3 царстваў 13 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І вось, чалавек Божы прыйшоў зь Юдэі па слове Гасподнім у Вэтыль, у той час, як Ераваам стаяў каля ахвярніка, каб учыніць дымленьне.
 
І вось, прыйшоў чалавек Божы з Юды ў Бэтэль паводле слова ГОСПАДА, а Ерабаам стаяў пры ахвярніку, каб кадзіць.

І прамовіў да ахвярніка слова Гасподняе і сказаў: ахвярнік, ахвярнік! так кажа Гасподзь: вось, народзіцца сын дому Давідаваму, імя яму Ёсія, і прынясе на табе ў ахвяру сьвятароў вышыняў, якія ўчыняюць на табе дымленьне, і чалавечыя косьці спаліць на табе.
 
І закрычаў [чалавек Божы] на ахвярнік паводле слова ГОСПАДА, і сказаў: «Ахвярнік, ахвярнік, гэта кажа ГОСПАД: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын на імя Ёсія, і ён на табе складзе ў ахвяру сьвятароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і спаліць на табе косткі чалавечыя».

І даў у той дзень азнаку, сказаўшы: вось азнака таго, што гэта прамовіў Гасподзь: вось, гэты ахвярнік разваліцца, і попел, які на ім, рассыпецца.
 
У той дзень ён даў знак, кажучы: «Вось, будзе знак, што гэта сказаў ГОСПАД. Вось, ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, рассыпецца».

Калі цар пачуў слова чалавека Божага, прамоўленае да ахвярніка ў Вэтылі, дык працягнуў Ераваам руку сваю ад ахвярніка, кажучы: вазьмеце яго. І зьдзеравянела рука ягоная, якую ён працягнуў на яго, і ня мог ён вярнуць яе да сябе.
 
І сталася, калі валадар пачуў слова чалавека Божага, якое ён выказаў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў Ерабаам руку сваю з-над ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» Але здрантвела рука ягоная, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён ня мог яе вярнуць да сябе.

І ахвярнік разваліўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся, па азнацы, якую даў чалавек Божы словам Гасподнім.
 
А ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся паводле знаку, які даў чалавек Божы паводле слова ГОСПАДА.

І сказаў цар Ераваам чалавеку Божаму: умілажаль аблічча Госпада Бога твайго і памаліся за мяне, каб рука мая магла вярнуцца да мяне. І ўмілажаліў чалавек Божы аблічча Госпада, царовая рука вярнулася да яго і зрабілася як раней.
 
І адказаў валадар, і сказаў чалавеку Божаму: «Перапрасі аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, і памаліся за мяне, і вернецца рука мая да мяне». І перапрасіў чалавек Божы аблічча ГОСПАДА, і вярнулася рука валадара да яго, і рухалася як раней.

І сказаў цар чалавеку Божаму: зайдзі са мною ў дом і падмацуй сябе ежаю, і я дам табе дарунак.
 
І прамовіў валадар да чалавека Божага: «Ідзі са мной у дом і паеш, і я дам табе падарунак».

Але чалавек Божы сказаў цару: хоць бы ты даваў мне паўдома твайго, я не пайду з табою і ня буду есьці хлеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,
 
І сказаў чалавек Божы валадару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайду з табой і ня буду есьці хлеба, і ня буду піць вады ў гэтым месцы.

бо так наказана мне словам Гасподнім: ня еж там хлеба і ня пі вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.
 
Бо гэтак загадаў мне слова ГОСПАД, кажучы: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць вады, і ня вернешся тым шляхам, па якім прыйшоў”».

І пайшоў ён другою дарогаю і не пайшоў назад тою дарогаю, якою прыйшоў у Вэтыль.
 
І пайшоў ён іншым шляхам, і не вярнуўся тым шляхам, па якім ён прыйшоў у Бэтэль.

У Вэтылі жыў адзін прарок-старац. Сын яго прыйшоў і расказаў яму ўсё, што зрабіў сёньня чалавек Божы ў Вэтылі; і словы, якія ён казаў цару, пераказалі сыны бацьку свайму.
 
А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок. І прыйшлі сыны ягоныя, і расказалі яму ўсе справы, якія зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, а таксама словы, якія ён прамовіў да валадара, і расказалі гэта бацьку свайму.

І спытаўся ў іх бацька іхні: якою дарогаю ён пайшоў? І паказалі сыны ягоныя, якою дарогаю пайшоў чалавек Божы, што прыходзіў зь Юдэі.
 
І прамовіў да іх бацька іхні: «Якім шляхам ён пайшоў?» І сыны ягоныя паказалі яму шлях, па якім пайшоў чалавек Божы, які прыйшоў з Юды.

І сказаў ён сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яму асла, і ён сеў на яго.
 
І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». І яны асядлалі яму асла, і ён сеў на яго,

І паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, як той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: ці ты чалавек Божы, які прыйшоў зь Юдэі. І сказаў той: я.
 
і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці ня ты чалавек Божы, які прыйшоў з Юды?» Ён сказаў: «Я».

І сказаў яму: зайдзі да мяне ў дом і паеж хлеба.
 
І ён сказаў яму: «Ідзі да мяне ў дом і паеш хлеба».

Той сказаў: я не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе; ня буду есьці хлеба і ня буду піць у цябе вады ў гэтым месцы,
 
Той сказаў: «Не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе, і ня буду есьці хлеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,

бо словам Гасподнім сказана мне: ня еж хлеба і ня пі там вады і не вяртайся тою дарогаю, якою ты ішоў.
 
бо прамовіў да мяне слова ГОСПАД: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць там вады, і ня вернешся шляхам, па якім прыйшоў”».

