3 царстваў 3 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І парадніўся Саламон з фараонам, царом Егіпецкім. Бо ўзяў за жонку дачку фараона, і ўвёў яе ў горад Давідаў, пакуль яшчэ не пабудаваў дом сабе, і дом Госпадаў, і муры кругом Ерузаліма.
І пасваячыўся Салямон з фараонам, валадаром Эгіпту, і ўзяў за жонку дачку фараона. І ўвёў ён яе ў горад Давіда, калі яшчэ не пабудаваў дом сабе, і Дом ГОСПАДА, і муры кругом Ерусаліму.
А народ ускладаў ахвяры на ўзгорках, бо не быў пабудаваны дом для імя Госпадавага ў тую пару.
Але народ складаў ахвяры на ўзгорках, бо ня быў яшчэ пабудаваны Дом для імя ГОСПАДА ў тыя дні.
А Саламон любіў Госпада і хадзіў паводле загадаў Давіда, бацькі свайго, за выключэннем таго, што складаў ён ахвяры і каджэнні на ўзгорках.
І любіў Салямон ГОСПАДА, ходзячы паводле пастановаў Давіда, бацькі свайго, але і ён складаў ахвяры і каджэньні на ўзгорках.
Такім чынам, пайшоў цар у Габаон, каб там ускласці ахвяру; бо там быў найвышэйшы ўзгорак. Саламон усклаў на той ахвярнік тысячу цэласпаленняў.
І пайшоў валадар у Гібэон, каб там скласьці ахвяру, бо там быў вялікі ўзгорак. І Салямон склаў на тым ахвярніку тысячу цэласпаленьняў.
У Габаоне з’явіўся Саламону ноччу ў сне Госпад і сказаў яму: «Прасі, што хочаш, і Я дам табе».
У Гібэоне зьявіўся Салямону ўначы ў-ва сьне ГОСПАД, і сказаў Бог: «Прасі тое, што [хочаш], і Я дам табе».
І Саламон кажа: «Ты аказваў слузе твайму Давіду, бацьку майму, вялікую міласэрнасць, бо ён хадзіў сам перад Табою ў праўдзе і справядлівасці і з праўдзівым сэрцам адносна Цябе; і захаваў Ты яму вялікую Сваю міласэрнасць, і даў яму сына, што сядзіць на пасадзе яго, як гэта ёсць сёння.
І сказаў Салямон: «Ты зьявіў слузе твайму Давіду, бацьку майму, міласэрнасьць вялікую, калі ён хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і праведнасьці, і ў правасьці сэрца адносна Цябе. І захаваў Ты яму вялікую міласэрнасьць гэтую, і даў яму сына, які сядзіць на пасадзе ягоным, як гэта [ёсьць] сёньня.
І вось цяпер, Госпадзе, Божа мой, Ты ўчыніў так, што царуе паслугач твой на месцы Давіда, бацькі майго. Я ж вельмі малады, і не ведаю свайго выхаду і ўваходу;
І цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, Ты зрабіў валадаром слугу Твайго на месцы Давіда, бацькі майго, а я — малады юнак, ня ўмею выходзіць і прыходзіць.
і паслугач Твой між народа, які Ты выбраў, народа вялікага, якога нельга палічыць, ані пералічыць.
І слуга Твой сярод народу Твайго, які Ты выбраў, народу шматлікага, якога нельга ані палічыць, ані перапісаць, бо яго шмат.
Дык дай Свайму паслугачу сэрца мудрае, каб мог судзіць народ Твой і адрозніваць, што добрае, а што благое. Бо хто ж можа судзіць гэты шматлікі народ Твой?»
Дык дай слузе Твайму сэрца, якое слухае, каб судзіць народ Твой і адрозьніваць, што добрае, а што ліхое. Бо хто ж можа судзіць такі шматлікі народ Твой?»
І спадабалася Госпаду тое, што прасіў Саламон.
І добрае было слова ў вачах Госпада, што прасіў Салямон пра гэтую рэч.
І сказаў Бог Саламону: «За тое, што ты выказаў гэтую просьбу і не прасіў для сябе ані доўгага жыцця, ані багацця, ані жыццяў ворагаў тваіх, але прасіў ты сабе мудрасці, каб умець судзіць,
І сказаў Бог [Салямону]: «За тое, што ты прасіў у малітве гэтую рэч, і не прасіў для сябе доўгіх дзён, і не прасіў для сябе багацьця, і не прасіў для сябе душаў ворагаў тваіх, але прасіў ты разуменьня, каб слухаць у судзе,
Я вось раблю з табою паводле просьбаў тваіх, і Я даю табе сэрца мудрае і разважнае, так што такога, як ты, не было перад табою і не будзе пасля цябе;
вось, Я зраблю паводле словаў тваіх. Вось, Я даю табе сэрца мудрае і разважлівае, так што такога, як ты, не было перад табою і ня будзе пасьля цябе.
але Я даю табе і тое, пра што ты не прасіў, гэта значыць, багацце і славу такую, што падобным да цябе не будзе ніхто з цароў ува ўсе дні жыцця твайго.
І таксама Я даю табе тое, пра што ты не прасіў, даю табе таксама багацьце і славу такую, што падобным табе ня будзе ніхто з валадароў у-ва ўсе дні твае.
