2 царстваў 18 разьдзел

Другая кніга царстваў
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І агледзеў Давід людзей, якія былі зь ім і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.
 
І палічыў Давід людзёў, што былі зь ім, і пастанавіў над імі тысячнікаў а сотнікаў.

І выправіў Давід людзей — трэцюю частку пад рукою Ёава, трэцюю частку пад рукою Авэсы, сына Саруінага, брата Ёава, трэцюю частку пад рукою Этэя Гэцяніна. І сказаў цар людзям: я сам пайду з вамі.
 
І паслаў Давід людзёў — трайціну пад рукою Ёава, трайціну пад рукою Авішая Цэруёнка, брата Ёававага, трайціну рад рукою Іффая Ґаффяніна. І сказаў кароль люду: «Я сам пайду, пайду з вамі».

Але людзі адказвалі яму: не хадзі; бо, калі мы і пабяжым, дык ня зьвернуць увагі на гэта; калі і памрэ палавіна з нас, таксама ня зьвернуць увагі; а ты адзін тое самае, што нас дзесяць тысяч; дык вось, нам лепей, каб ты дапамагаў нам з горада.
 
І сказаў люд: «Не хадзі, бо калі мы бегма ўцячэм, то ня зьвернуць увагі на нас; калі й памрэць палавіца з нас, таксама ня зьвернуць увагі на нас; а ты адзін тое ж, што нас дзесяць тысячаў; дык валей памагай нам ізь места».

І сказаў ім цар: што спадобнае ў вачах вашых, тое і зраблю. І стаў цар каля брамы, і ўвесь народ выходзіў па сотнях і па тысячах.
 
І сказаў ім кароль: «Я зраблю, што добрае ў вачох вашых». І стаў кароль ля брамы, а ўвесь люд выходзіў сотнямі а тысячамі.

І загадаў цар Ёаву і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопца Авэсалома. І ўсе людзі чулі, як загадваў цар усім правадырам пра Авэсалома.
 
І расказаў кароль Ёаву а Авішаю а Іффаю, кажучы: «Абходзьцеся кунежна дзеля мяне з маладзёнам, з Аўсаломам». І ўсі людзі чулі, як расказаваў кароль усім вайводцам праз Аўсалома.

І выйшлі людзі ў поле на сустрэчу Ізраільцянам, і была бітва ў лесе Яфрэмавым.
 
І вышаў люд у поле наўпярэймы Ізраелю, і была бітва ў лесе Яхрэмавым.

І быў разьбіты народ Ізраільскі рабамі Давідавымі; было там пабоішча вялікае ў той дзень, — забітых дваццаць тысяч.
 
І былі паражаны там люд Ізраельскі слугамі Давідавымі; і была там гэна параза вялікая таго дня, — дваццаць тысячаў.

Бітва пашырылася па ўсёй той краіне, і лес загубіў народу болей, чым колькі зьнішчыў меч, у той дзень.
 
І была там бітва пашырыўшыся па ўсёй тэй зямлі; і пажэр лес ізь люду болей, чымся колькі пажэр меч таго дня.

І сустрэўся Авэсалом з рабамі Давідавымі; ён быў на муле. Калі мул убег зь ім пад гольле вялікага дуба, дык Авэсалом падчапіўся валасамі сваімі за вецьце дуба і павіс паміж небам і зямлёю, а мул, які быў пад ім, зьбег.
 
І лучыла Аўсалому стрэцца із слугамі Давідавымі; а Аўсалом ехаў конна на муле. І ўбег мул пад галіну вялікага дуба, і зачапілася галава ягоная за дуб, і павіс памеж неба й зямлі, а мул, быты пад ім, перабег.

І ўбачыў гэта нехта і данёс Ёаву, кажучы: вось, я бачу Авэсалома, што вісіць ён на дубе.
 
І абачыў гэта хтось, і наказаў Ёаву, і сказаў: «Вось, я бачыў Аўсалома, што вісіць на дубе».

І сказаў Ёаў чалавеку, які данёс пра гэта: вось, ты бачыў; чаму ж ты не апусьціў яго там на зямлю? я даў бы табе дзесяць сікляў срэбра і адзін пояс.
 
І сказаў Ёаў чалавеку, каторы наказаў яму: «А вось, ты бачыў, то чаму ж ты не паразіў яго там на зямлю? Я меў бы даць табе дзесяць сыкляў срэбра і адзін пояс».

