3 царстваў 2 разьдзел
Трэйцяя кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
А набліжаўся час паміраць Давіду, і загадаў ён сыну свайму Саламону, кажучы:
І наблізіліся дні паміраць Давіду, і загадаў ён сыну свайму Салямону, кажучы:
«Я ўзыходжу на дарогу ўсяе зямлі; ты ж будзь моцны і пакажы сябе мужчынам.
«Я ўзыходжу на шлях [жыхароў] усёй зямлі. Ты ж будзь цьвёрды і будзь мужны.
І захавай загады Госпада, Бога твайго, каб хадзіць шляхамі Яго, і пільнаваць пастановы Яго, і загады Яго, і прыказанні, і сведчанні, як напісана ў законе Майсеевым, каб мець поспех ва ўсім, што ты робіш, і паўсюль, куды ты пойдзеш;
І захоўвай загады ГОСПАДА, Бога твайго, і хадзі шляхамі Ягонымі, і захоўвай пастановы Ягоныя, і прыказаньні Ягоныя, і прысуды Ягоныя, і сьведчаньні Ягоныя, як напісана ў Законе Майсеевым, каб меў ты посьпех у-ва ўсім, што ты будзеш рабіць, і паўсюль, куды ты пойдзеш,
каб здзейсніў Госпад слова Сваё, якое гаварыў мне, кажучы: “Калі твае сыны будуць пільнаваць дарогі свае і калі будуць хадзіць перада Мной у праўдзе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, то не будзе адкінуты нашчадак твой ад пасада Ізраэля”.
каб зьдзейсьніў ГОСПАД слова Сваё, якое гаварыў мне, кажучы: “Калі сыны твае будуць захоўваць шляхі свае і калі будуць хадзіць перад абліччам Маім у праўдзе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй, ня будзе адкінуты нашчадак твой ад пасаду Ізраіля”.
Ты таксама ведаеш, што зрабіў мне Ёаб, сын Сэруі, што ён зрабіў з двума кіраўнікамі войска ізраэльскага, з Абнэрам, сынам Нэра, і Амасаю, сынам Етэра, якіх забіў; і ён праліў кроў у час міру, як на вайне, і запляміў ён крывёй вайны пояс свой, што быў вакол сцёгнаў яго, і абутак свой, што быў на нагах яго.
І ты таксама ведаеш, што зрабіў мне Ёаў, сын Цэруі, што ён зрабіў з двума начальнікамі войска Ізраіля, з Абнэрам, сынам Нэра, і з Амасам, сынам Етэра, якіх ён забіў. Ён праліў кроў вайны ў [час] міру, і апаганіў крывёй вайны пояс на сьцёгнах сваіх і сандалы на нагах сваіх.
Дык дзейнічай паводле мудрасці сваёй, і не адпусці сівізны яго ў апраметную ў супакоі.
Учыні з ім паводле мудрасьці тваёй, і не дазволь зыйсьці сівізне ягонай у адхлань у супакоі.
А сынам Барзэлая Галаадца аддасі ласкай, і хай ядуць яны за сталом тваім: бо яны прыйшлі да мяне, калі я ўцякаў перад Абсаломам, братам тваім.
А сынам Барзілая з Гілеаду зьявіш міласэрнасьць, і няхай яны ядуць за сталом тваім, бо яны прыйшлі з дапамогаю, калі я ўцякаў перад Абсаломам, братам тваім.
Таксама ёсць пры табе Сямэй, сын Гэра, бэньямінец з Бахурыма, які праклінаў мяне найгоршым праклёнам, калі я ішоў у Маханаім; але ён сустрэў бо мяне каля Ярдана, і я пакляўся яму Госпадам, кажучы: “Не заб’ю цябе мечам”.
І вось, пры табе Шымэй, сын Гера, Бэн’ямінец з Бахурыму, які праклінаў мяне ліхім праклёнам у дзень, калі я ішоў у Маханаім, але ён сустрэў мяне каля Ярдану, і я прысягнуў яму на ГОСПАДА, кажучы: “Не заб’ю цябе мячом”.
Ты не дазваляй яму быць цэлым; ты ж чалавек мудры і ведаеш, што яму зрабіць, і звядзеш сівізну яго ў крыві ў апраметную».
Але ты не даруеш яму, бо ты чалавек мудры, і ведаеш, што яму зрабіць, і зьвядзеш сівізну ягоную ў крыві ў адхлань».
І супачыў Давід з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давідавым.
І супачыў Давід з бацькамі сваімі, і быў пахаваны ў горадзе Давіда.
А часу, калі цараваў Давід над Ізраэлем, — сорак гадоў: у Геброне цараваў сем гадоў, у Ерузаліме — трыццаць тры гады.
