Нээміі 13 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

У той дзень чытана было з кнігі Майсеевай уголас народу і знойдзена напісанае ў ёй: Аманіцянін і Маавіцянін ня можа ўвайсьці ў супольства Божае вавек,
 
Таго дня чыталі ўчуткі люду з кнігі Масеявае і знайшлі напісанае ў ёй, каб ня ўвыйшоў Амонянін а Моаўлянін у грамаду Божую на векі,

бо яны ня сустрэлі сыноў Ізраіля з хлебам і вадою і нанялі супроць Яго Валаама, каб праклясьці яго, але Бог наш абярнуў праклён у дабраславеньне.
 
Бо яны не перанялі сыноў Ізраелявых з хлебам а вадою, і нанялі супроці яго Валаама, каб пракляў яго; але Бог наш абярнуў праклён у дабраславенства.

Пачуўшы гэты закон, яны аддзялілі ўсё іншапляменнае ад Ізраіля.
 
І сталася, як пачулі Права, то яны аддзялілі ад Ізраелю ўсе мешанае.

А найперш сьвятар Эльяшыў, прыстаўлены да пакояў пры доме Бога нашага, блізкі сваяк Товіі,
 
А перад гэтым Еляшыў сьвятар, маючы нагляд над сьвірнам дому Бога нашага, пасваячыўся з Товаю

падрыхтаваў яму вялікі пакой, у які раней клалі хлебнае прынашэньне, ладан і посуд, і дзесяціны хлеба, віна і алею, вызначаныя законам лявітам, сьпевакам і брамнікам, і прынашэньні сьвятарам.
 
І перадаў яму вялікі сьвіран, ідзе ўперад складалі хлебныя аброкі, кадзіла а судзьдзе а дзесяціны збожжа, новае віно а аліву, прызначаньне Левітам а пяюном а брамнікам, і аброкі сьвятаром.

Калі ўсё гэта адбывалася, я ня быў у Ерусаліме, бо ў дваццаць другім годзе Вавілонскага цара Артаксэркса я хадзіў да цара, і празь некалькі дзён зноў выпрасіўся ў цара.
 
Але тады я ня быў у Ерузаліме, бо трыццаць другога году Артарксэркса, караля Бабілёнскага, я прышоў да караля і, за колькі дзён, прасіў у караля адпуску.

Калі я прыйшоў у Ерусалім і даведаўся пра благую справу, якую ўчыніў Эльяшыў, падрыхтаваўшы Товію пакой на дварах дома Божага,
 
І я прышоў да Ерузаліму, і ўцяміў ліха, што зрабіў Еляшыў дзеля Товы, прызначыўшы яму сьвіран у панадворках дому Божага;

тады мне было вельмі непрыемна, і я выкінуў усе хатнія рэчы Товіі прэч з пакоя
 
І было гэта вельма благім імне, і я выкінуў вон ізь сьвірна ўсі хатнія рэчы Товіны.

і сказаў, каб ачысьцілі пакоі, і загадаў зноў унесьці туды посуд дома Божага, хлебнае прынашэньне і ладан.
 
І сказаў, каб ачысьцілі сьвіран, і зьвярнуў туды ізноў судзьдзе дому Божага, хлебныя аброкі а кадзіла.

Яшчэ даведаўся я, што лявіты і сьпевакі, якія рабілі сваю справу, разьбегліся, кожны на сваё поле.
 
І я даведаўся, што дзеляў Левітам не давалі, і разьбегліся кажны да поля свайго — Левітаве а пяюны, што рабілі работу сваю.

І зрабіў за гэта вымову начальнікам і сказаў: навошта пакінуты намі дом Божы? І я сабраў іх і паставіў іх на месца іхняе.
 
Тады пасварыўся я на начэльнікаў і сказаў: «Чаму вы апусьцілі дом Божы?» І я зьбер іх, і прызначыў іх на іхнае месца.

І ўсе Юдэі пачалі прыносіць дзесяціны хлеба, віна і алею ў кладоўкі.
 