І сказаў ён яму: і я прарок такі самы, як ты, і анёл казаў мне словам Гасподнім і сказаў: вярні яго да сябе ў дом; хай паесьць ён хлеба і нап’ецца вады. — Ён зманіў яму.
 
І сказаў ён яму: «І я прарок, падобны табе. І анёл прамовіў да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: “Вярні яго ў дом твой, і няхай ён есьць хлеб і п’е ваду”». І падмануў яго.

І той вярнуўся зь ім, і паеў хлеба ў ягоным доме, і напіўся вады.
 
І ён вярнуўся з ім, і еў хлеб у доме ягоным, і піў ваду.

Калі яны яшчэ сядзелі за сталом, слова Гасподняе было прароку, які вярнуў яго.
 
А калі сядзелі яны яшчэ пры стале, было слова ГОСПАДА да прарока, які вярнуў яго [з дарогі].

І прамовіў ён чалавеку Божаму, які прыйшоў зь Юдэі, і сказаў: так кажа Гасподзь: за тое, што ты не падпарадкаваўся вуснам Госпада і ня выканаў загаду, які наказаў табе Гасподзь Бог твой,
 
І закрычаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД. За тое, што ты ўзбунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА і не захаваў даручэньня, якое загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,

але вярнуўся, еў хлеб і піў ваду ў тым месцы, пра якое Ён сказаў табе: «ня еж хлеба і ня пі вады», цела тваё ня ўвойдзе ў магільніцу бацькоў тваіх.
 
але вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду на месцы, пра якое Я прамовіў да цябе: "Ня еш [там] хлеба і ня пі вады", парэшткі твае ня ўвойдуць у магілу бацькоў тваіх”».

Пасьля таго, як той паеў хлеба і напіўся, ён асядлаў асла прароку, якога ён вярнуў.
 
І калі той зьеў хлеб і напіўся, ён асядлаў асла для таго прарока, якога вярнуў.

І выправіўся той. І сустрэў яго на дарозе леў і забіў яго. І ляжала цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл стаяў каля яго, і леў стаяў каля цела.
 
І той пайшоў. І знайшоў яго леў на шляху, і забіў яго, і парэшткі ягоныя ляжалі, кінутыя пры дарозе, і асёл стаяў каля іх, і леў стаяў каля парэшткаў.

І вось, людзі, якія праходзілі міма, убачылі цела, пакінутае на дарозе, і льва, які стаяў каля цела, і пайшлі і расказалі ў горадзе, у якім жыў прарок-старац.
 
І вось, людзі, што там праходзілі, убачылі парэшткі, кінутыя пры дарозе, і льва, які стаяў каля парэшткаў. І яны пайшлі, і паведамілі ў горадзе, у якім жыў стары прарок.

Прарок, які вярнуў яго з дарогі, пачуўшы гэта, сказаў: гэта той чалавек Божы, які не падпарадкаваўся пастановам Госпада; Гасподзь аддаў яго льву, які паламаў яго і забіў яго, па слове Госпада, якое Ён мовіў яму.
 
І пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, і сказаў: «Гэта чалавек Божы, які збунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, і аддаў яго ГОСПАД льву, і ён разьдзёр яго, і забіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да яго».

І сказаў сынам сваім: асядлайце мне асла. І асядлалі яны.
 
І прамовіў ён да сыноў сваіх, кажучы: «Асядлайце мне асла!» І яны асядлалі.

Ён выправіўся і знайшоў цела ягонае, пакінутае на дарозе; а асёл і леў стаялі каля цела; леў ня зьеў цела і не паламаў асла.
 
І ён паехаў, і знайшоў парэшткі ягоныя, кінутыя пры дарозе, і асла, і льва, якія стаялі каля парэшткаў. І леў ня еў парэшткі і не разьдзёр асла.

І падняў прарок цела чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і павёз яго назад. І пайшоў прарок-старац у горад свой, каб аплакаць і пахаваць яго.
 
І прарок падняў парэшткі чалавека Божага, і ўсклаў іх на асла і прывёз яго назад у горад, і прыйшоў стары прарок, каб плакаць над ім і пахаваць яго.

І паклаў цела ягонае ў сваёй магільніцы і плакаў па ім: жаль мне, браце мой!
 
І паклаў ён парэшткі ягоныя ў магіле сваёй, і плакаў над ім: «О, браце мой!»

Пасьля пахаваньня яго ён сказаў сынам сваім: калі я памру, пахавайце мяне ў магільніцы, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касьцей ягоных пакладзеце косьці мае;
 
І калі пахаваў яго, сказаў сынам сваім, кажучы: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы. Каля костак ягоных палажыце косткі мае.

бо спраўдзіцца слова, якое ён па загадзе Гасподнім сказаў пра ахвярнік у Вэтылі і пра ўсе капішчы на вышынях, у гарадах Самарыйскіх.
 
Бо спаўняючыся, споўніцца слова, якое ён прамовіў паводле слова ГОСПАДА адносна ахвярніка, які ў Бэтэлі, і адносна ўсіх сьвятыняў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі».

І пасьля гэтай падзеі Ераваам ня сышоў са сваёй благой дарогі, а і далей ставіў з народу сьвятароў вышыняў: хто хацеў, таго ён прысьвячаў, і той рабіўся сьвятаром вышыняў.
 
Пасьля ўсяго гэтага Ерабаам не зьвярнуў з ліхога шляху свайго, і паставіў са [звычайных] людзей сьвятароў для ўзгоркаў. Хто толькі хацеў, таго пасьвячала рука ягоная, і той ставаўся сьвятаром для ўзгоркаў.

Гэта вяло дом Ераваамаў да грэху і да пагібелі і да вынішчэньня яго з улоньня зямлі.
 
І сталася гэта грахом для дому Ерабаама і прычынай загубы і вынішчэньня з аблічча зямлі.