Эздры 8 разьдзел

Першая кніга Эздры
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Такім чынам, вось кіраўнікі пакаленняў і радаводы тых, хто ў валадаранне цара Артаксэркса выйшаў са мною з Бабілона:
 
Гэта галовы [дамоў] бацькоў сваіх і радавод тых, што ўзыйшлі са мною з Бабілону ў валадараньне Артаксэркса валадара:

З сыноў Пінхаса: Гэрсом. З сыноў Ітамара: Даніэль. З сыноў Давіда — Гатус, сын Сэхэніі.
 
з сыноў Пінхаса — Гершом; з сыноў Ітамара — Даніэль; з сыноў Давіда — Хаттуш;

З сыноў Пароса: Захарыя, і з ім палічана было сто пяцьдзесят чалавек.
 
з сыноў Шэханіі, з сыноў Пароша — Захарыя, і з ім запісаных у радаводзе мужчынаў сто пяцьдзясят;

З сыноў Пагатмааба: Эліёэнай, сын Зараі, і з ім дзвесце чалавек.
 
з сыноў Пахат-Маава — Элегаэнай, сын Зэрахіі, і з ім дзьвесьце мужчынаў;

З сыноў Зэта: Сахэнія, сын Яхазіэля, і з ім трыста чалавек.
 
з сыноў Шэханіі — сын Яхазіэля, і з ім трыста мужчынаў;

З сыноў Адзіна: Абэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзесят чалавек.
 
з сыноў Адына — Евэд, сын Ёнатана, і з ім пяцьдзясят мужчынаў;

З сыноў Элама: Есая, сын Аталіі, і з ім семдзесят чалавек.
 
з сыноў Эляма — Ешая, сын Аталіі, і з ім семдзясят мужчынаў;

З сыноў Сафаціі: Забадзія, сын Міхаэля, і з ім восемдзесят чалавек.
 
з сыноў Шэфатыі — Зэвадыя, сын Міхаэля, і з ім восемдзясят мужчынаў;

З сыноў Ёаба: Абдзія, сын Ягіэля, і з ім дзвесце васемнаццаць чалавек.
 
з сыноў Ёава — Абадыя, сын Ехіэля, і з ім дзьвесьце васямнаццаць мужчынаў;

З сыноў Бані: Сэламіт, сын Ёсфіі, і з ім сто шэсцьдзесят чалавек.
 
з сыноў [Бані] — Шэляміт, сын Ёсіфіі, і з ім сто шэсьцьдзясят мужчынаў;

З сыноў Бэбая: Захарыя, сын Бэбая, і з ім дваццаць восем чалавек.
 
з сыноў Бэвая — Захарыя, сын Бэвая, і з ім дваццаць восем мужчынаў;

З сыноў Азгада: Ёханан, сын Экцэтана, і з ім сто дзесяць чалавек.
 
з сыноў Азгада — Ёханан, сын Гакатана, і з ім сто дзесяць мужчынаў;

З сыноў Аданікама прыйшлі малодшыя, і вось іх імёны: Эліпалет, і Егіэль, і Сямэя, і з імі шэсцьдзесят чалавек.
 
з сыноў Аданікама — апошнія, імёны якіх гэткія: Эліфэлет, Еіэль і Шэмая, і з імі шэсьцьдзясят мужчынаў;

З сыноў Бэгвая: Утай, сын Закхура, і з ім семдзесят чалавек.
 
з сыноў Бігвая — Утай і Завуд, і з імі семдзясят мужчынаў.

Сабраў жа я іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы там затрымаліся на тры дні. Я агледзеў народ і святароў; і не знайшоў там сыноў Леві.
 
І я сабраў іх каля ракі, што ўпадае ў Агаву, і мы стаялі табарам там тры дні; і я агледзеў народ і сьвятароў, але сыноў Левія там не знайшоў.

Дзеля таго выправіў я Эліязэра, і Арыэля, і Сямэю, і Ёярыба, і Эльнатана, і Натана, і Захарыю, і Масалу, — мудрых кіраўнікоў.
 
