Эздры 7 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І пасьля гэтых здарэньняў, у валадараньне Артаксэркса, валадара Пэрсаў, Эзра, сын Сэраі, сына Азарыі, сына Хількіі,
Па гэтых здарэньнях, за дзяржавы Артаксэркса, караля Пэрскага, Езра, сын Сэраі, сына Азарынага, сына Гілччынага,
сына Шальлюма, сына Цадока, сына Ахітува,
Сына Шалумовага, сына Садокавага, сына Агітувавага,
сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта,
Сына Амарынага, сына Азарынага, сына Мараёфавага,
сына Зэрахіі, сына Узі, сына Буккі,
Сына Зэражынага, сына Буккавага,
сына Абішуа, сына Пінхаса, сына Элеазара, сына Аарона, найвышэйшага сьвятара, —
Сына Авішуінага, сына Фінегасавага, сына Елеазаровага, сына Аарона, найвышшага сьвятара, —
гэты Эзра выйшаў з Бабілону. Ён быў кніжнік, знаўца Закону Майсеевага, які даў ГОСПАД, Бог Ізраіля. І даў яму валадар усё паводле ўсякай просьбы ягонай, бо рука ГОСПАДА, Бога ягонага, [была] на ім.
Гэты Езра вышаў з Бабілёну. Ён быў дазнаны пісар у Праве Масеявым, каторае СПАДАР, Бог Ізраеляў, даў. І кароль абдараваў яго ўсім на ягоную просьбу, подле рукі СПАДАРА, Бога ягонага, на ім.
І ўзыйшлі ў Ерусалім некаторыя з сыноў Ізраіля і са сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў і нэтынэяў у сёмы год валадара Артаксэркса.
Узышлі із сыноў Ізраелявых а ізь сьвятароў а Левітаў а пяюноў а брамнікаў а нефінеяў да Ерузаліму сёмага году караля Артаксэркса.
І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц сёмага году валадара;
І прышоў ён да Ерузаліму пятага месяца, сёмага ж году караля;
бо ў першы [дзень] першага месяца пачаў ён узыходзіць з Бабілону, і ў першы [дзень] пятага месяца прыйшоў у Ерусалім, бо добрая рука Бога ягонага [была] над ім.
Бо першага дня першага месяца пачаў ён узыходзіць із Бабілёну, і першага дня пятага месяца прышоў да Ерузаліму, подле добрае рукі Бога ягонага над ім;
Бо Эзра ўмацаваў сэрца сваё, каб дасьледаваць Закон ГОСПАДА, і захоўваць [яго], і вучыць у Ізраілі пастановы і прысуды [ягоныя].
Бо Езра прыгатаваў сэрца свае да тога, каб скумаць Права СПАДАРОВА, і паўніць, і вучыць у Ізраелю ўставаў а судоў.
І вось водпіс лісту, які даў валадар Артаксэркс Эзры сьвятару, кніжніку, кніжніку словаў прыказаньняў ГОСПАДА і пастановаў Ягоных для Ізраіля:
І во адпіс лісту, каторы даў Артаксэркс Езру, сьвятару, пісьменьніку, пісьменьніку слоў расказаньняў СПАДАРОВЫХ і ўставаў Ягоных Ізраелю:
«Артаксэркс, валадар валадароў, — Эзры сьвятару, кніжніку Закону Бога нябеснага і гэтак далей.
«Артаксэркс, кароль каралёў, Езры сьвятару, дасканальнаму пісьменьніку права Бога нябёснага, і гэтак далей.
Ад мяне выдадзены загад, што ўсе з народу Ізраіля, і са сьвятароў і лявітаў у валадарстве маім, якія жадаюць дабраахвотна ісьці ў Ерусалім, няхай ідуць з табою,
Я выдаў загаду, што ўсі зь люду Ізраелявага, а ізь сьвятароў а Левітаў у маім гаспадарстве, каторыя хацелі б самахоць ісьці да Ерузаліму, каб ішлі з табою.
бо цябе пасылае валадар і сем дарадцаў ягоных, каб наведаць Юдэю і Ерусалім паводле Закону Бога твайго, які ў руцэ тваёй,
Як цябе пасылае кароль а сямёх райцаў ягоных, даведацца да Юдэі а Ерузаліму подле права Бога, каторае ў руццэ тваёй,
і завезьці срэбра і золата, якія валадар і дарадцы ягоныя дабраахвотна ахвяравалі Богу Ізраіля, у Якога сяліба ў Ерусаліме,
І завезьці срэбра а золата, каторае кароль а райцы ягоныя самахоць абраклі Богу Ізраеляваму, каторага сяліба ў Ерузаліме,
і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш у-ва ўсёй краіне Бабілонскай, разам з дабраахвотнымі дарамі народу і сьвятароў, якія дабраахвотна даюць на Дом Бога свайго, які ў Ерусаліме.
