Нээміі 4 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Калі пачуў Санавалат, што мы будуем сьцяну, ён раззлаваўся і вельмі журыўся і зьдзекаваўся зь Юдэяў;
Але сталася, што як пачуў Санвалат, што мы станавілі сьцяну, ён узгарэўся, і вельма загневаўся, і насьміхаўся зь Юдэяў;
і гаварыў пры братах сваіх і пры Самарыйскіх вайсковых людзях, і сказаў: што робяць гэтыя нікчэмныя Юдэі? няўжо ім гэта дазволяць? няўжо яны будуць прыносіць ахвяры? няўжо яны калі-небудзь скончаць? няўжо яны ажывяць камяні з груды пылу, і прытым папаленыя?
І гукаў пры братох сваіх а пры Самарскіх ваенных людзёх, і сказаў: «Што робяць гэныя небаракі Юдэі? няго ж ім гэта дазволяць? няго ж будуць яны абракаць аброкі? няго ж яны калі-колечы скончаць? няго ж яны ўскрэсяць камяні з кучаў шумецьця, ды яны ж спалены?»
А Товія Аманіцянін, які быў каля яго, сказаў: а няхай будуюць; пойдзе ліс і разбурыць іхні каменны мур.
А Това Амонянін быў ля яго і сказаў: «Няхай яны становяць, як узыйдзе ліс, разбура іх каменную сьцяну».
Пачуй, Божа наш, у якой мы пагардзе, і абярні іхнія праклёны на іх галаву, і аддай іх пагардзе ў зямлі палону,
Пачуй, Божа наш, бо мы пагрэбаваны, і абярні паганьбеньне іхнае на іх собскую галаву, і аддай іх на грэбаваньне ў зямлі паланеньня;
і не пакрый беззаконьняў іхніх, і грэх іхні хай не загладзіцца перад абліччам Тваім, бо яны засмуцілі будаўнікоў!
І ня крый бяспраўяў іхных, і грэх іхны хай ня будзе выцерты перад Табою, бо яны зьнемарасьцілі будуючых!
Мы аднак будавалі мур, і складзены быў увесь мур да палавіны яго. І народу хапала імпэту будаваць.
І станавілі мы сьцяну, і была сьцяна ўся злучана да палавіцы яе, бо люд быў шчыры да работы.
Калі пачулі Санавалат і Товія, і Аравіцяне, і Аманіцяне, і Азацяне, што сьцены Ерусалімскія аднаўляюцца, што пашкоды пачалі папраўляцца, дык ім было вельмі прыкра.
Але сталася: як пачуў Санвалат а Това а Арабаве а Амоняне а Ашдодзяне, што ўдалася паправа сьценаў Ерузаліму, што праломы пачалі зарабляць, дык яны ўзгарэліся вельмі.
І згаварыліся ўсе разам пайсьці вайною на Ерусалім і разбурыць яго.
І змовіліся ўсі разам пайсьці вайною на Ерузалім і зрабіць нам замятню.
І мы маліліся Богу нашаму, і ставілі супроць іх варту ўдзень і ўначы дзеля выратаваньня ад іх.
Мы ж маліліся Богу свайму і станавілі ад іх старожу ўдзень і ночы, дзеля іх.
Але Юдэі сказалі: аслабла сіла ў насільшчыкаў, а сьмецьця многа; мы ня можам будаваць сьцяну.
Але Юдэі сказалі: «Скволела сіла ў нашэньнікаў, а шумецьця шмат; няма ў нас змогі станавіць сьцяну».
А няпрыяцелі нашыя казалі: не даведаюцца і ня ўбачаць, як раптам мы ўвойдзем усярэдзіну іх і пераб’ем іх, і спынім працу.
І казалі ґвалтоўнікі нашы: «Не даведаюцца й не абачаць, як мы ўвыйдзем у сярэдзіну іх, і пераб’ем іх, і запынім работу».
Калі прыходзілі Юдэі, што жылі каля іх, і казалі нам разоў дзесяць, з усіх месцаў, што яны нападуць на нас,
І было як прышлі Юдэі, што жылі ля іх, і казалі нам разоў дзесяць зусюль: «Яны прыдуць на нас».
