Нээміі 4 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Сталася ж, калі Санабалат пачуў, што мы адбудоўваем мур, ён раззлаваўся і меў вельмі вялікую прыкрасць, і кпіў з юдэяў,
Але сталася, што як пачуў Санвалат, што мы станавілі сьцяну, ён узгарэўся, і вельма загневаўся, і насьміхаўся зь Юдэяў;
і казаў у прысутнасці сваіх братоў і пры вяльможах Самарыі: «Што гэтыя недарэчныя юдэі вырабляюць? Няўжо ім гэта дазваляюць? Няўжо, скончыўшы аднойчы, будуць яны ўскладаць ахвяры? Няўжо гэта калі-небудзь скончыцца? Няўжо змогуць яны ажывіць камяні з руінаў, якія спалены агнём?»
І гукаў пры братох сваіх а пры Самарскіх ваенных людзёх, і сказаў: «Што робяць гэныя небаракі Юдэі? няго ж ім гэта дазволяць? няго ж будуць яны абракаць аброкі? няго ж яны калі-колечы скончаць? няго ж яны ўскрэсяць камяні з кучаў шумецьця, ды яны ж спалены?»
Але і Тобія Аманеец, які стаяў каля яго, сказаў: «Хай будуюць; калі ўскочыць ліса, разваліць іх мур каменны».
А Това Амонянін быў ля яго і сказаў: «Няхай яны становяць, як узыйдзе ліс, разбура іх каменную сьцяну».
Пачуй, Божа наш, як сталіся мы ў пасмяянне! Павярні ганьбу іх на іх галаву, ды аддай іх на пасмяянне ў зямлі няволі!
Пачуй, Божа наш, бо мы пагрэбаваны, і абярні паганьбеньне іхнае на іх собскую галаву, і аддай іх на грэбаваньне ў зямлі паланеньня;
Не ўтойвай несправядлівасць іх, і грэх іх хай не знішчыцца перад абліччам Тваім, бо зняважылі яны Цябе перад тымі, хто будуе!
І ня крый бяспраўяў іхных, і грэх іхны хай ня будзе выцерты перад Табою, бо яны зьнемарасьцілі будуючых!
Такім чынам, мы пабудавалі мур, і складзены быў увесь мур аж да паловы, і народ меў вялікую ахвоту да работы.
І станавілі мы сьцяну, і была сьцяна ўся злучана да палавіцы яе, бо люд быў шчыры да работы.
Сталася ж, калі Санабалат, і Тобія, і арабы, і аманіцяне ды азотцы пачулі, што мур ерузалімскі паспяхова адбудоўваецца і што пашкоджанні пачалі выпраўляцца, то ўзлаваліся дужа;
Але сталася: як пачуў Санвалат а Това а Арабаве а Амоняне а Ашдодзяне, што ўдалася паправа сьценаў Ерузаліму, што праломы пачалі зарабляць, дык яны ўзгарэліся вельмі.
і змовіліся яны ўсе разам пайсці, і ваяваць супраць Ерузаліма, і асароміць яго.
І змовіліся ўсі разам пайсьці вайною на Ерузалім і зрабіць нам замятню.
І малілі мы Бога нашага, і паставілі варту супраць іх і ўдзень, і ўначы.
Мы ж маліліся Богу свайму і станавілі ад іх старожу ўдзень і ночы, дзеля іх.
Але юдэі сказалі: «Не стала моцы ў нясучага, і зямлі вельмі шмат; і мы не зможам адбудаваць мур».
Але Юдэі сказалі: «Скволела сіла ў нашэньнікаў, а шумецьця шмат; няма ў нас змогі станавіць сьцяну».
І ворагі нашы казалі: «Не даведаюцца яны і не ўбачаць, як уварвёмся мы між іх, і знішчым іх, і спынім работу іх».
І казалі ґвалтоўнікі нашы: «Не даведаюцца й не абачаць, як мы ўвыйдзем у сярэдзіну іх, і пераб’ем іх, і запынім работу».
Сталася ж, калі прыходзілі юдэі, якія пражывалі ў суседстве з імі, і гаварылі нам аб гэтым дзесяць разоў з розных мясцовасцей, з якіх яны прыйшлі да нас,
І было як прышлі Юдэі, што жылі ля іх, і казалі нам разоў дзесяць зусюль: «Яны прыдуць на нас».
