2 царстваў 24 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна
Гнеў Гасподні зноў загарэўся на Ізраільцянаў, і абудзіў Ён у іх Давіда сказаць: ідзі, палічы Ізраіля і Юду.
І зноў узгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і намовіў [шатан] Давіда супраць [Ізраіля], кажучы: «Ідзі і палічы Ізраіля і Юду».
І сказаў цар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу.
І сказаў валадар Ёаву, начальніку войска, які быў пры ім: «Абыйдзі ўсе калены Ізраіля ад Дану аж да Бээр-Шэвы і палічы народ, каб я ведаў лік народу».
І сказаў Ёаў цару: Гасподзь Бог твой хай памножыць столькі народу, колькі ёсьць, і яшчэ ў столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго цара хай убачаць; але навошта гаспадар мой цар жадае гэтай дзеі?
І сказаў Ёаў валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, дадасьць столькі, колькі ёсьць, і яшчэ сто разоў столькі, і няхай вочы гаспадара майго, валадара, убачаць гэта! Але навошта, гаспадару мой, валадар, ты захацеў зрабіць гэта?»
Але слова цара Ёаву і ваеначальнікам перамагло. І пайшоў Ёаў з начальнікамі ад цара лічыць народ Ізраільскі.
Але слова валадара было мацнейшым за Ёава і начальнікаў войска. І выйшлі Ёаў і начальнікі войска ад аблічча валадара, каб палічыць народ Ізраіля.
І перайшлі яны Ярдан і спыніліся ў Араэры, на правым баку горада, які сярод даліны Гадавай, да Язэра;
І пераправіліся яны праз Ярдан, і разлажыліся табарам у Араэры, на поўдзень ад гораду, які на сярэдзіне лагчыны Гад, у бок Язэру.
і прыйшлі ў Галаад і ў зямлю Тахтым-Хадшы; і прыйшлі ў Дан-Яан і абышлі Сідон;
І пайшлі яны ў Гілеад і ў зямлю Тахтыль-Хадшы, і пайшлі ў Дан-Яан, і павярнулі ў бок Сідону.
і прыйшлі да ўмацаваньня Тыра і ва ўсе гарады Хівэянаў і Хананэянаў і выйшлі на поўдзень Юдэі ў Вірсавію;
І прыйшлі яны ў крэпасьць Тыр, і ў-ва ўсе гарады Хівеяў і Хананейцаў, і накіраваліся ў Нэгеў Юды і ў Бээр-Шэву.
і абышлі ўсю зямлю і прыйшлі празь дзевяць месяцаў і дваццаць дзён у Ерусалім.
І абыйшлі яны ўсю зямлю, і праз дзевяць месяцаў і дваццаць дзён вярнуліся ў Ерусалім.
І падаў Ёаў сьпіс народнага перапісу цару; і выявілася, што Ізраільцянаў было васямсот тысяч мужчын моцных, здольных ваяваць, а Юдэянаў пяцьсот тысяч.
І Ёаў перадаў валадару лік перапісанага народу. І было ў Ізраілі васемсот тысячаў ваяроў, узброеных мячом, а ў Юдзе — пяцьсот тысячаў.
І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: цяжка зграшыў я, зрабіўшы так; і сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я.
І задрыжэла сэрца Давіда пасьля таго, як ён палічыў народ, і сказаў Давід ГОСПАДУ: «Цяжка саграшыў я гэтым учынкам. І цяпер, ГОСПАДЗЕ, прашу, даруй віну слугі твайго, бо вельмі я неразумна зрабіў».
Калі Давід устаў на другі дзень раніцай, дык было слова Госпада Гаду прароку, празарліўцу Давідаваму:
І ўстаў Давід раніцаю, і было слова ГОСПАДА да прарока Гада, відушчага Давіда, кажучы:
ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары прапаную Я табе; выберы сабе адну зь іх, якая спасьцігла б цябе.
«Ідзі і скажы Давіду: “Гэта кажа ГОСПАД. Тры [кары] Я кладу перад табою. Выберы сабе адну з іх, і Я зраблю табе гэта”».
І прыйшоў Гад да Давіда, і абвясьціў яму, і сказаў яму: выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб ты тры месяцы бегаў ад непрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй? цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне.
І пайшоў Гад да Давіда, і паведаміў яму, і сказаў яму: «Ці будзе панаваць голад тры гады ў зямлі тваёй, або тры месяцы ты будзеш уцякаць перад абліччам ворагаў тваіх, якія будуць перасьледаваць цябе, або тры дні будзе панаваць пошасьць у зямлі тваёй. І цяпер падумай і ўбач, які адказ мне занесьці Таму, Які мяне паслаў».
