2 царстваў 5 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І прыйшлі ўсе плямёны Ізраілевыя да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы — косьці твае і плоць твая;
 
І прыйшлі ўсе калены Ізраіля да Давіда ў Хеўрон, і сказалі: «Вось, мы — косткі твае і цела тваё.

яшчэ ўчора і заўчора, калі Саўл цараваў над намі, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля; і сказаў Гасподзь табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыром Ізраіля.
 
Яшчэ ўчора і пазаўчора, калі Саўл валадарыў над намі, ты выводзіў і прыводзіў назад Ізраіля. І ГОСПАД сказаў табе: “Ты будзеш пасьвіць народ Мой, Ізраіля, і ты будзеш правадыром Ізраіля”».

І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраіля да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі цар Давід запавет у Хэўроне прад Госпадам; і памазалі Давіда ў цара над Ізраілем.
 
І прыйшлі да валадара ў Хеўрон усе старшыні Ізраіля, і валадар Давід заключыў з імі запавет у Хеўроне перад абліччам ГОСПАДА. І памазалі Давіда на валадара над Ізраілем.

Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён зацараваў; цараваў сорак гадоў.
 
Трыццаць гадоў меў Давід, калі пачаў валадарыць, і сорак гадоў валадарыў.

У Хэўроне цараваў над Юдаю сем гадоў і шэсьць месяцаў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і Юдам.
 
У Хеўроне над Юдам ён валадарыў сем гадоў і шэсьць месяцаў, а ў Ерусаліме валадарыў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і над Юдам.

І пайшоў цар і людзі ягоныя на Ерусалім супроць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: ты ня ўзыйдзеш сюды; цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя, — гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід.
 
Валадар і ўсе людзі, якія былі з ім, вырушылі на Ерусалім супраць Евусэяў, жыхароў зямлі гэтай. А тыя сказалі Давіду, кажучы: «Ня ўвойдзеш ты сюды, бо выганяць цябе сьляпыя і кульгавыя». Гэта значыла: «Ня ўвойдзе сюды Давід».

Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.
 
Але Давід здабыў крэпасьць Сыён, і ён [стаў] горадам Давіда.

І сказаў Давід у той дзень: кожны, забіваючы Евусэяў, хай пабівае дзідаю і кульгавых і сьляпых, якія ненавідзяць душу Давідавую. Таму і гаворыцца: сьляпы і кульгавы ня ўвойдзе ў дом Гасподні.
 
І сказаў Давід у той дзень: «Кожны, хто ваюе з Евусэямі, няхай ідзе праз вадаспад, і няхай [дабярэцца] да кульгавых і сьляпых, якіх ненавідзіць душа Давіда». Таму кажуць [у прыказцы]: «Сьляпы і кульгавы ня ўвойдуць у дом».

І асяліўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым, і адбудаваў вакол ад Міла і ўсярэдзіне.
 
І абжыўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давіда. І адбудаваў Давід яго кругом ад Мілло і да дому [свайго].

І меў посьпех Давід і ўзьвялічваўся, і Гасподзь Бог Саваоф быў зь ім.
 
І Давід ставаўся штораз магутнейшы, і ГОСПАД, Бог Магуцьцяў, [быў] з ім.

І прыслаў Хірам, цар Тырскі, паслоў да Давіда і кедровыя дрэвы і цесьляроў і муляроў, і яны збудавалі дом Давіду.
 
І паслаў Хірам, валадар Тыру, пасланцоў да Давіда, і дрэва кедровае, і цесьляроў, і муляроў, каб пабудавалі дом Давіду.

І зразумеў Давід, што Гасподзь сьцвердзіў яго царом над Ізраілем і што ўзвысіў царства ягонае дзеля народу Свайго Ізраіля.
 
І даведаўся Давід, што ГОСПАД паставіў яго валадаром над Ізраілем і што Ён узвысіў валадараньне ягонае дзеля народу Свайго, Ізраіля.