тады за мурам у нізінах, на адкрытай мясцовасці, сталі мы, і паставіў я людзей паводле родаў з мечамі іх, і дзідамі іх, і лукамі іх.
І ў нізінных месцах ля места, за сьцяною, на месцах сухіх пастанавіў я люд па радзімах іхных зь мячамі іхнымі, зь дзідамі іхнымі а з лукамі іхнымі.
І ўбачыў я, і падняўся, і сказаў магнатам, і кіраўнікам, і іншаму народу: «Не бойцеся перад абліччам іх: памятайце пра Госпада, магутнага і страшнага, ды ваюйце за братоў вашых, за сыноў вашых і дачок вашых, і за жонак вашых, і за дамы вашы».
І агледзеў я, і стаў, і сказаў паном а дзяржаўцам а засталаму люду: «Ня бойцеся іх; помніце СПАДАРА вялікага а страшнага, і біцеся за братоў сваіх, за сыноў сваіх а за дачкі свае, за жонкі свае а за дамы свае».
Сталася ж, калі нашы ворагі пачулі, што нам вядомы намер іх, тады Бог перашкодзіў задуме іх, і мы ўсе вярнуліся да мура, кожны да свайго занятку.
І сталася, як пачулі непрыяцелі нашы, што гэта нам ведама, то Бог зьнішчыў ізраду іхную, і мы зьвярнуліся ўсі да сьцяны, кажны да работы свае.
І сталася з гэтага дня, што палова юнакоў маіх займалася работай, і палова трымала дзіды, і шчыты, і лукі, і кальчугі; і кіраўнікі знаходзіліся ззаду ўсяго дома Юды.
І было адгэнуль: палавіца маіх дзяцюкоў рабіла, а другая палавіца іх дзяржала дзіды, шчыты а лукі а панцыры; а князі за ўсім домам Юдзіным.
Тыя, хто будаваў мур, і насіў цяжары, і накладваў іх, адной рукой працавалі, і другой трымалі меч;
Тыя, што будавалі на сьцяне, і тыя, што насілі цяжары, і што накладалі, кажны аднэю рукою рабіў, а ў другой руццэ дзяржаў зброю.
бо кожны з будаўнікоў таксама быў падпяразаны мечам і так яны працавалі; і каля мяне стаяў трубач.
І кажны будаўнік быў паперазаўшыся мячом па сьцёгнах сваіх, і будаваў. А трубель быў пры імне.
І казаў я князям, кіраўнікам ды іншаму народу: «Праца вялікая і разнастайная, і мы рассеяны на муры, і далёка адзін ад аднаго;
І я сказаў вольнікам а дзяржаўцам а засталаму люду: «Работа вялікая а шырокая, і мы аддзяліліся на сьцяне адзін ад аднаго;
у якім-колечы месцы пачуеце гук трубы — туды збягайцеся да нас. Бог наш будзе змагацца за нас».
У якім месцу вы пачуеце гук трубы, туды зьбірайцеся да нас, Бог наш будзе ваяваць за нас».
І так працавалі мы; і палова з нас трымала дзіду ад світання аж да з’яўлення зорак.
Гэтак мы рабілі работу; і палавіца зь іх дзяржала дзіды ад сьвітаньня аж да паказаньня зораў.
Таксама ў гэты час я загадаў народу: «Хай кожны з паслугачом сваім начуе ў Ерузаліме, і будзе ў нас варта ноччу, і днём — праца».
Таксама ў тым часе сказаў я люду, каб кажны зь дзяцюком сваім начавалі ў Ерузаліме, — і былі яны ў нас ночы вартаю, а ўдзень на рабоце.
А я, і браты мае, і паслугачы мае, і вартаўнікі, якія былі са мною, не здымалі адзення свайго; кожны трымаў у сваёй правай руцэ меч.
Дык ані я, ані браты мае, ані слугі мае, ані людзі варты, што прапушчалі мяне, ніхто з нас ня ськідаў адзецьцяў сваіх. Ніхто яго ня ськіне, адно ля вады.