Эздры 9 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

А па заканчэнні гэтага падышлі да мяне князі і сказалі: «Народ Ізраэля, святары і левіты, не аддзяліліся ад народаў гэтых земляў і ад агіднасцей іх, гэта значыць ад хананеяў, і хетэяў, і феразеяў, і евусеяў, і аманіцян, і маабцаў, і егіпцян, і амарэяў.
 
Як гэта скончылася, падышлі да мяне князі, кажучы: «Люд Ізраельскі а сьвятарове а Левітаве не аддзяліліся ад люду земляў, але чыняць подле агідаў Канаанян, Гэцічаў, Перызэяў, Евусэяў, Амонян, Моаўлян, Ягіпцян а Аморэяў;

Бо ўзялі яны іх дачок сабе і сынам сваім і змяшалі насенне святое з народамі тых земляў; таксама рука кіраўнікоў і старэйшын была першай у гэтым беззаконні».
 
Бо яны пабралі сабе а сыном сваім із дачок іхных, і зьмяшалася насеньне сьвятое зь людзьмі земляў, нават рука князёў а загаднікаў першай была ў гэтай ізрадзе».

І калі пачуў я гэтую вестку, то раздзёр адзенне сваё і плашч, і вырваў валасы сабе з галавы сваёй і барады, і сядзеў сумны.
 
І, як я пачуў гэта, разарваў адзецьці свае а ахілім свой, ірваў валасы з галавы свае а з барады свае, і сядзеў зумеўшыся.

А сышліся да мяне ўсе, хто баяўся слоў Бога Ізраэля дзеля злачынстваў тых, хто прыйшоў з няволі; і сядзеў я сумны аж да вячэрняй ахвяры.
 
Тады зьберліся да мяне кажны дрыжачы на словы Бога Ізраельскага з прычыны ізрады пераселеных; а я сядзеў зумеўшыся аж да аброку вячэрнага.

І ў час вячэрняй ахвяры ўстаў я з месца смутку свайго ў раздзёртых шатах і плашчы, упаў на калені свае і выцягнуў рукі свае да Госпада, Бога майго.
 
І на вячэрным аброку я ўстаў зь немарасьці свае, і ў разарваным адзецьцю а ахіліме ўкляк, і выцягнуў рукі свае да СПАДАРА, Бога свайго,

І я маліўся: «Божа мой, саромлюся і не адважваюся падняць твар мой да Цябе, бо правіннасці нашы падняліся вышэй за галовы нашы і злачынствы нашы ўзраслі аж да неба
 
І сказаў: «О, Божа мой! я саромлюся й паганбены, каб узьняць відзеньне свае да Цябе, Божа мой, бо бяспраўі нашы павялічыліся вышэй галавы, і віны нашы вырасьлі аж да нябёс.

ад часоў бацькоў нашых. Грашылі мы цяжка аж да гэтага дня, і дзеля праступкаў нашых мы самі, і цары нашы, і святары нашы аддадзены ў рукі цароў гэтых земляў, і на меч, і ў няволю, і на рабунак, і на сорам, як і сёння.
 
Ад дзён бацькоў нашых аж дагэтуль мы ў вялікай віне; і за бяспраўі нышыя мы, каралёве нашы, сьвятарове нашы адданы ў руку каралёў земляў пад меч, у палон, і на глабаньне й на сорам, як цяпер.

І цяпер на хвіліну знайшлі мы ласку ў Госпада, Бога нашага, і Ён захаваў нам рэшту, ды так, што ў святым месцы Яго паставіў нам палатку, і прасвяціў Бог наш вочы нашы, і ў няволі нашай крыху нас суцешыў.
 
І цяпер на часіну сталася нам ласка ад СПАДАРА, Бога нашага, пакінуць нам астачу і даць нам малую макуліну ў сьвятым месцу Сваім, каб асьвяціў вочы нашыя Бог наш і даў нам крыху ажыць у няволі нашай.

Бо мы — нявольнікі, і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш, але скіраваў на нас міласэрнасць цароў персаў, каб суцешыць нас і каб пабудаваць дом Бога нашага, і адбудаваць яго руіны, і даў Ён нам прытулак у Юдэі і ў Ерузаліме.
 
Мы нявольнікі; але і ў няволі нашай не пакінуў нас Бог наш. І сьхінуў Ён да нас ласку каралёў Пэрскіх, каб яны далі нам ажыць, узьняць дом Бога нашага, і аднавіць спустошаньні яго, і даць нам агарожу ў Юдэі а ў Ерузаліме.

І цяпер, Божа наш, што можам мы сказаць пасля гэтага? Занядбалі мы прыказанні Твае,
 
І цяпер, о, Божа наш, што скажам мы просьле гэтага? Бо мы пакінулі расказаньні Твае,

якія Ты загадаў праз паслугачоў Тваіх, прарокаў, гэтымі словамі: “Зямля, у якую вы ўваходзіце, каб авалодаць ёю, ёсць зямля нячыстая дзеля нячыстасці народаў гэтай зямлі і дзеля агіднасці тых, якія напоўнілі яе ад краю да краю распуснасцю сваёй.
 
Каторыя расказаў Ты слугамі Сваімі прарокамі, кажучы: "Зямля, да каторае йдзіце вы, каб апанаваць яе, зямля нячыстая, яна ў нечысьці людаў земляў з агідамі іхнымі, каторымі напоўнілі яе ад канца аж да канца ў плюгаўстве сваім.

Дык цяпер не давайце дачок сваіх за жонак сынам іх, і дачок іх не бярыце за жонак сынам вашым; і не шукайце запавету з імі і дабрабыту іх аж навек, каб вы сталі моцнымі і спажывалі тое, што добрае на гэтай зямлі, і пакінулі ў спадчыну сынам вашым навекі”.
 
Дык дачок сваіх не выдавайце за сыноў іхных, і дачок іхных не бярыце за сыноў сваіх, ані шукайце супакою іхнага і дабра іхнага на векі, каб умацавацца вам, і жывіцца дабром зямлі, і пакінуць на спадак сыном вашым на векі".

І па ўсім гэтым, што прыйшло на нас дзеля найгоршых нашых учынкаў і дзеля злачынства нашага вялікага, бо Ты, Божа наш, не асудзіў нас паводле правіннасцей нашых, і даў нам збаўленне, як маем сёння,
 
І просьле ўсёга, што прышло на нас за нашы благія ўчынкі і за вялікія віны нашы, — бо ты, Божа наш, пакараў нас меней, чымся нашыя бяспраўі, і даў нам уцеклых, як гэта, —

ці і далей маем парушаць прыказанні Твае і сваячыцца з народамі агіднасцей гэтых? Ці ж Ты не разгневаўся на нас аж да вынішчэння, каб не засталося рэшты і збаўлення?
 
Няго ж мы будзем ізноў узрушаць расказаньні Твае і сваячыцца зь людзьмі гэтых агідаў? Ці не загневаешся Ты на нас нават аж да выгубленьня, так што ня будзе засталага ані ўцеклага?

Госпадзе, Божа Ізраэля, дзякуючы літасці Тваёй мы дажылі да гэтага дня! Вось стаім перад Табой у злачынстве нашым; бо не належала нам стаяць перад Табою пасля гэтага».
 
СПАДАРУ, Божа Ізраеляў! Ты справядлівы, бо мы засталіся ўцеклыя, як цяпер; і во мы ў вінах сваіх перад відзеньням Тваім, дарма што не належыла б нам стаяць перад відзеньням Тваім».