2 царстваў 5 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І прыйшлі ўсе плямёны Ізраілевыя да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы — косьці твае і плоць твая;
 
І прышлі ўсі плямёны Ізраелявы да Давіда да Гэўрону, і сказалі: «Вось, мы — косьць твая й цела твае.

яшчэ ўчора і заўчора, калі Саўл цараваў над намі, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля; і сказаў Гасподзь табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыром Ізраіля.
 
Таксама ўчорах, таксама заўчора, як Саўла караляваў над намі, ты быў тый, што выводзіў і ўводзіў Ізраеля. І сказаў СПАДАР табе: "Ты будзеш пасьціць люд Мой, Ізраеля, і ты будзеш правадыром над Ізраелям"».

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраіля да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі цар Давід запавет у Хэўроне прад Госпадам; і памазалі Давіда ў цара над Ізраілем.
 
І прышлі ўсі старцы Ізраеля да караля да Гэўрону, і зрабіў зь імі Давід змову ў Гэўроне перад СПАДАРОМ; і памазалі Давіда за караля над Ізраелям.

Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён зацараваў; цараваў сорак гадоў.
 
Трыццаць год было Давіду, як ён пачаў караляваць, і сорак год караляваў.

У Хэўроне цараваў над Юдаю сем гадоў і шэсьць месяцаў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і Юдам.
 
У Гэўроне караляваў над Юдаю сем год а шэсьць месяцаў, і ў Ерузаліме караляваў трыццаць тры гады над усім Ізраелям а Юдаю.

І пайшоў цар і людзі ягоныя на Ерусалім супроць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: ты ня ўзыйдзеш сюды; цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя, — гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід.
 
І пайшоў кароль а людзі ягоныя на Ерузалім супроці Евусэяў, жыхараў таго краю; але казалі Давіду: «Ты ня ўвыйдзеш сюды, бо вось, прысіляць цябе адступіць нявісныя а крываногія». Яны казалі: «Ня ўвыйдзе сюды Давід».

Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.
 
Але Давід узяў горад Сыён, гэта — места Давідава.

І сказаў Давід у той дзень: кожны, забіваючы Евусэяў, хай пабівае дзідаю і кульгавых і сьляпых, якія ненавідзяць душу Давідавую. Таму і гаворыцца: сьляпы і кульгавы ня ўвойдзе ў дом Гасподні.
 
І сказаў Давід таго дня: «Кажны, хто забівае Евусэяў і дабярэцца да латакоў, хай забівае й кульгавых а нявісных, што ненавідзяць душу Давідаву». Затым кажуць: «Нявісныя а крываногія ня ўвыйдуць у дом».

І асяліўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым, і адбудаваў вакол ад Міла і ўсярэдзіне.
 
І асяліўся Давід у горадзе, і назваў яго местам Давідавым, і забудаваў навокал ад Міла ўнутры.

І меў посьпех Давід і ўзьвялічваўся, і Гасподзь Бог Саваоф быў зь ім.
 
І Давід ішоў наперад, і рос вялікі, і СПАДАР Бог войскаў ізь ім.

І прыслаў Хірам, цар Тырскі, паслоў да Давіда і кедровыя дрэвы і цесьляроў і муляроў, і яны збудавалі дом Давіду.
 
І прыслаў Гірам, кароль Тырскі, паслоў да Давіда, і кедры, і цесьляў, і муляроў, і яны пастанавілі дом Давіду.

І зразумеў Давід, што Гасподзь сьцвердзіў яго царом над Ізраілем і што ўзвысіў царства ягонае дзеля народу Свайго Ізраіля.
 
І ўцяміў Давід, што СПАДАР зацьвердзіў яго за караля над Ізраелям і што ўзвышыў гаспадарства ягонае дзеля люду Свайго, Ізраелю.

І ўзяў Давід яшчэ наложніц і жонак зь Ерусаліма, пасьля таго, як прыйшоў з Хэўрона.
 
І ўзяў Давід яшчэ мамошкі а жонкі зь Ерузаліму, просьле тога, як прышоў з Гэўрону. І радзіліся яшчэ ў Давіда сыны й дачкі.

І нарадзіліся яшчэ ў Давіда сыны і дочкі. І вось імёны народжаных ім у Ерусаліме: Самус і Соваў, і Натан і Саламон,
 
І во ймёны тых, што радзіліся ў яго ў Ерузаліме: Шамуа а Шоваў а Нафан а Салямон

і Эвэар і Элісуа, Нафэк і Яфія,
 
А Іўгар а Елішуа а Нефеґ а Яфа

і Элісама і Элідае і Эліфалэт.
 
А Елішама а Еляда а Еліфелеф.

Калі Філістымляне дачуліся, што Давіда памазалі на царства над Ізраілем, дык падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід і пайшоў у крэпасьць.
 
І пачулі Пілішчане, што памазалі Давіда за караля над Ізраелям, і ўзышлі ўсі Пілішчане шукаць Давіда. І пачуў Давід, і зышоў да гораду.

А Філістымляне прыйшлі і атабарыліся ў даліне Рэфаім.
 
А Пілішчане прышлі й разьлягліся ў даліне Рэфаім.

І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў? ці аддасі іх мне ў рукі? І сказаў Гасподзь Давіду: ідзі, бо Я аддам Філістымлянаў у рукі твае.
 
І папытаўся Давід у СПАДАРА, кажучы: «Ці йсьці імне супроці Пілішчан? ці аддасі іх у рукі мае?» І сказаў СПАДАР Давіду: «Узыйдзі, бо Я напэўна аддам Пілішчан у рукі твае».

І пайшоў Давід у Ваал-Пэрацым і пабіў іх там, і сказаў Давід: Гасподзь разьнёс ворагаў маіх перад мною, як разносіцца вада. Таму і мясьціне той дадзена імя Ваал-Пэрацым.
 
І прышоў Давід да Ваал-Перацыму, і пабіў іх там Давід, і сказаў: «СПАДАР праламіў непрыяцеляў маіх перад імною, як ломе вада». Затым і названа імя месца гэнага Ваал-Перацым.

І пакінулі там Філістымляне балваноў сваіх, а Давід зь людзьмі сваімі ўзяў іх.
 
І пакінулі там балваны свае, а Давід ізь людзьмі сваімі панесьлі іх.

І прыйшлі зноў Філістымляне, і разьмясьціліся ў даліне Рэфаім.
 
І далей узыходзілі Пілішчаяе, і разьлягліся ў даліне Рэфаім.

І спытаўся Давід у Госпада. І Ён адказваў яму: ня выходзь насустрач ім, а зайдзі ім з тылу і йдзі да іх з боку тутавага гаю;
 
І папытаўся Давід у СПАДАРА, і Ён сказаў: «Ня ўзыходзь наўпярэймы ім, а зайдзі ім адзаду, і прыйдзеш да іх насупроці тутавых дзерваў.

і калі пачуеш шум, як бы калі хто ідзе па вершалінах тутавых дрэў, дык рушай, бо тады пойдзе Гасподзь перад табою, каб пабіць войска Філістымскае.
 
І як пачуеш шастаньне ступеняў па вярхох тутавых дзерваў, то ўшчоль, бо тады пайшоў СПАДАР перад табою, каб паразіць табар Пілісцкі».

І зрабіў Давід, як загадаў яму Гасподзь, і пабіў Філістымлянаў ад Гаваі да Газэра.
 
І зрабіў Давід, як расказаў яму СПАДАР, і пабіў Пілішчан ад Ґевы аж да ўходу твайго да Ґезэру.