Нээміі 6 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі дайшло да слыху Санавалата і Товіі і Гешэма Аравіцяніна і астатніх непрыяцеляў нашых, што я пабудаваў сьцяну, і не засталася ў ёй пашкодаў — зрэшты я да таго часу яшчэ ня ставіў дзьвярэй у браме,
 
І сталася, як пачуў Санвалат а Това а Ґешэм Арабін і іншыя непрыяцелі нашы, што я адбудаваў сьцяну, і што не засталося праломаў у ёй, дарма што ў гэным часе я ня быў устанавіўшы вароты ў брамы, —

тады прыслаў Санавалат і Гешэм да мяне сказаць: прыйдзі, і сыдземся ў адным зь сёлаў на раўніне Она. Яны намышлялі зрабіць мне благое.
 
Дык паслаў Санвалат а Ґешэм да мяне, кажучы: «Прыходзь, зыйдземся ў сёлах на раўніне Оно». Але яны задумалі зрабіць імне ліха.

Але я паслаў да іх паслоў сказаць: я заняты вялікай справай, не магу сысьці; справа спынілася б, калі б я пакінуў яе і сышоў да вас.
 
Дык я паслаў да іх пасланцоў, кажучы: «Я раблю вялікую работу, не магу зысьці. Чаму мела б прыпыніцца работа, калі б я пакінуў яе й зышоў да вас?»

Чатыры разы прысылалі яны да мяне з такім самым запрашэньнем, і я адказваў ім тое самае.
 
І прысылалі да мяне гэткім парадкам чатыры разы, і я адказаў ім такім самым парадкам.

Тады прыслаў да мяне Санавалат пяты раз свайго слугу, у якога ў руцэ было расьпячатанае пісьмо.
 
І паслаў да мяне Санвалат такім жа парадкам пяты раз дзяцюка свайго ізь лістам адкрытым у руццэ ягонай,

У ім было напісана: чутка носіцца ў народаў, і Гешэм кажа, быццам ты і Юдэі задумалі адпасьці, дзеля чаго і будуеш ты сьцяну і хочаш быць у іх царом, паводле тых самых чутак;
 
У каторым пісана: «Дзейкаюць памеж народаў, і Ґешэм кажа, што ты а Юдэі думаюць збунтавацца; дзеля таго ты будуеш сьцяну, каб стаць іхным каралём, подле тых словаў;

і прарокаў паставіў ты, каб яны абвяшчалі пра цябе ў Ерусаліме і казалі: цар Юдэйскі! І такія гаворкі дойдуць да цара. Дык вось, прыходзь, і параімся разам.
 
І ты прызначыў прарокаў агалашаць празь сябе ў Ерузаліме, кажучы: "Кароль Юдэі"; дык пачуе кароль словы гэтыя. А цяпер прыйдзі, і парадзімся разам».

Але я паслаў да яго сказаць: нічога такога ня было, пра што ты кажаш; ты выдумаў гэта сваім розумам.
 
Тады я паслаў да яго, кажучы: «Нічагусенькі такога ня было, як ты кажаш, але ты выдумаў гэта ў сваім собскім сэрцу».

Бо ўсе яны палохалі нас, думаючы: апусьцяцца рукі іхнія ад справы гэтай, і яна не адбудзецца; але я тым болей умацаваў рукі мае.
 
Бо ўсі яны страшылі нас, кажучы: «Скволеюць рукі іхныя ад работы, і яна ня скончыцца». Але Ты, о Божа, пасілі рукі мае!

Прыйшоў я ў дом Шэмаі, сына Дэлаі, сына Мэгетавэлавага, і ён замкнуўся і сказаў: пойдзем у дом Божы, усярэдзіну храма і замкнём за сабою дзьверы храма, бо прыйдуць забіць цябе, і прыйдуць забіць цябе ўначы.
 
Прышоў я да дому Шэмаі, сына Дэлаі Мегэтавеленка, а ён заперся й сказаў: «Зьбярэмся ў доме Божым, унутры сьвятыні, і запрэм дзьверы сьвятыні, бо прыйдуць забіць цябе, дыкжэ ночы прыйдуць забіць цябе».

Але я сказаў: ці можа ўцякаць такі чалавек, як я? Ці можа такі чалавек, як я, увайсьці ў храм, каб застацца жывым? Не пайду.
 
І я сказаў: «Ці такі чалавек, як я, можа ўцякаць? І хто, падобны да мяне, можа ўвыйсьці ў сьвятыню, каб застацца жывым? Не пайду».

Я ведаў, што ня Бог паслаў яго, хоць і не па-прарочы казаў мне, але што Товія і Санавалат падкупілі яго.
 
І я пазнаў, вось, ня Бог паслаў яго, дарма што ён папрароцку гукаў імне, але што Това а Санвалат нанялі яго.

Дзеля таго ён быў падкуплены, каб я спалохаўся і зрабіў так і зграшыў, і каб мелі пра мяне благую думку і перасьледавалі мяне за гэта дакорамі.
 
На тое ён быў наняты, каб я спалохаўся, і зрабіў так, і ізграшыў, і яны маглі мець благую ведамку, каб сароміць мяне.

Спамяні, Божа мой, Товію і Санавалата па гэтых справах іхніх, а таксама прарочыцу Наадыю і іншых прарокаў, якія хацелі запалохаць мяне!
 
Успомні, Божа мой, Тову а Санвалата подле гэтых справаў іхных, а таксама прароку Ноаду а іншых прарокаў, каторыя хацелі напалохаць мяне!

Сьцяна была закончана на дваццаць пятым дні месяца Элула, за пяцьдзясят два дні.
 
Сьцяна была скончана дваццаць пятага дня месяца Елула, за пяцьдзясят два дні.

Калі пачулі пра гэта ўсе няпрыяцелі нашыя, і ўбачылі гэта ўсе народы, якія вакол нас, тады яны вельмі ўпалі ў вачах сваіх і спазналі, што гэта дзея зроблена Богам нашым.
 
І сталася, як пачулі ўсі непрыяцелі нашы, і абачылі ўсі народы, каторыя навокал нас, то яны былі паніжаны ў сваім собскім аччу і пазналі, што ад Бога была зроблена гэта работа.

Звыш таго ў тыя дні знакамітыя Юдэі многа пісалі лістоў, якія пасылаліся Товію, а лісты Товіі прыходзілі да іх.
 
Таксама тых дзён мнажылі паны Юдэйскія лісты свае, якія пасылалі Тову, і Товіны прыходзілі ім;

Бо многія ў Юдэі былі ў клятвеным спрымірэнстве зь ім, бо ён быў зяць Шэханіі, сына Арахавага, а сын ягоны Ёханан узяў за сябе дачку Мэшулама, сына Вэрэхіі.
 
Бо шмат хто ў Юдэі прысягнуў яму, бо ён зяць Шэхані Аражонка, а сын ягоны Ёгоганан узяў дачку Мешулама Верэшонка.

Нават пра дабрыню ягоную яны гаварылі пры мне, і мае словы пераносіліся да яго. Товія пасылаў лісты, каб запалохаць мяне.
 
Таксама праз добрыя ўчынкі ягоныя, бывала, дзейкалі перад імною і словы мае перадавалі яму. Това пасылаў лісты, каб напалохаць мяне.