І ўзяў Давід яшчэ наложніц і жонак зь Ерусаліма, пасьля таго, як прыйшоў з Хэўрона.
 
І ўзяў Давід яшчэ наложніцаў і жонак у Ерусаліме пасьля таго, як перасяліўся з Хеўрону. І яны нарадзілі Давіду яшчэ сыноў і дочак.

І нарадзіліся яшчэ ў Давіда сыны і дочкі. І вось імёны народжаных ім у Ерусаліме: Самус і Соваў, і Натан і Саламон,
 
Вось імёны тых, якія нарадзіліся ў яго ў Ерусаліме: Шамуа, Шаваў, Натан і Салямон,

і Эвэар і Элісуа, Нафэк і Яфія,
 
Ібхар, Элішуа, Нэфэг і Яфія,

і Элісама і Элідае і Эліфалэт.
 
Элішама, Эліяда і Эліфалет.

Калі Філістымляне дачуліся, што Давіда памазалі на царства над Ізраілем, дык падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід і пайшоў у крэпасьць.
 
І пачулі Філістынцы, што Давіда памазалі на валадара над Ізраілем, і сабраліся ўсе Філістынцы, каб шукаць Давіда. І Давід пачуў [пра гэта], і ўвайшоў у крэпасьць.

А Філістымляне прыйшлі і атабарыліся ў даліне Рэфаім.
 
І Філістынцы прыйшлі, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.

І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў? ці аддасі іх мне ў рукі? І сказаў Гасподзь Давіду: ідзі, бо Я аддам Філістымлянаў у рукі твае.
 
І пытаўся Давід у ГОСПАДА, кажучы: «Ці пайсьці мне на Філістынцаў? Ці Ты аддасі іх у рукі мае?» І ГОСПАД сказаў Давіду: «Ідзі, бо Я аддам Філістынцаў у рукі твае».

І пайшоў Давід у Ваал-Пэрацым і пабіў іх там, і сказаў Давід: Гасподзь разьнёс ворагаў маіх перад мною, як разносіцца вада. Таму і мясьціне той дадзена імя Ваал-Пэрацым.
 
І пайшоў Давід у Баал-Пэрацым, і разьбіў іх там Давід, і сказаў: «Разьдзяліў ГОСПАД ворагаў маіх перад абліччам маім, як разьдзяляюцца воды». Таму тое месца названае Баал-Пэрацым.

І пакінулі там Філістымляне балваноў сваіх, а Давід зь людзьмі сваімі ўзяў іх.
 
І пакінулі яны там ідалаў сваіх, і захапілі іх Давід і людзі ягоныя.

І прыйшлі зноў Філістымляне, і разьмясьціліся ў даліне Рэфаім.
 
І прыйшлі зноў Філістынцы, і разлажыліся ў даліне Рэфаім.

І спытаўся Давід у Госпада. І Ён адказваў яму: ня выходзь насустрач ім, а зайдзі ім з тылу і йдзі да іх з боку тутавага гаю;
 
І Давід пытаўся ў ГОСПАДА, і Ён сказаў: «Не выходзь, але абыйдзі іх кругом і выйдзі да іх з боку дрэваў бальзамовых.

і калі пачуеш шум, як бы калі хто ідзе па вершалінах тутавых дрэў, дык рушай, бо тады пойдзе Гасподзь перад табою, каб пабіць войска Філістымскае.
 
І калі пачуеш гук крокаў на вершалінах дрэваў бальзамовых, сьпяшайся, бо тады выйдзе ГОСПАД перад абліччам тваім, каб разьбіць табар Філістынскі».

І зрабіў Давід, як загадаў яму Гасподзь, і пабіў Філістымлянаў ад Гаваі да Газэра.
 
І зрабіў Давід так, як загадаў яму ГОСПАД, і перамог Філістынцаў ад Гевы аж да ўваходу ў Гэзэр.