3 царстваў 13 разьдзел

Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І калі Ерабаам стаяў на ахвярніку, каб кадзіць, прыйшоў тады чалавек Божы з Юдэі ў Бэтэль па загадзе Госпада;
 
І вось, прыйшоў чалавек Божы з Юды ў Бэтэль паводле слова ГОСПАДА, а Ерабаам стаяў пры ахвярніку, каб кадзіць.

і закрычаў ён на ахвярнік па слову Госпада, кажучы: «Ахвярнік, ахвярнік, вось што кажа Госпад: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын, на імя Осія, і ён на табе прынясе ў ахвяру святароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і будуць на табе паліць людскія косці”».
 
І закрычаў [чалавек Божы] на ахвярнік паводле слова ГОСПАДА, і сказаў: «Ахвярнік, ахвярнік, гэта кажа ГОСПАД: “Вось, у доме Давіда народзіцца сын на імя Ёсія, і ён на табе складзе ў ахвяру сьвятароў узгоркаў, якія кадзяць пры табе, і спаліць на табе косткі чалавечыя».

І ў той жа дзень даў знак, кажучы: «Гэта будзе знак, пра які сказаў Госпад: гэты ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, развеецца».
 
У той дзень ён даў знак, кажучы: «Вось, будзе знак, што гэта сказаў ГОСПАД. Вось, ахвярнік распадзецца, і попел, які на ім, рассыпецца».

І калі цар пачуў словы чалавека Божага, якія ён выкрыкнуў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў ён руку сваю да ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» І здранцвела рука яго, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён не мог яе вярнуць да сябе.
 
І сталася, калі валадар пачуў слова чалавека Божага, якое ён выказаў супраць ахвярніка ў Бэтэлі, выцягнуў Ерабаам руку сваю з-над ахвярніка, кажучы: «Схапіце яго!» Але здрантвела рука ягоная, якую ён выцягнуў супраць яго, і ён ня мог яе вярнуць да сябе.

Таксама ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка развеяўся паводле знака, які прадказаў чалавек Божы па загадзе Госпада.
 
А ахвярнік распаўся, і попел з ахвярніка рассыпаўся паводле знаку, які даў чалавек Божы паводле слова ГОСПАДА.

І прасіў цар у чалавека Божага: «Малі аблічча Госпада, Бога твайго, і памаліся за мяне, каб вярнулася рука мая да мяне». Памаліўся чалавек Божы да аблічча Госпада, і вярнулася рука цара да яго, і стала такою, як была раней.
 
І адказаў валадар, і сказаў чалавеку Божаму: «Перапрасі аблічча ГОСПАДА, Бога твайго, і памаліся за мяне, і вернецца рука мая да мяне». І перапрасіў чалавек Божы аблічча ГОСПАДА, і вярнулася рука валадара да яго, і рухалася як раней.

Дык прасіў цар чалавека Божага: «Хадзем са мной у дом, каб паесці, і дам табе падарункі».
 
І прамовіў валадар да чалавека Божага: «Ідзі са мной у дом і паеш, і я дам табе падарунак».

І чалавек Божы адказаў цару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайшоў бы я з табой і не еў бы хлеба, і не піў бы вады ў гэтым месцы;
 
І сказаў чалавек Божы валадару: «Калі б ты і палову дома свайго даваў мне, не пайду з табой і ня буду есьці хлеба, і ня буду піць вады ў гэтым месцы.

бо так загадаў мне Госпад, кажучы: “Не еш хлеба і не пі вады, і не вяртайся тою дарогаю, па якой прыбыў”».
 
Бо гэтак загадаў мне слова ГОСПАД, кажучы: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць вады, і ня вернешся тым шляхам, па якім прыйшоў”».

Такім чынам, пайшоў ён іншаю дарогаю, і не вярнуўся тою дарогаю, па якой ён прыйшоў у Бэтэль.
 
І пайшоў ён іншым шляхам, і не вярнуўся тым шляхам, па якім ён прыйшоў у Бэтэль.

