Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Эзрына 3 Эзрына 3 разьдзел

1 Як настаў сёмы месяц, і былі сынове Ізраелявы ў местах, тады зьберся люд, як адзін чалавек, у Ерузаліме.
2 І ўстаў Ешуа Ёсадачонак а браты ягоныя, сьвятарове, а Зэрувавэль Шэалфеленак а браты ягоныя; і збудавалі аброчнік Бога Ізраелявага, каб абракаць на ім усепаленьні, як напісана ў Законе Масеявым, чалавека Божага.
3 І пастанавілі аброчнік на подзе яго, бо былі ў страху ад люду гэных краёў, і абракалі на ім усепаленьні СПАДАРУ, усепаленьні ранічныя й вячэрныя.
4 Сьвяткавалі таксама сьвята буданоў, як напісана, і абракалі што дня ўсепаленьні лікам, подле пастанову, як павіннасьць кажнага дня вымагала.
5 І пасьлей абракалі штачаснае ўсепаленьне на маладзіку й на ўсі ўрочыстыя сьвяты СПАДАРОВЫ, і кажнага ахвотна абракаючага самахотны аброк СПАДАРУ.
6 Зь першага дня сёмага месяца пачалі абракаць усепаленьні СПАДАРУ. Але палац СПАДАРОЎ ня быў яшчэ закладзены.
7 Яны далі таксама срэбра муляром а цесьлям, і еміну, і напітак, і аліву Сыдонянам а Тыранам, каб прывезьлі кедравыя дзервы зь Лібану да Яфскага мора, з дазволу Кіра, караля Пэрскага.
8 Другога году прыходу іх да дому Божага ў Ерузаліме, другога месяца, пачалі Зэрувавэль Шэалфеленак а Ешуа Ёсадачонак і засталыя з братоў іхных, сьвятарове а Левітаве і ўсі, што вышлі з палону да Ерузаліму, і прызначылі Левітаў ад дваццацёх год і вышэй кіраваць работу дому СПАДАРОВАГА.
9 І сталі Ешуа, сынове ягоныя а браты ягоныя, Кадмель а сынове ягоныя, сынове Юдзіны, як адзін, да кіраваньня работнікаў у доме Божым, сынове Гэнададовы, сынове іхныя а браты іхныя, Левітаве.
10 І як заклалі будаўнічыя под палацу СПАДАРОВАГА, тады пастанавілі сьвятароў у ўборах іхных із трубамі, а Левітаў, сыноў Асафовых, з цымбаламі, выхваляць СПАДАРА, подле пастанову Давіда, караля Ізраелявага.
11 І пачалі яны, адмяняючыся, пяяць, выхваляючы а дзякуючы СПАДАРУ, бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае да Ізраелю. І ўвесь люд гукаў вялікім голасам, як яны выхвалялі СПАДРА за пакладзены под дому СПАДАРОВАГА.
12 І шмат хто ізь сьвятароў Левітаў а галоваў айцоў, старых, што бачылі першы дом, як под гэтага дому быў пакладзены перад іхнымі ачыма, плакалі голасам вялікім; і шмат хто гукаў голасна з радасьці.
13 І ня мог люд адрозьніць гуканьня з радасьці ад гуку галашэньня люду, бо люд гукаў голасна, і гук быў чуваць далёка.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзрына, 3 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.