Нээміі 11 разьдзел

Кніга Нээміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўнікі ж народа жылі ў Ерузаліме; а астатні народ кідаў жэрабя, каб адна дзесятая частка з іх ішла жыць у святы горад Ерузалім, а дзевяць дзесятых — у іншыя гарады.
 
І жылі князі люду ў Ерузаліме, а засталыя зь люду кінулі на жэрабя, каб адзін ізь дзесяцёх жыў у Ерузаліме, месьце сьвятым, а дзевяць часьцяў у іншых местах.

А народ дабраславіў усіх людзей, якія добраахвотна вырашылі жыць у Ерузаліме.
 
І дабраславіў люд усіх, каторыя самахоць згадзіліся жыць у Ерузаліме.

Такім чынам, гэта кіраўнікі краю, якія жылі ў Ерузаліме і ў гарадах Юдэі. Кожны жыў на зямлі сваёй, у гарадах сваіх: ізраэльцы, святары, левіты, нявольнікі і сыны нявольнікаў Саламона.
 
Гэта галавы краю, каторыя жылі ў Ерузаліме, — а ў местах Юдэі жыў кажны ў дзяржаве сваёй, па местах сваіх, Ізраяляне, сьвятарове а Левітаве, а нефінеі а сынове слугаў Салямонавых; —

У Ерузаліме жылі сыны Юды і сыны Бэньяміна. Спаміж сыноў Юды: Атая, сын Озіі, сына Захарыі, сына Амарыі, сына Сафаціі, сына Малаліэля з сыноў Пэрэса;
 
Дык у Ерузаліме жылі із сыноў Юдзіных а із сыноў Веняміновых. Із сыноў Юдзіных: Афая, сын Узін, сына Захарынага, сына Амарынага, сына Шэфацінага Магалалеленка, із сыноў Перэцавых,

і Маасія, сын Баруха, сына Хальгозы, сына Хазіі, сына Адаі, сына Ёярыба, сына Захарыі, з сыноў сіланітаў.
 
І Маасэя, сын Борухаў, сына Колгозавага, сына Газаінага, сына Адаінага, сына Ёярывавага, сына Захарынага Шылонёнка.

Усіх сыноў Пэрэса, пражываючых у Ерузаліме, было чатырыста шэсцьдзесят восем чалавек, здатных да бою.
 
Усіх сыноў Перэцавых, што жылі ў Ерузаліме, чатырыста шасьцьдзясят асьмёх мужоў дужых.

А вось сыны Бэньяміна: Салу, сын Масалы, сына Ёэда, сына Падаі, сына Калаі, сына Маасіі, сына Этгээля, сына Есаі;
 
А гэта сынове Веняміновы: сын Мешуламаў, сына Ёедавага, сына Педаінага, сына Колаінага, сына Маасэінага, сына Іфелявага Ісаёнка,

і таксама братоў гэтых мужоў, усіх разам — дзевяцьсот дваццаць восем.
 
І за ім Ґабай, Салай, — дзевяцьсот дваццаць асьмёх.

І Ёэль, сын Зэхры, быў кіраўніком, і Юда, сын Асаны, быў другім над горадам.
 
І Ёель Зыхранок, нагляднік над імі, а Юда Гасянуёнак, другі над местам.

І паміж святароў: Ядая, сын Ёярыба,
 
Ізь сьвятароў: Едая Ёярывенак, Яхін,

сына Сараі, сына Хэлькіі, сына Масалы, сына Садока, сына Мэраёта, сына Ахітуба, кіраўнік у доме Божым;
 
Сэрая, сын Гілчын, сына Мешуламовага, сына Садокавага, сына Мераёфавага Агітувёнка, начэльніка ў доме Божым,

ды браты іх, што выконваюць работы ў святыні — восемсот дваццаць два чалавекі. І Адая, сын Ерахама, сына Пэлеліі, сына Амсі, сына Захарыі, сына Пасура, сына Мэльхіі;
 
І браты іхныя, што рабілі работу ў доме — асьмісот дваццаць двух; і Адая сын Ерогамаў, сына Пелалінага, сына Амцавага, сыва Захарынага, сына Пашгуровага Малхіёнка,

і браты яго, галовы сем’яў, — дзвесце сорак дзве асобы. І Амасай, сын Азарыэля, сына Ахазі, сына Масаламота, сына Эмэра;
 
І браты ягоныя, начэльнікі айцоў — дзьвесьце сорак двух; і Амашсай, сын Азарэляў, сына Агзаёвага, сына Мешылемофавага Імеронка,

і браты іх, здатныя да бою, — сто дваццаць восем; і кіраўнік над імі — Забдзіэль, муж высакародны.
 
І браты ягоныя, дужасілы — сто дваццаць асьмёх. І нагляднік над імі Заўдзель, сын вялікіх.

