2 царстваў 24 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гнеў Гасподні зноў загарэўся на Ізраільцянаў, і абудзіў Ён у іх Давіда сказаць: ідзі, палічы Ізраіля і Юду.
 
І гнеў СПАДАРОЎ ізноў узгарэўся на Ізраялян, бо шайтан падвучыў Давіда на іх, кажучы: «Ідзі, палічы Ізраеля а Юду».

І сказаў цар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу.
 
І сказаў кароль Ёаву, вайводцу, каторы быў пры ім: «Абыйдзі, калі ласка, усі плямёны Ізраелявы, ад Дану аж да Веер-Шэвы, і палічы люд, каб я ведаў лік люду».

І сказаў Ёаў цару: Гасподзь Бог твой хай памножыць столькі народу, колькі ёсьць, і яшчэ ў столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго цара хай убачаць; але навошта гаспадар мой цар жадае гэтай дзеі?
 
І сказаў Ёаў каралю: «СПАДАР, Бог твой, хай прымножа толькі люду, колькі ё, і яшчэ сто разоў толькі, а вочы спадара майго, караля, хай бачаць; але нашто спадар мой, кароль, зыча гэтага?»

Але слова цара Ёаву і ваеначальнікам перамагло. І пайшоў Ёаў з начальнікамі ад цара лічыць народ Ізраільскі.
 
І перамагло слова каралёва Ёаву а вайводцаў; і вышаў Ёаў а вайводцы ад караля лічыць люд Ізраельскі.

І перайшлі яны Ярдан і спыніліся ў Араэры, на правым баку горада, які сярод даліны Гадавай, да Язэра;
 
І перайшлі яны Ёрдан, і разьлягліся ўв Ароіру, на правым баку места, каторае сярод даліны Ґадовае й ля Язэру;

і прыйшлі ў Галаад і ў зямлю Тахтым-Хадшы; і прыйшлі ў Дан-Яан і абышлі Сідон;
 
І прышлі да Ґілеаду а да зямлі Тагтым-Годшы; і прышлі да Дан-Яану і навокал Сыдону;

і прыйшлі да ўмацаваньня Тыра і ва ўсе гарады Хівэянаў і Хананэянаў і выйшлі на поўдзень Юдэі ў Вірсавію;
 
І прышлі да гораду Тыру і да ўсіх местаў Гівеяў а Канаанян, і вышлі на паўдня Юдэі — да Веер-Шэвы.

і абышлі ўсю зямлю і прыйшлі празь дзевяць месяцаў і дваццаць дзён у Ерусалім.
 
І абышлі ўсю зямлю, і прышлі за дзевяць месяцаў і дваццаць дзён да Ерузаліму.

І падаў Ёаў сьпіс народнага перапісу цару; і выявілася, што Ізраільцянаў было васямсот тысяч мужчын моцных, здольных ваяваць, а Юдэянаў пяцьсот тысяч.
 
І падаў Ёаў лік палічанага люду каралю. І было ў Ізраелю асьмісот тысячаў мужоў адважных, што агалялі меч, а мужоў Юдэйскіх пяцьсот тысячаў мужоў.

І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: цяжка зграшыў я, зрабіўшы так; і сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я.
 
І забілася сэрца Давідава просьле тога, як ён палічыў люд. І сказаў Давід СПАДАРУ: «Вельмі ізграшыў я, што зрабіў; дык цяпер, СПАДАРУ, учыні, каб абмінула Цябе бяспраўе слугі твайго; бо я зрабіў надта дурна».

Калі Давід устаў на другі дзень раніцай, дык было слова Госпада Гаду прароку, празарліўцу Давідаваму:
 
І ўстаў Давід нараніцы, і было слова СПАДАРОВА да Ґада прарокі, відзеньніка Давідавага, кажучы:

ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары прапаную Я табе; выберы сабе адну зь іх, якая спасьцігла б цябе.
 
«Пайдзі й скажы Давіду: "Гэтак кажа СПАДАР: ’Тры кары сулю Я табе; выбяры адну зь іх, і Я зраблю табе’"».

І прыйшоў Гад да Давіда, і абвясьціў яму, і сказаў яму: выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб ты тры месяцы бегаў ад непрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй? цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне.
 
Дык Ґад прышоў да Давіда, і наказаў яму, і сказаў: «Ці быць галадові ў краю тваім сем год, ці каб ты тры месяцы ўцякаў ад непрыяцеляў сваіх, а яны гналіся за табою, ці каб тры дні быў мор у краю тваім? Цяпер ведай і разваж, якое слова імне адказаць Таму, Хто паслаў мяне».