І паслаў я па Эліэзэра, Арыэля, Шэмаю, Эльнатана, Ярыва, Эльнатана, Натана, Захарыю і Мэшуляма — галоўных; і па Ёярыва і Эльнатана — кемлівых;

І паслаў іх затым да Эда, кіраўніка ў мясцовасці Хасфіі, і праз іх вусны загадаў, што маюць сказаць Эду і братам яго, каб прывялі яны нам паслугачоў для дома Бога нашага.
 
І накіраваў іх да Іддо, галоўнага ў мясцовасьці Касіфія, і ўклаў у вусны іхнія словы да Іддо і братоў ягоных нэтынэяў у мясцовасьці Касіфія, каб яны прывялі нам служыцеляў для Дому Бога нашага.

І прывялі яны нам праз руку Бога нашага, добрага да нас, мужа самага мудрага спаміж сыноў Махалі, сына Леві, сына Ізраэля, на імя Сэрэбія, ды сыноў яго і братоў яго лікам васемнаццаць,
 
І прывялі яны да нас, бо добрая рука Божая [была] над намі, мужа разумнага з сыноў Махлі, сына Левія, сына Ізраіля, і Шэрэвію з сынамі ягонымі, і братоў ягоных — васямнаццаць,

і Гасабію, і з ім Есая з сыноў Мэрары, ды сыноў яго і братоў яго лікам дваццаць,
 
і Хашавію, і з ім Ешаю з сыноў Мэрары, братоў ягоных і сыноў ягоных — дваццаць;

і паміж нявольнікаў, якіх Давід і князі далі на службу левітам, — дзвесце дваццаць чалавек; усе яны запісаны па імёнах.
 
і з нэтынэяў, якіх даў Давід і князі на служэньне лявітаў, — дзьвесьце дваццаць нэтынэяў, усе запісаныя па імёнах.

І там, каля ракі Агавы, абвясціў я пост, каб упакорыліся мы перад Богам нашым і папрасілі ў Яго шчаслівую дарогу нам, і дзецям нашым, і ўсёй уласнасці нашай.
 
І я абвясьціў там пост каля ракі Агавы, каб мы скарыліся перад абліччам Бога нашага і прасілі ў Яго шляху простага для нас і для дзяцей нашых, і для ўсёй маёмасьці нашай,

Пасаромеўся бо я прасіць у цара войска і конніцу, каб баранілі яны нас у дарозе ад непрыяцеля, бо мы сказалі цару: «Рука Бога нашага будзе сцерагчы ўсіх, хто просіць Яго ласкавасці, і моц Яго, і сіла Яго — супраць усіх, хто ад Яго адварочваецца».
 
бо я саромеўся прасіць у валадара войска і коньнікаў, каб абаранялі нас ад ворага ў дарозе, бо мы сказалі валадару, кажучы: «Рука Бога нашага на дабро для ўсіх, хто шукае Яго, а моц Ягоная і гнеў Ягоны — на ўсіх, хто пакідае Яго».

І пасцілі мы, і прасілі Бога нашага пра гэта, і Ён пачуў нас.
 
І мы посьцілі, і прасілі Бога нашага пра гэта; і Ён даў нам упрасіць Сябе.

І выбраў я паміж кіраўнікоў святароў дванаццаць: Сэрэбію, Гасабію, і з імі дзесяць братоў іх,
 
І я аддзяліў дванаццаць князёў над сьвятарамі — Шэрэвію, Хашавію і дзесяць братоў іхніх з імі,

і адважыў я ім срэбра, і золата, і пасудзіны — ахвяры для дома Бога нашага, што прынёс цар, і дарадчыкі яго, і кіраўнікі яго, і ўсе з Ізраэля тыя, хто быў там.
 
і адважыў ім срэбра, і золата, і начыньне, падараванае для Дому Бога нашага, якое ахвяравалі валадар і дарадцы ягоныя, і князі ягоныя, і ўвесь Ізраіль, які быў там.

