Эздры 7 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І пасьля гэтых здарэньняў, у валадараньне Артаксэркса, валадара Пэрсаў, Эзра, сын Сэраі, сына Азарыі, сына Хількіі,
Пасьля гэтых падзей, падчас валадараньня Артаксэркса, цара Персідскага, Эздра, сын Сэраі, сын Азарыі, сын Хэлкіі,
сына Шальлюма, сына Цадока, сына Ахітува,
сын Шалума, сын Садока, сын Ахітува,
сына Амарыі, сына Азарыі, сына Мэраёта,
сын Амарыі, сын Азарыі, сын Мараёта,
сына Зэрахіі, сына Узі, сына Буккі,
сын Захара, сын Узія, сын Букія,
сына Абішуа, сына Пінхаса, сына Элеазара, сына Аарона, найвышэйшага сьвятара, —
сын Авішуя, сын Фінээса, сын Элеазара, сын Аарона першасьвятара,
гэты Эзра выйшаў з Бабілону. Ён быў кніжнік, знаўца Закону Майсеевага, які даў ГОСПАД, Бог Ізраіля. І даў яму валадар усё паводле ўсякай просьбы ягонай, бо рука ГОСПАДА, Бога ягонага, [была] на ім.
гэты Эздра выйшаў з Вавілона. Ён быў кніжнік, які ведаў закон Майсееў, які даў Гасподзь Бог Ізраілеў. І даў яму цар усё паводле жаданьня ягонага, бо рука Госпада Бога ягонага была над ім.
І ўзыйшлі ў Ерусалім некаторыя з сыноў Ізраіля і са сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў і нэтынэяў у сёмы год валадара Артаксэркса.
Зь ім пайшлі ў Ерусалім і некаторыя сыны Ізраілевыя і сьвятары і лявіты, і сьпевакі і брамнікі і нэтынэі на сёмым годзе цара Артаксэркса
І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц сёмага году валадара;
І прыйшоў ён у Ерусалім у пяты месяц, — у сёмы год цара.
бо ў першы [дзень] першага месяца пачаў ён узыходзіць з Бабілону, і ў першы [дзень] пятага месяца прыйшоў у Ерусалім, бо добрая рука Бога ягонага [была] над ім.
Бо ў першы дзень першага месяца быў пачатак выхаду з Вавілона, і ў першы дзень пятнаццатага месяца ён прыйшоў у Ерусалім, бо дабрадзейная рука Бога ягонага была над ім,
Бо Эзра ўмацаваў сэрца сваё, каб дасьледаваць Закон ГОСПАДА, і захоўваць [яго], і вучыць у Ізраілі пастановы і прысуды [ягоныя].
бо Эздра прыхіліў сэрца сваё да таго, каб вывучаць закон Гасподні і выконваць яго, і вучыць у Ізраілі закону і праўдзе.
І вось водпіс лісту, які даў валадар Артаксэркс Эзры сьвятару, кніжніку, кніжніку словаў прыказаньняў ГОСПАДА і пастановаў Ягоных для Ізраіля:
І вось зьмест пісьма, якое даў цар Артаксэркс Эздру сьвятару, кніжніку, які вучыў словам запаведзяў Госпада і законаў Яго ў Ізраілі:
«Артаксэркс, валадар валадароў, — Эзры сьвятару, кніжніку Закону Бога нябеснага і гэтак далей.
Артаксэркс, цар цароў, Эздру сьвятару, выкладчыку закона Бога нябеснага дасканаламу і іншае.
Ад мяне выдадзены загад, што ўсе з народу Ізраіля, і са сьвятароў і лявітаў у валадарстве маім, якія жадаюць дабраахвотна ісьці ў Ерусалім, няхай ідуць з табою,
Мною дадзены загад, каб у царстве маім кожны з народу Ізраілевага і сьвятароў яго і лявітаў, хто жадае ісьці ў Ерусалім, ішоў з табою.
бо цябе пасылае валадар і сем дарадцаў ягоных, каб наведаць Юдэю і Ерусалім паводле Закону Бога твайго, які ў руцэ тваёй,
Як што ты пасылаешся ад цара і сямі радцаў ягоных, каб агледзець Юдэю і Ерусалім па Бога твайго законе, што ў тваёй руцэ,
і завезьці срэбра і золата, якія валадар і дарадцы ягоныя дабраахвотна ахвяравалі Богу Ізраіля, у Якога сяліба ў Ерусаліме,
і каб даставіць срэбра і золата, якое цар і радцы ягоныя ахвяравалі Богу Ізраілеваму, жытло якога ў Ерусаліме,
і ўсё срэбра і золата, якое ты знойдзеш у-ва ўсёй краіне Бабілонскай, разам з дабраахвотнымі дарамі народу і сьвятароў, якія дабраахвотна даюць на Дом Бога свайго, які ў Ерусаліме.
