Эздры 9 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
А калі скончыліся гэтыя [справы], падыйшлі да мяне князі, кажучы: «Не аддзяліўся народ Ізраіля, і сьвятары, і лявіты ад народаў зямлі гэтай і агідаў іхніх, ад Хананейцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Евусэяў, Аманянаў, Мааўлянаў, Эгіпцянаў і Амарэйцаў,
Як гэта скончылася, падышлі да мяне князі, кажучы: «Люд Ізраельскі а сьвятарове а Левітаве не аддзяліліся ад люду земляў, але чыняць подле агідаў Канаанян, Гэцічаў, Перызэяў, Евусэяў, Амонян, Моаўлян, Ягіпцян а Аморэяў;
бо яны пабралі сабе і сынам сваім дочак іхніх, і зьмяшалася насеньне сьвятое з народамі зямлі гэтай, і рука князёў і кіраўнікоў была першай у здрадзе гэтай ».
Бо яны пабралі сабе а сыном сваім із дачок іхных, і зьмяшалася насеньне сьвятое зь людзьмі земляў, нават рука князёў а загаднікаў першай была ў гэтай ізрадзе».
І калі я пачуў гэтае слова, разадраў адзеньне маё і плашч мой, і рваў валасы з галавы маёй і з барады маёй, і сядзеў збалелы.
І, як я пачуў гэта, разарваў адзецьці свае а ахілім свой, ірваў валасы з галавы свае а з барады свае, і сядзеў зумеўшыся.
І сабраліся да мяне ўсе, якія трымцяць перад словамі Бога Ізраіля, з прычыны здрады тых, што прыйшлі з выгнаньня; а я сядзеў збалелы аж да ахвяры вячэрняй.
Тады зьберліся да мяне кажны дрыжачы на словы Бога Ізраельскага з прычыны ізрады пераселеных; а я сядзеў зумеўшыся аж да аброку вячэрнага.
І [ў часе] ахвяры вячэрняй я ўстаў з немарасьці маёй, і разадраўшы адзеньне маё і плашч мой, схіліўся на калені мае і выцягнуў рукі мае да ГОСПАДА, Бога майго,
І на вячэрным аброку я ўстаў зь немарасьці свае, і ў разарваным адзецьцю а ахіліме ўкляк, і выцягнуў рукі свае да СПАДАРА, Бога свайго,
і сказаў: «Божа мой! Я ў сораме і ганьбе, каб узьняць, Божа мой, аблічча маё да Цябе, бо беззаконьні нашыя памножыліся вышэй галавы, і правіны нашыя вырасьлі аж да неба.
І сказаў: «О, Божа мой! я саромлюся й паганбены, каб узьняць відзеньне свае да Цябе, Божа мой, бо бяспраўі нашы павялічыліся вышэй галавы, і віны нашы вырасьлі аж да нябёс.
Ад дзён бацькоў нашых аж да дня гэтага мы ў вялікай правіне; і за беззаконьні нашыя мы, валадары нашыя, сьвятары нашыя аддадзеныя ў руку валадароў земляў [гэтых] пад меч, у палон, на рабаваньне і на асаромленьне аблічча, як у дзень гэты.
Ад дзён бацькоў нашых аж дагэтуль мы ў вялікай віне; і за бяспраўі нышыя мы, каралёве нашы, сьвятарове нашы адданы ў руку каралёў земляў пад меч, у палон, і на глабаньне й на сорам, як цяпер.
І цяпер на хвіліну сталася нам ласка ад ГОСПАДА, Бога нашага, каб пакінуць нам рэшту і даць нам [паставіць] калок у месцы сьвятасьці Ягонай, каб асьвяціў вочы нашыя Бог наш і даў нам крыху ажыць у няволі нашай.
І цяпер на часіну сталася нам ласка ад СПАДАРА, Бога нашага, пакінуць нам астачу і даць нам малую макуліну ў сьвятым месцу Сваім, каб асьвяціў вочы нашыя Бог наш і даў нам крыху ажыць у няволі нашай.
Бо мы — нявольнікі; але і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш. І Ён прыхіліў да нас міласэрнасць валадароў Пэрсаў, каб яны далі нам ажыць, узьняць Дом Бога нашага, і адбудаваць руіны ягоныя, і даць нам агароджу ў Юдэі і ў Ерусаліме.
Мы нявольнікі; але і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш. І сьхінуў Ён да нас ласку каралёў Пэрскіх, каб яны далі нам ажыць, узьняць дом Бога нашага, і аднавіць спустошаньні яго, і даць нам агарожу ў Юдэі а ў Ерузаліме.
І цяпер, Божа наш, што скажам мы пасьля гэтага? Бо мы пакінулі прыказаньні Твае,
І цяпер, о, Божа наш, што скажам мы просьле гэтага? Бо мы пакінулі расказаньні Твае,
якія Ты загадаў праз слугаў Тваіх прарокаў, кажучы: “Зямля, у якую вы ідзіцё, каб узяць у спадчыну — зямля нячыстая праз нячыстасьць народаў зямлі гэтай, праз брыдоты іхнія, якімі напоўнілі яе ад краю да краю ў нячыстасьці сваёй.
Каторыя расказаў Ты слугамі Сваімі прарокамі, кажучы: "Зямля, да каторае йдзіце вы, каб апанаваць яе, зямля нячыстая, яна ў нечысьці людаў земляў з агідамі іхнымі, каторымі напоўнілі яе ад канца аж да канца ў плюгаўстве сваім.
І цяпер дачок сваіх не аддавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярыце для сыноў сваіх, і не шукайце супакою іхняга і дабра іхняга на вякі, каб умацавацца вам і спажываць дабро зямлі, і пакінуць яе ў спадчыну сынам вашым на вякі”.
Дык дачок сваіх не выдавайце за сыноў іхных, і дачок іхных не бярыце за сыноў сваіх, ані шукайце супакою іхнага і дабра іхнага на векі, каб умацавацца вам, і жывіцца дабром зямлі, і пакінуць на спадак сыном вашым на векі".
І пасьля ўсяго, што прыйшло на нас за ўчынкі ліхія нашыя і за правіны вялікія нашыя, — бо Ты, Божа наш, пакараў нас менш, чым беззаконьні нашыя, і даў нам [захаваць] рэшту, —
І просьле ўсёга, што прышло на нас за нашы благія ўчынкі і за вялікія віны нашы, — бо ты, Божа наш, пакараў нас меней, чымся нашыя бяспраўі, і даў нам уцеклых, як гэта, —
няўжо мы будзем ізноў парушаць прыказаньні Твае і сваячыцца з народамі брыдотаў гэтых? Ці не загневаешся Ты на нас аж да выгубленьня, так што ня будзе ані рэшты, ані ўратаванага?
Няго ж мы будзем ізноў узрушаць расказаньні Твае і сваячыцца зь людзьмі гэтых агідаў? Ці не загневаешся Ты на нас нават аж да выгубленьня, так што ня будзе засталага ані ўцеклага?
ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Ты — праведны, бо мы засталіся як рэшта ў дзень гэты; і вось, мы ў правінах нашых перад абліччам Тваім, хоць не належыць нам стаяць перад абліччам Тваім за ўсё гэта».
СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! Ты справядлівы, бо мы засталіся ўцеклыя, як цяпер; і во мы ў вінах сваіх перад відзеньням Тваім, дарма што не належыла б нам стаяць перад відзеньням Тваім».