3 царстваў 16 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І прамовіў Госпад да Егу, сына Ханані, супраць Баасы гэтыя словы:
І было слова ГОСПАДА да Егу, сына Хананіі, супраць Баашы, кажучы:
«За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў цябе кіраўніком над народам Маім, Ізраэлем, а ты хадзіў дарогай Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраэль, каб Мяне гнявіць грахамі іх,
«За тое, што Я цябе падняў з парахна і паставіў правадыром над народам Маім, Ізраілем, а ты хадзіў шляхам Ерабаама і ўводзіў у грэх народ Мой, Ізраіля, каб Мяне гнявіць грахамі іхнімі,
Я адкіну дом Баасы і зраблю з домам тваім тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Набата.
вось, Я вымету рэшткі Баашы і рэшткі дому ягонага і зраблю з домам ягоным тое, што зрабіў з домам Ерабаама, сына Навата.
Хто ў Баасы памрэ ў горадзе, таго з’ядуць сабакі, а хто памрэ ў яго на полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя».
Хто ў Баашы памрэ ў горадзе, таго зьядуць сабакі, а хто памрэ ў полі, таго будуць жэрці птушкі паднебныя».
А іншыя дзеянні Баасы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасць яго — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
Іншыя дзеяньні Баашы, і ўсё, што ён рабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
Такім чынам, заснуў Бааса з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тэрсе; і па ім стаў царом сын яго, Эла.
І супачыў Бааша з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Тырцы. А пасьля яго стаў валадаром Эла, сын ягоны.
Але прамовіў Госпад праз прарока Егу, сына Ханані, супраць Баасы і дому яго дзеля ўсякага зла, якога дапусціўся ён перад Госпадам, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, каб здарылася з ім так, як з домам Ерабаама, бо ён загубіў яго.
І зноў было слова ГОСПАДА праз прарока Егу, сына Хананіі, супраць Баашы і дому ягонага дзеля ўсякага зла, якое ён чыніў у вачах ГОСПАДА, гневаючы Яго ўчынкамі рук сваіх, калі рабіў так, як дом Ерабаама, які ён выгубіў.
На дваццаць шосты год Асы, цара Юды, Эла, сын Баасы, стаў царом над Ізраэлем у Тэрсе на два гады.
У дваццаць шостым годзе Асы, валадара Юды, Эла, сын Баашы, стаў валадаром над Ізраілем у Тырцы на два [гады].
І яго паслугач Замбры, кіраўнік над паловаю калясніц, паўстаў супраць яго. А Эла напіўся ў Тэрсе і быў, п’яны, у доме Арсы, загадчыка дому ў Тэрсе,
І слуга ягоны Зімры, начальнік над паловаю калясьніцаў, змовіўся супраць яго. І калі Эла быў напіўся ў доме Арцы, загадчыка дому ў Тырцы,
такім чынам, Замбры, напаўшы, ударыў і забіў яго на дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, і стаў царом замест яго.
Зімры напаў на яго, і ўдарыў яго, і забіў яго ў дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, і стаў валадаром замест яго.
І калі ён стаў царом, і сеў на яго пасад, то забіў увесь дом Баасы, і не пакінуў з яго анікога мужчынскага роду, ані сваякоў, ані сяброў яго.
І калі ён стаў валадаром, і сеў на пасадзе ягоным, ён выбіў увесь дом Баашы, і не пакінуў з яго анікога, хто мочыцца на сьцяну, ані сваякоў, ані сяброў ягоных.
І знішчыў Замбры ўвесь род Баасы паводле слова Госпада, як Ён прадказаў Баасе праз Егу, прарока,
І зьнішчыў Зімры ўвесь дом Баашы паводле слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра Баашу праз Егу прарока
дзеля ўсіх грахоў Баасы і дзеля грахоў сына яго, Элы, якія грашылі і ўводзілі ў грэх Ізраэль, гневаючы Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю.
з прычыны ўсіх грахоў Баашы і грахоў Элы, сына ягонага, якімі яны самі грашылі і якімі ўводзілі ў грэх Ізраіля, гневаючы ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.
А іншыя дзеянні Элы, і ўсё, што ён рабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
А іншыя дзеяньні Элы, і ўсё, што ён рабіў, запісана ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
На дваццаць сёмы год Асы, цара Юды, цараваў сем дзён у Тэрсе Замбры. А войска абкладвала Габэтон, горад філістынцаў.
У дваццаць сёмым годзе Асы, валадара Юды, заваладарыў Зімры на сем дзён у Тырцы, а народ [Ізраіля] разлажыўся табарам каля Гіббэтону, гораду Філістынцаў.
І калі пачуў увесь Ізраэль, што Замбры паўстаў і забіў цара, то выбраў ён сабе царом Амры, які быў кіраўніком войска ізраэльскага ў той дзень у лагеры.
І пачуў народ, які разлажыўся табарам, што кажуць: «Зімры ўчыніў змову і забіў валадара». І ўвесь Ізраіль, які быў у табары, паставіў у той дзень валадаром Омры, начальніка войска Ізраіля.
Такім чынам, выйшаў Амры і з ім увесь Ізраэль з-пад Габэтона і абклалі Тэрсу.
І выйшаў Омры, і ўвесь Ізраіль з ім, з-пад Гіббэтону і абляглі Тырцу.
