Лявіт 13 разьдзел
Лявіт
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2017
І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:
Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:
калі ў каго выхапіцца на скуры цела ягонага пухліна, альбо лішаі, альбо пляма, і на скуры цела ягонага зробіцца як бы струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да Аарона сьвятара, альбо да аднаго з сыноў ягоных, сьвятароў;
«Калі ў якога чалавека на скуры цела з’явіцца пухліна, або гнайнік, або белая пляма, што ёсць рана праказы, то хай прывядуць яго да Аарона святара, або да аднаго з сыноў яго, святароў.
сьвятар агледзіць струплю на скуры цела, і калі валасы на струплі зьмяніліся на белыя, і струпля паглыбленая ў скуру цела ягонага, дык гэта струпля праказы: сьвятар, агледзеўшы яго, абвесьціць яго нячыстым.
Калі той убачыць, што на скуры рана і валасы змянілі колер на белы ды сам выгляд плямы паглыбіцца на скуры цела, — гэта рана праказы; калі святар убачыць гэта, хай прызнае яго нячыстым.
А калі на скуры цела ягонага пляма белая, але яна не заглыбленая ў скуру, і валасы на ёй не зьмяніліся на белыя, дык сьвятар таго, хто мае струплю, павінен затачыць на сем дзён;
Калі аднак пляма на скуры будзе белая, але не ўглыбілася ў цела, ды валасы ранейшага колеру, то святар адасобіць яго на сем дзён.
на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі струпля застаецца ў сваім выглядзе і не пашыраецца струпля па скуры, дык сьвятар павінен затачыць яго яшчэ на сем дзён;
Сёмага дня агледзіць яго. Калі святар сцвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры па-за ранейшыя межы, то адасобіць яго яшчэ на сем дзён.
на сёмы дзень сьвятар зноў агледзіць яго, і калі струпля менш прыкметная і не пашырылася струпля па скуры, дык сьвятар павінен абвясьціць яго чыстым: гэта лішай, і няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты.
Пасля сямі дзён зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнее і не пашырыцца на скуры, то святар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай чалавек вымые адзенне сваё і будзе чысты.
А калі лішаі пачнуць пашырацца па скуры, пасьля таго як ён зьяўляўся да сьвятара дзеля ачышчэньня, дык ён другі раз павінен зьявіцца да сьвятара;
Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасля таго, як ён быў агледжаны святаром і вернуты на ачышчэнне, хай зноў прывядуць [чалавека] да яго,
сьвятар, убачыўшы, што лішаі пашыраюцца па скуры, абвяшчае яго нячыстым: гэта праказа.
і калі ён убачыць, што [усё] так і ёсць, прызнае яго нячыстым; гэта праказа.
Калі будзе на кім струпля праказы, дык трэба прывесьці яго да сьвятара;
Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, прывядуць яго да святара.
сьвятар агледзіць, і калі пухліна на скуры белая, і валасы зьмяніліся на белыя, і на пухліне жывое мяса,
Святар агледзіць яго, і калі на скуры яго ёсць белая пухліна, парослая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,
дык гэта застарэлая праказа на скуры цела ягонага; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым і заточыць яго, бо ён нячысты.
хай прызнаюць застарэлую праказу, што вырасла на скуры. Тады святар прызнае яго нячыстым і не адасобіць яго, бо гэта відавочная нячыстасць.
А калі праказа распусьціцца па скуры, і пакрые праказа ўсю скуру хворага ад галавы ягонай да ног, колькі могуць бачыць вочы сьвятаровыя,
Калі ж праказа расцвіце шырока на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы святара,
і ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, — дык ён абвесьціць хворага чыстым, бо ўсё ператварылася ў белае: ён чысты.
ды ўбачыць святар яго, што праказа пакрыла ўсё цела яго, то ён аб’явіць хворага чыстым, таму што ўсё перамянілася ў белае; ён чысты.
А калі выявіцца на ім жывое мяса, дык ён нячысты;
Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён будзе нячысты.
сьвятар, убачыўшы жывое мяса, абвесьціць яго нячыстым; жывое мяса нячыстае: гэта праказа.