І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі; але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная; толькі б у рукі людзкія ня ўпасьці мне.
І сказаў Давід Гаду: «Я ў уціску вялікім! Але [лепш] патрапіць у рукі ГОСПАДА, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная, а ў рукі чалавека [лепш] не трапляць!»
І паслаў Гасподзь пошасьць і паморак на Ізраільцянаў ад раніцы да назначанага часу; і памерла з народу, ад Дана да Вірсавіі, семдзесят тысяч чалавек.
І спаслаў ГОСПАД заразу на Ізраіля ад раніцы да вызначанага часу. І памерла тады, пачынаючы ад Дану да Бээр-Шэвы семдзясят тысячаў чалавек.
І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Гасподзь пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: досыць, цяпер адпусьці руку тваю. А анёл Гасподні быў тады каля гумна Орны Евусэяніна.
І выцягнуў анёл руку сваю на Ерусалім, каб яго зьнішчыць, але ГОСПАД зьлітаваўся дзеля няшчасьця і сказаў анёлу, што нішчыў народ: «Досыць, цяпер спыні руку тваю!» А быў анёл ГОСПАДА каля току Араўны Евусэя.
І сказаў Давід Госпаду, калі ўбачыў анёла, які біў народ, кажучы: вось, я зграшыў, я зрабіў беззаконна; а гэтыя авечкі, што зрабілі яны? хай жа рука Твая абернецца на мяне і на дом бацькі майго.
І сказаў Давід ГОСПАДУ, калі ўбачыў анёла, які забіваў народ: «Вось, я саграшыў, я вінаваты, але гэтыя авечкі, што яны зрабілі? Прашу, няхай рука Твая будзе супраць мяне і супраць дому бацькі майго!»
І прыйшоў у той дзень Гад да Давіда і сказаў: ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на гумне ў Орны Евусэяніна.
У той дзень прыйшоў Гад да Давіда і сказаў яму: «Ідзі і пастаў ахвярнік ГОСПАДУ на таку Араўны Евусэя».
І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў Гасподзь.
І пайшоў Давід паводле слова Гада, як загадаў ГОСПАД.
І зірнуў Орна і ўбачыў цара і слуг ягоных, якія ішлі да яго, і выйшаў Орна і пакланіўся цару тварам сваім да зямлі.
І глянуў Араўна, і ўбачыў валадара і слугаў ягоных, што ідуць да яго. І выйшаў ён, і пакланіўся валадару абліччам сваім да зямлі,
І сказаў Орна: навошта прыйшоў гаспадар мой цар да раба свайго? І сказаў Давід: купіць у цябе гумно, каб зладзіць ахвярнік Госпаду, каб спынілася пабіваньне народу.
і сказаў Араўна: «Што за прычына, што прыходзіць гаспадар мой, валадар, да слугі свайго?» І сказаў Давід: «Каб купіць у цябе ток і пабудаваць на ім ахвярнік ГОСПАДУ, і тады спыніцца пляга, якая ў народзе».
І сказаў Орна Давіду: хай возьме і ўзьнясе ў ахвяру гаспадар мой цар, што яму заўгодна. Вось валы для цэласпаленьня і падводы і вупраж валовая на дровы.
І сказаў Араўна Давіду: «Няхай бярэ гаспадар мой, валадар, і складае ў ахвяру тое, што добрае ў вачах ягоных. Вось, валы на цэласпаленьне, вось, малатарні і ёрмы валовыя на дровы.
Усё гэта, цару, Орна аддае цару. Яшчэ сказаў Орна цару: Гасподзь Бог твой хай будзе мілажальны да цябе!
Усё аддае Араўна валадару валадароў!» І сказаў Араўна валадару: «Няхай ГОСПАД, Бог твой, мае да цябе ласку!»
Але цар сказаў Орну: не, я заплачу табе, што каштуе, і не ўзьнясу Госпаду Богу майму ахвяры, узятай дарам. І купіў Давід гумно і валоў за пяцьдзясят сікляў срэбра.
І сказаў валадар Араўне: «Не! Я, купляючы, куплю за грошы ў цябе і не складу для ГОСПАДА, Бога майго, цэласпаленьне, якое [атрымаў] задарма». І купіў Давід ток і валоў за пяцьдзясят сыкляў срэбра.
І зладзіў там Давід ахвярнік Госпаду і прынёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны, і спынілася пошасьць у Ізраільцянаў.
І пабудаваў Давід там ахвярнік ГОСПАДУ, і склаў цэласпаленьні і ахвяры мірныя. І зьлітаваўся ГОСПАД над зямлёю, і спыніў плягу для Ізраіля.