Эздры 10 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Калі Эздра маліўся і спавядаўся, плачучы і падаючы перад домам Божым, сышоўся да яго вялікі збор Ізраільцян, мужчын і жанчын і дзяцей, бо і народ моцна плакаў.
 
Як Езра маліўся й як ён спавядаўся, плачучы а прыпадаючы перад домам Божым, зьберлася да яго з усёга Ізраеля вялізарная грамада мужчын а жанок а дзяцей, бо люд плачма плакаў.

І адказваў Шэханія, сын Ехііла з сыноў Эламавых, і сказаў Эздру: мы зрабілі злачынства перад Богам нашым, што ўзялі жонак іншапляменных з народаў зямлі, але ёсьць яшчэ надзея Ізраілю ў гэтай справе;
 
І адказаў Шэханя Егіеленак із сыноў Еламовых, і сказаў Езру: «Мы ізрадзілі Бога свайго, што пабралі чужыя жанкі зь люду зямлі, але што да гэтага ё яшчэ надзея ў Ізраеля;

складзём цяпер запавет з Богам нашым, што, па парадзе гаспадара майго і тых, якія схіляюцца перад запаведзямі Бога нашага, мы адпусьцім усіх жонак і народжаных імі, — і хай будзе па законе!
 
Дзеля гэтага ўчыніма цяпер змову з Богам нашым, адпусьціць усі жонкі і народжаных ізь іх, подле рады спадара майго і дрыжачых перад расказаньням Бога нашага, — і хай будзе подле Права!

Устань, бо гэта твая справа, і мы з табою: узбадзёрся і дзей!
 
Устань, бо гэта твая справа, і мы з табою: мацуйся а дзей!»

І ўстаў Эздра, і загадаў начальнікам над сьвятарамі, лявітамі і ўсім Ізраілем даць прысягу, што яны зробяць так. І яны прысягнулі.
 
І ўстаў Езра, і абавязаў прысягаю князёў, сьвятароў а Левітаў а ўсяго Ізраеля, рабіць подле гэтага слова; і яны прысягнулі.

І ўстаў Эздра і пайшоў ад дома Божага ў жытло Ёханана, сына Эліяшывы, і прыйшоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо плакаў па злачынстве перасяленцаў.
 
І ўстаў Езра ад дому Божага, і пайшоў да гасподы Ёгоганана Еляшывенка, і прышоў туды. Хлеба ён ня еў і вады ня піў, бо ён быў у жалобе з прычыны ізрады пераселеных.

І абвясьцілі ў Юдэі і ў Ерусаліме ўсім былым палонным, каб яны зьбіраліся ў Ерусаліме,
 
І абясьцілі ў Юдэі а ў Ерузаліме ўсім палоненікам, каб яны зьберліся да Ерузаліму;

а хто ня прыйдзе праз тры дні, на ўсю маёмасьць таго, па вызначэньні начальнікаў і старэйшын, будзе накладзены заклён, і сам ён будзе адлучаны ад супольства перасяленцаў.
 
А хто ня прыйдзе за тры дні, подле рассудку князёў а старцоў, уся маемасьць ягоная будзе аканавана, і сам ён адлучаны ад грамады пераселеных.

І сабраліся ўсе жыхары Юдэі і зямлі Веньямінавай у Ерусалім за тры дні. Гэта было на дзявятым месяцы, у дванаццаты дзень месяца. І сядзеў увесь народ на пляцы каля дома Божага, дрыжучы як ад гэтай дзеі, так і ад дажджу.
 
Тады ўсі мужчыны Юдэі а Ерузаліму зьберліся за тры дні да Ерузаліму. Гэта дзявятага месяца, дваццатага дня месяца. І ўвесь люд сядзеў на вуліцы дому Божага, дрыжачы з прычыны справы й ад вялікіх дажджоў.

І ўстаў Эздра сьвятар і сказаў ім: вы ўчынілі злачынства, узяўшы сабе жонак іншапляменных, і тым павялічылі віну Ізраіля.
 
І ўстаў Езра сьвятар, і сказаў ім: «Вы ізрадзілі, што жылі із жанкамі-чужаземкамі, каб павялічыць віну Ізраеля.