Святар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.
А калі жывое мяса зьменіцца і ператворыцца ў белае, няхай ён прыйдзе да сьвятара;
Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да святара,
сьвятар агледзіць яго, і калі струпля ператварылася ў белае, сьвятар абвесьціць хворага чыстым: ён чысты.
які, агледзеўшы гэта, прызнае яго чыстым; ён чысты.
Калі ў каго на скуры цела быў пухір і загоіўся,
Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,
і на месцы пухіра зьявілася белая пухліна, альбо пляма белая, альбо чырванаватая, дык ён павінен зьявіцца да сьвятара;
але на месцы скулы з’явіцца белая пухліна або чырвоная пляма, то [гэты] чалавек павінен паказацца святару.
сьвятар агледзіць яго, і калі яна будзе ніжэй скуры, і валасы яго зьмяніліся на белыя, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы, яна распусьцілася на пухіры;
Калі той убачыць, што месца плямы паглыблена адносна скуры і валасы змянілі колер на белы, ён прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацвіла на скуле.
а калі сьвятар убачыць, што валасы на ёй белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;
Калі ж валасы ранейшага колеру, і рана цемнаватая, і скура паблізу не сапсаваная, хай адасобіць яго на сем дзён.
калі яна пачне вельмі пашырацца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля;
Калі ж яна разрасцецца, то святар прызнае на ім праказу. Гэта бо хвароба праказы.
а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца, дык гэта запаленьне пухіра, і сьвятар абвесьціць яго чыстым.
Калі, аднак, пляма застанецца на тым самым месцы і не пашырыцца, то гэта рана на скуле, і святар прызнае яго чыстым.
Альбо калі ў каго на скуры цела будзе абпаліна, і на месцы загоенай абпаліны будзе чырванаватая альбо белая пляма,
Калі хто мае на сваёй скуры апёк, ды калі на месцы апёку паявіцца чырвоная або белая пляма,
і сьвятар убачыць, што валасы на пляме зьмяніліся на белыя, і яна будзе заглыбленая ў скуры, дык гэта праказа, яна распусьцілася на абпаліне; і сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;
дык святар агледзіць яго. І вось, валасы змянілі колер на белы, і месца яе паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць гэта праказа, якая зацвіла на апёку; святар прызнае яго нячыстым, бо гэта хвароба праказы з’явілася на ране.
а калі сьвятар убачыць, што валасы на пляме ня белыя, і яна ня ніжэй скуры, і прытым мала прыкметная, дык сьвятар заточыць яго на сем дзён;
Калі, аднак, святар сцвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнелая, дык святар адасобіць яго на сем дзён.
на сёмы дзень сьвятар агледзіць яго, і калі яна вельмі пашырыцца па скуры, дык сьвятар абвесьціць яго нячыстым: гэта струпля праказы;
Сёмага дня зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырыцца на скуры, то прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
а калі пляма застаецца на сваім месцы і не пашыраецца па скуры, і пры тым мала прыкметная, дык гэта пухліна ад апёку; сьвятар абвесьціць яго чыстым, бо гэта запаленьне ад апёку.
Калі, аднак, пляма не пашырыцца па скуры, але пацямнее, значыць гэта пухліна ад апёку, таму прызнае яго чыстым, бо гэта ёсць рана ад апёку.
Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны будзе струпля на галаве, альбо на барадзе,
Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе з’явіцца пляма,
і агледзіць сьвятар струплю, і яна будзе заглыбленая ў скуры і валасы на ёй жаўтлявыя і тонкія, дык сьвятар абвесьціць іх нячыстымі: гэта пархатасьць, гэта праказа на галаве, альбо на барадзе;
хай агледзіць яе святар, і калі яна будзе паглыблена адносна акружаючай скуры і валасы на ёй сталіся жоўтымі і тонкімі, дык святар прызнае іх нячыстымі. Гэта паршывасць, праказа галавы або барады.