і ўсё срэбра і золата, якое ты зьбярэш ва ўсёй вобласьці Вавілонскай, разам з дабрахотнымі дарамі ад народу і сьвятароў, якія заахвяруюць яны на дом Бога свайго, што ў Ерусаліме;
Дзеля гэтага без затрымкі купі за гэтыя грошы валоў, бараноў, ягнятаў і ахвяры хлебныя іхнія, і ахвяры вадкія іхнія, і ахвяруеш іх на ахвярніку ў Доме Бога вашага ў Ерусаліме.
таму не адкладваючы купі на гэтыя грошы валоў, бараноў, і ягнят, і хлебных прынашэньняў да іх і выліваньняў для іх, і прынясі іх на ахвярнік дома Бога вашага ў Ерусаліме.
І што падаецца добрым табе і братам тваім зрабіць з рэшты срэбра і золата, рабіце паводле волі Бога вашага.
І што ты і браты твае за добрае мецьмеце зрабіць з астатняга срэбра і золата, тое па волі Бога вашага і рабеце.
І начыньне, якое дадзена табе для служэньня ў Доме Бога твайго, пастаў перад Богам у Ерусаліме.
І посуд, які дадзены табе дзеля службы ў доме Бога твайго, пастаў перад Богам Ерусалімскім.
І іншыя [рэчы], патрэбныя для Дому Бога твайго, што трэба даць табе, возьмеш з дому скарбаў валадара.
І іншае патрэбнае для дома Бога твайго, што ты прызнаеш патрэбным, давай з дома царскіх скарбаў.
І ад мяне, валадара Артаксэркса, выдадзены загад для ўсіх скарбнікаў, якія ў Зарэччы: усё, чаго будзе жадаць ад вас Эзра сьвятар, кніжнік Закону Бога нябеснага, давайце дакладна:
І ад мяне цара Артаксэркса робіцца загад усім скарбоўцам, якія за ракою: усё, чаго запатрабуе ад вас Эздра сьвятар, настаўнік закона Бога нябеснага, не адкладваючы давайце:
срэбра — да ста талентаў, і пшаніцы — да ста кораў, і віна — да ста батаў, і алею — да ста батаў, а солі — без запісу.
срэбра да ста талантаў, і пшаніцы да ста кораў, і віна да ста батаў, і да ста ж батаў алею, а солі не абмяжоўваючы.
Усё паводле загаду Бога нябеснага павінна быць зроблена рупліва для Дому Бога нябеснага. Бо навошта быў бы гнеў [Ягоны] на валадарства валадара і сыноў ягоных?
Усё, што загадана Богам нябесным, павінна рабіцца рупліва для дома Бога нябеснага, каб ня было гневу Яго на царства, цара і сыноў ягоных.
І паведамляем вам, што на ўсіх сьвятароў, лявітаў, сьпевакоў, прыдзьвернікаў, нэтынэяў і служыцеляў пры гэтым Доме Божым нельга накладаць ані даніны, ані падатку, ані мыта.
І даём вам знак, каб ні на кога зь сьвятароў альбо лявітаў, сьпевакоў, брамнікаў нэтынэяў і служак пры гэтым доме Божым, не накладваць ні падатку, ні налогу, ні мыты.
А ты, Эзра, паводле мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, прызнач урадоўцаў і судзьдзяў, якія будуць судзіць увесь народ, які ў Зарэччы, усіх, якія ведаюць Закон Бога твайго; і вучыце тых, якія ня ведаюць.
А ты, Эздра, па мудрасьці Бога твайго, якая ў руцэ тваёй, пастаў кіроўцаў і судзьдзяў, каб яны судзілі ўвесь народ за ракою, — усіх знаўцаў законаў Бога твайго, а хто ня ведае, тых вучэце.
І ўсіх, хто ня будзе выконваць Закон Бога твайго і закон валадара дакладна, тых судзіце на сьмерць або на выгнаньне, або на кару маёмасьці, або на вязьніцу».
А хто ня будзе выконваць закона Бога твайго і закона цара, над тым не адкладваючы хай чыняць суд, ці тое на сьмерць, ці тое на выгнаньне альбо на грашовую даніну, альбо на ўвязьненьне ў цямніцу.
Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца валадара, каб аздобіць Дом ГОСПАДА, які ў Ерусаліме,
Дабраславёны Гасподзь Бог бацькоў нашых, Які ўклаў у сэрца цара — упрыгожыць дом Гасподні, які ў Ерусаліме,
і ахінуў мяне міласэрнасьцю валадара і дарадцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў валадара! І я ўмацаваўся, бо рука ГОСПАДА, Бога майго, [была] нада мною, і я сабраў з Ізраіля мужоў галоўных ісьці са мною.
і схіліў на мяне міласьць цара і радцаў ягоных, і ўсіх магутных князёў цара! І я падбадзёрыўся, бо рука Госпада Бога майго была над мною, і сабраў я ўзначальнікаў Ізраіля, каб яны пайшлі са мною.