тады ў нізкіх мясьцінах каля горада, за сьцяною, на мясьцінах сухіх паставіў я народ папляменна зь мечамі іхнімі, зь дзідамі іхнімі і лукамі іхнімі.
І ў нізінных месцах ля места, за сьцяною, на месцах сухіх пастанавіў я люд па радзімах іхных зь мячамі іхнымі, зь дзідамі іхнымі а з лукамі іхнымі.
І агледзеў я, і стаў, і сказаў знакамітым і начальнікам і іншаму люду: ня бойцеся іх; памятайце Госпада вялікага і страшнага і змагайцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх і за дочак сваіх, за жанок сваіх і за дамы свае.
І агледзеў я, і стаў, і сказаў паном а дзяржаўцам а засталаму люду: «Ня бойцеся іх; помніце СПАДАРА вялікага а страшнага, і біцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх а за дачкі свае, за жонкі свае а за дамы свае».
Калі пачулі няпрыяцелі нашыя, што нам вядомыя намеры іхнія, тады разбурыў Бог намысел іхні; і ўсе мы вярнуліся да сьцяны, кожны да свае працы.
І сталася, як пачулі непрыяцелі нашы, што гэта нам ведама, то Бог зьнішчыў ізраду іхную, і мы зьвярнуліся ўсі да сьцяны, кажны да работы свае.
З таго дня палавіна маладых людзей у мяне займалася працаю, а другая палавіна іх трымала дзіды, шчыты і лукі і латы; і начальнікі былі за ўсім домам Юдавым.
І было адгэнуль: палавіца маіх дзяцюкоў рабіла, а другая палавіца іх дзяржала дзіды, шчыты а лукі а панцыры; а князі за ўсім домам Юдзіным.
Будаўнікі сьцяны і насільшчыкі цяжару, якія накладвалі на іх, адною рукою рабілі працу, а другою трымалі дзіду.
Тыя, што будавалі на сьцяне, і тыя, што насілі цяжары, і што накладалі, кажны аднэю рукою рабіў, а ў другой руццэ дзяржаў зброю.
Кожны будаўнік аперазаны быў мечам па сьцёгнах сваіх, і так яны будавалі. Каля мяне быў трубач.
І кажны будаўнік быў паперазаўшыся мячом па сьцёгнах сваіх, і будаваў. А трубель быў пры імне.
І сказаў я знакамітым і начальнікам і іншаму люду: праца вялікая і ёмістая, і мы расьсеяны па сьцяне і аддаленыя адзін ад аднаго;
І я сказаў вольнікам а дзяржаўцам а засталаму люду: «Работа вялікая а шырокая, і мы аддзяліліся на сьцяне адзін ад аднаго;
таму, адкуль пачуеце вы гук трубы, у тое месца зьбірайцеся да нас: Бог наш будзе змагацца за нас.
У якім месцу вы пачуеце гук трубы, туды зьбірайцеся да нас, Бог наш будзе ваяваць за нас».
Так рабілі мы працу; і палавіна трымалі дзіды ад золку да першых зорак.
Гэтак мы рабілі работу; і палавіца зь іх дзяржала дзіды ад сьвітаньня аж да паказаньня зораў.
Звыш гэтага тым часам сказаў я люду, каб у Ерусаліме ўсе начавалі з рабамі сваімі, — і будуць яны ў нас уначы на варце, а ўдзень на працы.
Таксама ў тым часе сказаў я люду, каб кажны зь дзяцюком сваім начавалі ў Ерузаліме, — і былі яны ў нас ночы вартаю, а ўдзень на рабоце.
І ні я, ні браты мае, ні слугі мае, ні варта, што суправаджала мяне, ня здымалі зь сябе вопраткі сваёй, у кожнага былі пад рукою меч і вада.
Дык ані я, ані браты мае, ані слугі мае, ані людзі варты, што прапушчалі мяне, ніхто з нас ня ськідаў адзецьцяў сваіх. Ніхто яго ня ськіне, адно ля вады.