля [ідзе] насустрач яму. І ён пазнаў яго, і ўпаў на аблічча сваё, і сказаў: «Ці гэта ты, гаспадару мой, Ільля?»

Той сказаў яму: я, ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
 
І ён сказаў яму: «Я. Ідзі і скажы гаспадару твайму: “Вось, Ільля [тут]”».

Ён сказаў: чым я правініўся, што ты перадаеш раба твайго ў рукі Ахаву, каб забіць мяне?
 
І сказаў [Абадыя]: «Чым я саграшыў, што ты аддаеш слугу твайго ў рукі Ахава, каб ён забіў мяне?

Жывы Гасподзь Бог твой! няма ніводнага народу і царства, куды б ня пасылаў гаспадар мой шукаць цябе; і калі яму казалі, што цябе няма, ён браў клятву з таго царства і народу, што не маглі знайсьці цябе;
 
Як жывы ГОСПАД, Бог твой! Няма народу або валадарства, да якога б не паслаў гаспадар мой, каб цябе адшукаць. А калі адказалі ўсе: “Няма [яго тут]”, ён загадаў прысягнуць [кожнаму] валадарству і народу, што цябе не знайшлі.

а ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут.
 
І цяпер ты кажаш мне: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: "Вось, Ільля [тут]"”.

Калі я пайду ад цябе, тады Дух Гасподні аднясе цябе, ня ведаю, куды; і калі я пайду паведаміць Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, дык ён заб’е мяне; а раб твой богабаязны з маладосьці сваёй.
 
І станецца, калі я адыйдуся ад цябе, возьме цябе Дух ГОСПАДА і занясе ў [месца], якога я ня ведаю. І я пайду, і паведамлю Ахаву, і ён ня знойдзе цябе, і ён заб’е мяне. А слуга ж твой баіцца ГОСПАДА ад маладосьці сваёй.

Хіба ня сказана гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езавэль забівала прарокаў Гасподніх, як я хаваў сто чалавек прарокаў Гасподніх, па пяцьдзясят чалавек, у пячорах і карміў іх хлебам і вадою?
 
Ці не было паведамлена гаспадару майму, што я зрабіў, калі Езабэль забівала прарокаў ГОСПАДА? Я тады схаваў сто чалавек спаміж прарокаў ГОСПАДА па пяцьдзясят у кожнай пячоры і карміў іх хлебам і вадой.

А ты цяпер кажаш: ідзі, скажы гаспадару свайму: Ільля тут; ён заб’е мяне.
 
А цяпер ты мне кажаш: “Ідзі і скажы гаспадару твайму: "Вось, Ільля [тут]"”. Ён жа заб’е мяне».

І сказаў Ільля: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! сёньня я пакажуся яму.
 
І сказаў Ільля: «Як жывы ГОСПАД Магуцьцяў, перад абліччам Якога я стаю, яшчэ сёньня я зьяўлюся яму».

І пайшоў Аўдзій насустрач Ахаву і данёс яму. І пайшоў Ахаў насустрач Ільлю.
 
І Абадыя пайшоў на спатканьне з Ахавам, і паведаміў яму. І пайшоў Ахаў на сустрэчу з Ільлёю.

Калі Ахаў убачыў Ільлю, дык сказаў Ахаў яму: ці ты гэта, хто бянтэжыць Ізраіля?
 
І стался, калі Ахаў убачыў Ільлю, сказаў Ахаў яму: «Ці ты той, хто трывожыць Ізраіля?»

І сказаў Ільля: ня я бянтэжу Ізраіля, а ты і дом бацькі твайго, тым, што вы пагардзілі загадамі Гасподнімі і ідзяце сьледам за Вааламі;
 
[Ільля] сказаў: «Ня я трывожу Ізраіля, але ты і дом бацькі твайго, бо ты адкінуў прыказаньні ГОСПАДА і пайшоў за Баалам.

цяпер пашлі і зьбяры да мяне ўсяго Ізраіля на гару Карміл, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Ваалавых, і чатырыста — прарокаў дуброўных, якія кормяцца ад стала Езавэлі.
 
І цяпер пашлі і зьбяры да мяне на гару Кармэль увесь Ізраіль, і чатырыста пяцьдзясят прарокаў Баала, і чатырыста прарокаў Астарты, якія ядуць са стала Езабэлі».

І паслаў Ахаў да ўсіх сыноў Ізраілевых і сабраў усіх на гару Карміл.
 
І паслаў Ахаў па ўсіх сыноў Ізраіля, і сабраў прарокаў на гару Кармэль.

І падышоў Ільля да ўсяго народу і сказаў: ці доўга вам кульгаць на абодва калены? Калі Гасподзь ёсьць Бог, дык ідзеце сьледам за Ім; калі Ваал, дык ідзеце сьледам за ім. І не адказваў народ яму ні слова.
 