А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок; прыйшлі да яго сыны яго і расказалі яму пра ўсе справы, што зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, і словы, якія ён сказаў цару, таксама расказалі свайму бацьку.
 
А ў Бэтэлі жыў адзін стары прарок. І прыйшлі сыны ягоныя, і расказалі яму ўсе справы, якія зрабіў у той дзень чалавек Божы ў Бэтэлі, а таксама словы, якія ён прамовіў да валадара, і расказалі гэта бацьку свайму.

І спытаўся ў іх бацька іх: «Якою дарогаю ён пайшоў?» Сыны яго паказалі яму дарогу, па якой пайшоў чалавек Божы, які прыбыў з Юды.
 
І прамовіў да іх бацька іхні: «Якім шляхам ён пайшоў?» І сыны ягоныя паказалі яму шлях, па якім пайшоў чалавек Божы, які прыйшоў з Юды.

І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». Калі яны асядлалі яму асла, ён сеў на яго,
 
І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла». І яны асядлалі яму асла, і ён сеў на яго,

і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі ён сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці не ты чалавек Божы, які прыбыў з Юды?» Ён адказаў: «Я».
 
і паехаў за чалавекам Божым, і знайшоў яго, калі той сядзеў пад дубам, і сказаў яму: «Ці ня ты чалавек Божы, які прыйшоў з Юды?» Ён сказаў: «Я».

Ён сказаў яму: «Зайдзі да мяне ў дом, каб паесці хлеба».
 
І ён сказаў яму: «Ідзі да мяне ў дом і паеш хлеба».

Той кажа: «Не магу вярнуцца і пайсці з табою, і есці хлеб, і піць ваду ў гэтым месцы;
 
Той сказаў: «Не магу вярнуцца з табою і пайсьці да цябе, і ня буду есьці хлеба і ня буду піць вады ў гэтым месцы,

бо так мне было сказана ў слове Госпада: “Не еш хлеб і не пі там вады, і не вяртайся дарогаю, па якой прыйшоў”».
 
бо прамовіў да мяне слова ГОСПАД: “Ня будзеш есьці хлеба і ня будзеш піць там вады, і ня вернешся шляхам, па якім прыйшоў”».

Сказаў ён яму: «І я прарок, падобны да цябе; і анёл сказаў мне па загадзе Госпада, кажучы: “Вярні яго з сабою ў дом свой, і хай ён есць хлеб і п’е ваду”».
 
І сказаў ён яму: «І я прарок, падобны табе. І анёл прамовіў да мяне слова ГОСПАДА, кажучы: “Вярні яго ў дом твой, і няхай ён есьць хлеб і п’е ваду”». І падмануў яго.

Ён падмануў яго і павёў з сабою; такім чынам, ён еў хлеб, і піў ваду ў яго доме.
 
І ён вярнуўся з ім, і еў хлеб у доме ягоным, і піў ваду.

І калі сядзелі яны пры стале, Госпад накіраваў слова да прарока, які вярнуў яго з дарогі,
 
А калі сядзелі яны яшчэ пры стале, было слова ГОСПАДА да прарока, які вярнуў яго [з дарогі].

і сказаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа Госпад: “За тое, што ты не паслухаў слова Госпада і не захаваў прыказання, якое даў табе Госпад, Бог твой,
 
І закрычаў ён да чалавека Божага, які прыйшоў з Юды, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД. За тое, што ты ўзбунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА і не захаваў даручэньня, якое загадаў табе ГОСПАД, Бог твой,

і вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду ў месцы, у якім Я забараніў табе есці хлеб і піць ваду, твой труп не будзе ўнесены ў магілу бацькоў тваіх”».
 
але вярнуўся, і еў хлеб, і піў ваду на месцы, пра якое Я прамовіў да цябе: "Ня еш [там] хлеба і ня пі вады", парэшткі твае ня ўвойдуць у магілу бацькоў тваіх”».

І, калі той з’еў хлеб і напіўся, ён асядлаў сабе асла прарока, які вярнуў яго;
 
І калі той зьеў хлеб і напіўся, ён асядлаў асла для таго прарока, якога вярнуў.