а калі сьвятар агледзіць струплю пархатасьці, і яна ня будзе заглыбленая ў скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык сьвятар таго, хто мае струплю пархатасьці заточыць на сем дзён;
Калі ж ён убачыць, што пляма паршывасці не змянілася адносна прылеглага цела і што валасы на ёй не чорныя, дык адасобіць іх на сем дзён.
на сёмы дзень сьвятар агледзіць струплю, і калі пархатасьць не пашыраецца, і няма на ёй жаўтлявых валасоў, і пархатасьць ня будзе заглыбленая ў скуры,
У сёмы дзень агледзіць пляму, і калі пляма не разраслася і на ёй няма жоўтых валасоў, ды калі месца плямы не паглыбілася адносна скуры,
дык хворага трэба астрыгчы, але пархатага месца не абстрыгаць, і сьвятар павінен пархатага другі раз затачыць на сем дзён;
то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і святар зноў адасобіць яго на сем дзён.
на сёмы дзень сьвятар агледзіць пархатасьць, і калі пархатасьць не пашыраецца па скуры і ня будзе заглыбленая ў скуры, дык сьвятар абвесьціць яго чыстым: няхай ён абмые вопратку сваю, і будзе чысты.
Сёмага дня, калі святар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то святар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзенне, будзе ён чыстым.
А калі пасьля ачышчэньня ягонага будзе вельмі пашырацца пархатасьць па скуры,
А калі пасля ачышчэння зноў разрасцецца паршывасць на скуры,
і сьвятар убачыць, што пархатасьць пашыраецца па скуры, дык сьвятар няхай ня шукае жаўтлявых валасоў: ён нячысты;
то не будзе ўжо больш высвятляць, ці не змяніўся колер валасоў на жоўты, бо ён відавочна нячысты.
а калі пархатасьць застаецца ў сваім выглядзе, і паказваецца на ёй чорны волас, дык пархатасьць прайшла, ён чысты: сьвятар абвесьціць яго чыстым.
Калі ж пляма застаецца ды не будзе на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай святар смела заяўляе, што ён чысты.
Калі ў мужчыны, альбо ў жанчыны на скуры цела іхняга будуць плямы, плямы белыя,
Калі ў мужчыны або жанчыны на скуры цела іх з’явіцца шмат плям белых,
і сьвятар убачыць, што на скуры цела іхняга плямы бледна-белыя, дык гэта лішай, які распусьціўся на скуры: ён чысты.
хай агледзіць іх святар. Калі сцвердзіць, што на іх скуры бледнавата-белыя плямы, дык хай ведае, што гэта крапіўка з’явілася на скуры. Ён чысты.
Калі ў каго на галаве вылезьлі валасы, дык гэта пляшывы, ён чысты:
Калі з чыёй галавы выпадаюць валасы, то ён лысы, і ён чысты.
а калі на пярэднім баку галавы вылезьлі валасы, дык гэта лысы: ён чысты.
Калі ў каго выпадуць валасы з ілба, ён паўлысы, і ён чысты.
Калі ж на плешыне альбо на лысіне будзе белая альбо чырванаватая пляма, дык на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай распусьцілася праказа;
А калі на лысіне або на залысіне з’явіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або вылыселым чале.
сьвятар агледзіць яго, і калі ўбачыць, што пухліна струплі ягонай белая альбо чырванаватая на плешыне ягонай альбо на лысіне ягонай, з выгляду падобная на праказу скуры цела,
Хай святар агледзіць яго, і вось, пухліна белая або чырвоная на залысіне, падобная да праказы на скуры цела,
дык ён пракажоны, нячысты ён: сьвятар павінен абвясьціць яго нячыстым, у яго на галаве струпля.
гэта значыць чалавек нячысты, пракажаны. У яго на галаве праказа.
У пракажонага, на якім гэтая струпля, павінна быць разадраная вопратка, і галава ягоная павінна быць не пакрытая, і па вусны ён павінен быць закрыты і крычаць: нячысты! нячысты!
Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзенне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”
Усе дні, пакуль на ім струпля, ён павінен быць нячысты, нячысты ён; ён павінен жыць асобна, па-за табарам жытло ягонае.