Сорак гадоў валадарыў Давід над Ізраілем: у Хеўроне валадарыў сем гадоў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады.
А Саламон сеў на пасадзе Давіда, бацькі свайго, і цараванне яго было вельмі трывалае.
І сеў Салямон на пасадзе Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае вельмі ўмацавалася.
Аднойчы Адонія, сын Хагіт, прыйшоў да Бэтсэбы, маці Саламона, якая спытала яго: «Ці супакойны прыход твой?» Ён адказаў: «Супакойны».
І прыйшоў Адонія, сын Хагіты, да Батшэвы, маці Салямона, і яна сказала: «Ці з мірам прыходзіш?» Ён адказаў: «З мірам».
І дадаў: «Хачу пагаварыць з табой». Яна сказала яму: «Гавары».
І сказаў: «[Маю] слова маё да цябе». Яна сказала: «Гавары».
І ён сказаў: «Ты ведаеш, што ўлада царская належала мне і што ўвесь Ізраэль прапанаваў мяне на цара сабе, але царства адышло ад мяне і дасталася брату майму; бо Госпадам яно было дадзена яму.
І ён сказаў: «Ты ведаеш, што валадараньне было [прызначана] мне, і ўвесь Ізраіль зьвяртаў аблічча сваё на мяне, каб я валадарыў, але валадарства адыйшло ад мяне, і яно ў брата майго, бо ГОСПАДАМ яно [дадзена] яму.
А цяпер я аб адным прашу цябе; не перапыняй мяне». Яна сказала яму: «Гавары».
А цяпер адну просьбу прашу ў цябе; не адварочвайся ад аблічча майго». Яна сказала яму: «Гавары».
І ён сказаў: «Прашу, каб ты сказала цару, Саламону, — бо ён не можа ні ў чым табе адмовіць, — каб за жонку даў мне ён Абісаг, сунаміцянку».
І ён сказаў: «Прашу, каб ты сказала валадару Салямону, бо ён не адвернецца ад аблічча твайго, каб за жонку даў мне ён Абішаг Шунамянку».
Бэтсэба сказала: «Добра, заступлюся я за цябе ў цара».
І Батшэва сказала: «Добра, я пагавару адносна цябе з валадаром».
Дык прыйшла Бэтсэба да цара Саламона, каб пагаварыць з ім пра Адонію. І цар устаў насустрач ёй, і пакланіўся ёй, і сеў на свой пасад; таксама пастаўлены быў пасад для маці цара, якая села праваруч цара.
І прыйшла Батшэва да валадара Салямона, каб пагаварыць з ім пра Адонію. І валадар устаў на спатканьне з ёй, і пакланіўся ёй, і сеў зноў на пасад свой. І паставіў ён пасад для маці валадара, і яна села праваруч яго.
І яна сказала яму: «Маю я да цябе адну малую просьбу; не перапыняй мяне». Сказаў ёй цар: «Прасі, маці мая, бо немагчыма, каб я адвярнуўся ад цябе».
І яна сказала: «Маю да цябе адну малую просьбу, не адвярніся ад аблічча майго». І сказаў ёй валадар: «Прасі, маці мая, бо я не адвярнуся ад аблічча твайго».
Яна кажа: «Дай сунаміцянку Абісаг за жонку брату твайму, Адоніі».
І яна сказала: «Дай Абішаг Шунамянку за жонку Адоніі, брату твайму».
У адказ сказаў цар Саламон маці сваёй: «Чаму ты просіш сунаміцянку Абісаг Адоніі? Прасі таксама царства яму! Бо ён старэйшы брат мой і мае пры сабе Абіятара, святара, і Ёаба, сына Сэруі».
І адказаў валадар Салямон, і сказаў маці сваёй: «Чаму ты просіш Абішаг Шунамянку для Адоніі? Прасі таксама валадарства яму! Бо ён — старэйшы брат мой, мае пры сабе Абіятара сьвятара і Ёава, сына Цэруі».
Дык прысягнуў цар Саламон Госпадам, кажучы: «Хай адно мне дасць Бог і другое дадасць; напэўна, на загубу жыцця свайго сказаў Адонія гэтае слова.
І прысягнуў валадар Салямон на ГОСПАДА, кажучы: «Няхай гэта зробіць мне Бог, і гэта дадасьць, калі ня супраць душы сваёй сказаў Адонія слова гэтае.
Дык цяпер, жыве Госпад, Які моцна паставіў мяне і пасадзіў мяне на пасад Давіда, бацькі майго, і Які, як прадказваў, пабудаваў мне дом, сёння, напэўна, Адонія будзе забіты!»
