2 царстваў 11 разьдзел
Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча
Праз год, у той час, калі выходзяць цары ў паходы, Давід паслаў Ёава і слуг сваіх зь ім і ўсіх Ізраільцянаў; і яны разьбілі Аманіцянаў і аблажылі Раву; а Давід заставаўся ў Ерусаліме.
І было за год, у тым часе, як выходзяць каралі, што Давід паслаў Ёава а слугаў сваіх ізь ім а ўсіх Ізраелцаў, і яны зьнішчылі сыноў Амонавых, і абляглі Раўву; Давід жа заставаўся ў Ерузаліме.
Аднаго разу падвечар Давід, устаўшы з пасьцелі, прагульваўся на даху царскага дома і ўбачыў з даху жанчыну, якая купалася; а тая жанчына была вельмі прыгожая.
Аднойчы адвячоркам, Давід, устаўшы з пасьцелі свае, праходжаваўся па страсе каралеўскага дому, і абачыў із страхі жонку, каторая мылася; а тая жонка была вельма пазорная.
І паслаў Давід разьведаць, хто гэтая жанчына? І сказалі яму: гэта Вірсавія, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтэяніна.
І паслаў Давід, і распытаўся праз жонку. І сказалі: «Ці гэта не Батшэва Елямішка, жонка Уры Гэціча?»
Давід паслаў слуг узяць яе; і яна прыйшла да яго, і ён спаў зь ёю. А калі яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, вярнулася ў дом свой.
І паслаў Давід пасланцоў, і ўзяў яе, і яна прышла да яго, і ён ляжаў ізь ёю. І яна ачысьцілася ад нечысьці свае, і зьвярнулася да дому свайго.
Жанчына гэтая зацяжарыла і паслала абвясьціць пра гэта Давіду, кажучы: я цяжарная.
І зацяжарыла жонка гэна, і паслала, і наказала Давіду, і сказала: «Я цяжарная».
І паслаў Давід сказаць Ёаву: прышлі да мяне Урыю Хэтэяніна. І паслаў Ёаў Урыю да Давіда.
І паслаў Давід Ёаву: «Прышлі да мяне Уру Гэціча». І паслаў Ёаў Уру да Давіда.
І прыйшоў да яго Урыя, распытаў яго Давід пра становішча Ёава і пра становішча народу і пра ход вайны.
І прышоў Ура да яго, і распытаў Давід, як маўся Ёаў, як маўся люд і як удавалася вайна.
І сказаў Давід Урыю: ідзі дамоў і абмый ногі свае. І выйшаў Урыя з Дома царскага, а сьледам за ім панесьлі і царскія стравы.
І сказаў Давід Уры: «Зыйдзі двору й памый ногі свае». І вышаў Ура з дому каралеўскага, а за ім панесьлі й каралеўскую ежу.
Але Урыя спаў каля брамы царскага дома з усімі слугамі свайго гаспадара і не пайшоў у свой дом.
Але Ура ляжаў ля ўходу каралеўскага дому з усімі слугамі спадара свайго, і ня зышоў да дому свайго.
І данесьлі Давіду, кажучы: не пайшоў Урыя ў дом свой. І сказаў Давід Урыю: вось ты прыйшоў з дарогі; чаму ж не пайшоў ты ў дом свой?
І паведамілі Давіду, кажучы: «Ня зышоў Ура да дому свайго». І сказаў Давід Уры: «Ці не з дарогі прышоў ты: чаму ж ты ня зышоў да дому свайго?»
І сказаў Урыя Давіду: каўчэг і Ізраіль і Юда ў намётах, і гаспадар мой Ёаў і рабы гаспадара майго ў полі, а я ўвайшоў бы дом свой есьці і піць і спаць са сваёю жонкаю! прысягаю тваім жыцьцём і жыцьцём душы тваёй, гэтага я не зраблю.
І сказаў Ура Давіду: «Скрыня а Ізраель а Юда жывуць у буданох, і спадар мой Ёаў і слугі спадара майго разьлягліся ў полю, а я ўвыйшоў бы ў дом свой есьці а піць а ляжаць із маёю жонкаю! клянуся тваім жыцьцём а жыцьцём душы твае, я гэтага не зраблю».
І сказаў Давід Урыю: застанься тут і на гэты дзень, а заўтра я адпушчу цябе. І застаўся Урыя ў Ерусаліме на гэты дзень да заўтра.
І сказаў Давід Уры: «Будзь тут і на гэты вечар, а заўтра я адпушчу цябе». І быў Ура ў Ерузаліме гэты дзень і да заўтрага.
І запрасіў яго Давід, і еў Урыя перад ім і піў, і напаіў яго Давід. Але ўвечары прыйшоў Урыя спаць на пасьцель сваю з рабамі гаспадара свайго, а ў свой дом не пайшоў.
