1 Трубеце трубою на Сіёне і беце трывогу на сьвятой гары Маёй; хай трымцяць усе жыхары зямлі, бо настае дзень Гасподні, бо ён блізка —
2 дзень цемры і мораку, дзень хмарны і туманны: як ранішняя зара пашыраецца па гарах народ шматлікі і моцны, якога ня бывала адвеку і пасьля таго ня будзе ў роды родаў.
3 Перад ім жарэ агонь, а за ім паліць полымя; перад ім зямля як сад Эдэмскі, а за ім будзе спустошаны стэп, і нікому ня будзе ратунку ад яго.
4 Выгляд яго як выгляд у коней, і скачуць яны як коньнікі;
5 скачуць па вяршынях гор як бы са стукам калясьніц, як бы з трэскам агнявога полымя, якое жарэ салому, як моцны народ, пастаўлены на бітву.
6 Убачыўшы яго, затрымцяць народы, ва ўсіх твары зьбялеюць.
7 Як змагары бягуць яны і як адважныя воіны залазяць на сьцяну, і кожны ідзе сваёю дарогаю і ня зьбіваецца са шляхоў сваіх.
8 Ня душаць адзін аднаго, кожны ідзе сваёю сьцежкаю, і падаюць на дзіды, але застаюцца бяз шкоды.
9 Бегаюць па горадзе, падымаюцца на сьцены, залазяць на дамы, уваходзяць у вокны, як злодзей.
10 Перад імі затрасецца зямля, пахісьнецца неба, сонца і месяц запамрочацца, і зоркі страцяць сваё сьвятло.
11 І Гасподзь дасьць голас Свой перад войскам Сваім, бо досыць шматлікае полчышча Яго і магутны выканаўца слова Яго; бо вялікі дзень Гасподні і досыць страшны, і хто вытрымае яго?
12 Але і сёньня яшчэ гаворыць Гасподзь: зьвярнецеся да Мяне ўсім сэрцам Сваім у посьце, плачы і галашэньні.
13 Разьдзірайце сэрцы вашыя, а ня вопратку сваю, і зьвярнецеся да Госпада Бога вашага; бо Ён добры і міласэрны, шматцярплівы і шматмілажальны і шкадуе пра бедства.
14 Хто ведае, ці не ўмілажаліцца Ён і ці не пакіне дабраславеньня, хлебнага прынашэньня і паліваньня Госпаду Богу вашаму?
15 Затрубеце трубою на Сіёне, назначце пост і абвясьцеце ўрачысты сход.
16 Зьбярэце народ, склічце сход, запрасеце старцаў, зьбярэце падлеткаў і грудных немаўлят; хай выйдзе малады з хароміны сваёй і маладая са сваёй сьвяцёлкі.
17 Паміж бабінцам і ахвярнікам хай плачуць сьвятары, службіты Гасподнія, і кажуць: «зьлітуйся, Госпадзе, з народу Твайго, не аддай спадчыны Тваёй на паганьбеньне, каб ня зьдзекаваліся зь яе народы! Дзеля чаго будуць гаварыць паміж народамі: дзе Бог іхні?»
18 І тады паклапоціцца Гасподзь пра зямлю Сваю і зьлітуецца з народу Свайго.
19 І адкажа Гасподзь і скажа народу Свайму: вось, я пашлю вам хлеб і віно і алей, і будзеце насычацца імі, і болей не аддам вас на паганьбеньне народам.
20 І таго, што прыйшоў з поўначы, выдалю ад вас і выганю ў зямлю бязводную і пустую, папярэдняе полчышча яго — у мора ўсходняе, а задняе — у мора заходняе, і пойдзе ад яго смурод і патыхне ад яго смуродам, бо ён шмат нарабіў ліха.
21 Ня бойся, зямля: радуйся і весяліся, бо Гасподзь вялікі, каб учыніць гэта.
22 Ня бойцеся, жывёлы, бо пашы пустыні дадуць росту траве, дрэва ўродзіць плод свой, смакоўніца і вінаградная лаза выявяць сваю сілу.
23 І вы, дзеці Сіёна, радуйцеся і весялецеся ў Госпадзе Богу вашым; бо Ён дасьць вам дождж у меру і будзе пасылаць вам дождж, дождж раньні і позьні, як раней.
24 І напоўняцца гумны хлебам і перапоўняцца чавільні вінаградным сокам і алеем.
25 І заплачу вам за тыя гады, калі жэрлі саранча, чэрві, жукі і вусень — вялікае войска Маё, якое пасылаў Я на вас.
26 І ўдосыць будзеце есьці і насычацца і славіць імя Госпада Бога вашага, Які дзівосна ўчыніў з вамі, і не пасарамаціцца народ Мой вавек.
27 І ўведаеце, што Я — пасярод Ізраіля і Я — Гасподзь Бог ваш, і няма іншага, і Мой народ не пасарамаціцца вавек.
28 І будзе пасьля таго, вылью ад Духа Майго на ўсякую плоць, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сьніцца сны, і хлопцы вашыя будуць бачыць уявы.
29 І таксама на рабоў і на рабыняў у тыя дні вылью ад Духа Майго.
30 І дам цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь і слупы куродыму.
31 Сонца ператворыцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым настане дзень Гасподні, вялікі і страшны.
32 І будзе: кожны, хто пакліча імя Гасподняе, уратуецца; бо на гары Сіёне і ў Ерусаліме будзе ратунак, як сказаў Гасподзь, і ў астатніх, якіх пакліча Гасподзь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Ёіля, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002