І цяпер, як жывы ГОСПАД, Які моцна паставіў мяне і пасадзіў на пасад Давіда, бацькі майго, і Які, як прадказваў, пабудаваў мне дом, сёньня Адонія будзе забіты!»
І даручыў гэта цар Саламон Банаю, сыну Ёяды, які забіў яго, і той памёр.
І паслаў валадар Салямон Бэнаю, сына Егаяды, і ён забіў [Адонію], і той памёр.
Таксама святару Абіятару цар загадаў: «Ідзі ў Анатот у сваю сядзібу; бо ты — чалавек, варты смерці; але сёння я не заб’ю цябе, бо ты насіў каўчэг Госпада Бога ў прысутнасці бацькі майго, Давіда, і ты перанёс усе цяжкасці, якія пераносіў бацька мой».
А Абіятару сьвятару сказаў валадар: «Ідзі ў Анатот на поле тваё, бо ты — чалавек, [варты] сьмерці; але сёньня я не заб’ю цябе, бо ты насіў Каўчэг Госпада ГОСПАДА перад абліччам Давіда, бацькі майго, і ты перанёс усе цяжкасьці, якія пераносіў бацька мой».
І выгнаў Саламон Абіятара, каб не быў ён святаром Госпадавым, так што споўнілася слова Госпадава, якое Ён сказаў аб доме Гэлі ў Сіло.
І выгнаў Салямон Абіятара, каб ня быў ён сьвятаром ГОСПАДА, і споўнілася слова ГОСПАДА, якое Ён прамовіў пра дом Гэлія ў Шыло.
А вестка аб гэтым дайшла да Ёаба, Ёаб жа прыхіліўся да Адоніі, хоць да Абсалома не схіляўся; і ўцёк Ёаб у палатку Госпадаву, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
І дайшла вестка [пра гэта] да Ёава, бо Ёаў прыхіліўся да Адоніі, хоць да Абсалома не схіляўся. І ўцёк Ёаў у Намёт ГОСПАДА, і ўхапіўся за рогі ахвярніка.
І паведамілі цару Саламону, што Ёаб уцёк у палатку Госпадаву і трымаецца за ахвярнік; і паслаў Саламон Банаю, сына Ёяды, загадваючы: «Ідзі, забі яго!»
І паведамілі валадару Салямону, што Ёаў уцёк у Намёт ГОСПАДА і вось, ён пры ахвярніку. І паслаў Салямон Бэнаю, сына Егаяды, кажучы: «Ідзі і забі яго!»
І ўвайшоў Баная ў палатку Госпадаву, і загадаў яму: «Гэта загадаў цар: “Выходзь!”» А той адказаў: «Не выйду, але тут памру». Пераказаў Баная размову цару, кажучы: «Гэтак сказаў Ёаб у адказ мне».
І ўвайшоў Бэная ў Намёт ГОСПАДА, і сказаў [Ёаву]: «Гэта кажа валадар: "Выходзь!"» А той сказаў: «Ня выйду, але тут памру». І Бэная пераказаў слова гэтае валадару, кажучы: «Гэтак прамовіў Ёаў і гэтак адказаў».
І загадаў яму цар: «Зрабі, як ён сказаў, і забі яго, і пахавай; і ачысціш мяне і дом бацькі майго ад бязгрэшнай крыві, якую праліў Ёаб.
І сказаў яму валадар: «Зрабі, як ён сказаў, і забі яго, і пахавай яго, і ачысьці мяне і дом бацькі майго ад нявіннай крыві, якую выліў Ёаў.
І хай верне Госпад кроў яго на галаву яго, бо ён забіў двух чалавек справядлівых і лепшых за яго, і забіў іх мечам, калі не ведаў гэтага бацька мой, Давід: забіў мечам Абнэра, сына Нэра, кіраўніка войска Ізраэля, і Амасу, сына Етэра, кіраўніка войска юдэйскага.
І зьверне ГОСПАД кроў ягоную на галаву ягоную, бо ён забіў двух мужоў праведных і лепшых за яго, і забіў іх мячом, і ня ведаў [пра гэта] бацька мой Давід; [ён забіў] Абнэра, сына Нэра, начальніка войска Ізраіля, і Амасу, сына Етэра, начальніка войска Юды.
І хай вернецца кроў іх на галаву Ёаба і на галаву нашчадкаў яго навекі; а для Давіда, і для семя яго, і для дома, і для пасада яго хай будзе супакой ад Госпада вечна».
І зьвернецца кроў іхняя на галаву Ёава і на галаву насеньня ягонага вечна. А для Давіда і насеньня ягонага, і для дому ягонага, і для пасаду ягонага няхай будзе супакой ад ГОСПАДА вечна».