І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі; але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная; толькі б у рукі людзкія ня ўпасьці мне.
 
І сказаў Давід Ґаду: «Немарасьць імне вялікая; але хай упаду я ў руку СПАДАРА, бо вялікае міласэрдзе Ягонае, каб у рукі людзкія ня ўпасьці імне».

І паслаў Гасподзь пошасьць і паморак на Ізраільцянаў ад раніцы да назначанага часу; і памерла з народу, ад Дана да Вірсавіі, семдзесят тысяч чалавек.
 
І даў СПАДАР мор на Ізраеля з раньня аж да прызначанага часу; і памерла зь люду, ад Дану аж да Веер-Шэвы, семдзясят тысячаў чалавекаў.

І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Гасподзь пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: досыць, цяпер адпусьці руку тваю. А анёл Гасподні быў тады каля гумна Орны Евусэяніна.
 
І выцягнуў Ангіл руку сваю на Ерузалім, каб выгубіць яго; але СПАДАР пажалеў гэтага ліха і сказаў Ангілу, каторы губіў люд: «Досыць, цяпер апусьці руку сваю». Ангіл жа СПАДАРОЎ быў тады ля току Араўны Евусэяніна.

І сказаў Давід Госпаду, калі ўбачыў анёла, які біў народ, кажучы: вось, я зграшыў, я зрабіў беззаконна; а гэтыя авечкі, што зрабілі яны? хай жа рука Твая абернецца на мяне і на дом бацькі майго.
 
І казаў Давід СПАДАРУ, як абачыў Ангіла, што губіў люд, і сказаў: «Вось, я ізграшыў, і я зрабіў бяспраўна; але гэтыя авечкі што зрабілі? Хай будзе ж рука твая на імне а на доме айца майго».

І прыйшоў у той дзень Гад да Давіда і сказаў: ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на гумне ў Орны Евусэяніна.
 
І прышоў Ґад да Давіда таго дня, і сказаў яму: «Узыйдзі, узьнясі аброчнік СПАДАРУ на таку Араўны Евусэяніна».

І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў Гасподзь.
 
І ўзышоў Давід подле слова Ґадавага, як расказаў СПАДАР.

І зірнуў Орна і ўбачыў цара і слуг ягоных, якія ішлі да яго, і выйшаў Орна і пакланіўся цару тварам сваім да зямлі.
 
І глянуў далоў Араўна, і абачыў караля а слугаў ягоных, да яго йдучых, і вышаў Араўна, і пакланіўся каралю відам сваім да зямлі.

І сказаў Орна: навошта прыйшоў гаспадар мой цар да раба свайго? І сказаў Давід: купіць у цябе гумно, каб зладзіць ахвярнік Госпаду, каб спынілася пабіваньне народу.
 
І сказаў Араўна: «Чаго прышоў спадар мой, кароль, да слугі свайго?» І сказаў Давід: «Купіць у цябе ток, каб збудаваць аброчнік СПАДАРУ, каб запынілася гэтая параза ў людзе».

І сказаў Орна Давіду: хай возьме і ўзьнясе ў ахвяру гаспадар мой цар, што яму заўгодна. Вось валы для цэласпаленьня і падводы і вупраж валовая на дровы.
 
І сказаў Араўна Давіду: «Хай возьме й абрачэць спадар мой, кароль, што яму любя. Гля, валы на ўсепаленьне, а малацьбяная снасьць а ігі валовыя на дровы.

Усё гэта, цару, Орна аддае цару. Яшчэ сказаў Орна цару: Гасподзь Бог твой хай будзе мілажальны да цябе!
 
Усе гэта, каролю, Араўна аддасьць каралю». І сказаў Араўна каралю: «СПАДАР, Бог твой, хай прыяе табе!»

Але цар сказаў Орну: не, я заплачу табе, што каштуе, і не ўзьнясу Госпаду Богу майму ахвяры, узятай дарам. І купіў Давід гумно і валоў за пяцьдзясят сікляў срэбра.
 
Але кароль сказаў Араўне: «Не, куплю, куплю ў цябе цаною, а не абраку СПАДАРУ Богу аброкі дармавыя». І купіў Давід ток і буйны статак за пяцьдзясят сыкляў срэбра.

І зладзіў там Давід ахвярнік Госпаду і прынёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны, і спынілася пошасьць у Ізраільцянаў.
 
І збудаваў там Давід аброчнік СПАДАРУ, і аброк аброкі й супакойныя аброкі. І даў СПАДАР умаліць Сябе да зямлі, і задзяржаў пошасьць у Ізраелю.