І адказваў той Ёаву: калі б паклалі на рукі мае і тысячу сікляў срэбра, і тады я не падняў бы рукі на царскага сына; бо ўголас нам цар загадваў табе і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопчыка Авэсалома;
 
І адказаў чалавек тый Ёаву: «Калі б адважылі на даланю маю й тысяча сыкляў срэбра, і тады я не падняў бы рукі на каралеўскага сына; бо мы чулі, як расказаў кароль табе а Авішаю а Іффаю, кажучы: "Захавайце маладзёна Аўсалома".

і калі б я зрабіў інакш зь небясьпекаю жыцьцю майму, дык гэта ня ўтоілася б ад цара, і ты ж паўстаў бы супроць мяне.
 
Хоць бы я хацеў дапусьціць супроці душы свае няпраўду, то ніякае слова не схавана ад караля; і ты ж паўстаў бы супроці».

Ёаў сказаў: няма чаго мне марудзіць з табою. І ўзяў у рукі тры стралы і ўсадзіў іх у сэрца Авэсалому, які быў яшчэ жывы на дубе.
 
Ёаў сказаў: «Няма чаго імне длякацца з табою». І ўзяў у рукі тры дзіды, і ўсадзіў іх у сэрца Аўсалому, каторы быў яшчэ жывы па сярэдзіне дуба.

І абступілі Авэсалома дзесяць хлопцаў, збраяносцаў Ёава, і забілі і ўсьмерцілі яго.
 
І абступілі Аўсалома дзесяцёх дзяцюкоў, збрайношаў Ёававых, і паразілі Аўсалома, і зрабілі сьмерць яму.

І затрубіў Ёаў у трубу, і вярнуліся людзі з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў шкадаваў народ.
 
І затрубіў Ёаў у трубу, і зьвярнуліся людзі з пагону за Ізраелям; бо Ёаў задзяржаў люд.

І ўзялі Авэсалома, і ўкінулі яго ў лесе ў глыбокую яму, і накідалі на ім вялікую крушню. І ўсе Ізраільцяне разьбегліся, кожны ў намёт свой.
 
І ўзялі Аўсалома, і кінулі яго ў лесе ў глыбокую яму, і накідалі над ім вельмі вялікую крушню каменьня. А ўсі Ізраяляне ўцяклі, кажны да будану свайго.

Авэсалом яшчэ пры жыцьці сваім узяў і паставіў сабе помнік у царскай даліне; бо сказаў ён: няма ў мяне сына, каб захаваць памяць імя майго. І назваў помнік сваім імем. І называецца ён «помнік Авэсалома» да сёньня.
 
Аўсалом яшчэ за жыцьця свайго ўзяў і пастанавіў сабе помнік у каралеўскай даліне; бо сказаў ён: «Няма ў мяне сына, каб помнелі імя мае». І назваў помнік сваім імям. І завецца ён дагэтуль: «Помнік Аўсаломаў».

Ахімаас, сын Садокаў, сказаў Ёаву: пабягу я, паведамлю цару, што Гасподзь судом сваім выбавіў яго ад рук ворагаў ягоных.
 
І Агімаас Садочонак сказаў: «Пабягу я, накажу каралю, што СПАДАР судзіў выбавіць яго з рук варагоў ягоных».

Але Ёаў сказаў яму: ня будзеш ты сёньня добрым весьнікам; абвесьціш іншым днём, а ня сёньня, бо памёр сын цара.
 
І сказаў яму Ёаў: «Не чалавек дабравесьці ты сядні, накажы гэта другога дня, бо сядні ты не прынясеш добрае навіны, бо памер сын каралеўскі».

і сказаў Ёаў Хусію: ідзі, данясі цару, што бачыў ты. І пакланіўся Хусій Ёаву і пабег.
 
І сказаў Ёаў Кушыту: «Пайдзі, накажы каралю, што бачыў ты». І пакланіўся Кушыт Ёаву, і пабег.

Але і Ахімаас, сын Садокаў, настойваў і казаў Ёаву: што б ні было, але і я пабягу за Хусіем. А Ёаў адказваў: навошта бегчы табе, сыне мой? не прынясеш ты добрай весткі.
 
Але Агімаас Садачонак упіраўся й казаў Ёаву: «Што хоця хай будзе, але й я пабягу за Кушытам». Ёаў жа адказаў: «Нашто бегчы табе, сыну мой, не прынясеш ты добрае навіны».