Увесь час, пакуль апанаваны праказай, нячысты; будзе жыць асобна па-за лагерам.
Калі струпля праказы будзе на вопратцы, на вопратцы ваўнянай, альбо на вопратцы ільнянай,
Калі на якімсьці адзенні з’явіцца праказа, ці на адзенні ваўняным, ці на льняным,
альбо на аснове, альбо на ўтоку з ільну, альбо воўне, альбо на скуры, альбо на якім-небудзь вырабе скураным,
ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,
і пляма будзе зеленаватая альбо чырванаватая на вопратцы, альбо на скуры, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, — дык гэта струпля праказы: трэба паказаць яе сьвятару;
і калі з’явіцца пляма зеленаватая або чырванаватая на адзенні, або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, трэба лічыць, што гэта хвароба праказы, і трэба паказаць святару.
сьвятар агледзіць струплю і заточыць заражанае струпляю на сем дзён;
Ён агледзіць заражанае плямай і замкне на сем дзён.
на сёмы дзень агледзіць сьвятар заражанае, і калі струпля пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па скуры, альбо па якім-небудзь вырабе, зробленым са скуры, дык гэта праказа ўедлівая, струпля нячыстая;
Сёмага дня агледзіць зноў, і калі заўважыць, што яна пашырылася на адзенні, або аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая, хай прызнае ён адзенне ды ўсё тое, на чым яна будзе знойдзена, нячыстым. Запаланела ёй адзенне ды ўсё, на чым была знойдзена.
ён павінен спаліць вопратку, альбо аснову, альбо ўток ваўняны ці ільняны, альбо якую б то ні было скураную рэч, на якой будзе струпля, бо гэта праказа ўедлівая: трэба спаліць на агні.
І ён павінен спаліць гэта агнём.
А калі сьвятар убачыць, што струпля не пашырылася па вопратцы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па якой бы там ні было скураной рэчы,
Калі ж аднак убачыць, што яна не пашырылася на адзенні або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,
дык сьвятар загадае абмыць тое, на чым струпля, і другі раз затачыць на сем дзён;
то ў такім выпадку святар загадае вымыць рэч, на якой ёсць зараза, і замкне яе яшчэ на сем дзён.
калі пасьля абмываньня заражанай рэчы сьвятар убачыць, што струпля не зьмяніла выгляду свайго, і не пашырылася струпля, дык яна нячыстая, спалі яе на агні; гэта выедзеная яміна на правым баку альбо на вывараце;
Калі па вымыцці святар убачыць, што пляма не змяніла свайго віду, то гэта рэч нячыстая, хоць і пляма не пашырылася. Спаліш тое агнём, бо прымяшалася зараза ці з аднаго, ці з другога боку.
а калі сьвятар убачыць, што струпля пасьля абмываньня яе зрабілася менш прыкметная, дык сьвятар няхай адарве яе ад вопраткі, альбо ад скуры, альбо ад асновы, альбо ад утоку.
А калі па вымыцці пляма станецца святлейшай, то святар адарве гэтае месца і аддзеліць ад цэлага.
Калі ж яна зноў зьявіцца на вопратцы, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, дык гэта распускаецца струпля: спалі на агні тое, на чым струпля.
А калі пляма зноў з’явіцца на тых рэчах, якія раней былі незаражаныя, то гэта лятучая і вандроўная праказа; спалі гэта агнём.
А калі вопратку, альбо аснову, альбо ўток, альбо якую-небудзь скураную рэч вымыеш, і сыдзе зь іх струпля, дык трэба вымыць іх другі раз, і яны будуць чыстыя.
Аднак тое, што ты вымыў ды з чаго знікла пляма, тое памый яшчэ раз, і будзе яно чыстым.
Вось закон пра струплю праказы на вопратцы ваўнянай альбо ільнянай, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой-небудзь скураной рэчы, альбо абвяшчаць яе чыстаю альбо нячыстаю.
Гэта вось закон адносна праказы на адзенні ваўняным ці льняным, на аснове, або ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі, ці нячыстымі».