3 царстваў 12 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем прыйшлі ўсе Ізраільцяне, каб узьвесьці яго ў цара.
І пайшоў Рэхабаам у Сыхэм, бо ў Сыхэм прыйшоў увесь Ізраіль, каб паставіць яго валадаром.
І дачуўся пра тое Ераваам, сын Наватаў, калі быў яшчэ ў Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, і вярнуўся Ераваам зь Егіпта;
І сталася, што пачуў [пра гэта] Ерабаам, сын Навата, а ён яшчэ быў у Эгіпце, куды ўцёк ад аблічча валадара Салямона, і вярнуўся Ерабаам з Эгіпту.
і паслалі па яго і паклікалі яго. Тады Ераваам і ўвесь збор Ізраільцянаў прыйшлі і казалі Равааму і сказалі:
І паслалі, і паклікалі яго. І прыйшоў Ерабаам і ўся царква Ізраіля, і прамовілі яны да Рэхабаама, кажучы:
бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і тады мы будзем служыць табе.
«Бацька твой узлажыў на нас ярмо цяжкае, а ты цяпер зьменшы цяжкія работы бацькі твайго і цяжар ярма ягонага, якое ён узлажыў на нас, і мы будзем служыць табе».
І сказаў ён ім: ідзеце і праз тры дні зноў прыйдзеце да мяне. І пайшоў народ.
І ён сказаў ім: «Ідзіце і праз тры дні вярніцеся да мяне». І народ адыйшоў.
Цар Раваам раіўся са старцамі, якія стаялі перад Саламонам, бацькам ягоным, пры жыцьці яго, і казаў: як параіце вы мне адказваць гэтаму народу?
І валадар Рэхабаам раіўся са старшынямі, якія стаялі перад абліччам Салямона, бацькі ягонага, калі ён яшчэ жыў, кажучы: «Якое слова вы параіце мне адказаць народу гэтаму?»
Яны казалі яму і сказалі: калі ты на гэты дзень будзеш слугою народу гэтаму і саслужыш яму, і дагодзіш ім, і будзеш гаварыць зь ім ласкава, дык яны будуць тваімі рабамі на ўсе дні.
І яны прамовілі да яго, кажучы: «Калі сёньня будзеш слугою народу гэтага і прыслужышся яму, і адкажаш ім, і прамовіш да іх словы добрыя, будуць яны слугамі тваімі ў-ва ўсе дні».
Але ён пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму, і раіўся з маладымі людзьмі, якія вырасьлі разам зь ім і якія стаялі перад ім,
Але ён адкінуў раду старшыняў, якую яны яму далі, і раіўся з юнакамі, якія гадаваліся разам з ім і якія стаялі перад абліччам ягоным.
і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які гаварыў мне і сказаў: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?
І сказаў ён ім: «Што вы параіце мне адказаць народу гэтаму? Бо яны прамовілі да мяне, кажучы: “Зрабі лягчэйшым ярмо, якое ўзлажыў на нас бацька твой”».
І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: так скажы народу гэтаму, які гаварыў табе і сказаў: «бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нас»; так скажы ім: мой мезенец таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго;
І прамовілі да яго юнакі, якія разам з ім гадаваліся, кажучы: «Так скажы гэтаму народу, які прамовіў да цябе, кажучы: “Бацька твой зрабіў цяжкім ярмо нашае, а ты зрабі лягчэйшым ярмо нашае”. Так прамоў да іх: “Найменшы палец мой таўшчэйшы за сьцёгны бацькі майго.
дык вось, калі бацька мой абцяжарваў вас цяжкім ярмом, дык я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.
Бацька мой узлажыў на вас ярмо цяжкае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі”».
Ераваам і ўвесь народ прыйшлі да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне на трэці дзень.
І на трэці дзень прыйшоў Ерабаам і ўвесь народ да Рэхабаама, як быў ім сказаўшы валадар, кажучы: «Вярніцеся да мяне праз тры дні».