Тады прыносілі ўсі Юдэі дзесяціну збожжа а новага віна а алівы да скарбніцаў.

І прыставіў я да кладовак Шэлэмію сьвятара і Садока кніжніка і Фэдаю зь лявітаў, і пры іх Ханана, сына Закхура, сына Мэтаніі, бо яны лічыліся вернымі. І на іх ускладзена раздаваць часткі братам сваім.
 
І прызначыў я скарбнікаў над скарбніцамі: Шэлему сьвятара а Садока пісьменьніка а Бедаю зь Левітаў, і пры іх Ганана, сына Закура Матфанёнка, бо іх мелі за верных. Абавязак іх — разьдзяляць братом сваім.

Спамяні мяне за гэта, Божа мой, і ня згладзь руплівых дзеяў маіх, якія я рабіў дзеля дому Бога майго і дзеля служэньня пры ім!
 
Успомні мяне, о Божа мой, за гэта і ня вытры маіх добрых учынкаў, што я зрабіў дому Божаму й старожам яго.

У тыя дні я ўбачыў у Юдэі, што ў суботу топчуць чавілы, возяць снапы і наўючваюць аслоў віном, вінаградам, смоквамі і ўсялякім грузам, і вязуць у суботні дзень у Ерусалім. І я строга выгаварыў ім таго ж самага дня, калі яны прадавалі страўнае.
 
Гэтага часу я абачыў у Юдэі таўкучых віно ў таўчэльні ў сыботу, і возячых стагі, і накладаючых на аслы; а таксама віно, вінныя ягады а фіґі а ўсялякія цяжары, каторыя прывозілі да Ерузаліму ў сыботні дзень. І перасьцерагаў я іх таго дня пры сьветках, як прадавалі еміну.

І Тыране жылі ў Юдэі і прывозілі рыбу і ўсялякі тавар і прадавалі ў суботу жыхарам Юдэі і ў Ерусаліме.
 
І Тыране жылі таксама там, каторыя прывозілі рыбу і ўсялякі тавар, і прадавалі ў сыботу сыном Юдэі і ў Ерузаліме.

І я зрабіў вымову самым знакамітым зь Юдэяў і сказаў ім: навошта вы робіце такое благоцьце і апаганьваеце дзень суботні?
 
Тады я пасварыўся на паноў Юды і сказаў ім: «Што гэта за ліха, што вы робіце й будзеніце дзень сыботні?

Ці ня так рабілі бацькі вашыя, і за тое Бог наш навёў на нас і на горад гэты ўсё гэтае бедства? А вы пабольшваеце гнеў Ягоны на Ізраіля, апаганьваючы суботу.
 
Ці так не рабілі бацькі вашыя, і прывёў Бог наш на нас а на места гэтае ўсе гэта ліха? А вы павялічаеце пал гневу на Ізраеля, будзенячы сыботу».

Пасьля гэтага, калі зьмяркалася каля брамы Ерусалімскай, перад суботаю, я загадаў замыкаць дзьверы і сказаў, каб не адмыкалі іх да раніцы пасьля суботы. І слуг маіх я ставіў каля брамы, каб ніякая ноша не праходзіла ў дзень суботні.
 
І сталася, што як зьмяркала ля брамаў Ерузалімскіх, перад сыботаю, я расказаў, і запіралі вароты, і я сказаў, каб іх не адпіралі аж да па сыбоце. І дзяцюкоў сваіх я станавіў ля брамаў, каб ня прыносілі цяжараў у дзень сыботні.

І начавалі гандляры і прадаўцы ўсялякага тавару па-за Ерусалімам раз і два.
 
Дык, начавалі купцы а прадаўнікі ўсякага тавару вонках Ерузаліму аднойчы й двойчы.

Але я строга выгаварыў ім і сказаў ім: навошта вы начуеце каля сьцяны? Калі зробіце гэта другім разам, я накладу руку на вас. З таго часу яны ня прыходзілі ў суботу.
 