Замбры, бачачы, што горад здабыты, увайшоў у палац і падпаліў над сабою палац царскі, і сам памёр ад агню
І сталася, калі Зімры ўбачыў, што горад здабыты, ён увайшоў у вежу дому валадара, і падпаліў дом валадара агнём, і памёр
ў сваіх грахах, якімі грашыў, чынячы зло перад Госпадам і ходзячы дарогай Ерабаама і ў граху яго, якім ён горшыў Ізраэль.
дзеля грахоў сваіх, якімі грашыў, чынячы ліхоту ў вачах ГОСПАДА і ходзячы шляхам Ерабаама і ў грахах ягоных, якія той рабіў і ўводзіў у грэх Ізраіля.
А іншыя дзеянні Замбры і паўстанне, якое зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
Іншыя дзеяньні Зімры, і змова ягоная, якую ён учыніў, запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
Тады народ ізраэльскі падзяліўся на дзве часткі: палова народа стаяла за Тэбні, сына Гінэта, каб яго паставіць царом, і другая палова — за Амры.
Тады народ Ізраіля падзяліўся на дзьве часткі: палова народу стаяла за Тыўні, сына Гіната, каб яго паставіць валадаром, а палова — за Омры.
І пераважыў народ, які стаяў за Амры, той, што стаяў за Тэбні, сына Гінэта; і Тэбні памёр, а цараваў Амры.
І быў мацнейшы народ, які [стаяў] за Омры, чым той, што [стаяў] за Тыўні, сына Гіната. І Тыўні памёр, а валадарыў Омры.
На трыццаць першы год Асы, цара Юды, Амры стаў царом над Ізраэлем на дванаццаць гадоў; у Тэрсе ён цараваў шэсць гадоў.
У трыццаць першым годзе Асы, валадара Юды, Омры стаў валадаром над Ізраілем на дванаццаць гадоў. У Тырцы ён валадарыў шэсьць гадоў.
І за два таленты срэбра ён купіў у Самэра гару Самэрон, і забудаваў яе, і горад, які пабудаваў, назваў ад імя гаспадара гары Самэра — Самарыяй.
І ён купіў за два таленты срэбра ў Шэмэра гару Шамэрон, і забудаваў гару, і гораду, які пабудаваў, даў імя Самарыяй ад імя Шэмэра, гаспадара гары.
І рабіў Амры ліхоту перад абліччам Госпада, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім;
І рабіў Омры ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і чыніў зло горш за ўсіх, якія былі перад ім.
і хадзіў ён ва ўсім дарогай Ерабаама, сына Набата, і ў граху яго, якім ён уводзіў у грэх Ізраэль, каб гнявіць Госпада, Бога Ізраэля, марнасцю сваёю.
І хадзіў ён усімі шляхамі Ерабаама, сына Навата, і ў грахах ягоных, якімі той увёў у грэх Ізраіля, каб гнявіць ГОСПАДА, Бога Ізраіля, марнасьцямі сваімі.
А іншыя дзеянні Амры і бітвы яго, якія ён мужна правёў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Ізраэля?
А іншыя дзеяньні Омры, якія ён зрабіў, і мужнасьць ягоная запісаныя ў Кнізе летапісаў валадароў Ізраіля.
І заснуў Амры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі; і па ім цараваў сын яго,
І супачыў Омры з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў Самарыі. А пасьля яго заваладарыў Ахаў, сын ягоны.
Ахаб, сын Амры, стаў царом Ізраэльскім на трыццаць восьмы год Асы, цара Юды, і цараваў Ахаб, сын Амры, над Ізраэлем у Самарыі дваццаць гадоў.
Ахаў, сын Омры, стаў валадаром Ізраіля ў трыццаць восьмым годзе Асы, валадара Юды, і валадарыў Ахаў, сын Омры, над Ізраілем у Самарыі дваццаць два гады.
І рабіў ліхоту Ахаб, сын Амры, перад абліччам Госпада горш за ўсіх сваіх папярэднікаў.
І Ахаў, сын Омры, рабіў ліхоту ў вачах ГОСПАДА, горш за ўсіх, што былі перад ім.
І мала яму было жыць у грахах Ерабаама, сына Набата, звыш таго, ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, цара сідонцаў, і пачаў служыць Баалу і пакланяцца яму.
Мала яму было хадзіць у грахах Ерабаама, сына Навата, і ён узяў за жонку Езабэль, дачку Этбаала, валадара Сідонцаў, і хадзіў, і служыў Баалу, і пакланяўся яму.
І паставіў ён ахвярнік Баалу ў храме Баала, які пабудаваў у Самарыі,
І паставіў ён ахвярнік Баалу ў доме Баала, які пабудаваў у Самарыі.
і зрабіў Ахаб ідала. І сваімі ўчынкамі Ахаб гнявіў Госпада, Бога Ізраэля, болей, чым усе цары Ізраэля, якія былі перад ім.
І зрабіў Ахаў Астарту, і сваімі ўчынкамі Ахаў гнявіў ГОСПАДА, Бога Ізраіля, болей, чым усе валадары Ізраіля, якія былі перад ім.
У дні яго Гіэль з Бэтэля адбудаваў Ерыхон паводле прадказання Госпада, сказанага праз Ешуа, сына Нуна, і падмуркі яго ён паклаў на сваім першародным, Абіраме, і на сваім наймаладзейшым, Сэгубе, паставіў брамы яго.
У дні ягоныя Хіэль з Бэтэлю адбудаваў Ерыхон. Падмуркі ягоныя ён паклаў на першародным сваім, Абіраме, а на наймалодшым сваім, Сэгібе, паставіў брамы ягоныя, паводле слова ГОСПАДА, сказанага праз Егошуа, сына Нуна.