Эздры 3 разьдзел
Першая кніга Эздры
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І ўжо надышоў сёмы месяц, і сыны Ізраэля жылі ў сваіх гарадах. Такім чынам, сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, у Ерузаліме.
І прыйшоў сёмы месяц, і сыны Ізраіля [былі] ў гарадах, і сабраўся народ, як адзін чалавек, у Ерусаліме.
І ўстаў Ешуа, сын Ёсэдэка, і браты яго святары, і Зарабабэль, сын Салаціэля, і яго браты, і збудавалі ахвярнік Богу Ізраэля, каб складаць на ім цэласпаленні, як напісана ў законе Майсея, чалавека Божага.
І ўстаў Ешуа, сын Ёцадака, і браты ягоныя, сьвятары, і Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і браты ягоныя; і пабудавалі ахвярнік Бога Ізраіля, каб ахвяроўваць на ім цэласпаленьні, як напісана ў Законе Майсея, чалавека Божага.
А паставілі ахвярнік на яго падножжах, бо адчувалі пагрозу ад суседніх народаў, і на ім складалі цэласпаленні Госпаду зранку і ўвечары.
І паставілі ахвярнік на падмурку ягоным, хоць [былі] ў страху ад народу зямлі гэтай, і склалі на ім цэласпаленьні для ГОСПАДА, цэласпаленьні ранішнія і вечаровыя.
І адсвяткавалі свята палатак, як напісана, і складалі ахвяры штодзень па парадку, адпаведна пастанове на кожны дзень;
І справілі Сьвята Намётаў, як напісана, і [складалі] цэласпаленьні штодзённыя лікам паводле пастановы, як павіннасьць кожнага дня [вымагала].
і, акрамя штодзённага цэласпалення, складалі таксама ахвяры ў дні маладзіка і ва ўсе ўрачыстасці, што былі пасвячоны Госпаду, і заўсёды, калі хто даваў добраахвотную ахвяру для Госпада.
А пасьля гэтага — цэласпаленьне заўсёднае, і на маладзік, і на ўсе ўрачыстыя сьвяты ГОСПАДА, і для кожнага, хто ахвяруе дабраахвотную ахвяру ГОСПАДУ.
З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленні Госпаду, але для святыні Божай не быў яшчэ пакладзены падмурак.
З першага дня сёмага месяца пачалі складаць цэласпаленьні для ГОСПАДА. Але для Сьвятыні ГОСПАДА не былі яшчэ закладзены [падмуркі].
А грошы далі каменябойцам і майстрам, таксама ежу, і пітво, і аліўкавы алей сідонцам і тырцам, каб яны даставілі дрэва кедравае з Лібана да Ёпэ з дазволу Кіра, цара персаў.
І далі яны срэбра мулярам і цесьлярам, і ежу, і пітво, і алей для Сідонцаў і Тырыянаў, каб прывезьлі дрэвы кедровыя з Лібану да мора Яфскага з дазволу Кіра, валадара Пэрсаў.
А на другі год па прыбыцці сваім да святыні Божай у Ерузаліме, у другім месяцы, Зарабабэль, сын Салаціэля, і Ешуа, сын Ёсэдэка, і астатнія браты іх, святары і левіты, і ўсе, што вярнуліся з няволі ў Ерузалім, узяліся за справу і паклікалі левітаў ад дваццаці гадоў і вышэй наглядаць за работай пры будове святыні Госпадавай.
І ў другім годзе пасьля прыходу іхняга да Дому Божага ў Ерусалім, у другі месяц, пачалі [будаваць] Зэрубабэль, сын Шэалтыэля, і Ешуа, сын Ёцадака, і рэшта братоў іхніх, сьвятары і лявіты, і ўсе, што ўзыйшлі з палону ў Ерусалім, і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй кіраваць працамі ў Доме ГОСПАДА.
І сталі Ешуа, і сыны яго, і браты яго, Кадмігэль, Бэнуй і Адовія, як адзін чалавек, кіраваць тымі, што працавалі пры будове святыні Божай; і таксама сыны Гэнадада, з сынамі сваімі і братамі сваімі — левітамі.
І сталі Ешуа, сыны ягоныя і браты ягоныя, Кадміэль і сыны ягоныя, сыны Юды, як адзін [чалавек], каб кіраваць выкананьнем працаў у Доме Божым, [разам з] сынамі Хэнадада, сынамі іхнімі і братамі іхнімі, лявітамі.
Такім чынам, калі заклалі падмурак святыні Госпадавай, сталі святары ў шатах сваіх з трубамі і левіты, сыны Асафа, з цымбаламі, каб славіць Бога па загадзе Давіда, цара Ізраэльскага.
І заклалі будаўнікі падмурак Сьвятыні ГОСПАДА, і паставілі сьвятароў у шатах іхніх з трубамі, а лявітаў, сыноў Асафа, — з цымбаламі, каб хвалілі ГОСПАДА паводле пастановы Давіда, валадара Ізраіля.
І заспявалі гімны і падзякі Госпаду: «Бо добры Ён, бо вечная міласэрнасць Яго для Ізраэля». Таксама ўвесь народ голасна ўсклікаў, славячы Госпада дзеля закладкі падмуркаў святыні Госпадавай.
І адказалі яны хвалою і праслаўленьнем ГОСПАДА, бо добры Ён, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная для Ізраіля. І ўвесь народ усклікаў голасам вялікім, хвалячы ГОСПАДА за закладзены падмурак Дому ГОСПАДА.
Таксама многія старыя паміж святароў, і левітаў, і кіраўнікоў родаў, якія сваімі вачамі бачылі першую святыню на гэтым месцы, моцна плакалі; і многія галосна ўсклікалі з радасцю.
І шмат хто са сьвятароў і лявітаў, і галоваў [дамоў] бацькоў, старых, якія бачылі першы Дом [Божы], калі падмуркі Дому гэтага былі закладзены перад вачыма іхнімі, плакалі голасам вялікім; а шмат хто ўсклікаў голасам узьнесеным з радасьцю.
І не мог ніхто адрозніць крык тых, хто радаваўся, ад ляманту народа, бо народ падняў вялікі крык, і шум яго быў чутны далёка.
І ня мог народ адрозьніць голасу гуканьня радасьці ад голасу плачу народу, бо народ гукаў ускліканьнем вялікім, і гук быў чуваць далёка.