І гукнуў яго Давід, і еў Ура перад ім, і піў, і ўпаіў яго. Але ўвечары пайшоў спаць на пасьцелю сваю із слугамі СПАДАРА, а да дому свайго не пайшоў.
Раніцай Давід напісаў пісьмо Ёаву і паслаў яго з Урыем.
Нараніцы Давід напісаў ліст Ёаву і паслаў Урам.
У пісьме ён напісаў так: пастаўце Урыю там, дзе самая моцная бітва, і адступеце ад яго, каб ён быў забіты і памёр.
І ён напісаў у лісьце, кажучы: «Прывядзіце Уру супроці цэнтру наймацнейшае бітвы і адступіцеся ад яго, і будзе забіты, і памрэць».
Таму, калі Ёаў аблажыў горад, дык паставіў ён Урыю на такім месцы, пра якое ведаў, што там храбрыя людзі.
І сталася, як Ёаў назіраў места, то пастанавіў ён Уру на такім месцу, праз каторае ведаў, што там харобрыя людзі.
Выйшлі людзі з горада і біліся зь Ёавам, і загінула некалькі з народу, са слуг Давідавых; быў забіты таксама і Урыя Хэтэянін.
І вышлі людзі месцкія, і ваявалі зь Ёавам, пала колькіх зь люду, із слугаў Давідавых; і памер таксама й Ура Гэціч.
І паслаў Ёаў данесьці Давіду пра ўвесь ход бітвы.
І паслаў Ёаў, і наказаў Давіду праз усе што да вайны.
І загадаў пасланаму, кажучы: калі ты раскажаш цару пра ўвесь ход бітвы
І расказаў пасланцу, кажучы: «Як скончыш гукаць каралю ўсе праз вайну,
і ўбачыш, што цар разгневаецца і скажа табе: «навошта вы так блізка падыходзілі да горада біцца? хіба вы ня ведалі, што са сьцяны будуць кідаць на вас?
То будзе, калі загневаецца кароль і скажа табе: "Нашто вы дабліжыліся да места, каб ваяваць? Хіба вы ня ведалі, што ізь сьцяны будуць страляць на вас?
хто забіў Авімэлэха, сына Еравалавага? ці не жанчына кінула на яго са сьцяны абломак жарона і забіла яго, і ён памёр у Тэвэцы? навошта ж вы блізка падыходзілі да сьцяны?» і тады ты скажы: «і раб твой Урыя Хэтэянін таксама забіты і памёр».
Хто забіў Авімелеха Ерувешэфёнка? Ці ня жонка кінула на яго ізь сьцяны верхні жарнавы камень, і ён памер у Февецу? Чаму ж вы дабліжыліся да сьцяны?" тады ты скажы: "І слуга твой Ура Гэціч таксама памер"».
І пайшоў, і прыйшоў, і расказаў Давіду пра ўвесь ход бітвы.
І пайшоў пасланец, і прышоў, і наказаў Давіду праз усе, дзеля чаго паслаў яго Ёаў.
Тады пасланы сказаў Давіду: адольвалі нас тыя людзі і выйшлі да нас у поле, і мы перасьледавалі іх да ўваходу ў браму;
І сказаў пасланец Давіду: «Перамагалі нас тыя людзі, і вышлі да нас у поле, і мы гналі іх аж да ўходу ў браму;
тады стралялі стралкі са сьцяны па рабах тваіх, і памерлі некаторыя з рабоў цара; памёр таксама і раб твой Урыя Хэтэянін.
Тады стралялі стралцы на слугаў тваіх ізь сьцяны, і памерлі із слугаў каралёвых, і таксама слуга твой Ура Гэціч памер».
Тады сказаў Давід пасланаму: так скажы Ёаву: хай не бянтэжыць цябе гэтая справа, бо меч пажырае часам таго, часам гэтага; узмацні вайну супроць горада і разбуры яго. Так падбадзёры яго.
Тады сказаў Давід пасланцу: «Гэтак скажы Ёаву: "Хай ня будзе ліха ў ваччу тваім гэта, бо меч жарэць так і сяк; пасілі бітву сваю супроці места, і парухай яго". І асьмель яго».
І пачула жонка Урыі, што памёр Урыя, муж яе, і плакала па мужы сваім.
І пачула жонка Урынава, што памер Ура, муж ейны, і плакала па спадару сваім.
Калі скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе ў дом свой, і яна зрабілася жонкаю ягонаю і нарадзіла яму сына. І быў гэты ўчынак, які ўчыніў Давід, благім у вачах Госпада.
Як скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе да дому свайго, і яна стала яго жонкаю, і нарадзіла яму сына. І была ліхая гэтая справа ў ваччу СПАДАРОВЫМ, каторую зрабіў Давід.