І з левітаў: Сямэй, сын Гасуба, сына Эзрыкі, сына Гасабіі, сына Буні,
 
А зь Левітаў: Шэмая, сын Гашуваў, сына Азрыкамовага, сына Гашавінага Вунянка,

і Сабэтай, і Ёзабад, якія былі даглядчыкамі над усімі работамі, якія вяліся звонку ў доме Божым, — з кіраўнікоў левітаў;
 
І Шаўбефай а Ёзавад, і з начэльнікаў Левітаў былі над навоннымі справамі дому Божага;

і Матанія, сын Міхі, сына Зэбэдэя, сына Асафа, кіраўнік хору, пачынаў малітву; і Бэкбэцыя, другі паміж сваіх братоў, і Абда, сын Самуа, сына Галала, сына Ідытуна.
 
І Матфаня, сын Мішын, сына Заўдавага Асафёнка, галоўны пачынаньнік хвалы пры малітве, і Бакбука, другі сярод братоў ягоных, і Аўда, сын Шамуя, сына Ґалалавага Ідуфунёнка.

Усе левіты ў святым горадзе налічвалі дзвесце восемдзесят чатыры чалавекі.
 
Усіх Левітаў у сьвятым месьце дзьвесьце асьмідзясят чатырох.

І прыдзверныя: Акуб, Тэльмон ды браты іх, якія пільнавалі брамы — сто семдзесят два чалавекі.
 
І брамнікі: Аккуў, а Талмон а браты іхныя, што вартавалі ў брамах — сто семдзясят двух.

І іншыя ізраэльцы, святары і левіты, жылі ва ўсіх гарадах Юдэі, кожны ў сваім уладанні.
 
Астача Ізраелю, сьвятарове, Левітаве жылі па ўсіх местах Юдэі, кажны на сваім спадку.

І нявольнікі жылі ў Афэлі; і Сіга і Гаспа былі над нявольнікамі.
 
А нефінеі жылі ў Офелю; Цыга а Ґішфа над нефінеямі.

І кіраўніком над левітамі ў Ерузаліме быў Озі, сын Бані, сына Гасабіі, сына Матаніі, сына Міхі, з сыноў Асафа, якія былі спевакамі ў час службы ў доме Божым.
 
Таксама нагляднікам над Левітамі ў Ерузаліме быў Уз, сын Ванаў, сына Гашавінага, сына Матфанінага Мішанка, із сыноў Асафовых, пяюны пры службе дому Божага;

Было бо адносна іх царскае распараджэнне, хто ў які дзень мае спяваць.
 
Бо было расказаньне каралеўскае ўзглядам іх, каб ведамая часьць еміны была прызначана пяюном, усе ў пару.

А Пэтагія, сын Мэсазабэля з сыноў Зары, сына Юды, быў царскім паслом ва ўсякай справе [адносна] народа.
 
І Петага, сын Мешэзавэляў, із сыноў Зэры Юдзянка, быў паўнамачніком каралеўскім у вусіх справах, што датыкаліся люду.

Што да жыўшых у вёсках, ва ўсіх мясцовасцях іх, дык некаторыя сыны Юды жылі ў Карыят-Арбе і ў яго ваколіцах, і ў Дыбоне і ў яго вёсках, і ў Кабсээлі ды ў яго вёсках,
 
А што да сёлаў ізь іх палямі, то сынове Юдзіны жылі ў Кіраф-Арбе а местачках яе, і ў Дывоне а ў местачках яго, і ў Екаўцэелю а сёлах яго,

і ў Ешуа, і ў Маладзе, і ў Бэтпэлеце,
 
І ў Ешуі, і ў Моладзе, і ў Беф-Палеце,

і ў Асарсуалі, і ў Бээр-Сэбе, і ў яго вёсках,
 
І ў Гацар-Шуале, і ў Веер-Шэве а местачках яе,

і ў Сікэлазе, і ў Махоне, і ў яго вёсках,
 
І ў Цыклазе, Мехоне а ў местачках яе,

і ў Рэмоне, і ў Цоры, і ў Ярымоце,
 
І ў Ен-Рымоне, і ў Цоры, і ў Ярмуфе,

у Заноэ, у Адаламе і іх вёсках, у Лахісе і ў яго ваколіцах, у Азэцы і яго мястэчках. І абжыліся яны ад Бээр-Сэбы аж да лагчыны Гэном.
 
У Заноазе, Одуламе а сёлах іх, у Лахішу а палёх яго, ув Азэццы а местачках яе. І яны разьлягліся ад Веер-Шэвы аж да даліны Гінномавае.

Сыны ж Бэньяміна жылі ў Габе, Міхмасе, і Гаі, і Бэтэлі і ў яго вёсках,
 
Сынове Веняміновы, ад Ґевы ў Міхмашу, Аіі а Бэт-Элю і местачках іх,

у Анатоце, Нобе, Ананіі,
 
Анафоф, Ноў, Ананя,

у Асоры, Раме, Гет-Таіме,
 
Гацор, Рама, Ґіффаім,

Хадыдзе, Сэбаіме і Нэбалаце,
 
Гадыд, Цэвоім, Невалат,

Лодзе і Оне, і на раўніне Харашым.
 
Лод а Оно ў даліне Харашыме.

І левіты мелі паселішчы свае ў ваколіцах Юды і Бэньяміна.
 
І зь Левітаў жылі ў дзелях Юдзіных а Веняміновых.