Дык вось, пакайцеся перад Госпадам Богам бацькоў вашых і выканайце волю Яго, і адлучэце сябе ад народаў зямлі і ад жонак іншапляменных.
 
А цяпер спавядайцеся СПАДАРУ, Богу айцоў сваіх, і паўніце волю Ягоную: аддзяліцеся ад люду зямлі й ад чужых жанок».

І адказваў увесь сход, і сказаў гучным голасам: як ты сказаў, так і зробім.
 
І адказалі ўся грамада, і сказалі вялікім голасам: «Як ты сказаў, так мусім мы зрабіць!

Аднак жа народ шматлікі, і час цяпер дажджлівы, і няма магчымасьці стаяць на вуліцы. Ды і гэта справа не аднаго дня і ня двух, бо мы шмат у гэтай справе паграшылі.
 
Люд, адылі, чысьлены, і пара дажджлівая, і няма сілы стаяць вонках. Дый работа не аднаго дня й ня двух, бо шмат нас, што выступілі ў гэтай справе.

Хай нашы начальнікі заступяць месца ўсяго супольства, і ўсе ў гарадах нашых, якія ўзялі жонак іншапляменных, хай прыходзяць сюды ў назначаны час і зь імі старэйшыны кожнага горада і судзьдзі яго, пакуль не адвернецца ад нас палкі гнеў Бога нашага за гэта.
 
Няхай цяпер князі нашы стаяць за ўсю грамаду, і няхай усі тыя, што жылі із жанкамі-чужаземкамі ў нашых местах, прыйдуць на прызначаныя часы і зь імі старцы кажнага места і судзьдзі яго, пакуль палаючы гнеў Бога нашага не адвернецца ад нас у гэтай справе».

Тады Ёнатан, сын Асаіла, і Яхзэя, сын Тыквы, сталі над гэтай дзеяй, і Мэшулам і Шаўтай лявіт былі за памочнікаў.
 
Адно Ёнафан Асагэленак а Ягзэя Фіквянок сталі над гэтай справаю, а Мешулам а Шавэфай Левіты памагалі ім.

І зрабілі так выхадцы з палону. І вылучаны на гэта Эздра сьвятар, узначальнікі пакаленьняў, ад кожнага пакаленьня іх і ўсе яны названы паіменна. І зрабілі яны пасяджэньне ў першы дзень дзясятага месяца дасьледаваньня гэтай справы;
 
І зрабілі гэтак палоненікі. І былі выдзелены Езра сьвятар ізь некатрымі галавамі айцоў, па дамох айцоў сваіх, усі гэтыя наймя. І селі першага дня дзясятага месяца скумаць справу,

і закончылі дасьледаваньне пра ўсіх, хто ўзяў жонак іншапляменных, да першага дня першага месяца.
 
І скончылі, першага дня першага месяца, з усімі мужчынамі, што ўзялі чужыя жанкі.

І знайшліся з сыноў сьвятарскіх, якія ўзялі жонак іншапляменных, — з сыноў Ісуса, сына Ёсэдэкавага, і братоў ягоных: Маасэя, Эліезэр, Ярыў, і Гэдалія;
 
І знайшліся із сыноў сьвятарскіх, каторыя жылі із жанкамі-чужаземкамі, — із сыноў Ешуі Ёсадачонка а братоў ягоных: Маасэя, Елезэр, Ярыў а Ґедаля;

і яны далі заруку, што адпусьцяць жонак сваіх, і што яны павінны прынесьці ў ахвяру барана за сваю віну;
 
І яны далі рукі свае, што адпусьцяць жонкі свае, і, будучы вінныя, абраклі барана із стады за віну сваю;

і з сыноў Імэра: Хананій і Зэвадыя;
 
І із сыноў Імеравых: Ганан а Зэвада;

і з сыноў Харыма: Маасэя, Элія, Шэмая, Ехііл і Узія;
 
І із сыноў Гарымовых: Маасея, Ільля, Шэмая, Егіель а Узя;

і з сыноў Пашхура: Элёэнай, Маасэя, Ісмаіл, Натанаіл, Ёзавад і Эласа;
 