А калі ты будзеш хадзіць дарогамі Маімі і пільнаваць прыказанні Мае і загады Мае, як рабіў гэта Давід, бацька твой, то Я зраблю доўгімі дні твае».
А калі ты будзеш хадзіць шляхамі Маімі, калі будзеш захоўваць прыказаньні Мае і пастановы Мае, як хадзіў Давід, бацька твой, Я зраблю доўгімі дні твае».
Такім чынам, прачнуўся Саламон і зразумеў, што гэта быў сон. І калі прыйшоў ён у Ерузалім, стаў ён перад каўчэгам запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпалення і прынёс ахвяры прымірэння, і зрабіў застолле для ўсіх паслугачоў сваіх.
І прачнуўся Салямон, і вось, гэта сон. І прыйшоў ён у Ерусалім, і стаў перад Каўчэгам Запавету Госпада, і склаў ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя, і зрабіў банкет для ўсіх слугаў сваіх.
Тады прыйшлі да цара дзве жанчыны-распусніцы і сталі перад ім.
І прыйшлі да валадара дзьве жанчыны блудніцы, і сталі перад абліччам ягоным.
І адна з іх кажа: «О гаспадару мой, я і гэтая жанчына жылі ў адным доме, і пры ёй у доме гэтым я нарадзіла;
І адна жанчына сказала: «О, гаспадару мой, я і гэта жанчына жывем у адным доме. І пры ёй у доме [гэтым] я нарадзіла.
на трэці дзень пасля мяне і яна нарадзіла, і былі мы разам, і, апрача нас дзвюх, нікога іншага з намі ў доме не было.
І сталася праз тры дні пасьля родаў маіх, таксама гэтая жанчына нарадзіла. І былі мы разам, і апрача нас дзьвюх нікога іншага з намі ў доме не было.
А ноччу памёр сын гэтай жанчыны: бо яна задушыла яго, калі спала.
І ўначы памёр сын жанчыны гэтай, бо, [сплючы], яна задушыла яго.
І яна, устаўшы глыбокай ноччу, з-пад боку майго моўчкі ўзяла сына майго, калі паслугачка твая спала, і паклала на сваіх грудзях; а свайго сына, мёртвага, паклала на мае грудзі.
І яна ўстала ўначы, і ўзяла сына майго ад мяне, калі служка твая спала, і палажыла яго на ўлоньні сваім. А сына свайго, мёртвага, палажыла на ўлоньне маё.
І калі я ўстала раніцай, каб пакарміць сына свайго, ён аказаўся мёртвым; а калі пры дзённым святле я больш уважліва да яго прыгледзелася, то зразумела, што не мой гэта сын, якога я нарадзіла».
І я ўстала раніцаю, каб пакарміць сына свайго, і вось, ён мёртвы. А калі пры сьвятле я прыгледзелася, вось, ня мой гэта сын, якога я нарадзіла».
І другая жанчына адказала: «Гэта няпраўда, бо мой сын жыве, а твой памёр». А тая казала: «Ты хлусіш. Гэта твой сын памёр, а мой жыве». І так спрачаліся яны перад царом.
А сказала іншая жанчына: «Не, бо сын мой жывы, а твой памёр». А тая казала: «Не, гэта твой сын памёр, а мой жывы». І спрачаліся яны перад абліччам валадара.
Тады сказаў цар: «Гэтая кажа: “Сын мой жыве, а твой сын мёртвы”; і тая адказвае: “Няпраўда, бо твой сын мёртвы, а мой сын жыве”».
І сказаў валадар: «Гэтая кажа: “Сын мой жывы, а сын твой памёр”, а тая кажа: “Не, бо твой сын памёр, а мой сын жывы”».
І загадаў цар: «Прынясіце мне меч!» І калі прынеслі цару меч,
І сказаў валадар: «Прынясіце мне меч!» І прынесьлі перад аблічча валадара меч.
загадаў ён: «Падзяліце жывое дзіця на дзве часткі, і дайце адной палову і другой палову».
І сказаў валадар: «Расьсячыце жывое дзіця на дзьве часткі, і дайце адной палову, і другой палову».
І жанчына, якой сын быў жывы, — бо ўзрушылася сэрца яе дзеля сына яе, — сказала цару: «Прашу, гаспадару, не забівайце яго і жывога аддайце ёй». А другая казала: «Падзяліце, хай не будзе ён ані табе, ані мне».
І сказала валадару жанчына, сын якой быў жывы, бо ўзрушыліся [літасьцю] да сына свайго ўнутранасьці ейныя, і яна сказала: «Гаспадару мой, жывое дзіця аддайце ёй, але не забівайце яго». А другая сказала: «Няхай ня будзе ён ані табе, ані мне. Расьськайце».
І цар пастанавіў: «Дайце той жывое дзіця і не забівайце яго; яна — маці яго».
І адказаў валадар, і сказаў: «Дайце ёй жывое дзіця, і не забівайце яго, бо яна — маці ягоная».
І пачуў увесь Ізраэль пра гэты суд, як вырашыў цар; і баяліся цара, бо бачылі, што ў ім — мудрасць Божая, каб чыніць суд.
І пачуў увесь Ізраіль пра гэты суд, як прысудзіў валадар; і баяліся перад абліччам валадара, бо бачылі ў ім мудрасьць Божую, каб чыніць суд.