Захарыі 5 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

І зноў узьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось ляціць скрутак.
 
І я павярнуўся, і ўзьняў вочы мае, і ўбачыў, і вось, скрутак, які ляціць.

І сказаў ён мне: што ты бачыш? Я адказваў, бачу, ляціць скрутак; даўжыня яго дваццаць локцяў, а шырыня яго дзесяць локцяў.
 
І ён сказаў мне: “Што ты бачыш?” І я адказаў: “Бачу скрутак, які ляціць. Даўжыня ягоная — дваццаць локцяў, а шырыня ягоная — дзесяць локцяў”.

Ён сказаў мне: гэта праклён, які ідзе на твар усёй зямлі; бо кожны, хто крадзе, будзе зьнішчаны, як напісана на адным баку, і кожны, хто прысягае ілжыва, зьнішчаны будзе, як напісана на другім баку.
 
І ён сказаў мне: “Гэта праклён, які выходзіць на аблічча зямлі; бо кожны, хто крадзе, паводле [напісанага] гэтага будзе зьнішчаны, і кожны, хто прысягае [фальшыва], паводле [напісанага] гэтага будзе зьнішчаны.

Я навёў яго, кажа Гасподзь Саваоф, і ён увойдзе ў дом злодзея і ў дом кляцьбіта Маім імем ілжыва і застанецца ў доме ў яго, і зьнішчыць яго і дрэвы ягоныя і камяні ягоныя.
 
Я навяду [праклён], кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і ён прыйдзе ў дом злодзея і ў дом таго, хто прысягае ў імя Маё хлусьліва, і заначуе ў сярэдзіне дому ягонага, і выгубіць яго, і дрэва ягонае, і камяні ягоныя”.

І выйшаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: узьвядзі яшчэ вочы твае і падзівіся, што гэта выходзіць?
 
І выйшаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: “Узьнімі, прашу, вочы Твае і паглядзі, што гэта выходзіць”,

Калі ж я сказаў: што гэта? Ён адказваў: гэта выходзіць эфа, і сказаў: гэта — вобраз іх па ўсёй зямлі.
 
І я сказаў: “Што гэта?” І ён сказаў: “Гэта эфа выходзіць”. І сказаў: “Гэта вока іхняе ў-ва ўсёй зямлі”.

І вось, кавалак сьвінца падняўся, і там сядзела адна жанчына пасярэдзіне эфы.
 
І вось накрыўка з волава паднялася, і вось, жанчына нейкая сядзіць у сярэдзіне эфы.

І сказаў ён: гэтая жанчына — сама бязбожнасьць, і кінуў яе ўсярэдзіну эфы, а на адтуліну яе кінуў сьвінцовы кавалак
 
І ён сказаў: “Гэта нягоднасьць”; і кінуў яе ў сярэдзіну эфы, і кінуў кавалак волава на адтуліну ейную.

І ўзьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось, зьявіліся дзьве жанчыны, і вецер быў у крылах у іх, і крылы ў іх — як крылы ў бусла; паднялі яны эфу і панесьлі яе паміж зямлёю і небам.
 
І я ўзьняў вочы мае, і глядзеў, і вось, дзьве жанчыны ходзяць, і вецер [быў] у крылах іхніх, і гэтыя крылы — як крылы бусла; і яны паднялі эфу паміж зямлёй і небам.

І сказаў я анёлу, які гаварыў са мною: куды нясуць яны гэтую эфу?
 
І я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Куды яны нясуць эфу гэтую?”

Тады сказаў ён мне: каб зладзіць ёй дом у зямлі Сэнаар, і калі будзе ўсё падрыхтавана, дык яна паставіцца там на сваёй аснове.
 
І ён сказаў мне: “Каб пабудаваць ёй дом у зямлі Шынаар, і ён будзе падрыхтаваны, і яе паставяць там на месца ейнае”.