І сказаў Ахімаас: хай так, але я пабягу. І сказаў яму Ёаў: бяжы. І пабег Ахімаас напрасткі па дарозе і апярэдзіў Хусія.
 
«Няхай сабе, — сказаў ён, — але я пабягу». І сказаў яму: «Бяжы». І пабег Агімаас дарогаю раўніны, і выперадзіў Кушыта.

Давід тады сядзеў паміж дзьвюма брамамі. І вартаўнік падняўся на дах брамы да сьцяны і, падняўшы вочы, убачыў: вось, бяжыць адзін чалавек.
 
Давід тады сядзеў памеж дзьвюх брамаў. А вартаўнік узышоў на страху брамы да сьцяны, і ўзьняў вочы свае, і абачыў: вось, бяжыць асобна чалавек.

І закрычаў вартаўнік і абвясьціў цару. І сказаў цар: калі адзін, дык вестка ў вуснах ягоных. А той падыходзіў усё бліжэй і бліжэй.
 
І закрычэў вартаўнік, і азнайміў каралю. І сказаў кароль: «Калі асобна, то ведамка ў вуснах ягоных». А тый падыходзіў усе бліжэй а бліжэй.

Вартаўнік убачыў і другога чалавека, які бег; і закрычаў вартаўнік брамніку: вось, яшчэ бяжыць адзін чалавек. Цар сказаў: і гэта — весьнік.
 
Вартаўнік абачыў і другога чалавека бягучага; і закрычэў вартаўнік брамніку: «Вось, бяжыць адзін чалавек асобна!» Кароль сказаў: «І гэта — пасланец ізь ведамкаю».

Вартаўнік сказаў: я бачу паходку першага, падобную на паходку Ахімааса, сына Садокавага. І сказаў цар: гэты чалавек добры і йдзе з добраю весткаю.
 
Вартаўнік сказаў: «Я бачу бягу першага, падобную да бягі Агімааса Садачонка». І сказаў кароль: «Гэта чалавек добры, і прыносе добрую навінý».

І ўсклікнуў Ахімаас і сказаў цару: мір. І пакланіўся цару тварам сваім да зямлі і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які выдаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго цара!
 
Крыкнуў Агімаас, і сказаў каралю: «Супакой!» І пакланіўся каралю відам сваім да зямлі, і сказаў: «Дабраславёны СПАДАР, Бог твой, Каторы аддаў табе людзёў, што паднялі рукі свае на спадара майго, караля».

І сказаў цар: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Ахімаас: я бачыў вялікае хваляваньне, калі раб цароў Ёаў пасылаў раба твайго; але я ня ведаю, што было.
 
І сказаў кароль: «Ці маладзён Аўсалом добра маецца?» І сказаў Агімаас: «Я бачыў вялікі груд, як слуга каралёў, Ёаў, паслаў слугу каралёвага й твайго слугу, але я ня ведаю, што было».

І сказаў цар: адыдзі, стань тут. Ён адышоў і стаў.
 
І сказаў кароль: «Адвярніся, стань тут». Ён адвярнуўся й стаў.

Вось, прыйшоў і Хусій. І сказаў Хусій: добрая вестка гаспадару майму цару! Гасподзь явіў табе сёньня праўду ў выбаўленьні ад рук усіх паўсталых супроць цябе.
 
Вось, прышоў і Кушыт. І сказаў Кушыт: «Добрал ведамка спадару майму, каралю! бо СПАДАР рассудзіў сядні выбавіць цябе ад рукі ўсіх, паўсталых супроці цябе».

І сказаў цар Хусію: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Хусій: хай будзе з ворагамі гаспадара майго цара і з усімі зламысьнікамі тваімі тое самае, што сталася з хлопцам!
 
І сказаў кароль Кушыту: «Ці добра маецца маладзён Аўсалом?» І сказаў Кушыт: «Хай будзе, як маладзёну, усім непрыяцелям спадара майго, караля, і ўсім паўстаючым супроці цябе зь ліхам».

І сумеўся цар, і пайшоў у сьвятліцу над брамаю, і плакаў, і калі ішоў, казаў так: сыне мой Авэсаломе! сыне мой, сыне мой Авэсаломе! о, хто даў бы мне памерці замест цябе, Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!
 
І парушыўся кароль, і ўзышоў да пакою над брамаю, і плакаў, і, як йшоў, гэтак гукаў: «Сыну мой Аўсаломе! сыну мой, сыну Аўсаломе! Каб я памер замест цябе, Аўсаломе, сыну мой, сыну мой!»