І ўсе срэбра а золата, каторае ты зможаш знайсьці ў краіне Бабілёнскай, із самахотнымі дарамі люду а сьвятароў, ахвотна даруючых на дом Бога свайго, каторы ў Ерузаліме;
Дзеля гэтага без затрымкі купі за гэтыя грошы валоў, бараноў, ягнятаў і ахвяры хлебныя іхнія, і ахвяры вадкія іхнія, і ахвяруеш іх на ахвярніку ў Доме Бога вашага ў Ерусаліме.
Дык без адвалокі купі за гэтыя грошы валы, бараны, баранчыкі, і хлебныя аброкі да іх, узьліваньні да іх, і прынясі іх на аброчнік дому Бога вашага ў Ерузаліме.
І што падаецца добрым табе і братам тваім зрабіць з рэшты срэбра і золата, рабіце паводле волі Бога вашага.
І што здаецца добрым табе а братом тваім зрабіць із засталага срэбра а золата, рабіце подле волі Бога вашага.
І начыньне, якое дадзена табе для служэньня ў Доме Бога твайго, пастаў перад Богам у Ерусаліме.
І судзьдзе, што дана табе да службаў у доме Бога твайго, пастанаві перад Богам Ерузалімскім.
І іншыя [рэчы], патрэбныя для Дому Бога твайго, што трэба даць табе, возьмеш з дому скарбаў валадара.
І іншае патрэбнае да дому Бога твайго, што ты прызнаеш патрэбным, давай з дому каралеўскіх скарбаў.
І ад мяне, валадара Артаксэркса, выдадзены загад для ўсіх скарбнікаў, якія ў Зарэччы: усё, чаго будзе жадаць ад вас Эзра сьвятар, кніжнік Закону Бога нябеснага, давайце дакладна:
І я, кароль Артаксэркс, даю загаду ўсім вартаўніком скарбаў, скарбнікам, каторыя за ракою: усе, чаго будзе вымагаць ад вас Езра сьвятар, пісьменьнік Права Бога нябёснага, рабіце без адвалокі:
срэбра — да ста талентаў, і пшаніцы — да ста кораў, і віна — да ста батаў, і алею — да ста батаў, а солі — без запісу.
Да сту таланяў срэбра, і да сту мераў пшонкі, і да сту барылак віна, і да сту ж барылак алівы, а солі без азначаньня.
Усё паводле загаду Бога нябеснага павінна быць зроблена рупліва для Дому Бога нябеснага. Бо навошта быў бы гнеў [Ягоны] на валадарства валадара і сыноў ягоных?
Усе, што расказаў Бог нябёсны, мае рабіцца борзда да дому Бога нябёснага; бо чаму быў бы гнеў супропі каралеўства каралёвага а сыноў ягоных?
І паведамляем вам, што на ўсіх сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў, нэтынэяў і служыцеляў пры гэтым Доме Божым нельга накладаць ані даніны, ані падатку, ані мыта.
І наказуем вам, што на нікога ізь сьвятароў а Левітаў, пяюноў, брамнікаў, нефінеяў а службітоў пры гэтым доме Божым не накладаць ані мыта, ані дані, ані падачкаў.
А ты, Эзра, паводле мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, прызнач урадоўцаў і судзьдзяў, якія будуць судзіць увесь народ, які ў Зарэччы, усіх, якія ведаюць Закон Бога твайго; і вучыце тых, якія ня ведаюць.
Ты ж, Езра, подле мудрасьці Бога свайго, каторая ў руццэ ў цябе, прызнач ураднікаў а судзьдзяў, каторыя маюць судзіць увесь люд за ракою, усіх, каторыя знаюць правы Бога твайго; і вучыце тых, што ня знаюць.
І ўсіх, хто ня будзе выконваць Закон Бога твайго і закон валадара дакладна, тых судзіце на сьмерць або на выгнаньне, або на кару маёмасьці, або на вязьніцу».
І хто ня будзе паўніць Права Бога твайго і права каралёвага, таго без адвалокі судзіце на сьмерць або на выгнаньне, або на грашавую кару, або на вязьніцу».
Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца валадара, каб аздобіць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме,
Дабраславёны СПАДАР, Бог бацькоў нашых, што ўлажыў у сэрца каралёва, прыбраць дом СПАДАРОЎ, каторы ў Ерузаліме,
і ахінуў мяне міласэрнасьцю валадара і дарадцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў валадара! І я ўмацаваўся, бо рука ГОСПАДА, Бога майго, [была] нада мною, і я сабраў з Ізраіля мужоў галоўных ісьці са мною.
І сьхінуў на мяне ласку караля а райцаў ягоных а ўсіх магутных князёў каралёвых! І я пасіліўся, бо рука СПАДАРА, Бога майго, над імною, і я зьбер із Ізраеля галоўных мужоў ісці з імною.