І наблізіўся Ільля да ўсяго народу, і сказаў: «Дакуль вы будзеце кульгаць на абедзьве нагі? Калі ГОСПАД ёсьць Бог, ідзіце за Ім, а калі Баал — [бог], ідзіце за ім». Але народ ані слова не адказаў яму.

І сказаў Ільля народу: я адзін застаўся прарок Гасподні, а прарокаў Ваалавых чатырыста пяцьдзясят чалавек;
 
І сказаў Ільля народу: «Я адзін застаўся з прарокаў ГОСПАДА, а прарокаў Баала — чатырыста пяцьдзясят.

хай дадуць нам двух цялят, і хай яны выберуць сабе адно цяля, і расьсякуць яго, і пакладуць на дровы, але агню хай не падкладваюць; а я падрыхтую другое цяля і пакладу на дровы, а агню не падкладу;
 
Няхай дадуць нам двух бычкоў, і няхай яны выбяруць сабе аднаго бычка, пасякуць яго і паложаць на дровы, але няхай не падкладаюць агонь. І я падрыхтую другога бычка і палажу яго на дровы, але не падкладу агонь.

і паклічце вы імя бога вашага, а я паклічу імя Госпада Бога майго. Той Бог, Які дасьць адказ праз агонь, ёсьць Бог. І адказваў увесь народ і сказаў: добра.
 
І няхай яны будуць клікаць імя багоў сваіх, а я буду клікаць імя ГОСПАДА. І Бог, Які адкажа [і спашле] агонь, Той ёсьць Бог!» І ўвесь народ адказаў, і сказаў: «Добрае гэта слова».

І сказаў Ільля прарокам Ваалавым: выберце сабе адно цяля і падрыхтуйце вы раней, бо вас многа; і паклічце імя бога вашага, але агню не падкладвайце.
 
І сказаў Ільля прарокам Баала: «Выберыце сабе аднаго бычка, і падрыхтуйце [яго] першыя, бо вас шмат, і клічце імя багоў вашых, але не падкладайце агонь».

І ўзялі яны цяля, якое было дадзена ім, і прыгатавалі, і клікалі імя Ваала з раніцы да полудня, кажучы: Ваале, пачуй нас! Але ня было ні голасу, ні адказу. І скакалі яны каля ахвярніка, які зрабілі.
 
І ўзялі яны бычка, якога ён даў ім, і падрыхтавалі, і клікалі імя Баала ад раніцы аж да паўдня, кажучы: «Баал, адкажы нам!» Але не было ані голасу, ані адказу. І яны скакалі кругом ахвярніка, які зрабілі.

Аполудні Ільля пачаў сьмяяцца зь іх і казаў: крычэце гучным голасам, бо ён бог; магчыма, ён задумаўся, альбо заняты чым-небудзь, альбо ў дарозе, а можа, і сьпіць, дык ён прачнецца!
 
І апоўдні Ільля пачаў сьмяяцца з іх, і казаў: «Клічце моцным голасам, бо гэта ж бог. Можа, ён нечым заняты, або недзе выйшаў, або ў дарозе, або сьпіць, і яго трэба пабудзіць».

І пачалі яны крычаць гучным голасам і калолі сябе як звычайна нажамі і дзідамі, так што кроў лілася па іх.
 
І крычалі яны моцным голасам, і калечылі сябе паводле звычаю свайго нажамі і дзідамі, аж лілася з іх кроў.

Прайшоў полудзень, а яны ўсё яшчэ шалелі да самага часу вечаровага ахвярапрынашэньня; але ня было ні голасу, ні адказу, ні почуту.
 
І прайшоў поўдзень, а яны ўсё прарочылі аж да часу складаньня ахвяраў хлебных, але не было ані голасу, ані адказу, ані ўвагі [да малітвы іхняй].

Тады Ільля сказаў усяму народу: хадземце да мяне. І падышоў увесь народ да яго. Ён аднавіў разбураны ахвярнік Гасподні.
 
І сказаў Ільля ўсяму народу: «Падыйдзіце да мяне». І калі народ падыйшоў да яго, ён аднавіў ахвярнік ГОСПАДА, які быў развалены.

І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў, па колькасьці каленаў сыноў Якава, якому Гасподзь сказаў так: Ізраіль будзе імя тваё.
 
І ўзяў Ільля дванаццаць камянёў паводле лічбы каленаў сыноў Якуба, якому было слова ГОСПАД, кажучы: «Ізраіль будзе імя тваё».

І пабудаваў з гэтых камянёў ахвярнік у імя Госпада, і зрабіў вакол ахвярніка роў, ёмістасьцю ў дзьве саты зерня,
 
І з тых камянёў ён пабудаваў ахвярнік для імя ГОСПАДА, і выкапаў роў кругом ахвярніка, які зьмяшчаў два саты зерня.