І адказаў цар народу сурова і пагардзіў парадай старцаў, што яны раілі яму;
І адказаў валадар народу жорстка, бо ён адкінуў параду старшыняў, якую яны яму давалі,
і гаварыў ён паводле парады маладых людзей і сказаў: бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо ваша; бацька мой караў вас бічамі, а я буду караць вас скарпіёнамі.
а прамовіў да іх паводле рады юнакоў, кажучы: «Бацька мой зрабіў цяжкім ярмо вашае, а я яшчэ дадам да ярма вашага. Бацька мой караў вас пугамі, а я буду караць вас скарпіёнамі».
І не паслухаўся цар народу, бо так наканавана было Госпадам, каб спраўдзілася слова Ягонае, якое прамовіў Гасподзь праз Ахію Сіламяніна Еравааму, сыну Наватаваму.
І не паслухаў валадар народу, бо гэта было вызначана ГОСПАДАМ, каб споўнілася слова, якое ГОСПАД прамовіў праз Ахію з Шыло Ерабааму, сыну Навата.
І ўбачылі Ізраільцяне, што цар не паслухаўся іх. І адказаў народ цару і сказаў: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіле! цяпер ведай свой дом, Давідзе! І разышоўся Ізраіль па намётах сваіх.
І ўбачыў увесь Ізраіль, што валадар ня чуе іх, і адказаў народ валадару слова, кажучы: «Якая частка нашая ў Давідзе або якая спадчына [нашая] ў сыне Есэя? Ізраіль, [ідзі] ў намёты свае! Цяпер, Давід, сам глядзі дом твой!» І пайшоў Ізраіль у намёты свае.
Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, валадарыў Раваам.
І Рэхабаам заваладарыў толькі над тымі сынамі Ізраіля, якія жылі ў гарадах Юды.
І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над падаткамі; але ўсе Ізраільцяне закідалі яго камянямі, і ён памёр; а цар Раваам пасьпешна ўзышоў на калясьніцу, каб зьбегчы ў Ерусалім.
І паслаў валадар Рэхабаам Аданірама, які быў наглядчыкам за данінаю, і ўкаменавалі яго камянямі ўсе Ізраільцяне, і ён памёр. І валадар Рэхабаам пасьпешліва сеў у калясьніцу, і ўцёк у Ерусалім.
І адкалоўся Ізраіль ад дома Давідавага да гэтага дня.
І адыйшоў Ізраіль ад дому Давіда аж да сёньняшняга дня.
Калі пачулі ўсе Ізраільцяне, што Ераваам вярнуўся, дык паслалі і паклікалі яго на збор і паставілі царом яго над усімі Ізраільцянамі. За домам Давідавым не засталося нікога, апрача калена Юдавага і Веньямінавага.
І пачуў увесь Ізраіль, што вярнуўся Ерабаам, і паслалі, і паклікалі яго да грамады, і паставілі яго валадаром над усім Ізраілем. А пры доме Давіда не засталося нікога, апрача калена Юды.
Раваам, прыбыўшы ў Ерусалім, сабраў з усяго дома Юдавага і з калена Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць з домам Ізраілевым дзеля таго, каб вярнуць царства Равааму, сыну Саламонаваму.
І вярнуўся Рэхабаам у Ерусалім, і сабраў увесь дом Юды і калена Бэн’яміна, сто восемдзясят тысячаў выбранцоў, каб пачаць вайну з домам Ізраіля і вярнуць валадарства Рэхабааму, сыну Салямона.
І было слова Божае Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:
І было слова Божае да Шэмаі, чалавека Божага, кажучы:
скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму дому Юдаваму і Веньямінаваму і астатняму народу:
«Скажы Рэхабааму, сыну Салямона, валадару Юды, і ўсяму дому Юды і Бэн’яміна, і рэшце народу, кажучы:
так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі, сынамі Ізраілевымі; вярнецеся кожны ў дом свой, бо ад Мяне гэта было. І паслухаліся яны слова Гасподняга і пайшлі назад па слове Гасподнім.
