Эздры 9 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Пасьля заканчэньня гэтага, падышлі да мяне начальнікі і сказалі: народ Ізраілеў і сьвятары і лявіты не аддзяліліся ад народаў іншапляменных зь мярзотамі іхнімі, ад Хананэяў, Хэтэяў, Фэрэзэяў, Евусэяў, Аманіцян, Маавіцян, Егіпцян і Амарэяў,
Як гэта скончылася, падышлі да мяне князі, кажучы: «Люд Ізраельскі а сьвятарове а Левітаве не аддзяліліся ад люду земляў, але чыняць подле агідаў Канаанян, Гэцічаў, Перызэяў, Евусэяў, Амонян, Моаўлян, Ягіпцян а Аморэяў;
бо ўзялі дачок іхніх за сябе і за сыноў сваіх і зьмяшалася семя сьвятое з народамі іншапляменнымі, і прытым рука самых знакамітых і галоўных была ў гэтым беззаконьні першаю.
Бо яны пабралі сабе а сыном сваім із дачок іхных, і зьмяшалася насеньне сьвятое зь людзьмі земляў, нават рука князёў а загаднікаў першай была ў гэтай ізрадзе».
Пачуўшы гэта слова, я падраў споднюю і верхнюю вопратку маю і рваў валасы на галаве маёй і на барадзе маёй, і сядзеў засмучаны.
І, як я пачуў гэта, разарваў адзецьці свае а ахілім свой, ірваў валасы з галавы свае а з барады свае, і сядзеў зумеўшыся.
Тады сабраліся да мяне ўсе, якія збаяліся слоў Бога Ізраілевага з прычыны злачынства перасяленцаў, і я сядзеў у смутку да вячаровай ахвяры.
Тады зьберліся да мяне кажны дрыжачы на словы Бога Ізраельскага з прычыны ізрады пераселеных; а я сядзеў зумеўшыся аж да аброку вячэрнага.
А ў час вечаровай ахвяры я ўстаў зь месца бедаваньня майго, і ў разадранай сподняй і верхняй вопратцы ўпаў на калені мае і працягнуў рукі мае да Госпада Бога майго
І на вячэрным аброку я ўстаў зь немарасьці свае, і ў разарваным адзецьцю а ахіліме ўкляк, і выцягнуў рукі свае да СПАДАРА, Бога свайго,
і сказаў: Божа мой! саромеюся і баюся падняць твар мой да Цябе, Божа мой, бо беззаконьні нашыя сталі вышэй галавы, і віна нашая ўзрасла да нябёсаў.
І сказаў: «О, Божа мой! я саромлюся й паганбены, каб узьняць відзеньне свае да Цябе, Божа мой, бо бяспраўі нашы павялічыліся вышэй галавы, і віны нашы вырасьлі аж да нябёс.
Зь дзён бацькоў нашых мы ў вялікай віне да сёньня, і за беззаконьні нашыя аддадзеныя былі мы, цары нашыя, сьвятары нашыя, у рукі цароў іншаземных, пад меч, у палон і на разрабаваньне і на пасаромленьне, як гэта і цяпер.
Ад дзён бацькоў нашых аж дагэтуль мы ў вялікай віне; і за бяспраўі нышыя мы, каралёве нашы, сьвятарове нашы адданы ў руку каралёў земляў пад меч, у палон, і на глабаньне й на сорам, як цяпер.
І вось, празь невялікі час, даравана нам памілаваньне ад Госпада Бога нашага, і Ён пакінуў у нас некалькі ацалелых і даў нам умацавацца на месцы сьвятыні Ягонай, і прасьвятліў вочы нашыя Бог наш, і даў нам ажыць крыху ў рабстве нашым.
І цяпер на часіну сталася нам ласка ад СПАДАРА, Бога нашага, пакінуць нам астачу і даць нам малую макуліну ў сьвятым месцу Сваім, каб асьвяціў вочы нашыя Бог наш і даў нам крыху ажыць у няволі нашай.
Мы — рабы, але і ў рабстве нашым не пакінуў нас Бог наш. І схіліў Ён да нас міласьць цароў Персідскіх, каб яны далі нам ажыць, пабудаваць дом Бога нашага і аднавіць яго з руінаў ягоных, і далі нам аслону ў Юдэі і ў Ерусаліме.
Мы нявольнікі; але і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш. І сьхінуў Ён да нас ласку каралёў Пэрскіх, каб яны далі нам ажыць, узьняць дом Бога нашага, і аднавіць спустошаньні яго, і даць нам агарожу ў Юдэі а ў Ерузаліме.
І цяпер, што скажам мы, Божа наш, пасьля гэтага? Бо мы адступіліся ад запаведзяў Тваіх,
І цяпер, о, Божа наш, што скажам мы просьле гэтага? Бо мы пакінулі расказаньні Твае,
якія наказаў Ты праз рабоў Тваіх прарокаў, кажучы: зямля, у якую ідзяце вы, каб авалодаць ёю, зямля нячыстая, яна апаганена нячыстатою іншапляменных народаў, іх мярзотамі, якімі яны напоўнілі яе ад краю да краю ў паганьбеньнях сваіх.
Каторыя расказаў Ты слугамі Сваімі прарокамі, кажучы: "Зямля, да каторае йдзіце вы, каб апанаваць яе, зямля нячыстая, яна ў нечысьці людаў земляў з агідамі іхнымі, каторымі напоўнілі яе ад канца аж да канца ў плюгаўстве сваім.
Дык вось, дачок вашых не выдавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярэце за сыноў вашых, і ня шукайце міру іхняга і дабра іхняга вавек, каб умацавацца вам і карміцца дабротамі зямлі той і перадаць яе ў спадчыну сынам вашым навечна.
Дык дачок сваіх не выдавайце за сыноў іхных, і дачок іхных не бярыце за сыноў сваіх, ані шукайце супакою іхнага і дабра іхнага на векі, каб умацавацца вам, і жывіцца дабром зямлі, і пакінуць на спадак сыном вашым на векі".
І пасьля ўсяго, што спасьцігла нас за благія ўчынкі нашыя і за вялікую віну нашую — бо Ты, Божа наш, пашкадаваў нас не па меры беззаконьня нашага і даў нам такое збавеньне.
І просьле ўсёга, што прышло на нас за нашы благія ўчынкі і за вялікія віны нашы, — бо ты, Божа наш, пакараў нас меней, чымся нашыя бяспраўі, і даў нам уцеклых, як гэта, —
Няўжо мы зноў будзем парушаць запаведзі Твае і ўступаць у радство з гэтымі агіднымі народамі? Ці не прагневаешся Ты на нас нават да вынішчэньня нас, так што ня будзе ацалелых і ня будзе выратаваньня?
Няго ж мы будзем ізноў узрушаць расказаньні Твае і сваячыцца зь людзьмі гэтых агідаў? Ці не загневаешся Ты на нас нават аж да выгубленьня, так што ня будзе засталага ані ўцеклага?
Госпадзе Божа Ізраілеў! праведны Ты. Бо мы ацалелі да гэтага дня; і вось мы ў беззаконьнях нашых перад абліччам Тваім, хоць пасьля гэтага не належала б нам стаяць перад абліччам Тваім.
СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! Ты справядлівы, бо мы засталіся ўцеклыя, як цяпер; і во мы ў вінах сваіх перад відзеньням Тваім, дарма што не належыла б нам стаяць перад відзеньням Тваім».