Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эздры 9 Эздры 9 разьдзел

1 А па заканчэнні гэтага падышлі да мяне князі і сказалі: «Народ Ізраэля, святары і левіты, не аддзяліліся ад народаў гэтых земляў і ад агіднасцей іх, гэта значыць ад хананеяў, і хетэяў, і феразеяў, і евусеяў, і аманіцян, і маабцаў, і егіпцян, і амарэяў.
2 Бо ўзялі яны іх дачок сабе і сынам сваім і змяшалі насенне святое з народамі тых земляў; таксама рука кіраўнікоў і старэйшын была першай у гэтым беззаконні».
3 І калі пачуў я гэтую вестку, то раздзёр адзенне сваё і плашч, і вырваў валасы сабе з галавы сваёй і барады, і сядзеў сумны.
4 А сышліся да мяне ўсе, хто баяўся слоў Бога Ізраэля дзеля злачынстваў тых, хто прыйшоў з няволі; і сядзеў я сумны аж да вячэрняй ахвяры.
5 І ў час вячэрняй ахвяры ўстаў я з месца смутку свайго ў раздзёртых шатах і плашчы, упаў на калені свае і выцягнуў рукі свае да Госпада, Бога майго.
6 І я маліўся: «Божа мой, саромлюся і не адважваюся падняць твар мой да Цябе, бо правіннасці нашы падняліся вышэй за галовы нашы і злачынствы нашы ўзраслі аж да неба
7 ад часоў бацькоў нашых. Грашылі мы цяжка аж да гэтага дня, і дзеля праступкаў нашых мы самі, і цары нашы, і святары нашы аддадзены ў рукі цароў гэтых земляў, і на меч, і ў няволю, і на рабунак, і на сорам, як і сёння.
8 І цяпер на хвіліну знайшлі мы ласку ў Госпада, Бога нашага, і Ён захаваў нам рэшту, ды так, што ў святым месцы Яго паставіў нам палатку, і прасвяціў Бог наш вочы нашы, і ў няволі нашай крыху нас суцешыў.
9 Бо мы — нявольнікі, і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш, але скіраваў на нас міласэрнасць цароў персаў, каб суцешыць нас і каб пабудаваць дом Бога нашага, і адбудаваць яго руіны, і даў Ён нам прытулак у Юдэі і ў Ерузаліме.
10 І цяпер, Божа наш, што можам мы сказаць пасля гэтага? Занядбалі мы прыказанні Твае,
11 якія Ты загадаў праз паслугачоў Тваіх, прарокаў, гэтымі словамі: “Зямля, у якую вы ўваходзіце, каб авалодаць ёю, ёсць зямля нячыстая дзеля нячыстасці народаў гэтай зямлі і дзеля агіднасці тых, якія напоўнілі яе ад краю да краю распуснасцю сваёй.
12 Дык цяпер не давайце дачок сваіх за жонак сынам іх, і дачок іх не бярыце за жонак сынам вашым; і не шукайце запавету з імі і дабрабыту іх аж навек, каб вы сталі моцнымі і спажывалі тое, што добрае на гэтай зямлі, і пакінулі ў спадчыну сынам вашым навекі”.
13 І па ўсім гэтым, што прыйшло на нас дзеля найгоршых нашых учынкаў і дзеля злачынства нашага вялікага, бо Ты, Божа наш, не асудзіў нас паводле правіннасцей нашых, і даў нам збаўленне, як маем сёння,
14 ці і далей маем парушаць прыказанні Твае і сваячыцца з народамі агіднасцей гэтых? Ці ж Ты не разгневаўся на нас аж да вынішчэння, каб не засталося рэшты і збаўлення?
15 Госпадзе, Божа Ізраэля, дзякуючы літасці Тваёй мы дажылі да гэтага дня! Вось стаім перад Табой у злачынстве нашым; бо не належала нам стаяць перад Табою пасля гэтага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эздры, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017