І із сыноў Пашгуровых: Елёенай, Маасэя, Ізмайла, Нефанэль, Ёзавад а Еласа;

і зь лявітаў: Ёзавад, Шымэй і Келая, ён жа Кліта, Патахія, Юда і Эліязэр;
 
І зь Левітаў: Ёзавад, Шымей а Келая, ён жа Келіта, Пефага, Юда а Елезэр;

і са сьпевакоў: Эльяшыў; і з брамнікаў: Шалум, Тэлем і Урый;
 
І зь пяюноў: Еляшыў; і з брамнікаў: Шалум а Тэлем а Ур;

а зь Ізраільцян, — з сыноў Пароша: Рамая, Ізія, Малхія, Міямін, Элеазар, Малхія і Вэная;
 
І з Ізраялян, — із сыноў Парошавых: Рама, Ізя, Малхія, Міямін, Елеазар, Малха а Веная;

і з сыноў Элама: Матанія, Захар, Ехіэль, Аудый, Ірэмот і Элія;
 
І з сыноў Еламавых: Захара а Егіель а Аўд а Ірэмоф а Ільля;

і з сыноў Зату: Льёэнай, Эльяшыў, Матанія, Ірэмот, Завад і Азіса;
 
І із сыноў Заффу: Елёенай, Еляшыў, Матфаня а Ірэмоф а Завад а Азыса;

і з сыноў Бэвая: Ёханан, Хананія, Забвай і Атлай;
 
І із сыноў Беваёвых: Ёгоганан, Гананя, Забвай а Афлай;

і з сыноў Ванія: Мэшулам, Малух, Адая, Яшуў, Уэал і Ерамот;
 
І із сыноў Ваніных: Мешулам, Малух а Адая, Яшуў а Шэал а Ерэмоф;

і з сыноў Пахат-Моава: адна, Хэлал, Вэная, Маасэя, Матанія, Вэсэлііл, Бінуй і Манасія;
 
І із сыноў Пагаф-Моавовых: Адна а Хелал, Веная, Маасэя, Матфаня, Весалэль а Біннуй а Манас;

і з сыноў Харыма: Эліязэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сімяон,
 
І із сыноў Гарымовых: Елезэр, Ішыя, Малхія, Шэмая, Сымон,

Веньямін, Малух, Шэмарыя;
 
Венямін, Малух, Шэмара;

і з сыноў Хашума: Матнай, Матата, Завад, Эліфэлфт, Ерамай, Манасія і Шымэй;
 
І із сыноў Гашумовых: Матфенай, Мафафа, Завад, Еліфелет, Ерэмай, Малас, Шымей;

і з сыноў Ванія: Маадай, Амрам і Уэл,
 
І із сыноў Баневых: Маадай, Амрам а Уель,

Бэная, Бідэя, Келугі,
 
Веная, Бедэя, Келугі,

Ванэя, Мэрамот, Эльяшыў,
 
Ваня, Мерэмоф, Еляшыў,

Матанія, Матнай, Яасай,
 
Матфаня, Матфенай а Яасу.

Ваній, Бінуй, Шымэй;
 
А Бань а Біннуй, Шымей,

Шэлэмія, Натан, Адая,
 
А Шэлема а Нафан а Адая,

Махнатбай, Шашай, Шарай,
 
Махнадэбай, Шашай, Шарай,

Азарыэл, Шэлэміягу, Шэмарыя,
 
Азарэль а Шэлемягу, Шэмара,

Шалум, Амарыя і Язэп;
 
Шалум, Амара, Язэп;

і з сыноў Нэво: Еэл, Мататыя, Завад, Зэвіна, Ядай Ёэль і Бэная
 
Із сыноў Невавых: Еель, Матфіфа, Завад, Зэвіна, Яддай а Ёель, Веная.

Усе гэтыя ўзялі жонак іншапляменных, і некаторыя з гэтых жонак нарадзілі ім дзяцей.
 
Усі гэтыя пабралі жанкі-чужаземкі, а некатрыя зь іх мелі жонкі, з каторых мелі дзеці.