Лявіт 13 разьдзел

Лявіт
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Чарняўскага 2017

 
 

І гукаў СПАДАР Масею а Аарону, кажучы:
 
Далей прамаўляў Госпад да Майсея і Аарона, кажучы:

«Як у каго будзе на скуры цела ягонага пухліна, альбо кругі, альбо пляма, і на скуры цела ягонага зробіцца быццам болька праказы, то маюць прывесьці яго да Аарона сьвятара, альбо да аднага із сыноў ягоных сьвятароў.
 
«Калі ў якога чалавека на скуры цела з’явіцца пухліна, або гнайнік, або белая пляма, што ёсць рана праказы, то хай прывядуць яго да Аарона святара, або да аднаго з сыноў яго, святароў.

І агледзе сьвятар больку на скуры цела, і калі валасы на больцы зьмяніліся ў белыя, і выгляд болькі ўглыблены ў скуру цела ягонага, то гэта болька праказы; і агледзе яго сьвятар, і абесьце яго за нячыстага.
 
Калі той убачыць, што на скуры рана і валасы змянілі колер на белы ды сам выгляд плямы паглыбіцца на скуры цела, — гэта рана праказы; калі святар убачыць гэта, хай прызнае яго нячыстым.

А калі пляма белая на скуры цела ягонага, і яна не выглядае глыбей за скуру, і валасы на ёй не зьмяніліся ў белыя, дык запрэць сьвятар маючага больку на сем дзён.
 
Калі аднак пляма на скуры будзе белая, але не ўглыбілася ў цела, ды валасы ранейшага колеру, то святар адасобіць яго на сем дзён.

І агледзе яго сьвятар сёмага дня, і вось, болька ў яго аччу выглядае задзяржанай, не пашырылася па скуры, дык запрэць яго сьвятар на сем дзён другім наваратам.
 
Сёмага дня агледзіць яго. Калі святар сцвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры па-за ранейшыя межы, то адасобіць яго яшчэ на сем дзён.

І агледзе яго сьвятар на сёмы дзень другі раз, і вось, болька пацямнела і не пашырылася болька па целе, дык сьвятар мае абясьціць яго за чыстага: гэта кругі, і хай ён памые адзецьці свае, і будзе чысты.
 
Пасля сямі дзён зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнее і не пашырыцца на скуры, то святар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай чалавек вымые адзенне сваё і будзе чысты.

А калі кругі пачнуць пашырацца па скуры, просьле тога як ён стаў да сьвятара дзеля ачышчэньня, то ён мае стаць да сьвятара.
 
Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасля таго, як ён быў агледжаны святаром і вернуты на ачышчэнне, хай зноў прывядуць [чалавека] да яго,

І абача сьвятар, і вось, кругі пашыраюцца па скуры, і абесьце яго за нячыстага: гэта праказа.
 
і калі ён убачыць, што [усё] так і ёсць, прызнае яго нячыстым; гэта праказа.

Калі будзе на кім болька праказы, то маюць прывесьці яго да сьвятара.
 
Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, прывядуць яго да святара.

І агледзе сьвятар, і вось, пухліна на скуры белая, і валасы зьмяніліся ў белыя, і на пухліне жывое цела жывець,
 
Святар агледзіць яго, і калі на скуры яго ёсць белая пухліна, парослая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,

То гэта застарэлая праказа на скуры цела ягонага; і сьвятар абесьце яго за нячыстага й не запрэць яго, бо ён нячысты.
 
хай прызнаюць застарэлую праказу, што вырасла на скуры. Тады святар прызнае яго нячыстым і не адасобіць яго, бо гэта відавочная нячыстасць.

І калі праказа вылілася па скуры, і пакрые праказа ўсю скуру хворага ад галавы ягонае аж да ног, колькі могуць бачыць вочы сьвятаровы,
 
Калі ж праказа расцвіце шырока на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы святара,

І абача сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, і што ачысьцілася болька сусім, абярнулася на бела, дык ён абесьце хворага за чыстага.
 
ды ўбачыць святар яго, што праказа пакрыла ўсё цела яго, то ён аб’явіць хворага чыстым, таму што ўсё перамянілася ў белае; ён чысты.

А ў дзень, каторага абача на ім жывое цела, то ён нячысты.
 
Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён будзе нячысты.

І сьвятар, абачыўшы жывое цела, абесьце яго за нячыстага; жывое цела нячыстае: гэта праказа.
 
Святар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.

Альбо калі зьменіцца жывое цела й аберніцца ў белае, хай ён прыйдзе да сьвятара.
 
Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да святара,

І агледзе яго сьвятар, і калі болька абярнулася ў белае, дык абесьце сьвятар хворага, што ён чысты.
 
які, агледзеўшы гэта, прызнае яго чыстым; ён чысты.

І калі на целе будзе, на скуры ягонай верад і загаіўся,
 
Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,

І на месцу вераду зьявілася белая пухліна, або пляма белая, або чырванавая, то ён мае паказацца сьвятару.
 
але на месцы скулы з’явіцца белая пухліна або чырвоная пляма, то [гэты] чалавек павінен паказацца святару.

І агледзе яго сьвятар, і во, выгляд яе ніжэй скуры, і волас яе абярнуўся ў белы, дык сьвятар абесьце яго за нячыстага. Гэта болька праказы; яна вылілася на верадзе.
 
Калі той убачыць, што месца плямы паглыблена адносна скуры і валасы змянілі колер на белы, ён прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацвіла на скуле.

Калі ж сьвятар абача, і во, няма ў ёй белага воласу, і яна ня ніжэй скуры, і яна цьмяная, то сьвятар запрэць яго на сем дзён.
 
Калі ж валасы ранейшага колеру, і рана цемнаватая, і скура паблізу не сапсаваная, хай адасобіць яго на сем дзён.

І калі яна пачнець вельмі пашырацца па скуры, то сьвятар абесьце яго за нячыстага: гэта болька праказы.
 
Калі ж яна разрасцецца, то святар прызнае на ім праказу. Гэта бо хвароба праказы.

І калі пляма застаецца на сваім месцу і не пашыраецца, то гэта запаленьне вераду; і ачысьце яго сьвятар.
 
Калі, аднак, пляма застанецца на тым самым месцы і не пашырыцца, то гэта рана на скуле, і святар прызнае яго чыстым.

І калі на целе, на скуры яго, будзе апёк ад агню, і будзе на загоеным апёку пляма бела-чырвоная альбо белая,
 
Калі хто мае на сваёй скуры апёк, ды калі на месцы апёку паявіцца чырвоная або белая пляма,

І абача яго сьвятар, і во, абярнуўся волас у белы на пляме, і выгляд яе глыбей за скуру, то гэта праказа, яна разраслася на апёку. І сьвятар абесьце яго за нячыстага: гэта болька праказы.
 
дык святар агледзіць яго. І вось, валасы змянілі колер на белы, і месца яе паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць гэта праказа, якая зацвіла на апёку; святар прызнае яго нячыстым, бо гэта хвароба праказы з’явілася на ране.

І калі ж абача гэты апёк сьвятар, і вось, няма на пляме белага воласу, і яна ня ніжэй за скуру, і яна цьмяная, дык запрэць яго сьвятар на сем дзён.
 
Калі, аднак, святар сцвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнелая, дык святар адасобіць яго на сем дзён.

І агледзе яго сьвятар на сёмы дзень, і калі яна вельма пашыраецца па скуры, дык сьвятар абесьце яго за нячыстага.
 
Сёмага дня зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырыцца на скуры, то прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.

Калі ж пляма застаецца на сваім месцу і не пашыраецца па скуры, і яна цьмяная, то гэта пухліна ад апёку. І абесьце яго сьвятар за чыстага, бо гэта запаленьне ад апёку.
 
Калі, аднак, пляма не пашырыцца па скуры, але пацямнее, значыць гэта пухліна ад апёку, таму прызнае яго чыстым, бо гэта ёсць рана ад апёку.

Мужчына або жонка, калі будзе ў іх болька на галаве альбо на барадзе,
 
Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе з’явіцца пляма,

І агледзе сьвятар больку, і во, выгляд яе глыбей за скуру, і ў ёй волас жаўтлявы, ценькі, дык сьвятар абесьце яго за нячыстага: гэта шалудзівасьць; гэта праказа на галаве альбо на барадзе.
 
