Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай
У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў Іудзейскай пустэльні,
і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.
[і] кажа: кайцеся: бо наблізілася Царства Нябеснае.
Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».
Бо гэта той, пра каго сказана праз Ісаію прарока, які кажа: Голас звестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце Яго сцежкі».
А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.
Сам жа Іаан меў адзенне з вярблюджай шэрсці і скураны пояс на паясніцы сваёй; а яго спажывай былі саранча і дзікі мёд.
Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае
Тады выходзіў да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўся Іарданская ваколіца;
і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.
і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызначаючы свае грахі.
Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?
Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, сказаў ім: Гадзючыя выпладкі, хто падказаў вам уцякаць ад будучага гневу?
Прынясеце ж годны плод пакаяньня;
Дык стварыце плод, годны пакаяння;
і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;
і не думайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узвесці дзяцей Аўрааму.
ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;
Ужо і сякера ляжыць пры корані дрэў; бо кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;
Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, я не варты панесці Яго сандаляў; Ён будзе хрысціць вас Святым Духам і агнём;
лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным.
Яго веялка ў Яго руце, і Ён ачысціць Свой умалот і збярэ Сваю пшаніцу ў засекі, а мякіну спаліць непагасным агнём.
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іардан да Іаана, каб хрысціцца ад яго.
Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?
Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: Я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?
Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго.
Ісус жа ў адказ сказаў яму: Дазволь цяпер; бо гэтак належыць нам выканаць усю праўду. — Тады ён дазваляе Яму.
І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; — і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.
І, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось, расчыніліся [Яму] Нябёсы і ўбачыў, як Дух Божы зыходзіць, нібы голуб, [і] спускаецца на Яго.
І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.
І вось, голас з нябёсаў кажа: Гэта Мой Сын улюблёны, у Якім Маё задавальненне.