і паклаў дровы, і расьсек цяля, і паклаў яго на дровы,
 
І пасек ён дровы, і падрыхтаваў бычка, і палажыў на дровы,

і сказаў: напоўніце чатыры вядры вады і вылівайце на ўсепальную ахвяру і на дровы. Потым сказаў: паўтарэце. І яны паўтарылі. І сказаў: зрабеце тое самае трэці раз. І зрабілі трэці раз,
 
і сказаў: «Набярыце чатыры вядры вады і выліце ў роў і на дровы!» І сказаў: «Зрабіце гэта самае другі раз». І зрабілі другі раз, і ён сказаў: «І трэці раз зрабіце гэта самае». І зрабілі трэці раз.

і вада палілася вакол ахвярніка, і роў напоўніўся вадою.
 
І пацякла вада кругом ахвярніка, і нават роў быў запоўнены вадою.

У час ахвярапрынашэньня вечаровай ахвяры падышоў Ільля прарок — і сказаў: Госпадзе Божа Абрагамаў, Ісаакаў і Ізраілеў! Хай спазнаюць у гэты дзень, што Ты адзін Бог у Ізраілі, і што я раб Твой і зрабіў усё паводле слова Твайго.
 
І сталася, калі быў час складаць ахвяру хлебную, падыйшоў Ільля прарок і сказаў: «ГОСПАДЗЕ, Божа Абрагама, Ісаака і Ізраіля! Сёньня даведаюцца яны, што Ты — Бог у Ізраілі, а я — слуга Твой, і што паводле слова Твайго я зрабіў усё гэта.

Пачуй мяне, Госпадзе, пачуй мяне! Хай спазнае народ гэты, што Ты, Госпадзе, Бог, і Ты павернеш сэрца іхняе да Цябе.
 
Адкажы мне, ГОСПАДЗЕ, адкажы мне, і няхай даведаецца народ гэты, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — Бог, і Ты навярні зноў сэрца іхняе!»

І апаў агонь Гасподні і зжэр цэласпаленьне і дровы, і камяні і пыл, і паглынуў ваду, якая ў рове.
 
І зыйшоў агонь ГОСПАДА, і спаліў ахвяру, і дровы, і камяні, і попел, і ваду, якая была ў рове, высушыў.

Убачыўшы гэта, увесь народ упаў на аблічча сваё і сказаў: Гасподзь ёсьць Бог, Гасподзь ёсьць Бог!
 
І ўбачыў [гэта] ўвесь народ, і ўпаў на аблічча сваё, і сказаў: «ГОСПАД — гэта Бог! ГОСПАД — гэта Бог!»

І сказаў ім Ільля: схапеце прарокаў Ваалавых, каб ніводзін зь іх не схаваўся. І схапілі іх, і завёў іх Ільля да патока Кісона і закалоў іх там.
 
І сказаў ім Ільля: «Схапіце прарокаў Баала, і няхай ніводзін з іх не ўцячэ!» І схапілі іх, і завёў іх Ільля да ручая Кішон, і там пазабіваў іх.

І сказаў Ільля Ахаву: ідзі, еж і пі, бо чуцен шум дажджу.
 
І сказаў Ільля Ахаву: «Ідзі, еш і пі, бо [я чую] шум вялікага дажджу!»

І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзышоў на верх Карміла і нахіліўся да зямлі, і паклаў аблічча сваё паміж каленяў сваіх,
 
І пайшоў Ахаў есьці і піць, а Ільля ўзыйшоў на вяршыню Кармэля, і нахіліўся да зямлі, і схаваў аблічча сваё між каленяў сваіх.

і сказаў хлопчыку свайму: ідзі, паглядзі да мора. Той пайшоў і паглядзеў, і сказаў: рабі гэта далей да сямі разоў.
 
І сказаў ён слузе свайму: «Выйдзі і глянь у бок мора». І той выйшаў, і глянуў, і сказаў: «Няма нічога». [Ільля] сказаў яму: «Вяртайся сем разоў!»

На сёмы раз той сказаў: вось, невялікае воблака падымаецца ад мора, велічынёю ў далоню чалавечую. Ён сказаў: ідзі, скажы Ахаву: запрагай і едзь, каб не застаў цябе дождж.
 
І ў сёмы раз ён сказаў: «Вось, воблака малое, нібы далонь чалавечая, падымаецца з мора». І сказаў [Ільля]: «Ідзі і скажы Ахаву: “Запрагай і ад’яжджай, каб не захапіў цябе дождж!”»

Між тым неба спахмурнела ад хмар і ад ветру, і пайшоў вялікі дождж. А Ахаў сеў у калясьніцу, і паехаў у Ізрэель.
 
І неўзабаве неба пацямнела ад хмараў і ветру, і быў дождж вялікі. А Ахаў сеў у калясьніцу і паехаў у Езрээль.

І была на Ільлі рука Гасподняя. Ён аперазаў сьцёгны свае і бег перад Ахавам да самага Ізрэеля.
 
І рука ГОСПАДА была з Ільлёю. І ён падперазаў паясьніцу сваю, і пабег перад Ахавам аж да ўваходу ў Езрээль.