Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Эздры 10 Эздры 10 разьдзел

1 Такім чынам, калі Эздра, плачучы і кленчучы перад святыняй Божай, маліўся і прасіў, сабралася каля яго вельмі вялікая грамада Ізраэля з мужчын, і жанчын, і дзяцей; і народ плакаў вялікім плачам.
2 І адазваўся Сахэнія, сын Ягіэля з сыноў Элама ды сказаў Эздру: «Мы правініліся перад Богам нашым і ўзялі за жонак чужынак з народаў гэтай зямлі. Але ёсць цяпер надзея ў справе гэтай для Ізраэля:
3 заключым запавет з Госпадам, Богам нашым, што адправім усіх жонак і тых, хто ад іх нарадзіўся, паводле волі Госпада і тых, хто пільнуе прыказанне Госпада, Бога нашага, і хай усё будзе па законе!
4 Устань, гэта твая справа, і мы будзем з табой; набярыся сілы і дзейнічай!»
5 Тады Эздра ўстаў і прывёў да прысягі кіраўнікоў святароў, і левітаў ды ўвесь Ізраэль, каб учынілі паводле слова гэтага, і яны прысягнулі.
6 І ўстаў Эздра перад домам Божым, і накіраваўся ў пакой Ёганана, сына Эліясіба, і там пераначаваў; не еў ён хлеба і не піў вады, бо смуткаваў дзеля правіннасці тых, якія вярнуліся з няволі.
7 І абвешчана было ў Юдэі і Ерузаліме ўсім, хто прыйшоў з няволі, каб сабраліся ў Ерузаліме;
8 і ва ўсякага, хто не прыйдзе ў тры дні па рашэнні кіраўнікоў і старэйшын, уся маёмасць будзе адабрана і ён сам будзе адлучаны ад супольнасці перасяленцаў.
9 І сабраліся ўсе жыхары Юды і Бэньяміна ў Ерузалім у тры дні, дваццатага дня месяца, а быў гэта дзевяты месяц, і сеў увесь народ на плошчы ля дома Божага, дрыжучы дзеля граху і дажджу.
10 І ўстаў Эздра, святар, і сказаў ім: «Вы дапусцілі злачынства і ўзялі за жонак чужынак, павялічыўшы злачынства Ізраэля.
11 Ды цяпер пакайцеся перад Госпадам, Богам бацькоў вашых, і споўніце волю Яго, і адступіцеся ад народаў гэтай зямлі і ад жонак чужынак».
12 І ўвесь сход адказаў і казаў уголас: «Паводле слова твайго да нас, хай так станецца.
13 Але дзеля таго, што многа народа, і час дажджоў, і не вытрываем мы стаяць на двары, і справа гэтая не аднаго і не двух дзён — бо многа з нас у гэтай справе зграшыла, —
14 хай нашы кіраўнікі застануцца замест усёй супольнасці; і ўсе ў гарадах нашых, што ўзялі чужынак за жонак, хай у вызначаны тэрмін прыйдуць, і з імі старшыны паасобных гарадоў разам з іх суддзямі, пакуль не адвернецца гнеў Бога нашага ад нас дзеля гэтага граху».
15 Толькі Ёнатан, сын Асаэля, і Яасія, сын Тэквы, супрацівіліся гэтаму, і Масала і Сабэтай, левіты, падтрымалі іх.
16 І сыны перасялення зрабілі гэтак. І Эздра, святар, выбраў кіраўнікоў пакаленняў па доме бацькоў іх, а ўсіх — па імёнах іх; і яны селі ў першы дзень дзесятага месяца, каб разабрацца ў гэтай справе.
17 І ў першы дзень першага месяца вырашылі справу ўсіх, якія ўзялі за жонак чужынак.
18 І знайшліся сярод сыноў святароў тыя, якія ўзялі за жонак чужынак: з сыноў Ешуа, сына Ёсэдэка ды яго братоў: Маасія, і Эліязэр, і Ярыб, і Гадалія;
19 і яны далі рукі свае ў доказ, што адправяць жонак сваіх; і за грэх свой ахвяруюць барана.
20 І з сыноў Эмэра: Ханані і Забадзія.
21 І з сыноў Гарыма: Маасія, і Элія, і Сямэя, і Ягіэль, і Озія.
22 І з сыноў Пасура: Эліёэнай, Маасія, Ізмаэль, Натанаэль, Ёзабад і Эласа.
23 І спаміж сыноў левітаў: Ёзабад, і Сямэй, і Келая, або Келіта, Пэтагія, Юда і Эліязэр.
24 А са спевакоў: Эліясіб. І з прыдзверных: Сэлум, і Тэлем, і Ур.
25 І з Ізраэля з сыноў Пароса: Рэмія, і Езія, і Мэльхія, і Міямін, і Элеязэр, і Мэльхія, і Баная.
26 І з сыноў Элама: Матанія, Захарыя, і Ягіэль, і Абдзі, і Ярмут, і Элія.
27 І з сыноў Зэтуа: Эліёэнай, Эліясіб, Матанія, і Ярмут, і Забад, і Азіза.
28 І з сыноў Бэбая: Ёганан, Хананія, Забай, Аталай.
29 І з сыноў Бэгвая: Масала, і Мэлух, і Адая, і Ясуб, і Саэль, і Рамот.
30 І з сыноў Пагатмааба: Эдна і Халаль, Баная і Маасія, Матанія, Бесэлеэль, Бэнуй і Манаса.
31 І з сыноў Гарыма: Эліязэр, Ясія, Мэльхія, Сямэя, Сімяон,
32 Бэньямін, Мэлух, Самарыя.
33 І з сыноў Гасума: Матанай, Матата, Забад, Эліпалет, Ермі, Манаса, Сямэй.
34 З сыноў Бані: Маадзі, Амрам і Ёэль,
35 Баная, Бадая, Хэліяў,
36 Ванія, Мэрамот і Эліясіб,
37 Матанія, Матанай і Ясі.
38 З сыноў Бэнуі: Сямэй,
39 Сэлемія, і Натан, і Адая,
40 І Махнэдэбай, і Сісай, Сарай,
41 Азарыэль, і Сэлемія, Самарыя,
42 Сэлум, Амарыя, Язэп.
43 З сыноў Нэбы: Егіэль, Матація, Забад, Забіна, Еду, і Ёэль, і Баная.
44 Усе яны ўзялі за жонак чужынак, і адправілі яны жонак і сыноў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эздры, 10 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017