хай агледзіць яе святар, і калі яна будзе паглыблена адносна акружаючай скуры і валасы на ёй сталіся жоўтымі і тонкімі, дык святар прызнае іх нячыстымі. Гэта паршывасць, праказа галавы або барады.

І калі агледзе сьвятар больку шалудзівасьці, і во, выгляд яе ня глыбей за скуру, і воласу чорнага няма ў ёй; дык запрэць сьвятар маючага больку шалудзівасьці на сем дзён.
 
Калі ж ён убачыць, што пляма паршывасці не змянілася адносна прылеглага цела і што валасы на ёй не чорныя, дык адасобіць іх на сем дзён.

І агледзе сьвятар тую больку сёмага дня, і во, не пашырылася шалудзівасьць, і няма на ёй жаўтлявага воласу, і выгляд шалудзівасьці ня глыбей за скуру,
 
У сёмы дзень агледзіць пляму, і калі пляма не разраслася і на ёй няма жоўтых валасоў, ды калі месца плямы не паглыбілася адносна скуры,

Дык паголяць яго, але шалудзівага месца не паголяць; і запрэць сьвятар шалудзівага на сем дзён другім наваратам.
 
то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і святар зноў адасобіць яго на сем дзён.

І паглядзіць сьвятар на шалудзівасьць сёмага дня, і вось, не пашырылася шалудзівасьць па скуры, і выгляд яе ня глыбей за скуру; дык абесьце яго сьвятар за чыстага; і памые ён адзежу сваю, і будзе чысты.
 
Сёмага дня, калі святар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то святар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзенне, будзе ён чыстым.

І калі вельмі пашырацца будзе шалудзівасьць на скуры па ачышчэньню яго,
 
А калі пасля ачышчэння зноў разрасцецца паршывасць на скуры,

Дык паглядзіць на яго сьвятар, і во, пашырылася шалудзівасьць па скуры, то няхай ня шукае сьвятар жаўтлявага воласу: ён нячысты.
 
то не будзе ўжо больш высвятляць, ці не змяніўся колер валасоў на жоўты, бо ён відавочна нячысты.

І калі ў ваччу ягоным шалудзівасьць стаіць на месцу, і волас чорны вырас у ёй, то шалудзівасьць загаілася, ён чысты; сьвятар абесьце яго за чыстага.
 
Калі ж пляма застаецца ды не будзе на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай святар смела заяўляе, што ён чысты.

І калі ў мужчыны альбо ў жонкі будуць на скуры цела іхнага плямы, плямы белыя,
 
Калі ў мужчыны або жанчыны на скуры цела іх з’явіцца шмат плям белых,

І паглядзіць сьвятар, і вось, на скуры цела іхнага плямы бледа-белыя, то гэта кругі разрослыя на скуры: ён чысты.
 
хай агледзіць іх святар. Калі сцвердзіць, што на іх скуры бледнавата-белыя плямы, дык хай ведае, што гэта крапіўка з’явілася на скуры. Ён чысты.

І калі ў людзіны выпалі валасы з галавы ейнае, то гэта пляшывы; чысты ён.
 
Калі з чыёй галавы выпадаюць валасы, то ён лысы, і ён чысты.

А калі з боку віду ягонага выпадуць валасы з галавы, то ён лысы; чысты ён.
 
Калі ў каго выпадуць валасы з ілба, ён паўлысы, і ён чысты.

А калі на пляшу альбо на лысіне будзе болька бела-чырванаватая, то праказа квіціць на пляшу альбо на лысіне.
 
А калі на лысіне або на залысіне з’явіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або вылыселым чале.

І паглядзіць яго сьвятар, і вось, пухліна болькі бела-чырванаватая на пляшу альбо на лысіне ягонай, выглядам падобная да праказы скуры цела;
 
Хай святар агледзіць яго, і вось, пухліна белая або чырвоная на залысіне, падобная да праказы на скуры цела,

То чалавек пракажаны ён, нячысты ён: сьвятар абесьце яго за супоўнага нячыстага, у яго на галаве болька.
 
гэта значыць чалавек нячысты, пракажаны. У яго на галаве праказа.

І ў пракажанага, на каторым гэтая болька, мае быць разарвана адзежа, і галава ягоная мае быць непакрытая, і вусны закрытыя, і мае крычэць: "Нячысты! нячысты!"
 
Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзенне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”

Усі дні, пакуль на ім болька, ён мае быць нячысты, нячысты ён; ён мае жыць адзінотны, вонках табару будзе сяліба ягоная.
 
Увесь час, пакуль апанаваны праказай, нячысты; будзе жыць асобна па-за лагерам.

І калі на адзежы будзе болька праказы, на адзежы ваўнянай, альбо на адзежы лянной,
 
Калі на якімсьці адзенні з’явіцца праказа, ці на адзенні ваўняным, ці на льняным,

Або на аснове, або на ўтоку зь лёну або воўны, або на скуры, або на якім вырабе скураным,
 
ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,

І будзе болька зелянаватая альбо чырванаватая на адзежы, або на скуры, або на аснове, або на ўтоку, або на якой судзіне із скуры, то гэта болька праказы, надабе паказаць яе сьвятару.
 
і калі з’явіцца пляма зеленаватая або чырванаватая на адзенні, або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, трэба лічыць, што гэта хвароба праказы, і трэба паказаць святару.

Сьвятар агледзе больку і запрэць маючага больку на сем дзён.
 
Ён агледзіць заражанае плямай і замкне на сем дзён.

І агледзе больку сёмага дня, што пашырылася болька на адзежы, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім вырабе, зробленым із скуры, то гэта праказа ядавітая, маючы больку нячысты.
 
Сёмага дня агледзіць зноў, і калі заўважыць, што яна пашырылася на адзенні, або аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая, хай прызнае ён адзенне ды ўсё тое, на чым яна будзе знойдзена, нячыстым. Запаланела ёй адзенне ды ўсё, на чым была знойдзена.

Ён мае спаліць адзежу, альбо аснову, альбо ўток ваўняны, альбо лянны, альбо кажную рэч скураную, на каторай будзе болька: бо ядавітая праказа гэта; надабе спаліць на цяпле.
 
І ён павінен спаліць гэта агнём.

І калі абача сьвятар, і вось, не пашырылася болька па адзежы, альбо па аснове, альбо па ўтоку, альбо па якой скураной судзіне;
 
Калі ж аднак убачыць, што яна не пашырылася на адзенні або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,

Дык сьвятар раскажа вымыць тое, на чым болька, і запрэць яго на сем дзён другім наваратам.
 
то ў такім выпадку святар загадае вымыць рэч, на якой ёсць зараза, і замкне яе яшчэ на сем дзён.

І абача сьвятар па вымыцьцю болькі, і во, не зьмяніла болька свайго выгляду й болька не пашырылася, то нячыстая яна, спалі яе на цяпле; гніцьцё гэта на добрым альбо на благім баку.
 
Калі па вымыцці святар убачыць, што пляма не змяніла свайго віду, то гэта рэч нячыстая, хоць і пляма не пашырылася. Спаліш тое агнём, бо прымяшалася зараза ці з аднаго, ці з другога боку.

І калі абача сьвятар, і во, стала цьмяная болька просьле вымыцьця яе, дык вырве яе з адзежы, альбо із скуры, альбо з асновы, альбо з утоку.
 
А калі па вымыцці пляма станецца святлейшай, то святар адарве гэтае месца і аддзеліць ад цэлага.

Калі ж яна ізноў пакажацца на адзежы, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой скураной рэчы, то гэта разрастаючая; на цяпле спалі тое, у чым болька.
 
А калі пляма зноў з’явіцца на тых рэчах, якія раней былі незаражаныя, то гэта лятучая і вандроўная праказа; спалі гэта агнём.

І адзежу, альбо аснову, альбо ўток, альбо якую скураную судзіну, каторую вымыў, і зышла зь яе болька, дык надабе вымыць яе другім наваратам, і яна будзе чыстая».
 
Аднак тое, што ты вымыў ды з чаго знікла пляма, тое памый яшчэ раз, і будзе яно чыстым.

Гэта права праз больку праказы на адзежы ваўняной альбо лянной, альбо на аснове, альбо на ўтоку, альбо на якой скураной судзіне, як абяшчаць яе за чыстую альбо нячыстую.
 
Гэта вось закон адносна праказы на адзенні ваўняным ці льняным, на аснове, або ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі, ці нячыстымі».