1 А калі скончыліся гэтыя [справы], падыйшлі да мяне князі, кажучы: «Не аддзяліўся народ Ізраіля, і сьвятары, і лявіты ад народаў зямлі гэтай і агідаў іхніх, ад Хананейцаў, Хетаў, Пэрэзэяў, Евусэяў, Аманянаў, Мааўлянаў, Эгіпцянаў і Амарэйцаў,
2 бо яны пабралі сабе і сынам сваім дочак іхніх, і зьмяшалася насеньне сьвятое з народамі зямлі гэтай, і рука князёў і кіраўнікоў была першай у здрадзе гэтай ».
3 І калі я пачуў гэтае слова, разадраў адзеньне маё і плашч мой, і рваў валасы з галавы маёй і з барады маёй, і сядзеў збалелы.
4 І сабраліся да мяне ўсе, якія трымцяць перад словамі Бога Ізраіля, з прычыны здрады тых, што прыйшлі з выгнаньня; а я сядзеў збалелы аж да ахвяры вячэрняй.
5 І [ў часе] ахвяры вячэрняй я ўстаў з немарасьці маёй, і разадраўшы адзеньне маё і плашч мой, схіліўся на калені мае і выцягнуў рукі мае да ГОСПАДА, Бога майго,
6 і сказаў: «Божа мой! Я ў сораме і ганьбе, каб узьняць, Божа мой, аблічча маё да Цябе, бо беззаконьні нашыя памножыліся вышэй галавы, і правіны нашыя вырасьлі аж да неба.
7 Ад дзён бацькоў нашых аж да дня гэтага мы ў вялікай правіне; і за беззаконьні нашыя мы, валадары нашыя, сьвятары нашыя аддадзеныя ў руку валадароў земляў [гэтых] пад меч, у палон, на рабаваньне і на асаромленьне аблічча, як у дзень гэты.
8 І цяпер на хвіліну сталася нам ласка ад ГОСПАДА, Бога нашага, каб пакінуць нам рэшту і даць нам [паставіць] калок у месцы сьвятасьці Ягонай, каб асьвяціў вочы нашыя Бог наш і даў нам крыху ажыць у няволі нашай.
9 Бо мы — нявольнікі; але і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш. І Ён прыхіліў да нас міласэрнасць валадароў Пэрсаў, каб яны далі нам ажыць, узьняць Дом Бога нашага, і адбудаваць руіны ягоныя, і даць нам агароджу ў Юдэі і ў Ерусаліме.
10 І цяпер, Божа наш, што скажам мы пасьля гэтага? Бо мы пакінулі прыказаньні Твае,
11 якія Ты загадаў праз слугаў Тваіх прарокаў, кажучы: “Зямля, у якую вы ідзіцё, каб узяць у спадчыну — зямля нячыстая праз нячыстасьць народаў зямлі гэтай, праз брыдоты іхнія, якімі напоўнілі яе ад краю да краю ў нячыстасьці сваёй.
12 І цяпер дачок сваіх не аддавайце за сыноў іхніх, і дачок іхніх не бярыце для сыноў сваіх, і не шукайце супакою іхняга і дабра іхняга на вякі, каб умацавацца вам і спажываць дабро зямлі, і пакінуць яе ў спадчыну сынам вашым на вякі”.
13 І пасьля ўсяго, што прыйшло на нас за ўчынкі ліхія нашыя і за правіны вялікія нашыя, — бо Ты, Божа наш, пакараў нас менш, чым беззаконьні нашыя, і даў нам [захаваць] рэшту, —
14 няўжо мы будзем ізноў парушаць прыказаньні Твае і сваячыцца з народамі брыдотаў гэтых? Ці не загневаешся Ты на нас аж да выгубленьня, так што ня будзе ані рэшты, ані ўратаванага?
15 ГОСПАДЗЕ, Божа Ізраіля! Ты — праведны, бо мы засталіся як рэшта ў дзень гэты; і вось, мы ў правінах нашых перад абліччам Тваім, хоць не належыць нам стаяць перад абліччам Тваім за ўсё гэта».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзры, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023