2 царстваў 4 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І пачуў Евастэй, сын Саўлаў, што памёр Авэнір у Хэўроне, і апусьціліся рукі ў яго, і ўвесь Ізраіль сумеўся.
 
І пачуў Саўлянок, што памер Аўнір у Гэўроне, і замлелі рукі ягоныя, і ўвесь Ізраель быў спалохаўшыся.

У Евастэя, сына Саўлавага, было два правадыры войска: імя аднаго — Баана і імя другога — Рыхаў, сыны Рэмона Бэерацяніна, з наступнікаў Веньямінавых, бо і Бэерот належаў да Веньяміна.
 
У Саўлянка былі два вайводцы: імя аднаго — Ваана, імя другога — Рыхаў, сыны Рымона Веерофяніна, з патомкаў Веняміновых; бо й Веероф залічылі да Веняміну.

І ўцяклі Бэерацяне ў Гітаім і засталіся там прыхаднямі да сёньня.
 
І ўцяклі Веерофяне да Ґіфаіму, і засталіся там прыходнымі дагэтуль.

У Ёнатана, сына Саўлавага, быў сын кульгавы. Пяць гадоў было яму, калі прыйшла вестка пра Саўла і Ёнатана зь Ізрэеля, і нянька, узяўшы яго, пабегла. І калі яна сьпешна бегла, дык ён упаў і стаўся кульгавы. Імя яго Мэмфівастэй.
 
У Ёнафана Саўлянка быў сын кульгавы. Пяць год было яму, як прышла ведамка праз Саўлу а Ёнафана з Ізрэелю, і нянька панесла яго і ўцякала. І як яна барзьдзіла, уцякаючы, то ён упаў і стаў кульгавы. Імя ягонае Мефівошэф.

І пайшлі сыны Рэмона Бэерацяніна, Рыхаў і Баана, і прыйшлі ў самую дзённую сьпёку да дома Евастэя; а ён спаў на пасьцелі аполудні.
 
І пайшлі сыны Рымона Веерофяніна, Рыхаў а Ваана, і прышлі ў самую гарачыню дня да дому Ішбошэфавага, а ён спаў на пасьцелі паўднём.

Рыхаў і Баана, брат ягоны, увайшлі ў дом, як бы дзеля таго, каб узяць пшаніцы; і ўдарылі яго ў жывот і ўцяклі.
 
І вось, яны прышлі да нутра дому, каб узяць пшонкі; і выцялі яго ў пятую скабу; і Рыхаў а Ваана, брат ягоны, уцяклі.

Калі яны ўвайшлі ў дом, Евастэй ляжаў на пасьцелі сваёй; і яны ўдарылі ў яго, і забілі яго, і адсеклі галаву ў яго, і ўзялі галаву ягоную з сабою, і ішлі пустыннаю дарогаю ўсю ноч;
 
І ўвыйшлі ў дом, і вось, ён ляжыць на пасьцелі сваёй у спальным пакою сваім; і яны выцялі яго, і зрабілі яму сьмерць, і адцялі галаву ягоную, і ўзялі галаву ягоную із сабою, і йшлі пустыннай дарогаю ўсю ноч.

і прынесьлі галаву Евастэя да Давіда ў Хэўрон і сказалі цару: вось галава Евастэя, сына Саўлавага, ворага твайго, які шукаў душы тваёй; сёньня Гасподзь адпомсьціў за гаспадара майго цара Саўлу і нашчадкам ягоным.
 
І прынесьлі галаву Ішбошэфаву да Давіда да Гэўрону, і сказалі каралю: «Во галава Ішбошэфа Саўлянка, непрыяцеля твайго, што шукаў душы твае; і даў СПАДАР сядні спадару майму, каралю, помсту над Саўлам а патомствам ягоным».

І адказваў Давід Рыхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рэмона Бээрацяніна, і сказаў ім: жывы Гасподзь, Які выбавіў душу маю ад усякага смутку!
 
І адказаў Давід Рыхаву а Ваане, брату ягонаму, сыном Рымона Веерофяніна, і сказаў ім: «Жыў СПАДАР, што выбавіў душу маю ад усялякага няшчасьця!»

калі таго, хто прынёс мне вестку, сказаўшы: «вось, памёр Саўл і Ёнатан», і хто лічыў сябе радасным вястуном, я схапіў і забіў яго ў Сэкелагу, замест таго, каб даць яму ўзнагароду,
 
Бо калі таго, хто наказаў імне, кажучы: «Вось, памер Саўла», — і ён быў у сваім собскім аччу, як пасланец, што прыносе добрыя навіны, — я схапіў і забіў яго ў Цыклазе, замест таго, каб даць яму надгароду за дабравесьць;

дык цяпер, калі нягодныя людзі забілі чалавека невінаватага ў ягоным доме на пасьцелі ягонай, няўжо я не спаганю крыві ягонай ад рукі вашай і ня вынішчу вас зь зямлі?
 
Дык пагатове, калі благія людзі забілі справядлівага чалавека ў ягоным собскім доме, на ягонай пасьцелі, нягож я не спаганю крыві ягонае ад рукі вашае і не аддалю вас ізь зямлі?»

І загадаў Давід слугам, і забілі іх, і адсеклі ім рукі і ногі, і павесілі іх над сажалкай у Хэўроне. А галаву Евастэя ўзялі і пахавалі ў магіле Авэніра, у Хэўроне.
 
І расказаў Давід дзяцюком, і забілі іх, і адцялі ім рукі а ногі, і павесілі іх ля ставу ў Гэўроне. А галаву Ішбошэфаву ўзялі й пахавалі ў гробе Аўніровым у Гэўроне.