Нээміі 10 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Прыклалі пячаткі: Нээмія — Тыршата, сын Гахаліі, і Сэдэкія
 
І Тыя, што прылажылі пячаці: Негэма-Тыршафа Гахалёнак а Сэдэка,

Сэрая, Азарыя, Ерамія,
 
Сэрая, Азара, Ярэма,

Пашхур, Амарыя, Малхія,
 
Пашгур, Амара, Малхія,

Хатуш, Шэванія, Малух,
 
Гаттуш, Шэваня, Малух,

Харым, Мэрэмот, Авадыя,
 
Гарым, Мерэмоф, Овада,

Данііл, Гінэтон, Варух,
 
Данель, Гіннэфон, Борух,

Мэшулам, Авія, Міямін,
 
Мешулам, Аўя, Міямін,

Маазія, Вілгай, Шэмая: гэта сьвятары.
 
Маазя, Вілґай, Шэмая; гэта сьвятарове.

Лявіты: Ісус, сын Азаніі, Вінуй, з сыноў Хэнадада, Кадмііл,
 
І Левітаве: Ешуа Азанёнак, Біннуй із сыноў Гэнададавых, Кадмель.

і браты іхнія: Шэванія, Гадыя, Кліта, Фэлая, Ханан,
 
І браты іхныя: Шэваня, Года, Келіта, Пелая, Ганан,

Міха, Рэхоў, Хашавія,
 
Міха, Рэгоў, Гашава,

Закхур, Шэрэвія, Шэванія,
 
Заккур, Шэрэва, Шэваня,

Гадыя, Ваній, Вэнінуй.
 
Года, Ван, Веніну.

Узначальцы народа: Парош, Пахат-Мааў, Элам, Зату, Ванія,
 
Галавы люду: Парош, Пагаф-Моаў, Елам, Заффу, Бані,

Вуній, Азгад, Бэвай,
 
Вун, Азґад, Бевай,

Аданія, Бігвай, Адын,
 
Адоня, Біґвай, Адын,

Атэр, Эзэкія, Азур,
 
Атэр, Гэзэка, Азур,

Гадыя, Хашум, Бэцай,
 
Года, Гашум, Бецай,

Харыф, Анатот, Рэвай,
 
Гарыф, Анафоф, Невай,

Магніяш, Мэшулам, Хэзір,
 
Маґпяш, Мешулам, Гэзыр,

Мэшэзавэл, Садок, Ядуй,
 
Мешэзавель, Садок, Ядуа,

Фэлатыя, Ханан, Ананія,
 
Пелата, Ганан, Аная,

Асія, Хананія, Хашуў,
 
Гося, Гананя, Гашуў,

Лахэш, Пілха, Шавэк,
 
Галогеш, Пілга, Шовек,

Рэхум, Хашаўна, Маасэя,
 
Рэгум, Гашаўна, Маасэя,

Ахія, Ханан, Анан,
 
А Ага, Ганан, Анан,

Малух, Харым, Ваана.
 
Малух, Гарым, Ваана.

І іншы люд, сьвятары, лявіты, брамнікі, сьпевакі, нэтынэі і ўсе, што аддзяліліся ад іншаземных народаў да закона Божага, жонкі іхнія, сыны іхнія і дочкі іхнія, усе, што маглі разумець,
 
І іншы люд, сьвятарове, Левітаве, брамнікі, пяюны, нефінеі а ўсі, што аддзяліліся ад людаў зямлі да Права Божага, жонкі іхныя, сынове іхныя а дачкі іхныя, — усі, што маглі цяміць,

прысталі да братоў сваіх, да самых ганаровых зь іх, і ўступілі ў абавязанасьць з прысягаю і праклёнам — рабіць паводле закона Божага, які дадзены рукою Майсея, раба Божага, і захоўваць і выконваць усе запаведзі Госпада Бога нашага, пастановы Яго і прадпісаньні Ягоныя,
 
Яны дзяржаліся братоў сваіх, паноў сваіх, і абавязаліся кляцьбою а прысягаю хадзіць у Праве Божым, даным Масеям, слугою Божым, і заховаваць, і паўніць усі расказаньні СПАДАРА, Спадара нашага, і суды Ягоныя, і ўставы ягоныя;

і не аддаваць дачок сваіх іншаземным народам, і іх дачок ня браць за сыноў сваіх;
 
І не аддаваць дачок сваіх людам зямлі, і дачок іхных ня браць сыном сваім;

і калі іншаземныя народы будуць прывозіць тавары і ўсё прадажнае ў суботу, ня браць у іх у суботу і ў сьвяты дзень, і ў сёмы год пакідаць пазыкі ўсялякага роду.
 