“Гэта кажа ГОСПАД. Не ідзіце і не ваюйце супраць братоў вашых, сыноў Ізраіля. Няхай кожны вяртаецца ў дом свой, бо ад Мяне сталася гэта”». І яны паслухаліся слова ГОСПАДА, і вярнуліся, ідучы паводле слова ГОСПАДА.
І забудаваў Ераваам Сіхем на гары Яфрэмавай і пасяліўся ў ім; адтуль пайшоў і пабудаваў Пенуіл.
І пабудаваў Ерабаам Сыхэм на гары Эфраіма, і абжыўся там, а [потым] выйшаў адтуль і пабудаваў Пэнуэль.
І казаў Ераваам у сэрцы сваім: царства можа зноў перайсьці да дома Давідавага;
І сказаў Ерабаам у сэрцы сваім: «Цяпер валадарства вернецца да дому Давіда,
калі народ гэты будзе хадзіць у Ерусалім дзеля ахвяраваньня ў доме Гасподнім, дык сэрца народу гэтага павернецца да гаспадара свайго, да Раваама, цара Юдэйскага, і заб’юць яны мяне і вернуцца да Раваама, цара Юдэйскага.
калі народ гэты будзе хадзіць складаць ахвяры ў Доме ГОСПАДА ў Ерусаліме, і вернецца сэрца народу гэтага да гаспадара свайго Рэхабаама, валадара Юды. І яны заб’юць мяне, і вернуцца да Рэхабаама, валадара Юды».
І параіўшыся цар зрабіў двух залатых цялят і сказаў: ня трэба вам хадзіць у Ерусалім; вось багі твае, Ізраіль, якія вывелі цябе зь зямлі Егіпецкай.
І радзіўся валадар, і зрабіў двух залатых быкоў і сказаў [народу]: «Далёка для вас хадзіць у Ерусалім! Вось бог твой, Ізраілю, які вывеў цябе з зямлі Эгіпецкай».
І паставіў аднаго ў Вэтылі, а другога ў Дане.
І паставіў аднаго [быка] ў Бэтэлі, а другога паставіў у Дане.
І павяло гэта да грэху, бо народ пачаў хадзіць да аднаго зь іх, нават у Дан.
І гэта прывяло да грэху, і народ стаў хадзіць перад аблічча аднаго з іх аж у Дан.
І пабудаваў ён капішча на вышыні і паставіў з народу сьвятароў, якія ня былі з сыноў Лявііных.
І паставіў ён сьвятыню на ўзгорку, і паставіў сьвятарамі [звычайных] людзей, якія не былі сынамі Левія.
І ўстанавіў Ераваам сьвята ў восьмы месяц, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае на тое сьвята, якое было ў Юдэі, і прыносіў ахвяры на ахвярніку; тое самае ён зрабіў у Вэтылі, каб прыносіць ахвяру цялятам, якіх зрабіў. І паставіў у Вэтылі сьвятароў вышыняў, якія зладзіў,
І ўстанавіў Ерабаам сьвята ў восьмым месяцы, у пятнаццаты дзень месяца, падобнае да таго сьвята, якое ў Юдзе, і сам узыйшоў да ахвярніка. І зрабіў ён так у Бэтэлі, складаючы ахвяру крывавую быкам, якіх сам зрабіў. І паставіў ён у Бэтэлі святароў для ўзгоркаў, якія пабудаваў.
і прынёс ахвяры на ахвярніку, які ён зрабіў у Вэтылі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, месяца, які ён адвольна назначыў; і ўстанавіў сьвята сынам Ізраілевым, і падышоў да ахвярніка, каб учыніць дымленьне.
І ўзыйшоў ён да ахвярніка, які зрабіў у Бэтэлі, у пятнаццаты дзень восьмага месяца, які вызначыў паводле [намеру] сэрца свайго, і ўстанавіў сьвята для сыноў Ізраіля. І ўзыйшоў ён да ахвярніка, каб кадзіць.