1 Яна 1 разьдзел

Першае пасланьне Яна
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Аб Тым, Хто быў ад пачатку, Каго мы чулі, Каго ба́чылі сваімі вачыма, да Каго прыглядаліся і да Каго датыкаліся рукі нашыя, аб Слову Жыцьця,
 
Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі вачыма нашымі, што разглядалі і да чаго дакраналіся рукі нашыя, пра Слова жыцьця.

і Жыцьцё быў зьяўлены, і мы бачылі, і мы сьведчым, і мы абвяшчаем вам Гэтага Жыцьцё Ве́чнага, Які быў у Ба́цькі і зьяўлены нам.
 
І жыцьцё зьявілася, і мы бачылі, і сьведчым, і абвяшчаем вам гэтае жыцьцё вечнае, якое было ў Айца і зьявілася нам.

Каго мы ба́чылі і чулі абвяшчаем вам, каб і вы мелі лучнасьць з намі, а наша ж лучнасьць — з Ба́цькам і з Сынам Ягоным, Ісусам Хрыстом.
 
Што мы бачылі і чулі, абвяшчаем вам, каб і вы мелі супольнасьць з намі; а нашая супольнасьць — з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

І гэтае пішам вам, каб радасьць наша была поўная.
 
І гэтае пішам вам, каб радасьць вашая была поўная.

І гэткае ёсьць абвяшчэньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам: Бог ёсьць Сьвятло, і няма ў Ім ніякае цемры.
 
І вось тое абяцаньне, якое мы чулі ад Яго і абвяшчаем вам, — Бог ёсьць сьвятло, і няма ў Ім аніякае цемры.

Калі скажам, што маем лучнасьць зь Ім, а ходзім у цемры, дык ма́нім і ня чынім праўды.
 
Калі мы кажам, што маем супольнасьць з Ім, і ходзім у цемры, хлусім і ня робім праўды.

А калі ходзім у сьвятле, падобна як Ён ёсьць у сьвятле, дык маем лучнасьць між сабою, і Кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.
 
А калі ходзім у сьвятле, як Ён у сьвятле, маем супольнасьць між сабою, і кроў Ісуса Хрыста, Сына Ягонага, ачышчае нас ад усякага грэху.

Калі, ска́жам, што ня маем грэху, ашукваем самых сябе, і няма ў нас праўды
 
Калі кажам, што ня маем грэху, падманваем саміх сябе, і праўды няма ў нас.

Калі вызнаём грахі нашыя, (дык) Ён — верны і праведны, каб дараваць нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці.
 
Калі вызнаем грахі нашыя, Ён верны і праведны, каб дараваць нам грахі і ачысьціць нас ад усякае няправеднасьці.

Калі ска́жам, што мы ня саграшылі, (дык) робім Яго ілгуном, і Слова Ягонага няма ў нас.
 
Калі кажам, што мы не грашым, робім хлусам Яго, і слова Ягонага няма ў нас.