І як люды зямлі будуць прывозіць прадаваць у сыботу тавары альбо якую еміну, ня браць у іх у сыботу альбо ў сьвяты дзень; і пакінуць сяўбу сёмага году і кажны доўг.

І паставілі мы сабе ў закон — даваць ад сябе па траціне сікля ў год на патрэбы дома Бога нашага:
 
І прынялі мы сабе расказаньне, даваць ад сябе па трайціне сыкля на службу дому Бога нашага:

на хлябы пакладныя і на заўсёднае хлебнае прынашэньне і на заўсёднае цэласпаленьне, на суботы, на новыя месяцы, на сьвяты, на сьвятыя рэчы і на ахвяры за грэх дзеля ачышчэньня Ізраіля, і на ўсё, што робіцца ў доме Бога нашага.
 
На хлябы Выкладу, на кажначасны хлебны аброк а на кажначаснае ўсепаленьне, на сыботы, на маладзікі, на сьвяты, на сьвятыя рэчы, і на аброкі за грэх на залашчаньне Ізраелю, і на ўсялякую работу ў доме Бога нашага.

І кінулі мы жэрабі пра дастаўку дроў, сьвятары, лявіты і люд, калі якому пакаленьню нашаму ў назначаны час, год у год, прывозіць іх да дома Бога нашага, каб яны гарэлі на ахвярніку Госпада Бога нашага паводле напісанага ў законе.
 
І кінулі на жэрабя памеж сьвятароў, Левітаў а люду праз абраканьне дроў, даставу да дому Бога нашага ў прызначаным часе, год у год, па дамох айцоў нашых, паліць на аброчніку СПАДАРА, Бога нашага, як напісана ў Законе,

І абавязаліся мы кожны год прыносіць у дом Гасподні пачаткі зь зямлі нашай і пачаткі ўсякіх пладоў з усяго дрэва;
 
І каб прыносіць пачаткі зямлі нашае і пачаткі ўсялякіх пладоў усялякага дзерва, з году ў год, да дому СПАДАРОВАГА,

таксама прыводзіць у дом Бога нашага да сьвятароў, якія служаць у доме Бога нашага, першынцаў з сыноў нашых і з быдла нашага, як напісана ў законе, і першароднае ад буйнога і дробнага быдла нашага.
 
І першакоў із сыноў нашых і із статку нашага, як напісана ў Законе, і першакоў з буйнога й драбнога статку нашага прыводзіць да дому Бога нашага, да сьвятароў, што служаць у доме Бога нашага.

І пачаткі з молатага хлеба нашага і прынашэньняў нашых, і пладоў з усякага дрэва, віна і алею мы будзем дастаўляць сьвятарам у кладоўкі пры доме Бога нашага і дзесяціну зь зямлі нашай лявітам. Яны, лявіты, будуць браць дзесяціну ва ўсіх гарадах, дзе ў нас земляробства.
 
І прыносіць пачаткі цеста нашага, і аброкаў нашых, і плод усялякіх дзерваў, новага віна а алівы сьвятаром да сьвірнаў дому Бога нашага, і дзесяціны ізь зямлі нашае Левітам, каторыя дзесяціны тыя ж Левіты будуць мець у вусіх местах ралейніцтва нашага.

Пры лявітах, калі яны будуць браць лявіцкую дзесяціну, будзе прысутны сьвятар, сын Аарона, каб лявіты дзесяціну з сваіх дзесяцінаў вазілі ў дом Бога нашага ў пакоі, аддзеленыя ад кладоўкі,
 
І сьвятар, сын Ааронаў, будзе пры Левітах, як Левітаве будуць браць дзесяціны, і Левітаве дадуць дзесяціну зь дзесяцінаў да дому Бога нашага, да сьвірнаў дому скарбу;

бо ў гэтыя пакоі як сыны Ізраілевыя, так і лявіты павінны дастаўляць прынашэньні ў дарунак: хлеб, віно і алей. Так сьвятыя сасуды і службіты-сьвятары і брамнікі і сьпевакі. І мы не пакінем дома Бога нашага.
 
Бо да гэтых сьвірнаў будуць прыносіць сынове Ізраелявы а сынове Левітаў аброкі збожжа, новага віна а алівы; і там судзьдзе сьвятыні, служачыя сьвятары а брамнікі а пяюны. І мы не пакінем дому Бога нашага!