Але я перасьцярог іх пры сьветках і сказай ім: «Чаму вы начуеце ля сьцяны? Калі вы ізноў гэтак зробіце, руку, выцягну на вас». Адгэнуль яны ня прыходзілі ў сыботу.

І сказаў я лявітам, каб яны ачысьціліся і прыйшлі трымаць варту каля брамы, каб сьвяціць дзень суботні. І за гэта спамяні мяне, Божа мой, і пашкадуй мяне зь вялікай літасьці Тваёй!
 
І казаў я Левітам, каб яны ачысьціліся й прышлі вартаваць каля брамаў, каб сьвяціць дзень сыботні. І за гэта ўспомні мяне, Божа мой, і пажалей мяне зь вялікага міласэрдзя Свайго!

Яшчэ тымі днямі бачыў я Юдэяў, якія пабралі сабе жонак з Азацянак, Аманіцянак і Маавіцянак;
 
Яшчэ тых дзён бачыў я Юдэяў, што жылі із жонкамі з Ашдодзянак, Амонянак а Моаўлянак;

і таму сыны іхнія напалавіну гавораць па-Азоцку, альбо мовай іншых народаў, і ня ўмеюць гаварыць па-Юдэйску.
 
І сынове іхныя на палавіцу гукалі ашдодзкаю моваю, і ня ўмелі гукаць паюдэйску, але подле мовы кажнага люду.

Я зрабіў за гэта вымову і праклінаў іх, і некаторых з мужоў біў, рваў у іх валасы і заклінаў іх Богам, каб яны не аддавалі дачок сваіх за сыноў іхніх, і ня бралі дачок іхніх за сыноў сваіх і за сябе.
 
Я сьперачаўся зь імі, і кляў, і біў некатрых із мужоў, ірваў у іх валасы, і прысягаю Богам іх абавязаваў, каб яны не аддавалі дачок сваіх сыном іхным і ня бралі дачок іхных сыном сваім і сабе.

Ці не празь іх, казаў я, грашыў Саламон, цар Ізраілеў? У многіх народаў ня было такога цара, як ён. Ён быў любімы Богам сваім, і Бог паставіў яго царом над усімі Ізраільцянамі; і аднак жа чужаземныя жонкі ўвялі ў грэх і яго.
 
«Ці ня зь іх прычыны грашыў Салямон, кароль Ізраеляў? У шмат якіх народаў ня было караля, як ён, і Бог яго ўлюбіў, і Бог устанавіў яго каралём над усім Ізраелям; нават яго ўвялі ў грэх жонкі чужаземныя.

І ці можна нам чуць пра вас, што вы робіце ўсё гэта вялікае ліха, грэшыце прад Богам нашым, прымаючы ў сужыцьцё чужаземных жонак?
 
Як можна нам чуць праз вас, што вы робіце ўсе гэта вялікае ліха, ізраджаючы Бога нашага, жывучы з чужаземнымі жанкамі?»

І з сыноў Ёяды, сына вялікага сьвятара Эльяшыва, адзін быў зяцем Санавалата Хараніта. Я прагнаў яго ад сябе.
 
І із сыноў Егояды, сына Еляшыва, вялікага сьвятара, быў зацям Санвалата Гороняніна. Я прагнаў яго ад сябе.

Спамяні ім, Божа мой, што яны зганьбілі сьвятарства і запавет сьвятарскі і лявіцкі!
 
Успомні, о Божа мой, супроці іх, што яны сплюгавілі сьвятарства а Змову сьвятарскую а левіцкую!

Так ачысьціў я іх ад усяго чужаземнага і аднавіў службы сьвятароў і лявітаў, кожнага ў дзеі ягонай,
 
Гэтак я іх ачысьціў ад усёга чужаземнага, і ўстанавіў старожы сьвятароў а Левітаў, кажнага ў занятку сваім.

і дастаўку дроў у прызначаны час і пачаткі. Спамяні мяне, Божа мой, дзеля дабра мне!
 
І даставу дроў у прызначаным часе й пачаткі. Успомні, о Божа мой, на дабро імне!