і, калі ён паехаў, сустрэў яго леў на дарозе і забіў, і труп яго ляжаў, кінуты на дарозе; а каля яго стаяў леў.
 
І той пайшоў. І знайшоў яго леў на шляху, і забіў яго, і парэшткі ягоныя ляжалі, кінутыя пры дарозе, і асёл стаяў каля іх, і леў стаяў каля парэшткаў.

І вось, праходзячы, людзі ўбачылі труп, кінуты на дарозе, і льва, што стаяў каля трупа; і яны пайшлі і паведамілі ў горадзе, у якім жыў той стары прарок.
 
І вось, людзі, што там праходзілі, убачылі парэшткі, кінутыя пры дарозе, і льва, які стаяў каля парэшткаў. І яны пайшлі, і паведамілі ў горадзе, у якім жыў стары прарок.

Калі гэта пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, ён сказаў: «Гэта чалавек Божы, які не паслухаўся загаду Госпада, і аддаў яго Госпад ільву, і ён раздзёр яго і забіў паводле слова Госпада, якое сказаў яму Ён».
 
І пачуў той прарок, які яго завярнуў з дарогі, і сказаў: «Гэта чалавек Божы, які збунтаваўся супраць [слова] з вуснаў ГОСПАДА, і аддаў яго ГОСПАД льву, і ён разьдзёр яго, і забіў яго паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў да яго».

І сказаў ён сынам сваім: «Асядлайце мне асла!» Калі яны асядлалі
 
І прамовіў ён да сыноў сваіх, кажучы: «Асядлайце мне асла!» І яны асядлалі.

і ён паехаў, то знайшоў труп яго, кінуты на дарозе, і асла, і льва, што стаялі каля трупа; леў не еў трупа і не раздзёр асла.
 
І ён паехаў, і знайшоў парэшткі ягоныя, кінутыя пры дарозе, і асла, і льва, якія стаялі каля парэшткаў. І леў ня еў парэшткі і не разьдзёр асла.

Дык прарок падняў труп чалавека Божага, і паклаў яго на асла, і прывёз яго назад у горад старога прарока, каб паплакаць над ім і пахаваць яго.
 
І прарок падняў парэшткі чалавека Божага, і ўсклаў іх на асла і прывёз яго назад у горад, і прыйшоў стары прарок, каб плакаць над ім і пахаваць яго.

І паклаў ён нябожчыка ў яго магіле, і плакаў над ім: «О мой браце!»
 
І паклаў ён парэшткі ягоныя ў магіле сваёй, і плакаў над ім: «О, браце мой!»

І, калі пахавалі яго, сказаў сваім сынам: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы; каля касцей яго пакладзіце косці мае.
 
І калі пахаваў яго, сказаў сынам сваім, кажучы: «Калі я памру, пахавайце мяне ў магіле, у якой пахаваны чалавек Божы. Каля костак ягоных палажыце косткі мае.

Бо напэўна споўніцца слова, якое сказаў Госпад адносна ахвярніка, што ў Бэтэлі, і адносна ўсіх свяцілішчаў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі».
 
Бо спаўняючыся, споўніцца слова, якое ён прамовіў паводле слова ГОСПАДА адносна ахвярніка, які ў Бэтэлі, і адносна ўсіх сьвятыняў на ўзгорках, якія ў гарадах Самарыі».

Пасля ўсяго гэтага Ерабаам не звярнуў з ліхой сваёй дарогі, але зноў рабіў ён святароў для ўзгоркаў з найгоршых людзей; хто толькі хацеў, таго пасвячаў у святары для ўзгоркаў.
 
Пасьля ўсяго гэтага Ерабаам не зьвярнуў з ліхога шляху свайго, і паставіў са [звычайных] людзей сьвятароў для ўзгоркаў. Хто толькі хацеў, таго пасьвячала рука ягоная, і той ставаўся сьвятаром для ўзгоркаў.

З-за гэтай прычыны грашыў дом Ерабаама, і быў ён загублены і знішчаны з паверхні зямлі.
 
І сталася гэта грахом для дому Ерабаама і прычынай загубы і вынішчэньня з аблічча зямлі.