І адважыў у рукі іх шэсцьсот пяцьдзесят талентаў срэбра і сто срэбраных пасудзін, якія каштавалі сто талентаў золата
 
І я адважыў на рукі іхнія срэбра шэсьцьсот пяцьдзясят талентаў і начыньня срэбнага — сто талентаў, і золата — сто талентаў,

і дваццаць залатых келіхаў, якія каштавалі па тысячы драхм, і дзве пасудзіны з найлепшай бліскучай медзі цаною, як золата.
 
і келіхаў залатых — дваццаць на тысячу дукатаў, і начыньні з медзі бліскучай, добрай — два, дарагія як золата.

І сказаў я ім: «Вы пасвячоны Госпаду, і пасудзіны гэтыя святыя: і срэбра, і золата пасвячоны Госпаду, Богу бацькоў вашых;
 
І сказаў я ім: «Вы — сьвятасьць для ГОСПАДА, і начыньні — сьвятасьць, а срэбра і золата — дабраахвотныя ахвяры для ГОСПАДА, Бога бацькоў вашых.

пільнуйце і сцеражыце гэта, аж пакуль не адважыце гэта перад кіраўнікамі святароў і левітаў, а таксама перад галовамі пакаленняў Ізраэля ў Ерузаліме, у сховішчах дома Госпадава».
 
Чувайце і пільнуйце [гэта], аж пакуль адважыце [яго] перад князямі сьвятароў і лявітаў і перад князямі [дамоў] бацькоў Ізраіля ў Ерусаліме, у пакоях Дому ГОСПАДА».

А святары і левіты ўзялі адважаныя срэбра, і золата, і пасудзіны, каб занесці іх у Ерузалім, у дом Бога нашага.
 
І ўзялі сьвятары і лявіты вагу срэбра і золата, і начыньні, каб прынесьці ў Ерусалім, у Дом Бога нашага.

І выправіліся мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб дабрацца ў Ерузалім; і рука Бога нашага супачыла на нас, і Ён вызваліў нас у дарозе ад рукі ворага і таго, хто схаваўся ў падкопах,
 
І вырушылі мы ад ракі Агавы ў дванаццаты дзень першага месяца, каб ісьці ў Ерусалім. І рука Бога нашага была над намі, і ўратавала нас ад рукі ворага і ад засады на шляху.

і прыбылі мы ў Ерузалім, і затрымаліся там на тры дні.
 
І прыйшлі мы ў Ерусалім, і былі там тры дні.

А на чацвёрты дзень у доме Бога нашага адважылі мы ўсё па ліку і вазе: срэбра, і золата, і пасудзіны — на рукі Мэрамота, сына Урыі, святара, і з ім быў Элеязэр, сын Пінхаса, і з імі былі Ёзабад, сын Ешуа, і Наадзія, сын Бэнуя, — левіты;
 
У чацьвёрты дзень адважылі мы срэбра і золата, і начыньне ў Доме Бога нашага на руку Мэрэмота, сына Урыі, сьвятара, а з ім [быў] Элеазар, сын Пінхаса, і з імі — Ёзавад, сын Ешуа, і Наадыя, сын Біннуя, лявіты,

і была запісана вага ўсяго адважанага.
 
усё лікам і вагою. І запісана была ўся тая вага ў той самы час.

У той час тыя, хто прыйшоў з няволі, сыны перасялення, прынеслі Богу Ізраэля ахвяры цэласпалення: дванаццаць цялят за ўвесь народ Ізраэля, дзевяноста шэсць бараноў, семдзесят два ягняці, дванаццаць казлоў за грэх, — усё гэта ў цэласпаленне Госпаду.
 
Тыя, што прыйшлі з палону, сыны выгнаньня, склалі цэласпаленьне для Бога Ізраіля — дванаццаць бычкоў за ўсяго Ізраіля, дзевяноста шэсьць бараноў, семдзясят сем ягнятаў і дванаццаць казлоў у ахвяру за грэх, усё на цэласпаленьне для ГОСПАДА.

А аддалі царскія распараджэнні сатрапам цара і кіраўнікам за ракою, і тыя дапамаглі народу і дому Божаму.
 
І яны аддалі загады валадара цівунам валадарскім і ваяводам Зарэчча, і яны дапамагалі народу і Дому Божаму.