Дык пайшоў Баная, сын Ёяды, і ўдарыў яго і забіў, і быў ён пахаваны ў доме сваім у пустыні.
І пайшоў Бэная, сын Егаяды, і ўдарыў [Ёава], і забіў яго. І быў ён пахаваны ў доме сваім у пустыні.
І паставіў цар Банаю, сына Ёяды, кіраўніком над войскам замест яго, і Садока, святара, паставіў на месца Абіятара.
І паставіў валадар Бэнаю, сына Егаяды, начальнікам над войскам замест яго, а Цадока сьвятара паставіў валадар на месца Абіятара.
Таксама паклікаў цар Сямэя і загадаў яму: «Пабудуй сабе дом у Ерузаліме і жыві там, і не выходзь адтуль нікуды.
І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Пабудуй сабе дом у Ерусаліме, і жыві там, і не выходзь адтуль нікуды.
У які дзень выйдзеш і пяройдзеш ручэй Цэдрон, ведай, што цябе заб’юць; кроў твая ўпадзе на тваю галаву».
У дзень, калі ты выйдзеш і пяройдзеш ручай Кедрон, ведай, што сьмерцю памрэш. Кроў твая будзе на галаве тваёй».
Сямэй сказаў цару: «Добрае гэта слова; як гаспадар мой, цар, загадаў, так і зробіць паслугач твой». Такім чынам, на доўгія гады Сямэй абжыўся ў Ерузаліме.
І сказаў Шымэй валадару: «Добрае слова, якое прамовіў гаспадар мой, валадар. Так і зробіць слуга твой». І жыў Шымэй у Ерусаліме шмат дзён.
А здарылася па трох гадах, што два нявольнікі Сямэя ўцяклі да Ахіса, сына Маахі, цара Гета. І паведамілі Сямэю, што нявольнікі яго ў Геце.
І сталася, што праз тры гады двое слугаў Шымэя ўцяклі да Ахіша, сына Маахі, валадара Гату. І паведамілі Шымэю, кажучы: «Вось, слугі твае ў Гаце».
Дык сабраўся Сямэй, сеў на асла свайго і накіраваўся ў Гет да Ахіса адшукаць паслугачоў сваіх, і прывёў іх з Гета.
І ўстаў Шымэй, і сеў на асла свайго, і пайшоў у Гат да Ахіша шукаць слугаў сваіх, і пайшоў Шымэй, і прывёў слугаў сваіх з Гату.
І паведамілі Саламону, што Сямэй хадзіў у Гет з Ерузаліма і вярнуўся.
І паведамілі Салямону, што Шымэй хадзіў у Гат з Ерусаліму і вярнуўся.
І паслаў па яго цар, і сказаў яму: «Ці не прысягнуў я табе Госпадам і не папярэдзіў цябе: у які дзень ты выйдзеш туды ці сюды, ведай, што напэўна памрэш? І ты адказаў мне: “Добрае гэтае слова, што я чуў”.
І паслаў валадар, і паклікаў Шымэя, і сказаў яму: «Ці не запрысяг я табе на ГОСПАДА і ці не засьведчыў табе, кажучы: “У дзень, калі ты зыйдзеш адсюль і пойдзеш туды ці сюды, ведай, што сьмерцю памрэш”? І ты казаў мне: “Добрае слова, якое я пачуў”.
Дык чаму не захаваў ты прысягі Госпадавай і загаду, які я табе даў?»
Дык чаму не захаваў ты прысягі перад ГОСПАДАМ і загаду, які я табе даў?»
І сказаў цар Сямэю: «Ты ведаў усё зло, якое ўсведамляе сэрца тваё, якое ты зрабіў бацьку майму, Давіду; вяртае Госпад ліхоту тваю на галаву тваю.
І сказаў валадар Шымэю: «Ты ведаеш усё гэтае зло, і ведае сэрца тваё, якое зло ты зрабіў бацьку майму Давіду. І зьверне ГОСПАД ліхоту тваю на галаву тваю.
А цар Саламон дабраславёны, і пасад Давіда хай будзе трываць перад Госпадам вечна».
А валадар Салямон будзе дабраслаўлёны, і пасад Давіда будзе трываць перад абліччам ГОСПАДА вечна».
Тады цар загадаў Банаю, сыну Ёяды, які, выйшаўшы, забіў яго, і ён памёр. Такім чынам, умацавалася царства ў руцэ Саламона.
І валадар загадаў Бэнаі, сыну Егаяды, і ён выйшаў, і ўдарыў яго, і ён памёр. І ўмацавалася валадарства ў руцэ Салямона.