Эздры 3 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
І ўжо надышоў сёмы месяц, і сыны Ізраэля жылі ў сваіх гарадах. Такім чынам, сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, у Ерузаліме.
Як настаў сёмы месяц, і былі сынове Ізраелявы ў местах, тады зьберся люд, як адзін чалавек, у Ерузаліме.
І ўстаў Ешуа, сын Ёсэдэка, і браты яго святары, і Зарабабэль, сын Салаціэля, і яго браты, і збудавалі ахвярнік Богу Ізраэля, каб складаць на ім цэласпаленні, як напісана ў законе Майсея, чалавека Божага.
І ўстаў Ешуа Ёсадачонак а браты ягоныя, сьвятарове, а Зэрувавэль Шэалфеленак а браты ягоныя; і збудавалі аброчнік Бога Ізраелявага, каб абракаць на ім усепаленьні, як напісана ў Законе Масеявым, чалавека Божага.
А паставілі ахвярнік на яго падножжах, бо адчувалі пагрозу ад суседніх народаў, і на ім складалі цэласпаленні Госпаду зранку і ўвечары.
І пастанавілі аброчнік на подзе яго, бо былі ў страху ад люду гэных краёў, і абракалі на ім усепаленьні СПАДАРУ, усепаленьні ранічныя й вячэрныя.
І адсвяткавалі свята палатак, як напісана, і складалі ахвяры штодзень па парадку, адпаведна пастанове на кожны дзень;
Сьвяткавалі таксама сьвята буданоў, як напісана, і абракалі што дня ўсепаленьні лікам, подле пастанову, як павіннасьць кажнага дня вымагала.
і, акрамя штодзённага цэласпалення, складалі таксама ахвяры ў дні маладзіка і ва ўсе ўрачыстасці, што былі пасвячоны Госпаду, і заўсёды, калі хто даваў добраахвотную ахвяру для Госпада.
І пасьлей абракалі штачаснае ўсепаленьне на маладзіку й на ўсі ўрочыстыя сьвяты СПАДАРОВЫ, і кажнага ахвотна абракаючага самахотны аброк СПАДАРУ.
З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленні Госпаду, але для святыні Божай не быў яшчэ пакладзены падмурак.
Зь першага дня сёмага месяца пачалі абракаць усепаленьні СПАДАРУ. Але палац СПАДАРОЎ ня быў яшчэ закладзены.
А грошы далі каменябойцам і майстрам, таксама ежу, і пітво, і аліўкавы алей сідонцам і тырцам, каб яны даставілі дрэва кедравае з Лібана да Ёпэ з дазволу Кіра, цара персаў.
Яны далі таксама срэбра муляром а цесьлям, і еміну, і напітак, і аліву Сыдонянам а Тыранам, каб прывезьлі кедравыя дзервы зь Лібану да Яфскага мора, з дазволу Кіра, караля Пэрскага.
А на другі год па прыбыцці сваім да святыні Божай у Ерузаліме, у другім месяцы, Зарабабэль, сын Салаціэля, і Ешуа, сын Ёсэдэка, і астатнія браты іх, святары і левіты, і ўсе, што вярнуліся з няволі ў Ерузалім, узяліся за справу і паклікалі левітаў ад дваццаці гадоў і вышэй наглядаць за работай пры будове святыні Госпадавай.
Другога году прыходу іх да дому Божага ў Ерузаліме, другога месяца, пачалі Зэрувавэль Шэалфеленак а Ешуа Ёсадачонак і засталыя з братоў іхных, сьвятарове а Левітаве і ўсі, што вышлі з палону да Ерузаліму, і прызначылі Левітаў ад дваццацёх год і вышэй кіраваць работу дому СПАДАРОВАГА.
І сталі Ешуа, і сыны яго, і браты яго, Кадмігэль, Бэнуй і Адовія, як адзін чалавек, кіраваць тымі, што працавалі пры будове святыні Божай; і таксама сыны Гэнадада, з сынамі сваімі і братамі сваімі — левітамі.
І сталі Ешуа, сынове ягоныя а браты ягоныя, Кадмель а сынове ягоныя, сынове Юдзіны, як адзін, да кіраваньня работнікаў у доме Божым, сынове Гэнададовы, сынове іхныя а браты іхныя, Левітаве.
Такім чынам, калі заклалі падмурак святыні Госпадавай, сталі святары ў шатах сваіх з трубамі і левіты, сыны Асафа, з цымбаламі, каб славіць Бога па загадзе Давіда, цара Ізраэльскага.
І як заклалі будаўнічыя под палацу СПАДАРОВАГА, тады пастанавілі сьвятароў у ўборах іхных із трубамі, а Левітаў, сыноў Асафовых, з цымбаламі, выхваляць СПАДАРА, подле пастанову Давіда, караля Ізраелявага.
І заспявалі гімны і падзякі Госпаду: «Бо добры Ён, бо вечная міласэрнасць Яго для Ізраэля». Таксама ўвесь народ голасна ўсклікаў, славячы Госпада дзеля закладкі падмуркаў святыні Госпадавай.
І пачалі яны, адмяняючыся, пяяць, выхваляючы а дзякуючы СПАДАРУ, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае да Ізраелю. І ўвесь люд гукаў вялікім голасам, як яны выхвалялі СПАДРА за пакладзены под дому СПАДАРОВАГА.
Таксама многія старыя паміж святароў, і левітаў, і кіраўнікоў родаў, якія сваімі вачамі бачылі першую святыню на гэтым месцы, моцна плакалі; і многія галосна ўсклікалі з радасцю.
І шмат хто ізь сьвятароў Левітаў а галоваў айцоў, старых, што бачылі першы дом, як под гэтага дому быў пакладзены перад іхнымі ачыма, плакалі голасам вялікім; і шмат хто гукаў голасна з радасьці.
І не мог ніхто адрозніць крык тых, хто радаваўся, ад ляманту народа, бо народ падняў вялікі крык, і шум яго быў чутны далёка.
І ня мог люд адрозьніць гуканьня з радасьці ад гуку галашэньня люду, бо люд гукаў голасна, і гук быў чуваць далёка.