Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Эзрына 4 Эзрына 4 разьдзел

1 І пачулі варагі Юды а Веняміну, што тыя, каторыя зьвярнуліся з палону, становяць дом СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму;
2 І дабліжыліся яны да Зэрувавэля а да галоваў айцоў, і сказалі ім: «Будзем і мы станавіць із вамі, бо й мы, як і вы, уцякаем да Бога вашага і абракаем Яму аброкі ад дзён Есаргадона, караля Асырскага, што ўзьвёў нас сюды».
3 І сказаў ім Зэрувавэль а Ешуа а засталыя галавы айцоў Ізраелю: «Не станавіць вам і нам разам дому Богу нашаму; мы адны будзем станавіць СПАДАРУ, Богу Ізраеляваму, як расказаў нам Кір, кароль Пэрскі».
4 І пачаў люд зямлі тае слабіць рукі люду Юдэйскага і палохаць нас у будоўлі;
5 І наймалі сабе райцаў, каб разбурыць раду іхную, усі дні Кіра, караля Пэрскага, аж да дзяржавы Дара, караля Пэрскага.
6 А за дзяржавы Агасьверуса, на пачатку дзяржавы ягонае, напісалі абвінаваньне на жыхараў Юды а Ерузаліму.
7 І за дзён Артаксэркса пісалі Бішлам, Міфрэдат, Табеель і засталыя сяброве іх да Артаксэркса, караля Пэрскага, ліст напісаны літарамі арамскімі і перакладзены на мову арамскую.
8 Рэгум канцлер а Шымшай пісар пісалі адзін ліст на Ерузалім каралю Артаксэрксу гэтак:
9 «Тады а тады. Рэгум канцлер а Шымшай пісар і засталыя сяброве іхныя — Дынеі а Афарсафхеі, Тарпелеі, Афарсы, Архевяне, Бабілёняне, Шушанцы, Дэгі, Еламляне,
10 І іншыя народы, каторых перасяліў Оснапар, вялікі а славуты, і асяліў у местах Самарскіх і ў іншых за ракою, і іншае».
11 Гэта адпіс лісту, пасланага яму: «Каралю Артаксэрксу — слугі твае, людзі за ракою, і іншае.
12 Няхай будзе ведама каралю, што Юдэі, каторыя вышлі ад цябе, прышлі да нас — да Ерузаліму, становяць бунтоўнае а нягоднае места, і сьцены становяць, і под паправілі.
13 Хай будзе ведама каралю, што калі гэтае места будзе пастаноўлена і сьцены адноўлены, ня будуць яны плаціць мыта, дані а падачкаў, і, такім парадкам, будзе шкода прыбытку каралеўскага.
14 Як мы ямо соль із палацу каралеўскага, і ганьбы каралю ня можам бачыць, затым пасылаем наказ каралю.
15 Няхай пашукаюць у кнізе запісаў айцоў тваіх, — і знойдзеш у кнізе запісаў, і даведаешся, што места гэнае — места бунтоўнае а шкоднае каралём а землям, і аддзяленьні бывалі ў ім здаўна, за гэта места гэнае й спустошана.
16 Затым мы наказуем каралю, што калі места гэтае будзе дабудавана й сьцены яго пастаноўлены, то просьле гэтага ня будзе ў цябе дзяржавы за ракою».
17 Кароль паслаў адназ Рэгуму канцлеру а Шымшаю пісару а іншым сябром іхным, што жывуць у Самары, і іншым за ракою: «Супакой … і іншае.
18 Ліст, каторы вы прыслалі нам, уважліва прачыталі перад імною;
19 І я даў расказаньне, — і шукалі, і знайшлі, што места гэнае здаўных дзён паўставала супроці каралёў, і бывалі ў ім бунты а ўзрушаньні,
20 І што былі ў Ерузаліме каралі магутныя й дзяржачыя ўсе зарэчча, і ім плацілі мыта, дань а падачкі.
21 Дык дайце расказаньне, каб людзі гэныя перасталі рабіць і места гэнае не станавілася, пакуль я ня дам расказаньня.
22 І будзьце асьцярожныя, каб не зрабіць у гэтым недагляду. Нашто мае павялічацца шкода на страту каралём?»
23 Як толькі гэты ліст караля Артаксэркса быў прачытаны перад Рэгумом а Шымшаём пісарам а сябрамі іхнымі, яны без адвалокі пайшлі да Ерузаліму да Юдэяў і дужой узброенай рукою запынілі работу іхную.
24 Тады запынілася работа пры доме Божым, каторы ў Ерузаліме; і запын гэты цягнуўся да другога году дзяржавы Дара, караля Пэрскага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Эзрына, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.